№27. Ладан

Пра ўжыванне ладану ў Божай службе так шмат сказана ў Старым Запавеце, што тут няма пра што шмат казаць. Дастаткова нагадаць, што ў Лацінскім Касцёле яго выкарыстанне, у асноўным, абмяжоўваецца да ўрачыстай спяванай Імшы і Нешпараў, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама пахавальных абрадаў. Ва Усходніх Касцёлах, асабліва ў маранітаў, ладан ужываецца амаль пры кожнай нагодзе: і на ціхіх Імшах, і на спяваных.

Духоўнае значэнне ладану наступнае. Па-першае, спальванне ладану нагадвае нам, як нашыя сэрцы павінны гарэць полымем Божай любові. Па-другое, ладан сімвалізуе добры пах Хрыста, нашага Пана, як кажа Песня песняў Саламона: “Мы пабяжым да паху тваіх алеяў”. Таму, як ладан распаўсюджвае свой пах па ўсім касцёле і гэтым прыемным водарам асвяжае нашыя целы, так і наш Пан распаўсюджвае сваю ласку, каб асвяжаць і карміць нашыя душы. Па-трэцяе, як у Старым, так і ў Новым законе ладан разглядаўся як сімвал малітвы, пра што нагадвае каралеўскі псальміст, калі кажа: “Няхай мая малітва ўзыдзе да Цябе, нібы кадзіла” (Пс 140), а таксама св. Ян у Апакаліпсісе (раздзел 8): “І прыйшоў іншы анёл, і стаў пры алтары, маючы залатую кадзільніцу, і было дадзена яму шмат кадзіла, каб ён прынёс яго з малітвамі ўсіх святых на залаты алтар перад тронам” (Bouvry, ii. 21; Bona, Rer. Liturg., 295; Durandus, Rationale Divinorum, 165).

Калі акаджаецца асоба, гэта заўсёды з’яўляецца знакам найвышэйшай пашаны. Так, мудрацы прынеслі ладан нашаму Пану ў раніцу Яго нараджэння. Нашыя целы таксама акаджаюцца падчас пахавання. Робіцца гэта з той прычыны, што падчас зямнога жыцця праз удзел у сакрамэнтах яны сталіся святынямі Духа Святога (Bouvry, ii. 594).

Кадзільніца

Прылада, у якой спальваецца ладан, называецца кадзільніцай. Кадзільніцы спадарожнічае невялікая пасудзіна ў форме лодкі, у якой ладан трымаюць і адкуль яго бяруць невялікай лыжачкай.

У старажытныя часы можна было напаткаць кадзільніцы з вельмі каштоўных металаў. Як можна прачытаць у Анастазія (Vita S. Silvestri, i. 31), Канстанцін Вялікі, сярод іншых рэчаў, падарыў базіліцы св. Яна на Латэране ў Рыме некалькі кадзільніц з найчысцейшага золата, усыпаных каштоўнымі камянямі.

У старажытных англасаксонскіх касцёлах асаблівую ўвагу надавалі не толькі матэрыялу, але і форме кадзільніцы. Выкарыстанне ж кадзільніцы не абмяжоўвалася да прасторы прэзбітэрыя, бо ў многіх касцёлах вялікія кадзільніцы звісалі са столі, альбо, што таксама часта сустракалася, з адмысловых каркасаў, якія падтрымліваліся калонамі. На вялікія святы ў іх насыпалі ладан і палілі яго на працягу ўсёй службы (Dr. Rock, Church of Our Fathers, i. 206). У жыццяпісе Папы Сергія (690 год) мы чытаем, што такія кадзільніцы былі таксама распаўсюджаны і ў Рыме. У многіх месцах падобныя, па-мастацку аздобленыя прылады віселі вакол алтара, дзе выконвалі тую ж функцыю. Некаторыя з іх рабілі так, што выглядам яны нагадвалі разнастайных птушак. У гэтых “птушках” рабіліся адмысловыя адтуліны з накрыўкамі, і калі ў іх запальвалі агонь і кідалі ладан, то дым выходзіў праз птушыную дзюбу. Конрад, пісьменнік з ХІІ стагоддзя, апісвае, як у касцёле ў Майнцы ён бачыў пустых усярэдзіне чапляў, з якіх выходзіў дым, калі ў іх запальвалі ладан (ibid., p. 208, note).

Ладан на Усходзе

Ва Усходніх Касцёлах пануе свабоднае выкарыстанне ладану падчас усяго набажэнства, прычым ён ужываецца не толькі на Імшы, а ўвогуле падчас амаль кожнай праявы пабожнасці (Renaudot, Liturg. Orient., i. p. 183).

Копты выкарыстоўваюць яго перад выявамі [1] Найсвяцейшай Панны Марыі (ibid.); гэтаксама робяць грэкі і рускія. І тыя, і гэтыя дбаюць пра тое, каб, акрамя гэтага, перад абразом гарэла лампада, куды яны час ад часу кідаюць зярняткі ладану на працягу дня (Dr. Rock, Church of Our Fathers, i. p. 209, note; Burder, Religious Ceremonies and Customs, pp. 150, 151; Rites and Customs of the Greco-Russian Church, passim, by Romanoff).


[1] У цэлым, на Усходзе, замест статуй святых выкарыстоўваюцца абразы, бо ўсходнія хрысціяне лічаць, што фрагмент з кнігі Другазаконня, дзе забараняецца рабіць “высечаныя выявы” [у нашых перакладах: куміраў – TI], трэба літаральна выконваць нават сёння.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: