Аналіз: кананічнае значэнне ватыканскага ліста пра сужэнствы ў SSPX

Ліст кардынала Мюлера — гэта малы, але істотны крок. З пункту гледжання кананічнага права, прычынаў для панікі няма.

Амаль кожнае паведамленне наконт SSPX выклікае гарачую дыскусію і пэўную долю замяшання. На гэтым тыдні так сталася і з лістом кардынала Мюлера, які адкрывае новыя магчымасці для ўдзелу святароў SSPX у каталіцкіх шлюбах.

Гэты ліст прысвечаны сужэнствам “тых вернікаў, якія карыстаюцца пастырскай паслугай Супольнасці”. Мясцовыя ардынарыі (якімі зазвычай з’яўляюцца дыяцэзіяльныя біскупы) цяпер могуць дэлегаваць дыяцэзіяльнага святара, каб той прыняў згоду сужэнцаў падчас абраду сакрамэнту сужэнства. Затым святар SSPX мае цэлебраваць шлюбную Імшу ў традыцыйным абрадзе.

Там, дзе гэта немагчыма, напрыклад, з-за адсутнасці адпаведных дыяцэзіяльных святароў, біскуп можа таксама ўдзяліць паўнамоцтвы для прыняцця сужэнскай згоды святару Супольнасці, які ў такім выпадку ўзначаліць увесь абрад.

З аб’ектыўнага пункту гледжання, гэтыя інструкцыі не нясуць фундаментальных зменаў. Але тых, хто “карыстаецца пастырскай паслугай Супольнасці”, яны могуць закранаць за жывое сваімі меркаванымі наступствамі. Ці раптам гэта не ўскосная дэкларацыя, што іхнія сужэнствы з’яўляюцца несапраўднымі? Ці такім чынам ім імкнуцца данесці, што прыйшоў час паклапаціцца пра канвалідацыю — другі, кананічна сапраўдны шлюб з прызнаннем першага шлюбу несапраўдным?

Адказ на абодва пытанні: “не зусім”, але каб паказаць чаму, нам трэба праясніць некалькі распаўсюджаных памылак.

Часта ўзнікае непаразуменне, калі лічаць, што да нядаўняга часу ўсе члены SSPX былі экскамунікаванымі. Гэта няпраўда. Калі ў 1988 годе заснавальнік Супольнасці арцыбіскуп Марсэль Лефеўр кансэкраваў чатырох біскупаў без дазволу Святога Пасаду. І ён, і тыя біскупы — толькі пяцёра іх — трапілі пад аўтаматычнае пакаранне экскамунікай за злачынства схізмы (парушэння еднасці з Рымам). Гэтая экскамуніка не прымяняецца і не накладаецца на іншых каталікоў, якія пасля гэтага “карысталіся пастырскай паслугай Супольнасці”. У юрыдычным сэнсе гэтыя асобы былі і застаюцца каталікамі, хоць яны і шукалі пастырскай апекі па-за касцёльнымі структурамі.

Сама Супольнасць, паводле меркавання Касцёла і кананічнага права, не прызнаецца законнай структурай. Але ў 2009 годзе ў сваім лісце Папа Бенедыкт падкрэсліў істотную розніцу паміж асобамі, якія знаходзяцца ў Супольнасці і з’яўляюцца каталікамі, і самой Супольнасцю, якая каталіцкай не з’яўляецца. Тады як духавенства Супольнасці складаецца з сапраўдна пасвячаных святароў і біскупаў, гэта яшчэ не робіць іхняе служэнне ipso facto сапраўдным.

У мінулым артыкуле я пастараўся растлумачыць здольнасць святароў слухаць споведзі і здымаць кананічныя пакаранні: існуе розніца паміж тым, калі святар мае моц рабіць нешта з-за свайго пасвячэння і калі ён можа законна выкарыстоўваць гэтую моц. У выпадку святароў SSPX, яны не маюць паўнамоцтваў законна выконваць сваё святарскае служэнне, таму што яны не ўключаны ў законныя структуры Касцёла: дыяцэзію ці кананічна прызнаную супольнасць. Як ясна сказаў у сваім лісце Папа Бенедыкт, “Супольнасць не мае кананічнага статусу ў Касцёле, а яе служыцелі — хоць яны і вызвалены ад касцёльнага пакарання — не выконваюць ніякага законнага служэння ў Касцёле”.

Такім чынам, што гэта азначае для каталікоў, якія ажаніліся ў касцёлах SSPX і ў прысутнасці святароў SSPX? Канон 1059 прадпісвае, каб сужэнствы, у якіх прынамсі адзін бок з’яўляецца каталіцкім, кіраваліся не толькі Божым правам, але і кананічным правам. Калі каталікі абменьваюцца сваёй сужэнскай згодай па-за кананічна ўстаноўленай формай без дыспенсацыі свайго біскупа, такое сужэнства з’яўляецца несапраўдным. Канон 1108 §1 сцвярджае, што “толькі тыя сужэнствы [каталікоў] з’яўляюцца сапраўднымі, якія заключаны перад мясцовым ардынарыем [дыяцэзіяльным біскупам], пробашчам альбо святаром ці дыяканам, дэлегаваным адным з іх”.

Таму для сапраўднасці каталіцкага сужэнства абменьвацца сужэнскай згодай трэба перад святаром ці дыяканам, які мае законныя паўнамоцтвы асіставаць пры заключэнні сужэнства, а да нядаўняга ліста кардынала Мюлера ніводзін святар Супольнасці не меў гэтых паўнамоцтваў.

Цяпер уявім сабе, што пэўная каталіцкая пара, з найлепшымі намерамі і матываваная шчырым, хоць і памылковым сумленнем, мела звычку наведваць набажэнствы SSPX і вырашыла абмяняцца сваёй сужэнскай згодай перад святаром Супольнасці. У такім выпадку гэта з’яўляецца яўным парушэннем кананічнай формы, якое закранае сапраўднасць сакрамэнту.

Але не трэба рабіць хуткіх высноваў. Кананічнае права адрознівае “дэфект” кананічнай формы ад поўнай адсутнасці формы. Пары, якія заключылі сужэнства ў SSPX, сапраўды набліжаліся да кананічнай формы: цырымонія праходзіла перад сапраўдна пасвячаным святаром і, верагодна, у касцёле і ў кантэксце шлюбнай Імшы.

У такіх выпадках дэфектам з’яўляецца адсутнасць у святара дазволу прымаць сужэнскую згоду бакоў. Сужэнствы, заключаныя з дэфектам формы, могуць атрымаць тое, што ў праве называецца sanatio in radice (каноны 1161-1165), калі для дэфекту формы выдаецца дыспенсацыя са зваротнай моцай і сужэнства “вылечваецца ў корані”, гэта значыць, вылечваецца радыкальна, і ўжо не патрабуецца новага шлюбу, новай абмены згодай, бо першапачатковае сужэнства робіцца сапраўдным.

Але, што яшчэ больш важна, кожнае сужэнства — усе сужэнствы — карыстаюцца прыхільнасцю права (канон 1060). Гэта азначае, што кожнае сужэнства лічыцца сапраўдным да таго часу, пакуль яго сапраўднасць не будзе наўпрост пастаўлена пад пытанне перад касцёльным судом і пакуль у судовай прасторы не будзе даказана, што яно несапраўднае. Калі абодва сужэнцы лічаць сваё сужэнства сапраўдным, Касцёл ніколі не бярэ на сябе ініцыятыву і не ставіць пад пытанне іхняе меркаванне, калі толькі да канкрэтнага сужэнства не абуджаецца нейкі асаблівы публічны інтарэс.

Ліст кардынала Мюлера дапамагае закрыць важны і хвалюючы прагал у пастырскім жыцці каталікоў, звязаных з Супольнасцю, і гэта можна разгядаць толькі як станоўчую з’яву. Абвінавачванне каталіцкіх параў у чымсьці не з’яўляецца ані мэтаю гэтага ліста, ані яго наступствам.


Аўтар: Эд Кондан (Ed Condon), юрыст па кананічным праве, які працуе ў касцёльных судах некалькіх дыяцэзій.
Крыніца: Catholic Herald

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: