№26. Спосаб захоўвання Найсвяцейшага Сакрамэнту

Мы ўжо казалі, што ў старажытныя часы Найсвяцейшы Сакрамэнт зазвычай захоўваўся ў залатой галубцы, якая звісала з балдахіна над алтаром. Гэта быў стандартны варыянт яго захоўвання, і менавіта з гэтай прычыны шматлікія Айцы называюць Касцёл “Domus Columbae” — “дом галубкі” (Selvaggio, b. i. p. 1). Першаснай прычынай гэтага выразу, вядома, з’яўляецца спасылка на Святога Духа, Якога часта прадстаўляюць у выглядзе галубкі.

Касцёл Вероны захоўваў Найсвяцейшы Сакрамэнт у посудзе са слановай косці з дарагой ручной апрацоўкай (Martène, De Antiquis Ecclesiae Ritibus); такім жа быў звычай у шматлікіх брытанскіх касцёлах. Часам Найсвяцейшы Сакрамэнт захоўвалі ў невялікіх вежах альбо ў маленькіх кошыках, сплеценых з лазы, на ўспамін пра кашы, якія выкарыстоўваліся пры цудоўным памнажэнні хлеба, якое здзейсніў наш Боскі Пан. Гэты апошні згаданы спосаб захоўвання быў распаўсюджаны ў Рыме ў часы Папы Грыгорыя ІХ (1370) (ibid.).

У многіх англасаксонскіх касцёлах, дзе існаваў звычай захоўвання Найсвяцейшага Сакрамэнту ў залатой галубцы, гэтае месца таксама акружалі колам вельмі зыркіх агеньчыкаў. У кожным выпадку святло гарэла перад ім удзень і ўначы (Dr. Rock, Church of Our Fathers, vol. i. 200).

Як Найсвяцейшы Сакрамэнт захоўваецца цяпер

Наўрад ці каталікам трэба нагадваць, што цяпер Найсвяцейшы Сакрамэнт захоўваецца ў цыборыі, змешчаным у табернакулюме і накрытым шаўковым вэлюмам. Там ён знаходзіцца заўсёды на выпадак патрэбы, каб удзяліць Камунію людзям падчас Імшы альбо каб занесці яго паміраючым асобам як апошні віятык. Перад табернакулюмам заўсёды гарыць невялікая лямпачка, напоўненая чыстым аліўкавым алеем, а калі Найсвяцейшы Сакрамэнт трэба дастаць адтуль не падчас Імшы, заўсёды звоніць званочак. Каб не дапусціць небяспекі таго, што Святыя Гостыі зробяцца нясвежымі альбо набудуць непрыемны смак, прынята абнаўляць іх кожныя восем ці дзесяць дзён. Тады старыя Гостыі альбо раздаюцца вернікам пры балюстрадзе, альбо спажываюцца святаром пры алтары, пакуль ён захоўвае пост.

Захоўванне Найсвяцейшай Эўхарыстыі на Усходзе

Грэцкая Царква захоўвае Найсвяцейшую Эўхарыстыю ў невялікім каўчэгу каля галоўнага алтара. Ён завецца Artophorion, а пры ім пастаянна трымаецца запаленае святло (Goar, Euchol. Grаec., 15). Калі Найсвяцейшы Сакрамэнт дастаўляюць хвораму як апошні віятык, перад святаром заўсёды ідуць два дыяканы з ліхтарамі ў руках, якія пастаянна ў дарозе чытаюць псальмы. У некаторых месцах дзяржаўны закон у такой сітуацыі прадпісвае ўсім укленчыць, пакуль Найсвяцейшы Сакрамэнт не пройдзе побач, прычым гэтае патрабаванне адносіцца да ўсіх, нават да туркаў, габрэяў ці язычнікаў (Martène, De Antiq. Eccl. Rit., q. 2).

Эфіопы захоўваюць Найсвяцейшы Сакрамэнт у тым, што яны называюць Tabout, альбо каўчэг, згодна з іхняй старадаўняй традыцыяй, якая кажа, што “Каўчэг Запавету” ўсё яшчэ захоўваецца ў іхняй зямлі. Адсюль і іх жаданне ўвекавечыць гэты факт, называючы каўчэгам табернакулюм, у якім захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. Малітва кансэкрацыі такога каўчэга падаецца ў Эфіопскім Каноне: “Пане наш Божа, які загадаў Майсею, свайму слугу і прароку, кажучы: “Зрабі мне каштоўнае начынне і пакладзі яго ў скінію на гары Сінай”, цяпер, о Пане, Божа Усемагутны, выцягні сваю руку над гэтым каўчэгам і напоўні яго цнотай, моцай і ласкай Духа Святога, каб у ім маглі знаходзіцца кансэкраваныя Цела і Кроў Твайго Адзінароднага Сына, нашага Пана” (Neale, Holy Eastern Church, i. 186; Renaudot, Liturg. Orient., i. p. 474).

Копты ніколі не захоўваюць Найсвяцейшы Сакрамэнт па-за Імшою. Яны апраўдваюць гэтую сваю дзіўную дысцыпліну тым, што выбранаму народу Старога Запавету было забаронена захоўваць якую-небудзь частку пасхальнага ягняці да наступнага дня і трэба было з’есці яго за адзін дзень. Таму, калі копцкага святара ў любы час дня альбо ночы паклікаць да ложка паміраючай асобы, каб забяспечыць яе святым віятыкам, ён без вагання будзе служыць Імшу, ці то захоўваючы пост, ці не захоўваючы (Denzinger, Ritus Orientalium, p. 86). Аднак гэтая дзіўная дысцыпліна тлумачыцца яшчэ дзвюма прычынамі. Першая заключаецца ў тым, што копты знаходзяцца цалкам пад кіраваннем мусульманаў і разумеюць, што тыя могуць уварвацца ў іхнія касцёлы ў любы час і зняважыць Найсвяцейшы Сакрамэнт. Другая прычына, чаму яны не захоўваюць яго, тлумачыцца іх незразумелым страхам, што яго могуць з’есці пэўныя падступныя змеі, распаўсюджаныя на іхняй зямлі. Падобны выпадак аднойчы меў месца, пасля чаго копцкія патрыярхі забаранілі ўсялякае захоўванне Найсвяцейшага Сакрамэнту па-за Імшою (ibid.).

Піксіда

Піксіда, альбо малы цыборый, гэта невялікая каробачка, зробленая з золата альбо срэбра, у якой Найсвяцейшы Сакрамэнт нясуць да хворых. Па форме яна дакладна нагадвае корпус ад гадзінніка і рэдка ці нават ніколі не перавышае яго памерамі. Яна зазвычай змяшчаецца ў шаўковую бурсу, да якой прымацаваны шнурок, каб вешаць яе на шыю. У каталіцкіх краінах замест піксіды ў працэсіі нясуць цыборый; пры гэтым увесь час звініць званочак, які нагадвае сустрэчным людзям пра тое, што наш Пан ідзе са сваёй дапамогай да хворай асобы.

Захоўваючы пашану да Найсвяцейшага Сакрамэнту, святар павінен рухацца павольным, стрыманым крокам, незалежна ад таго, ідзе ён пешшу ці едзе на кані. Некаторыя з найлепшых аўтарытэтаў сцвярджаюць, што святар у такіх сітуацыях не павінен бегчы альбо праяўляць якую-небудзь паспешлівасць, нават калі ён упэўнены, што чалавек памрэ да таго часу, як ён прыйдзе (De Herdt, Sacr. Liturg., iii. 234).

Таксама належыць захоўваць урачыстую цішыню. Нікому на шляху нельга аддаваць прывітанняў ці паклонаў.

Калі адлегласць невялікая, найбольш пачцівым спосабам перамяшчэння лічыцца хада; для далёкіх адлегласцяў можна выкарыстаць каня альбо павозку. Ва ўсякім выпадку належыць рухацца павольна.

Правілы прыстойнасці таксама патрабуюць — а фактычна, гэта наўпрост запісана ў рубрыках — каб піксіда была прывязана да шыі і схавана дзесьці на грудзях, але яе ніколі нельга пераносіць у кішэні. Увесь час, калі святар трымае на сабе піксіду, а ўнутры знаходзіцца Гостыя, ён не можа сядаць, калі гэтага не патрабуе сапраўдная неабходнасць.

Усходняя традыцыя. — Усходнія святары не будуць выносіць Найсвяцейшы Сакрамэнт са святыні, але запатрабуюць, каб хворы чалавек прыйшоў і прыняў Камунію там, калі толькі ён не хварэе вельмі небяспечна. Калі ж Камунія ўдзяляецца па-за касцёлам, прынамсі ў большасці ўсходніх хрысціянаў, яна ўдзяляецца толькі пад адной постаццю — пад постаццю хлеба (Denzinger, 93 et passim).

Відовішча, якое робіцца пры перанясенні Найсвяцейшага Сакрамэнту да хворага на Усходзе, сапраўды вялікае. Падчас усяго падарожжа працягваецца ўрачыстае чытанне псальмаў і пабожных гімнаў, а дыяканы і акаліты ўзначальваюць працэсію з ліхтарамі і кадзілам. Ніхто не можа нават асмеліцца прысесці, і пакуль працэсія не скончыцца, мусіць захоўвацца найбольш урачыстая прыстойнасць.

У сірыйскіх якабітаў сурова забаронена пераносіць Найсвяцейшы Сакрамэнт да хворага ў кішэні. Ён павінен знаходзіцца ў бурсе, прывязанай да шыі. А калі падарожжа здзяйсняецца на кані, ні ў якім разе гэтую бурсу нельга прывязваць да сядла альбо перавозіць як-небудзь яшчэ, як толькі на целе святара (ibid. 92). Гэтаксама робяць і копты (Renaudot, Commentarius ad Liturg. Copt, 270).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйныя фота: David Monniaux (CC BY-SA); Abraham (CC BY-SA); Роберт Уолтэр Вэйр, Апошняя Камунія Генры Клэя (1852).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: