Цягам стагоддзяў мы часта зноў і зноў звярталіся да “Правіла” святога Бенедыкта як да скарбніцы вечнай мудрасці, здольнай прывесці любую супольнасць тых, хто шукае Бога, да спакою і святасці. Нельга не здзівіцца таму, як Бенедыкт падкрэслівае, што галасы маладых манахаў павінны быць адпаведным чынам пачутыя. Яго ніяк не назавеш прыхільнікам эгалітарызму ў сціслым значэнні гэтага слова (так, напрыклад, ён шматразова рэкамендуе пабіваць упартых), але разам са святым Янам Касіянам ён прызнае, што старасць сама ў сабе не тожсамая мудрасці і што менавіта маладыя людзі могуць бачыць сітуацыю з такой перспектывы, якая ў дадзены момант патрэбная супольнасці.

Парадкі гэтыя [у манастыры] у кожным месцы не вызначаць узростам братоў: бо Самуэль і Даніэль — юнакі — судзілі старцаў (раздзел 63).

Калі трэба рабіць у манастыры штосьці асаблівае, няхай абат збярэ ўсіх братоў і растлумачыць ім, у чым справа. Выслухаўшы меркаванне братоў, ён параіцца з сабою і зробіць тое, што палічыць больш карысным. Дзеля таго мы сказалі запрашаць на раду ўсіх, бо нярэдка Пан наймалодшаму адкрывае тое, што лепшае (раздзел 3).

Рэкамендацыі святога выглядаюць тым больш значнымі для Касцёла ў нашыя дні, калі так відавочна, што менавіта маладыя людзі адкрываюць для сябе Традыцыю Касцёла ва ўсёй сваёй паўнаце і ў той самы час прымаюць на сябе ўсю сілу ўдару з боку старэйшых, якія “загразаюць у багне”, калі ставіцца пытанне пра прыняцце гэтага руху Духа Святога. Дзіўна, але сённяшняе старэйшае пакаленне часта падобнае да евангельскіх юдэяў, няздольных прыняць навізну Хрыста і Яго апосталаў (пар. Дз 7:51).

Вядома, лішне казаць, што парада св. Бенедыкта вельмі прыдатная і для манастыроў, мужчынскіх і жаночых, дзе — шчыра кажучы — адраджэнне, а часта і проста выжыванне неразрыўна звязана з аднаўленнем спеву і традыцыйнай літургіі як у Божым Афіцыі, так і ў служэнні Імшы [3]. Даўно не сакрэт, што самыя квітнеючыя супольнасці — гэта тыя, што без вагання аднавілі стыль жыцця, які раней быў адкінуты неразумным пакаленнем у імя “аджарнамэнта”. Адзін манах-бенедыктынец распавядаў мне, што калі ў канцы 1960-х гадоў ягоны манастыр цалкам перайшоў на літургію на нацыянальнай мове, хтосьці з членаў супольнасці вываліў усе экзэмпляры Antiphonale Monasticum у тачку, вывез вонкі, склаў вогнішча і там іх усе спаліў. Іншага манаха ўзяў жах, і ён сабраў колькі здолеў экзэмпляраў Graduale Romanum і схаваў, каб іх не спасціг той жа лёс. Колькі ж каштоўных тамоў, скарбаў шматвекавой мудрасці і прыгажосці, было знішчана падобным варварскім чынам? “У Мяне помста і аддача”, — кажа Пан (Дрг 32:35; Рым 12:19). Можна не сумнявацца, што тыя, хто зграшыў супраць каталіцкай Традыцыі, цалкам за гэта расплаціліся.

У кастрычніку мінулага года, калі я аглядаў знакаміты бенедыктынскі манастыр недалёка да Кракава, мой эксурсавод — малады манах — наўпрост сказаў, што яны, маладыя манахі, хацелі вярнуць табернакулюм на цэнтр, служыць Імшу ad orientem, прымаць Камунію на каленях і вуснамі, але старэйшыя гэтаму супрацівіліся. Гэта не проста “дынаміка пакаленняў”, пры якой можна было б чакаць, што кожнае наступнае пакаленне будзе зноў імкнуцца да супрацьлеглага. Не. Гэта доўгачаканае абуджэнне з летаргічнага сну прагрэсіўнага літургізму, той дзіўнай комы ў прамежку паміж малаадукаванай, але квітнеючай кансерватыўнасцю дасаборнай эпохі і значна больш дасведчаным, але вымушаным змагацца традыцыяналізмам паслясаборных часоў.

Мы шмат чулі і дагэтуль чуем пра “харызматычны рух”, але ніхто не можа растлумачыць, як жа ён мусіць упісацца ў межы каталіцкай веры, якая дазравала і квітнела ў багатым на цуды жыцці святых, поўным аскетычнай цвярозасці і глыбокай містыкі, якая знаходзіла свой ідэальны адбітак у літургічных і сакрамэнтальных абрадах, якія яны ведалі і любілі. Сапраўдны харызматычны рух у Касцёле нашых дзён — гэта традыцыяналізм, і нам даўно час перастаць супрацівіцца Духу. Сённяшнім пастырам варта пачуць прагматычную параду Гамаліэля:

Мужы ізраэльскія, добра падумайце, што хочаце зрабіць з гэтымі людзьмі. Бо нядаўна перад гэтым з’явіўся Тэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага. Далучылася да яго каля чатырохсот чалавек. Але ён быў забіты, і ўсе, хто слухаў яго, разышліся і зніклі. Пасля яго, падчас перапісу, з’явіўся Юда з Галілеі і павёў народ за сабою. Але і ён загінуў, і ўсе, хто слухаўся яго, рассеяліся. І цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэтая задума і гэтая справа ад людзей, то яна знікне, а калі ад Бога, то вы не здолееце знішчыць іх. Каб часам вы не змагаліся з Богам!

Калі гэтая справа ад Бога, то вы не здолееце знішчыць яе. Ніводнаму члену Хрыстовага Цела, ці то высокаму, ці нізкаму, не дадзена супраць Бога атрымаць перамогу. Традыцыйны рух не гіне, а пашыраецца. Яго прыхільнікі сапраўды вераць у тое, што Эўхарыстычная літургія — гэта крыніца і вяршыня жыцця, і паступаюць адпаведна. Тыя, хто супрацьстаіць гэтаму руху, не проста асуджаюць сябе на паразу, але і ідуць супраць Бога, які натхняе такую глыбокую адданасць сродкам асвячэння, якія Ён сам даў Касцёлу. Як святая літургія, так і жаданне людзей пакланяцца Богу нараджаюцца са Святога Духа. А мы ведаем, што грэх супраць Святога Духа — адзіны грэх, які не можа быць прабачаны ані ў гэтым свеце, ані ў будучым.

Стаўкі вялікія. Рабіце выбар старанна. Выбірайце з празорлівасцю і адвагай, як Самуэль і Даніэль — юнакі, якія асудзілі старцаў.

Святы Бенедыкце, ойча заходняга манаства, апякуне Еўропы, маліся за нас!


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: Гвіда Рэні, Зузана і старэйшыны (1620—1625)

 

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz