Пітэр Брэйгель Старэйшы. Бойка паміж карнавалам і постам, 1559 (фрагмент)

Прадстаўлены ніжэй артыкул з’явіўся ў 2009 годзе ў блогу Pod mitrą за аўтарствам спадара А., які дазволіў гэты артыкул перадрукаваць, але прасіў не падаваць ягонага імя.

Захаванне акрэсленай поснай дысцыпліны ад самых ранніх часоў Касцёла з’яўлялася адным з найбольш істотных прынцыпаў хрысціянскай аскетыкі. Яго значэнне цанілі не толькі Айцы і дактары Касцёла, але і каталіцкая літургія. У велікапоснай прэфацыі чуем: Qui corporali ieiunio vitia comprimis, mentem elevas, virtutem largiris et praemia [Ты праз цялесны пост утаймоўваеш нашыя заганы, уздымаеш душы, даеш цноты і ўзнагароду] [1]. Таму невыпадкова каталік, які застаецца верным класічнай духоўнасці і жыве ў рэаліях “паслясаборнай адновы”, сутыкаецца з праблемай посных прадпісанняў. У дадзеным выпадку, аднак, непаразуменні датычацца не толькі літургічнай сферы, але таксама аскетычнай і кананічнай. Шматлікія традыцыяналісты, карыстаючыся магчымасцю ўдзельнічаць у святой Імшы паводле Імшала Яна ХХІІІ, жадаюць захоўваць таксама і ранейшыя посныя прадпісанні, трактуючы іх як істотны элемент традыцыйнай духоўнасці. Аднак часта, як можна меркаваць, яны сустракаюцца з неразуменнем і нават асмейваннем, перадусім з боку духавенства, якое захоўвае “адноўленую” дысцыпліну. Часам іх таксама прымушаюць прытрымлівацца новай дысцыпліны праз своеасаблівую “інфармацыйную блакаду”, падобную да той, якая паўсюдна назіраецца ў адносінах да літургіі ў класічным рымскім абрадзе [2]. Іншыя ж, напэўна з легалістычнай паслухмянасці правілам, якія ўвёў Ян Павел ІІ, прасоўваюць выкарыстанне існуючых цяпер інструкцый [3]. У сувязі з акрэсленымі праблемамі, я хацеў бы прысвяціць прадстаўлены тэкст абмеркаванню непаразуменняў, звязаных з захаваннем апісанай пакутнай дысцыпліны. У першай частцы тэксту размова пойдзе пра дасаборныя і паслясаборныя кананічныя правілы адносна часу і характару посту. У другой частцы знаходзяцца разважанні пра ўзаемаадносіны паміж жыццём па календары для класічнага рымскага абраду і ранейшымі поснымі прадпісаннямі.

І. Посныя прадпісанні ў святле Кодэксаў кананічнага права Бенедыкта XV і Яна Паўла ІІ [4]

Калі размова ідзе пра посныя прадпісанні, якія з’яўляліся абавязковымі ў 1962 годзе, то іх аснова апісваецца канонамі 1250—1254 Кодэкса кананічнага права, уведзенага Бенедыктам XV 27 мая 1917 года [5]. У іх святле каталіцкая посная дысцыпліна рэалізуецца ў трох відах:

1) ieiunium — абмежаванне колькасці прыёмаў ежы да аднаго прыёму дасыта і двух меншых (колькасны пост); падчас абеду (г. зн. прыёму ежы дасыта) можна спажываць мясныя стравы, але сняданкі і вячэры павінны быць без мяса.

2) abstinentia — устрыманне ад мясных страваў без абмежавання колькасці прыёмаў ежы (якасны пост);

3) ieiunium et abstinentia — паяднанне 1) і 2), гэта значыць устрыманне ад мясных страваў пры спажыванні толькі аднаго пасілку дасыта ў дзень і двух меншых (у польскай кананічнай тэрміналогіі такая форма пакуты называецца сціслым постам).

Асаблівыя пакутныя практыкі Касцёл сваім правам прадпісваў на наступныя дні літургічнага года:

1) ieiunium — абавязковы для ўсіх каталікоў ад 21 да 60 гадоў у наступныя дні Вялікага посту: панядзелак, аўторак, сераду і чацвер;

2) abstinentia — абавязковае для каталікоў узростам ад 7 гадоў ва ўсе пятніцы году, калі на іх не прыпадае абавязковае свята (festum de praecepto) пры ўмове, што такое свята не выпадае на Вялікі пост і не з’яўляецца скасаваным [6];

3) ieiunium et abstinentia — прадпісаныя:

а) на ўсе пятніцы і суботы Вялікага посту (уключна з Вялікай суботай да поўначы, з прычыны пераносу Піем ХІІ гадзіны цэлебрацыі Пасхальнай вігіліі на позні вечар);

б) на вігіліі Божага Нараджэння (нават калі яна прыпадае на нядзелю) і Спаслання Духа Святога;

в) на Папяльцовую сераду, Сухія дні (г. зн. сераду, пятніцу і суботу пасля трэцяй нядзелі Адвэнту (Gaudete), першай нядзелі Вялікага посту, у актаве Спаслання Духа Святога і пасля трэцяй нядзелі верасня), а таксама 7 снежня.

Ад згаданых постаў вызваляюць дыспенсацыі, якія па слушнай прычыне аб’яўляюць ардынарыі дыяцэзій.

Інакш выглядае посная дысцыпліна, прадугледжаная актуальнымі на сённяшні дзень паўсюднымі прадпісаннямі Касцёла. Іхнюю аснову складаюць каноны 1249—1251 Кодэкса кананічнага права, уведзенага Янам Паўлам ІІ 25 студзеня 1983 года [7]. У адрозненне ад заканадаўства Бенедыкта XV, тут можна знайсці толькі два віды пакутных практык, звязаных з прыняццем ежы:

1) устрыманне ад мясных страваў — абавязковае ва ўсе пятніцы года, калі на іх не прыпадае якая-небудзь урачыстасць (solemnitas), нават калі яна не з’яўляецца абавязковай [8];

2) сціслы пост — устрыманне ад мясных страваў пры адначасовым абмежаванні колькасці пасілкаў да аднаго дасыта і двух меншых. Такая форма пакуты з’яўляецца абавязковай у Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу. Акрамя таго, згодна з “Агульнымі нормамі літургічнага календара і года” (раздзел ІІ, пар. 20), “калі магчыма, таксама і ў Вялікую суботу да Пасхальнай Вігіліі паўсюль захоўваецца святы пасхальны пост”.

Такім чынам, лёгка заўважыць, што цяперашняя практыка нашмат больш лагодная за тую, якую прадугледжваў Кодэкс Бенедыкта XV. Прыняцце новых правілаў азначае, што, з пункту гледжання прадпісаных пакутных практык, перыяд Вялікага посту істотна не адрозніваецца ад астатняй часткі году, тады як, паводле дасаборных прадпісанняў, усе дні Вялікага посту — зразумела, за выключэннем нядзеляў — з’яўляліся днямі больш ці менш інтэнсіўнага цялеснага ўтаймавання.

Акрамя таго, прыняцце правіла, што ад посту вызваляюць усе ўрачыстасці, прыводзіць да павелічэння колькасці дзён, якія вызваляюць ад пятнічнага ўстрымання ад мясных страваў, з 7 да 14 дзён у годзе (з улікам вызвалення ад пятнічнага ўстрымання падчас Актавы Пасхі, якая трактуецца як адна цэльная ўрачыстасць). Асабліва дыскусійным тут выдаецца вызваленне ад ўстрымання ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Гэты дзень заўсёды прыпадае на пятніцу, але ён неразрыўна звязаны з таямніцай Мукі Пана; захоўванне ў гэты дзень пэўных пакутных практык здавалася б натуральным [9]. Перад усім, аднак, здзіўляе радыкальнае памяншэнне колькасці дзён, у якія абавязковым з’яўляецца захаванне сціслага посту. Калі Кодэкс 1917 года — за выключэннем адмененай вігіліі Усіх святых — прадугледжваў 28 такіх дзён, то ў святле новых прадпісанняў іх засталося 2, максімум 3. Фармуліроўка, што пасхальны пост мае быць падоўжаны на Вялікую суботу, “калі магчыма”, праблемнае, бо не згадваецца, якія абставіны могуць быць перашкодай для такога посту. На практыцы гэта азначае, што працяг сціслага посту на гэты дзень усяго толькі заахвочваецца.

II. Літургічнае абгрунтаванне былой поснай практыкі

Як я ўжо згадваў ва ўступе, патрэба захавання былой поснай дысцыпліны вынікае перадусім з жадання чалавека цэласна перажываць літургічны год. Я перакананы, што заўсёды, калі традыцыйны каталік удзельнічае ў святой Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду ў той дзень, на які, паводле былых прадпісанняў, прыпадае пост, ён павінен яго захоўваць. Дадзеная прапанова датычыцца таксама ўдзелу ў Эўхарыстыі ў дні, перад якімі існавалі посныя вігіліі (напрыклад, свята Спаслання Духа Святога і свята Беззаганнага Зачацця). Аргументамі для абгрунтавання такой практыкі могуць быць тэксты імшальных фармуляраў, асабліва фармуляраў Сухіх дзён (Quattuor Tempora). Менавіта на гэтых тэкстах я хацеў бы заснаваць свае разважанні.

Сухія дні ў былой літургічнай традыцыі займалі незвычайна важнае месца. Трохдзённы пост у кожным квартале належыць да найстаражытнейшых практык Рымскага Касцёла і паходзіць яшчэ ад габрэйскіх святаў. Гэта быў таксама час удзялення сакрамэнту пасвячэння [10]. Для нашага разважання, аднак, вельмі істотна, што тэксты малітваў, прадпісаныя на Сухія дні (асабліва ў актаве Спаслання Духа Святога і на верасеньскія Сухія дні), выразна пацвярджаюць факт захавання ў гэтыя часы сціслага посту (ieiunium et abstinentia). Напрыклад, гэта адлюстравана ў другой калекце серады верасеньскіх Сухіх дзён, дзе цялеснае ўстрыманне прадстаўлена як умова духоўнага посту:

Praesta, quaesumus, Domine, familiae tuae supplicanti: ut, dum a cibis corporalibus se abstinet, a vitiis quoque mente ieiunet. Per Dominum nostrum…

Дай, просім, Пане, слугам тваім, якія Цябе моляць, каб, устрымліваючыся ад ежы цялеснай, яны таксама духоўна пасціліся ад заганаў. Праз Пана нашага…

У цытаванай малітве выкарыстоўваецца той факт, што ў гэты дзень абавязвае як ieiunium, так і abstinentia (se abstinet… ieiunet). Пра выключную ролю верасеньскіх Сухіх дзён у літургічным годзе кажа таксама калекта з пятніцы верасеньскіх Сухіх дзён:

Praesta, quaesumus, omnipotens Deus: ut, observationes sacras annua devotione recolentes, et corpore tibi placeamus, et mente. Per Dominum nostrum…

Дай нам, просім Цябе, усемагутны Божа, каб, штогод пабожна згадваючы святыя захаванні, мы былі даспадобы Табе душою і целам. Праз Пана нашага…

У сакрэце сабраныя на Эўхарыстыі праз пасрэдніцтва святара просяць, каб пост, які яны захоўвалі і “прынеслі” ў дары да алтара, быў прыемны Богу і давёў іх да асвячэння:

Accepta tibi sint, Domine, quaesumus nostri dona ieiunii; quae et expiando nos tua gratia dignos efficiant, et ad sempiterna promissa perducant. Per Dominum nostrum…

Просім, няхай прыемным Табе, Пане, будзе прынашэнне нашага посту, каб, загладжваючы нашыя грахі, яно зрабіла нас годнымі Тваёй ласкі і давяло да вечных абяцанняў. Праз Пана нашага…

Таму было б лагічным з мэтай яднання з гэтай малітвай Касцёла захоўваць у гэты дзень сціслы пост, згодна з ранейшымі звычаямі. У адваротным выпадку змест сакрэты стаўся б практычна беспрадметным. Больш за тое, першая калекта суботы верасеньскіх Сухіх дзён наўпрост атаясамлівае ўдзельнікаў Эўхарыстыі з тымі, хто захоўвае пост:

Omnipotens sempiterne Deus, qui per continentiam salutarem corporibus mederis et mentibus: maiestatem tuam supplices exoramus; ut pia ieiunantium deprecatione placatus, et praesentia nobis subsidia tribuas et futura. Per Dominum nostrum…

Усемагутны вечны Божа, Які праз збаўчае ўстрыманне аздараўляеш нашыя целы і душы, пакорна молім Тваю веліч, каб Ты, улагоджаны пабожнымі малітвамі тых, хто посціць, даў нам дапамогу цяпер і ў будучыні. Праз Пана нашага…

У святле гэтай малітвы трэба прызнаць, што Касцёл мае на ўвазе, што ўдзельнікі святой Імшы ў гэты дзень захоўваюць пост. Наступная малітва гэтай Імшы (другая калекта) згадвае, што гэта дзень сціслага посту:

Da nobis, quaesumus, omnipotens Deus: ut, ieiunando, tua gratia satiemur; et, abstinendo, cunctis efficiamur hostibus fortiores. Per Dominum nostrum…

Дай нам, просім Цябе, усемагутны Божа, каб праз пост мы насычаліся Тваёю ласкай, а праз устрыманне рабіліся мацнейшымі за ўсіх ворагаў нашых. Праз Пана нашага…

Пакутны характар літургіі Сухіх дзён дапаўняюць чытанні са Старога Запавету, якія ў надзвычайнай форме рымскага абраду зазвычай звязаны з пакутнымі перыядамі (гл. чытанні з будняў Вялікага посту), а таксама працяглыя евангельскія ўрыўкі.

Нягледзячы на выразныя ўказанні, якія ўтрымліваюцца ў літургічных тэкстах, шматлікія вернікі маюць сумневы адносна таго, ці варта пераходзіць на посную дысцыпліну, згаданую ў Codex Iuris Canonici Бенедыкта XV. Пра некаторыя прычыны гэтага я згадваў ужо ва ўступе. Аднак гэтую праблему трэба разгледзець у больш шырокім кантэксце так званай “паслясаборнай адновы”.

Ужо ўступны аналіз новых посных прадпісанняў паказвае, што яны сцісла звязаныя з літургічным календаром для новай Імшы. Напрыклад, пост у вігілію Спаслання Духа Святога адпаў, бо і сама вігілія — прынамсі ў ранейшым разуменні — была скасаваная (сёння пад гэтай назвай разумеюць Імшу пра Спасланне Духа Святога, якая, па аналогіі з Пасхальнай вігіліяй, мае ўласны фармуляр і служыцца пасля І Нешпараў той жа ўрачыстасці) [11]. У выніку скасавання Сухіх дзён зніклі таксама і посты, звязаныя з імі. Не варта, аднак, лічыць, што такія змены тлумачацца толькі зменамі ў календары. Хутчэй наадварот: паслясаборны крызіс аскетыкі прывёў да таго, што з літургічнага календара зніклі тыя святкаванні, якія цягнулі за сабою посныя практыкі. А тым часам пост, як і развітая літургія, быў адным з элементаў, якія адрознівалі рымска-каталіцкую духоўнасць ад ерэтычна-схізматычных канцэпцый пратэстантаў, якія пад выглядам тэалагічных разважанняў спрабавалі разваліць дысцыпліну хрысціянскай маральнасці. Назіраючы за справамі каталіцкай пакутнай дысцыпліны і літургічнай рэформы на працягу апошніх сарака гадоў, немагчыма ўстрымацца ад сцвярджэння, што яны ўяўляюць сабою той самы працэс — прагрэсіўнай пратэстантызацыі Каталіцкага Касцёла.

Вядома, прыхільнікі “адноўленых” посных прадпісанняў могуць сфармуляваць дзве прэтэнзіі супраць традыцыйнай пазіцыі. Першая — якая датычыцца маральнага аспекту — фарысеізм у этымалагічным значэнні (габрэйскі корань prs — дзяліць, ламаць), які выяўляецца ў занядбанні больш лагодных прадпісанняў на карысць ранейшых, больш суровых. Другая магчымая прэтэнзія больш сур’ёзная і датычыцца праблемы паслухмянасці дзейнаму кананічнаму праву.

Першую са згаданых прэтэнзій, на маю думку, можна перамагчы праз паяднанне цялеснага посту з актамі духоўнага навяртання ў згодзе з сапраўднай каталіцкай канцэпцыяй пакутных практык і ў духу паслухмянасці навучанню Касцёла. У сваю чаргу, канфлікт з правам таксама проста вырашыць. Захаванне ранейшых посных прадпісанняў у тыя дні, калі яны ўжо больш не з’яўляюцца абавязковымі, не вядзе да парушэння права, бо права рэгулюе магчымасць вызвалення ад посту, а не прымушае да спажывання мяса. Практыкаванне даўняй дысцыпліны, вядома, не азначае адкідвання Кодэкса Яна Паўла ІІ як цэлага. Добрым прыкладам такой паставы можа быць рашэнне трапістаў з кляштара Марыявальд вярнуцца да ранейшых законных канстытуцый (г. зн. тых, якія дзейнічалі адначасова з Імшалам Яна ХХІІІ) з мэтай цэласнага перажывання літургічнага года (несумненна, услед за гэтым вярнуліся і больш суровыя посныя традыцыі).

Аднак, незалежна ад актуальных у дадзены час прадпісанняў, у сувязі з павелічэннем пасля публікацыі Summorum Pontificum колькасці асобаў, зацікаўленых трыдэнцкай Імшою, можна задумацца над тым, ці павінны кампетэнтныя касцёльныя ўлады (напрыклад, камісія Ecclesia Dei) заняцца пытаннем, ці з’яўляецца цяжкім грахом прыняцце Камуніі на Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду ў дзень, у які ў 1962 годзе абавязваў пост, без захавання гэтага посту, прадпісанага канонамі Кодэкса Бенедыкта XV.

Напрыканцы выказваю надзею, што прадстаўлены тэкст заахвоціць да рэфлексіі ўсіх тых, хто цэніць класічную духоўнасць Касцёла, шукае інфармацыю на гэтую тэму і прагне паглыбіць сваё перажыванне літургічнага года.


[1] Усе цытаты з Імшала для надзвычайнай формы рымскага абраду даюцца паводле выдання: Mszał Rzymski, przekład polski i objaśnienia opracowali Benedyktyni Tynieccy, Poznań 1963.

[2] Калі ў выпадку Трыдэнцкай Імшы ходзіць сцвярджэнне, што “святар калісьці стаяў плячыма да людзей і мармытаў сабе пад нос”, то наконт даўняй поснай дысцыпліны часам кажуць: “раней ксяндзы казалі мець асобныя посныя гаршкі”. Такім чынам, надзейная інфармацыя замяняецца кпінам са справаў, якія яшчэ нядаўна выхоўвалі каталікоў у духу пабожнасці.

[3] CyberSylwa, Summa Laetitiae, 27 сакавіка 2008 года: “Радасць [велікодная] заўтра пераможа нават посную пятніцу [з прычыны актавы Пасхі]”. Вядома, я не збіраюся асуджаць гэтую пазіцыю, акружаючы яе зняважлівымі эпітэтамі “мадэрнізму” і “прагрэсівізму”. Зусім наадварот, я шаную яе як выраз даверу да аўтарытэту Касцёла. Асмельваюся, аднак, прапанаваць альтэрнатыўнае рашэнне, якое, прынамсі на маю думку, лепей адпавядае патрабаванням асобаў, якія перажываюць літургічны год згодна з календаром для надзвычайнай формы рымскага абраду.

[4] Змест гэтага пункту я засноўваю на наступных падручніках кананічнага права:

— адносна ранейшага кананічнага права: F. Bączkowicz, Prawo kanoniczne. Podręcznik dla duchowieństwa, Opole 1958, s. 420-424.

— адносна паслясаборных прадпісанняў: T. Pawluk, Prawo kanoniczne według Kodeksu Jana Pawła II, t. 2: Lud Boży, jego nauczanie i uświęcanie, Olsztyn 1986, s. 477-478.

[5] Далей ён цытуецца як CIC, у адрозненне ад Кодэкса кананічнага права Яна Паўла ІІ ад 1983 года, які я далей пазначаю як ККП. ККК — Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Пазнейшыя змены — гэта перанос сціслага посту з вігіліі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі на 7 снежня (дэкрэт Кангрэгацыі Сабору ад 25.VII.1957, AAS, 49 (1957), 638) і скасаванне ieiunium et abstinentia ў вігілію Усіх святых у сувязі са скасаваннем самой вігіліі як літургічнага святкавання (дэкрэтам Кангрэгацыі абрадаў ад 23 сакавіка 1955 года, AAS, 47 (1955), 48).

[6] Фармальна спіс абавязковых святаў практычна такі самы як у перадсаборных прадпісаннях, так і ў паслясаборных. Акрамя ўсіх нядзеляў, імі з’яўляюцца: Божае Нараджэнне, Аб’яўленне Пана, Унебаўшэсце Пана, Божае Цела (у новым календары: Цела і Крыві Пана), Новы год (у новым календары: Святой Багародзіцы Марыі), Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі, Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі, св. Юзафа (19 сакавіка), св. Пятра і Паўла, а таксама Усіх святых. Пар. ККК 2177; F. Bączkowicz, op. cit., с. 418. Аднак варта звярнуць увагу той факт, што ў Канферэнцыя епіскапату Польшчы выдаліла са спісу абавязковых святаў урачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, св. Юзафа і св. апосталаў Пятра і Паўла. У сувязі з гэтым, калі б гэтыя дні прыпадалі на пятніцу, у святле прадпісанняў Бенедыкта XV у гэтыя дні абавязваў бы пост.

[7] Пар. ККК 2043 (чацвёртае касцёльнае прыказанне).

[8] Цікавым здаецца той факт, што прадстаўленая ў ККК 2043 фармуліроўка 4 прыказання (хоць і цяжка ўстанавіць яе паходжанне і аўтарства) выглядае яшчэ больш суровай за прадпісанні Бенедыкта XV і ўвогуле не кажа пра дыспенсацыі з нагоды ўрачыстасці ці пра дыспенсацыі, якія можа выдаць ардынарый. У святле такой інтэрпрэтацыі належала б захоўваць пост нават 25 снежня. Падобна, аднак, што гэта чарговы прыклад нядбайнасці рэдактараў польскай версіі Катэхізіса, а не выраз залішняй аскетычнай заўзятасці аўтара гэтай інтэрпрэтацыі.

[9] У тым выпадку, аднак, у сувязі з устанаўленнем урачыстасці, характар пятнічнага ўстрымання ад мясных страваў змяніўся б з пакутнага на таямнічны і ўдзячны. У такім разуменні посту мы не столькі пакутуем за ўчыненыя грахі, колькі перадусім яднаемся з Мукай Збаўцы і дзякуем за Яго міласэрнасць.

[10] Кс. Андрэа Роз ў інтэрв’ю для “Courrier de Rome” падкрэсліў страту, якую панёс Касцёл у выніку скасавання Сухіх дзён. Іранічна, што рэфарматары св. Імшы, дэкларуючы прагу вяртання да літургічных традыцый першых стагоддзяў хрысціянства, адкінулі гэтыя сапраўдныя скарбы хрысціянскай старажытнасці, а ў іншых месцах паўводзілі “археалагізмы”. (Кс. А. Роз. “Z dziejów reformy liturgicznej”, “Courrier de Rome”, чэрвень 2004. У польскім перакладзе тэкст даступны на польскай старонцы Інстытута Добрага Пастыра: www.pastorbonus.pl, у закладцы “Czytelnia”). У Польшчы ў святых Імшах у Сухія дні можна ўдзельнічаць прынамсі ў чатырох месцах: у Кракаве, Уроцлаве і Любліне, тады як у Варшаве — толькі ў пятніцы і суботы Сухіх дзён Адвэнту і Вялікага посту.

[11] Ідэнтычна ў календары для новай Імшы прадстаўляецца статус вігіліі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар