Ватыкан выдае інструкцыі адносна сакрамэнту сужэнства і SSPX — АБНОЎЛЕНА

(Дададзены адказ Генеральнага дому SSPX — гл. канец артыкула)

З прыходам Папы Францішка Ватыкан пачаў прадпрымаць паскораныя крокі ў накірунку ўрэгулявання кананічнага становішча Супольнасці св. Пія Х (SSPX). Святыя Імшы святароў гэтай супольнасці заўсёды разглядаліся як сапраўдныя, хоць пад пытанне ставілася іх законнасць, але два сакрамэнты — пакаянне і сужэнства — для сваёй сапраўднасці патрабуюць атрымання паўнамоцтваў ад мясцовага ардынарыя, якіх гэтыя святары пераважна не маюць.

Пытанне з сакрамэнтам споведзі Папа Францішак вырашыў у верасні 2015 года, напачатку Года Міласэрнасці, пастанавіўшы, што вернікі, якія прыступаюць да споведзі ў святароў Супольнасці св. Пія Х, атрымліваюць сапраўднае адпушчэнне грахоў. Пазней гэтыя паўнамоцтвы былі падоўжаныя на неакрэслены час апостальскім лістом Misericordia et misera.

Сёння Пантыфікальная камісія Ecclesia Dei выдала ліст да біскупаў, у якім акрэсліваюцца ўмовы ўдзелу святароў SSPX у цэлебрацыі сакрамэнту сужэнства. Пастанаўленні, выкладзеныя ў гэтым лісце, не даюць аўтаномнай свабоды, як ліст Misericordia et misera ў выпадку сакрамэнту пакаяння, і фактычна патрабуюць таго ж атрымання паўнамоцтваў ад мясцовага ардынарыя, ды яшчэ пры ўмове, што ў дыяцэзіі адсутнічаюць святары ў кананічна ўрэгуляваным становішчы, якія маглі б прыняць сужэнскую згоду бакоў. Разам з тым, святарам SSPX дазваляецца цэлебраваць ватыўную Імшу, якая, згодна з usus antiquior, ідзе адразу за абрадам сужэнства.

Кардынал Мюлер, які падпісаў гэты ліст, спадзяецца на супрацоўніцтва біскупаў і выказвае надзею, што новыя правілы супакояць насцярожанасць вернікаў і паспрыяюць урэгуляванню сітуацыі з SSPX. Разам з тым, нельга не адзначыць, што гэтыя новаўвядзенні так і не даюць святару SSPX практычнай магчымасці цэлебраваць сам сакрамэнт сужэнства. Таксама застаецца незразумелым, як спалучаецца з касцёльным правам той факт, што ў рукі забароненых у служэнні святароў SSPX афіцыйны Ватыкан аддае ватыўную Імшу, якая цэлебруецца пасля сакрамэнту сужэнства.

Ніжэй мы падаем ліст у перакладзе з англійскай мовы.


Ваша Эмінэнцыя,
Ваша Эксцэленцыя,

Як вам вядома, на працягу некаторага часу адбываліся разнастайныя сустрэчы і іншыя ініцыятывы дзеля далучэння Супольнасці св. Пія Х да поўнай еднасці. Нядаўна, напрыклад, Святы Айцец прыняў рашэнне даць усім святарам згаданай Супольнасці права сапраўдна ўдзяляць вернікам сакрамэнт пакаяння (ліст Misericordia et misera, 12), каб забяспечыць сапраўднасць і законнасць гэтага сакрамэнту і супакоіць насцярожанасць з боку вернікаў. Следуючы таму ж пастырскаму светапогляду, які жадае заверыць сумленні вернікаў, нягледзячы на аб’ектыўнае трыванне ў кананічна неўрэгуляваным стане, у якім на дадзены момант знаходзіцца сама Супольнасць св. Пія Х, Святы Айцец пасля прапановы Кангрэгацыі дактрыны веры і Пантыфікальнай камісіі Ecclesia Dei прыняў рашэнне ўпаўнаважыць мясцовых ардынарыяў магчымасцю даваць права на цэлебрацыю сужэнстваў тых вернікаў, якія карыстаюцца пастырскай паслугай Супольнасці, згодна з наступнымі пастановамі.

Калі толькі магчыма, мясцовы ардынарый павінен дэлегаваць асіставанне на сужэнстве святару дыяцэзіі (альбо прынамсі святару ў цалкам урэгуляваным стане), каб гэты святар мог прыняць сужэнскую згоду бакоў падчас абраду сужэнства, пасле якога, згодна з літургіяй Vetus ordo, наступае цэлебрацыя Імшы, якую можа цэлебраваць святар Супольнасці.

Калі вышэйазначанае немагчыма альбо калі ў дыяцэзіі няма святароў, здольных прыняць сужэнскую згоду бакоў, ардынарый можа ўдзяліць неабходнае права святару Супольнасці, які будзе цэлебраваць святую Імшу, нагадваючы яму пра абавязак як найхутчэй пераслаць неабходныя дакументы ў дыяцэзіяльную курыю.

Маючы ўпэўненасць, што праз гэта трывога сумлення вернікаў, якія трымаюцца Супольнасці св. Пія Х, а таксама любая няўпэўненасць адносна сапраўднасці сакрамэнту сужэнства будуць суцішаны, і ў той жа час працэс поўнага інстытуцыйнага ўрэгулявання будзе аблегчаны, дадзеная Дыкастэрыя пакладаецца на Вашае супрацоўніцтва.

Суверэнны Пантыфік Францішак на аўдыенцыі, удзеленай 24 сакавіка 2017 года ніжэйпадпісанаму кардыналу, старшыні Пантыфікальнай камісіі Ecclesia Dei, пацвердзіў сваё адабрэнне дадзенага ліста і загадаў апублікаваць яго.

Рым, з пакояў Кангрэгацыі дактрыны веры, 27 сакавіка 2017 года.

Кардынал Герхард Л. Мюлер
Старшыня

+ Гвіда Поцца
Сакратар
Тытулярны арцыбіскуп Баньярэджа


Паведамленне Генеральнага дому наконт ліста ад камісіі Ecclesia Dei адносна сужэнстваў вернікаў, звязаных з Супольнасцю святога Пія Х (4 красавіка 2017 года)

Як і пра іншыя меры, прадпрынятыя Папам Францішкам, які ўдзяліў святарам Супольнасці святога Пія Х паўнамоцтвы для слухання споведзяў падчас Святога Году (1 верасня 2015 года) і працягнуў гэтыя паўнамоцтвы па-за межы Святога Году (20 лістапада 2016 года), Генеральны дом даведаўся, што Святы Айцец вырашыў “упаўнаважыць мясцовых ардынарыяў магчымасцю даваць права на цэлебрацыю сужэнстваў тых вернікаў, якія карыстаюцца пастырскай паслугай Супольнасці” (ліст Кангрэгацыі дактрыны веры ад 27 сакавіка 2017 года, апублікаваны 4 красавіка).

Гэтае рашэнне Вярхоўнага Пантыфіка прадугледжвае, што: “Калі толькі магчыма, мясцовы ардынарый павінен дэлегаваць асіставанне на сужэнстве святару дыяцэзіі (альбо прынамсі святару ў цалкам урэгуляваным стане), каб гэты святар мог прыняць сужэнскую згоду бакоў падчас абраду сужэнства, пасле якога, згодна з літургіяй Vetus ordo, наступае цэлебрацыя Імшы, якую можа цэлебраваць святар Супольнасці”.

Таксама яно кажа, што: “Калі вышэйазначанае немагчыма альбо калі ў дыяцэзіі няма святароў, здольных прыняць сужэнскую згоду бакоў, ардынарый можа ўдзяліць неабходнае права святару Супольнасці, які будзе цэлебраваць святую Імшу, нагадваючы яму пра абавязак як найхутчэй пераслаць неабходныя дакументы ў дыяцэзіяльную курыю”.

Супольнасць святога Пія Х перадае сваю глыбокую ўдзячнасць Святому Айцу за яго пастырскую ўважлівасць, выражаную ў лісце камісіі Ecclesia Dei, накіраваную на суцішэнне “любой няўпэўненасці адносна сапраўднасці сакрамэнту сужэнства”. Папа Францішак яўна жадае, каб, як і ў справе споведзі, усе вернікі, якія жадаюць ажаніцца ў прысутнасці святара Супольнасці святога Пія Х, маглі зрабіць гэта без усялякай занепакоенасці наконт сапраўднасці сакрамэнту. Выказваем спадзяванне, што ўсе біскупы падзяляюць тую самую пастырскую ўважлівасць.

Святары Супольнасці святога Пія Х будуць імкнуцца верна — як яны і рабілі гэта з дня свайго пасвячэння — рыхтаваць будучых сужэнцаў да сакрамэнту шлюбу, згодна з нязменным вучэннем Хрыста пра адзінасць і неразрыўнасць гэтага саюзу (пар. Мц 19:6), перад тым, як прымаць згоду бакоў у традыцыйным абрадзе святога Касцёла.

Крыніца: SSPX.org

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: