Асацыяцыя “Una Voce Russia” пачынае збіраць сродкі на пераклад актаў Трыдэнцкага сабору на рускую мову. Шматлікія дакументы, якія ад XVI стагоддзя складаюць цвёрдую апору каталіцкай веры, могуць упершыню стаць даступнымі для рускамоўных чытачоў ва ўсім свеце. Паўдзельнічаць у талацэ можна будзе да 18 чэрвеня 2017 года.

Трыдэнцкі сабор — адзін з самых значных у гісторыі Каталіцкага Касцёла. Пакліканы як адказ на пратэстанцкую рэфармацыю, ён збіраўся на 25 сесіях. Цягам гэтага часу сабор выдаў 17 дагматычных дэкрэтаў, якія дагэтуль не страцілі сваёй моцы. Акрамя таго, ён асудзіў шэраг ерасяў, адначасова растлумачыўшы каталіцкае вучэнне па шматлікіх пытаннях.

Трыдэнцкі сабор разглядаў шырокі спектр пытанняў:

  • Святое Пісанне і біблійны канон;
  • першародных грэх, збаўленне і апраўданне;
  • святыя сакрамэнты і святая Імша;
  • індульгенцыі і чысцец;
  • пратэстантызм.

Ён таксама аказаў значны ўплыў на жыццё Касцёла ў сферы літургіі. У паслясаборны час узорным біблійным тэкстам стала Вульгата, а праз некалькі гадоў пасля сабору з’явіліся Рымскі Катэхізіс і новыя рэдакцыі Імшала і брэвіярыя.

Расійскі філіял міжнароднай асацыяцыі “Una Voce” (лац. “Адзіным голасам”) рыхтуецца перакласці ўсе дакументы гэтага вызначальнага сабору з лацінскага арыгінала. На аплату працы дасведчанага перакладчыка, на паслугі платформы і падаткі будзе выдадзена 70 500 расійскіх рублёў, альбо крыху больш за 1000 еўра. Рэзультат працы будзе размешчаны ў Інтэрнэце бясплатна на адмысловым сайце, а таксама ў фармаце PDF. Наступным праектам “Una Voce Russia” стане публікацыя актаў Трыдэнцкага сабору ў выглядзе кнігі.

Чаму варта падтрымаць гэты праект?

1. Магчыма, гэта ваш адзіны шанец пазнаёміцца з тэкстамі Трыдэнцкага сабору

Добра вядома, што modus operandi афіцыйных перакладчыкаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама шматслоўнасць апошніх ватыканскіх дакументаў (гл. Amoris Laetitia) не даюць і наўрад ці дадуць беларускаму чытачу знаёміцца з касцёльнымі дакументамі мінулых гадоў. Неперакладзенымі застаюцца даволі важныя дакументы пантыфікату св. Яна Паўла ІІ, дык што ж казаць пра такія старадаўнія дакументы, як пастановы Трыдэнцкага сабору? Акрамя прапановы “Una Voce Russia”, іншай можа і не быць.

2. Нязмерная карысць для розуму і душы

Дакументы Трыдэнцкага сабору — гэта асаблівае натхненне для каталіцкай адукацыі і самаадукацыі. У святле 500-годдзя рэфармацыі, а таксама з увагі на цяперашнюю агульную абыякавасць да каталіцкага веравучэння кожны ахвотны зможа прыгадаць важныя элементы нашай веры. Сціслыя і ясныя фармуліроўкі, складзеныя гэтым саборам, дазваляюць зразумець, пра што ідзе мова, не прадзіраючыся праз абзацы цьмяных тэалагічных разважанняў.

3. Бо мы можам

Нарэшце, гэта добрая магчымасць узяць на сябе адказнасць за развіццё Каталіцкага Касцёла, праявіць сваё імкненне да большага і лепшага і паказаць, што мы здольныя не толькі жыць за сродкі іншаземных кармільцаў, але і самастойна аплачваць свае патрэбы.

Заахвочваем падтрымаць збор сродкаў на сайце planeta.ru.

Te igitur

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар