Гэты артыкул датычыцца спеву ў звычайнай форме Імшы, але яго асноўная ідэя звязана таксама з пажаданасцю спяваных Імшаў у надзвычайнай форме.

Як добра ведаюць гісторыкі літургіі, нармальнай практыкай першага тысячагоддзя непадзеленага хрысціянства была спяваная Імша. Гэтая практыка заставалася (і застаецца цяпер) нарматыўнай для візантыйскіх хрысціянаў, як каталікоў, так і праваслаўных, якія абавязаны спяваць Боскую літургію. Развіццё рэцытаваных, альбо ціхіх, Імшаў на Захадзе як пабожнага практыкавання для святароў паўплывала на шматлікія парафіі, таму ў часы св. Пія Х ціхая Імша стала літургічным досведам большасці каталікоў на працягу большасці часу. Папа Пій Х даў пачатак новаму руху, які мусіў не толькі аднавіць грыгарыянскі спеў і паліфонію ўвогуле, але і спяваную Імшу ў прыватнасці. Менавіта гэтаму Папу прыпісваюць параду: “Не маліся на святой Імшы, але маліся святой Імшою”. У 1969 годзе ватыканскі часопіс Notitiae адаптаваў гэтую параду: “[Літургічны] спеў азначае спеў Імшы, а не спеў падчас Імшы” [1].

Другі Ватыканскі сабор выразна звязвае сваё вучэнне з вучэннем св. Пія Х, кажучы: “Літургічнае дзеянне атрымлівае больш годную форму, калі Божае служэнне адбываецца ўрачыста: са спевам, з удзелам асісты і з актыўным удзелам народу” (SC 113). На ўвазе маецца, што каталікам след імкнуцца надаваць малітве больш годную форму, цэлебруючы яе са спевам — іншымі словамі, што спяваная Імша павінна зноў атрымаць сваё пачэснае месца. Усяго некалькімі гадамі пазней гэты сэнс быў ясна выказаны Святой Кангрэгацыяй абрадаў у інструкцыі Musicam Sacram (5 сакавіка 1967 года):

Літургічная малітва набывае больш годную форму, калі цэлебруецца са спевам, са служыцелямі рознай ступені, якія выконваюць сваё служэнне, і з удзелам людзей. Сапраўды, праз гэтую форму больш прывабна выражаецца малітва, больш адкрыта выяўляецца таямніца літургіі з яе іерархіічнай і супольнаснай прыродай, праз адзінства галасоў больш глыбока дасягаецца адзінства сэрцаў, праз прыгажосць святых абрадаў розумы больш лёгка ўздымаюцца да нябесных рэчаў, а ўся цэлебрацыя робіцца больш ясным прататыпам нябеснай літургіі, якая здзяйсняецца ў святым горадзе Ерузалеме. Таму душпастырам належыць рабіць усё магчымае для дасягнення гэтай формы цэлебрацыі (MS 5).

Іншымі словамі, спяваная цэлебрацыя Імшы павінна быць правілам, а не выключэннем. Той самы дакумент, які дагэтуль з’яўляецца найбольш аўтарытэтным ватыканскім дакументам пра музыку з часоў Сабору, сцвярджае наступнае: “Для цэлебрацыі Эўхарыстыі з удзелам народу, асабліва ў нядзелі і святочныя дні, трэба як найчасцей аддаваць перавагу форме спяванай Імшы (Missa in cantu), нават некалькі разоў у той самы дзень” (MS 27).

Быццам падкрэсліваючы, што спеў з’яўляецца не дадаткам, а неад’емнай часткай структуры Імшы, інструкцыя Musicam Sacram устанаўлівае, як ні дзіўна, тры ступені музычнага ўдзелу ў Імшы (гл. пар. 28—31), такіх што трэба пачынаць спяваць тое, што належыць да першай ступені, затым дадаваць тое, што адносіцца да другой, і, нарэшце, пераходзіць да трэцяй, у адпаведнасці са здольнасцямі сабранага народу і хору.

  • Першая ступень уключае ўступныя абрады (уключна з калектай), заклік перад Евангеллем, малітву над дарамі, дыялог перад прэфацыяй і прэфацыю, Святы, даксалогію Канона, малітву Ойча наш з уводзінамі да яе і эмбалізмам, абрад супакою, малітву пасля Камуніі і рассыланне народу.
  • Другая ступень дадае Пане, змілуйся, Хвала на вышынях, Сімвал веры, Баранку Божы і малітву верных.
  • Трэцяя ступень дадае антыфоны на ўваход, ахвяраванне дароў і Камунію, псальм, Аллелюя альбо тракт (калі спяваецца цалкам), а таксама чытанне і Евангелле.

Можна бачыць, што першая ступень уключае часткі, якія спявае па Імшале святар і якія ў касцёльнай традыцыі заўсёды спяваліся найпрасцейшым спевам, які складаецца з некалькіх нотаў мелодыі, а ў выпадку неабходнасці можа нават спявацца на адной ноце (recto tono). Гэтыя малітвы і дыялогі з’яўляюцца самымі фундаментальнымі спяванымі элементамі літургіі. Другая ступень дадае прыгажосці і ўрачыстасці, даючы хору і вернікам больш прасторы ў спеве сталых частак Імшы і дэманструючы поўнае багацце саміх гэтых малітваў. Трэцяя ступень завяршае музычны ўздым літургіі, забяспечваючы спеў усіх медытатыўных тэкстаў (антыфонаў і чытанняў).

Спяваная Імша — гэта не штосьці рэдкае, што трэба рабіць толькі на святы, а нармальная рэч, якая паходзіць з самой прыроды літургіі. Гэта бачна з таго факту, што традыцыя Касцёла падае спевы на кожны дзень года, на любую нагоду. Дом Марк Кірбі тлумачыць:

Няможна адмаўляць відавочную рэч, што цэлебрацыя Імшы, спяванай на грыгарыянскі манер, больш урачыстая за простую чытаную цэлебрацыю. Але гэтыя словы асабліва праўдзівыя для сучаснай перспектывы цэлебрацыі, якая зазвычай з’яўляецца чытанай. Нашыя продкі напісалі мелодыі для самых сціплых цэлебрацый на працягу літургічнага года, і гэтыя мелодыі былі складзеныя не менш старанна за мелодыі для вялікіх святаў. Для іх спеў быў перадусім сродкам надання літургічнай малітве поўні рэлігійнага і сузіральнага значэння, якой бы ні была ўрачыстасць дня. Такім павінна быць і нашае дбанне пра спеў. Пакуль людзі глядзяць на грыгарыянскі спеў проста як на сродак павелічэння ўрачыстага характару цэлебрацыі, існуе небяспека звесці яго выкарыстанне з сапраўднай, больш духоўнай дарогі.

Д-р Джэніфер Донэлсан пачынае свае заняткі па літургічным спеве з дзесяці прычын спяваць Імшу:

  1. Спеў узмацняе пачуццё сакральнага
  2. Заахвочвае актыўны ўдзел
  3. Паважае годнасць літургічнага тэксту і тэксту Пісання
  4. Засяроджвае прысутных на самой Імшы, а не на паралітургічных песнях
  5. Вы знікаеце — Хрыстус з’яўляецца
  6. Спеў часта дапамагае разуменню (дыкцыя, гучнасць)
  7. Дапамагае зразумець граматыку малітваў
  8. Дапамагае зразумець структуру Імшы
  9. Узмацняе пачуццё супольнасці
  10. Sensus ecclesiæ, а не sensus individualis

Гэтыя пункты пацвярджаюцца ў раздзеле Агульных уводзінаў да Рымскага Імшала (АУРІ), прысвечаным “Значэнню спеву”:

39. Апостал заклікае Хрыстовых вернікаў, якія збіраюцца разам, чакаючы прыйсця свайго Пана, спяваць разам псальмы, гімны і духоўныя песні (пар. Клс 3, 16). Спеў — гэта выраз радасці сэрца (пар. Дз 2, 46). Таму слушна кажа св. Аўгустын: “Хто любіць, той спявае”, а ўжо ў старажытнасці стала прыказкай выслоўе: “Двойчы моліцца той, хто добра спявае”.

40. Неабходна надаваць спеву вялікую ўвагу ў цэлебрацыі Імшы, улічваючы пры гэтым характар народаў і здольнасці кожнай літургічнай супольнасці. Хоць не заўсёды неабходна, напр., у будзённых Імшах, спяваць усе тэксты, прызначаныя для спеву, але ўвогуле трэба клапаціцца пра тое, каб служыцелі і народ спявалі на цэлебрацыях, якія адбываюцца ў нядзелі і ў прадпісаныя святы.

Пры адборы частак, якія сапраўды павінны спявацца, аддаецца перавага тым, якія маюць большае значэнне, і перш за ўсё тым, якія спяваюцца святаром альбо дыяканам ці лектарам, а народ адказвае, ці тым, якія выконваюцца святаром разам з народам.

41. Першае месца між іншымі роўнымі належыць грыгарыянскаму спеву, як уласціваму для рымскай Літургіі. Ні ў якім разе не выключаюцца іншыя віды сакральнай музыкі, асабліва поліфанія, калі толькі яны адпавядаюць духу літургічнага дзеяння і спрыяюць удзелу ўсіх вернікаў. Паколькі ўсё часцей сустракаюцца разам вернікі розных нацыянальнасцяў, было б добра, каб яны ўмелі разам спяваць прынамсі некаторыя часткі парадку Імшы, асабліва сімвал веры і малітву Панскую на лацінскай мове, карыстаючыся больш простымі мелодыямі.

Варта заўважыць, што многія настаўніцкія дакументы пасля Другога Ватыканскага сабору кажуць, што людзі павінны магчы спяваць па-лацінску часткі Імшы, якія ім належаць. Мы заўсёды з радасцю ўводзілі гэтую рэкамендацыю ў Каталіцкім каледжы Ваёмінга. Сярод іншага, мы спявалі Сімвал веры, як пра тое кажуць АУРІ 55, 68 і 137.

Існуе некалькі прычынаў, чаму нам след спяваць Імшу, а не проста спяваць на Імшы. Прыгажосць таго, каб рабіць гэта на рэгулярнай аснове, я дасведчыў у Каталіцкім каледжы Ваёмінга, дзе з 2007 года часта прымяняўся наступны парадак:

  • хор спявае антыфоны на ўваход, на ахвяраванне дароў і на Камунію, а таксама часам псальм і Аллелюя;
  • людзі спяваюць Пане, змілуйся, Хвала на вышынях, заклік перад Евангеллем, Сімвал веры, Святы, Ойча наш і Баранку Божы;
  • цэлебрант спявае ўступныя абрады, малітву над дарамі, дыялог перад прэфацыяй і прэфацыю, даксалогію Канона, уступ да малітвы Ойча наш і яе эмбалізм, абрад супакою, малітву пасля Камуніі і рассыланне народу;
  • цэлебрант чытае ўступ да малітвы верных, заклікі якой спявае кантар, а людзі спяваюць адказы.

Калі цэлебрант і сабраны народ ведаюць свае спевы з паўторнага досведу і калі Імша суправаджаецца кароткай гаміліяй, як гэта рэкамендуе Касцёл для штодзённай Імшы, то большасць гэтых рэчаў магчыма ажыццявіць на працягу 35-хвіліннай Імшы ў будні дзень і ўсе гэтыя рэчы — на працягу гадзіны ці крыху больш у нядзелі і святы. Акрамя таго, людзі, несумненна, больш поўна ўдзельнічаюць у Імшы, калі спяваюць часткі, што ім належаць, а не проста прамаўляюць тэкст. З пункту гледжання чалавека ў лаўках, існуе розніца паміж уздымаючым унісонам простага спеву і разнабойным вымаўленнем словаў.

Такім чынам, спяваная Імша больш адпавядае традыцыі Касцёла. Яна знаходзіцца ў згодзе з тым, што антрапалогія, сацыялогія і псіхалогія кажуць нам пра тое, як павінны выконвацца рытуальныя дзеянні, каб яны прыносілі задавальненне, абнаўленне і яднанне. Спяваная Імша таксама больш згаджаецца з навучаннем Другога Ватыканскага сабору і далейшым вучэннем Касцёла. Нарэшце, яна вельмі важная для евангелізацыі сучаснага чалавека “шляхам прыгажосці”. Гэты крок нам трэба прадпрыняць, калі мы хочам перайсці ад застою шматслоўнасці да вышыняў малітоўнага ўдзелу ў святых таямніцах.

Заўвагі

[1] Гл. больш тут: Can Hymns Licitly Replace Propers?

[2] Тут “Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала” цытуюць Musicam Sacram, пар. 7 і 16 — ясны доказ (калі ён і патрабуецца), што гэтая інструкцыя 1967 года лічыцца адпаведнай для Імшала Паўла VI, які з’явіўся на пару гадоў пазней.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыйнае фота: Matt (CC BY)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар