№25. Літургічная бялізна

Карпарал. У цяперашняй форме карпарал прадстаўляе сабою квадратны кавалак льняной тканіны памерам з насоўку, складзены чатыры разы, з невялікім чорным крыжыкам пасярэдзіне пярэдняга краю. Напачатку Імшы яго раскладаюць на алтары на ўсю даўжыню і ставяць на яго келіх. Назва “карпарал” бярэцца адтуль, што на ім ляжыць Цела нашага Боскага Пана пад выглядам святых постацяў. Неабходна, каб карпарал быў выраблены са льну, бо гэта нагадвае пра ільняное палатно, якім накрылі цела Пана ў магіле. Касцёл так дбае пра гэты прадмет святой бялізны, што дазваляе дакранацца да яго толькі тым, каму дазволена дакранацца да келіха; а калі яго трэба памыць, гэты абавязак аддаецца субдыякану альбо камусьці з вышэйшымі пасвячэннямі. Мыць яго трэба вельмі асцярожна, у трох розных водах, калі магчыма, без выкарыстання крухмалу. Апошняе прадпісанне звязанае з тым, што існуе небяспека пераблытаць часцінку крухмалу, якая прыстала да карпарала, з часцінкай кансэкраванай Гостыі. Калі карпарал не выкарыстоўваецца, яго захоўваюць складзеным у бурсе.

Мы казалі пра тое, што карпарал мусіць быць зроблены са льну. Папа Сільвестр І у 314 годзе сурова забараніў вырабляць яго з шоўку альбо з мяшанай тканіны. Сабор у Рэймсе пацвердзіў гэтую забарону, дадаўшы, што ён павінен быць з найчысцейшага льну, які не можа ні з чым мяшацца, нават з найкаштоўнейшымі матэрыяламі (Kozma, 85). Дзюран кажа (Rationale Divinorum, p. 217), што першапачатковая норма, якая патрабавала рабіць карпарал са льну, была ўведзена ў 132 годзе Папам Сікстам І. Той жа аўтар падае вельмі прыгожую, але хутчэй штучную прычыну гэтага. “Як лён, — кажа ён, — даводзіцца да чысціні толькі пасля доўгай працы, так і цела Хрыста праз вялікія пакуты даходзіць да хвалы Уваскрасення” (ibid.).

У старажытнасці карпарал быў дастаткова вялікі, каб пакрыць усю паверхню алтара, а абавязак яго раскладання, якое наступала толькі падчас аферторыя, з’яўляўся адмысловым прывілеем дыякана, які таксама і складаў яго пасля Камуніі (Kozma, 86). Сёння карпарал раскладаецца ў самым пачатку толькі на ціхай Імшы; на ўрачыстай спяванай Імшы захоўваецца дысцыпліна яго раскладання перад аферторыем.

Карпарал на Усходзе. — Грэцкая назва карпарала — ειλητον, ілітон, штосьці абгорнутае. На ўвазе маецца тое, што Цела Пана было абгорнута ільняной тканінай Юзафа з Арыматэі (Goar, Euchol. Graec., p. 130). Карпаралы, якія выкарыстоўваюцца ва Усходніх Касцёлах, мала чым адрозніваюцца ад тых, што ўжываюцца ў Грэцкай Царкве.

Пурыфікатар. — Кавалак льняной тканіны даўжынёю каля 50 см і шырынёю каля 10 см (калі складзены ўтрая) называецца пурыфікатарам. У цэнтры пурыфікатара ёсць маленькі крыжык. Пра тое, што пурыфікатар мае сучаснае паходжанне, мы даведваемся з таго, што ніводзін са старажытных спецыялістаў у літургіцы яго не згадвае. Мы толькі даведаліся, што манахі ў пэўных кляштарах вешалі кавалак ільняной тканіны на алтары з боку Паслання, каб ім выціраць келіх пасля Камуніі (Bona, Rer. Liturg., p. 297; Kosma, p. 86). Калі пурыфікатар далучыўся да іншай бялізны пры келіху, дакладна невядома, але факт, што ён не згадваецца ніводным аўтарам да трынаццатага стагоддзя. Папа Інакенцій ІІІ, які памёр у 1216 годзе, нічога не кажа пра яго, хоць ён і напісаў вычарпальную працу пра Імшу і яе цырымоніі. Пра яго таксама не кажа Дзюран, хоць ён і дакладна апісвае літургічную бялізну.

Грэкі выкарыстоўваюць замест пурыфікатара губку на ўспамін пра тую губку, якую ўжывалі пры ўкрыжаванні Пана (Goar, Euchol., p. 151). Грэкі рэдка карыстаюцца ў літургіі чым-небудзь, што не звязана з жыццём нашага Збаўцы на зямлі.

Схема збірання келіха на Імшу з міністранцкага падручніка 1931 года. Заўважце, што на той час палу ўжо клалі на келіх, тады як а. О’Браен (1879) кажа, што яе захоўваюць у бурсе.

Пала. — Цвёрды кавалак льну з крыжам у цэнтры называецца палай. Ён выкарыстоўваецца для накрывання келіха, каб усярэдзіну не трапілі машкара і пыл. Калі пала ў дадзены момант не выкарыстоўваецца, яе захоўваюць у бурсе разам з карпаралам.

На працягу першых адзінаццаці ці дванаццаці стагоддзяў карпарал быў такі вялікі, што ён выкарыстоўваўся для накрыцця келіха замест цяперашняй палы. З гэтай мэтай адразу пасля аферторыя яго заднюю частку размяшчалі так, што ім можна было накрыць і гостыю, і келіх. Картузіянцы робяць так дагэтуль (Bona, 207).

Вэлюм. — Вэлюм, які накрывае келіх, зазвычай робіцца з таго самага матэрыялу, што і арнат. Але калі апошні надта цвёрды, то вэлюм рэкамендуецца рабіць з эластычнага шоўку. Колерам жа ён павінен заўсёды адпавядаць астатнім прадметам убрання.

Бурса. — Бурса, у якую па-за Імшою змяшчаюць карпарал і палу, павінна быць з таго самага матэрыялу і таго самага колеру, што і астатняе ўбранне, а ў цэнтры яе павінен быць крыж.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Daderot (CC0).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: