Касцёл настолькі дбае пра пашану, якая павінна аддавацца святому начынню, непасрэдна звязанаму з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, што ён забараняе пад страхам граху дакранацца да іх таму, хто не належыць да духавенства. Нават духоўным асобам, калі яны не дасягнулі ступені субдыякана, не дазваляецца дакранацца да іх без спецыяльнага дазволу. Калі хто-небудзь наўмысна дакранецца да келіха, у якім знаходзіцца Найдаражэйшая Кроў, і пры гэтым не будзе мець прынамсі дыяканскага пасвячэння, то гэтым сваім учынкам, па меркаванні ўсіх тэолагаў, ён здзейсніць смяротны грэх. Калі дазвол дакранацца да святога начыння даецца свецкай асобе, гэты чалавек павінен заўсёды карыстацца пальчаткай або закрываць руку тканінай ці чыстай насоўкай (De Herdt, vol. i. No. 175).

Страшныя пакаранні, з якімі Усемагутны Бог часам наведвае зневажальнікаў святога начыння і літургічнага ўбрання

Стары Запавет поўны прыкладаў таго, з якім абурэннем Бог успрымае найменшую непавагу да якой-небудзь святой прылады, якая выкарыстоўваецца ў службе Яму. Паглядзіце на гісторыю Каўчэга Запавету і на тое, якія цуды былі зроблены дзеля доказу яго святасці. Спачатку філістымляне захапілі яго і зняважылі, прынесшы ў храм Дагона, але Дагон упаў перад ім тварам на зямлю (1 Сам 5), а ўсе жыхары Азота былі сурова пакараныя за гэтую знявагу. Гэцяне насілі Каўчэг з аднаго месца ў іншае, і ўсюды, дзе з’яўляўся Каўчэг, было столькі памерлых, што Пісанне кажа: “Смяротная жудасць была ў кожным горадзе” (ibid.). Зноў жа, паглядзіце на смутны прыклад бэтсаміцянаў. З-за таго што яны з цікаўнасці заглядалі ў Каўчэг, было забіта ажно пяцьдзясят тысяч з іх (ibid., раздз. 6).

Але найбольш страшны прыклад запісаны пра Эліядора ў Другой кнізе Макабэяў, раздзел 3. Гэты няшчасны чалавек, каб задаволіць жаданне Селеўка, сына Антыёха Вялікага, выправіўся ў Ерузалем, каб разрабаваць каштоўнасці Храма. У той час першасвятаром быў Онія, вельмі святы чалавек. Усё, што можна было зрабіць малітвай і просьбамі, каб спыніць Эліядора перад выкананнем яго брыдкага плану, было зроблена, але дарэмна. Ён увайшоў у Храм і ўжо збіраўся пакласці рукі на скарбы, як раптам Божы суд спасцігнуў яго. “З’явіўся, — кажа святы тэкст, — конь са страшным вершнікам, накрыты цудоўным покрывам; хутка несучыся, ён ударыў Эліядора пярэднімі капытамі, а той, што сядзеў на ім, здавалася, меў залатыя даспехі. З’явіліся перад ім і яшчэ два іншыя юнакі, якія квітнелі моцаю, былі прыгожыя з выгляду і хораша апранутыя; яны сталі паабапал яго і пастаянна бічавалі яго, наносячы яму шматлікія раны. І Эліядор раптам упаў на зямлю”. Гэта толькі некаторыя са шматлікіх іншых гісторый, якія мы знаходзім у Старым Запавеце і ў якіх Божае пракляцце наведвае зневажальнікаў Яго святыні. Гісторыі, якія прыводзяць гісторыкі і летапісцы Касцёла, не менш дзівосныя.

Напрыклад, добра вядома, што, калі данатысты разбурылі алтары ў раннехрысціянскіх касцёлах і кінулі Найсвяцейшы Сакрамэнт сабакам, апошнія кінуліся на саміх няшчасных нягоднікаў і разарвалі іх на кавалкі. Святы Грыгорый Турскі расказвае нам пра англійскага арыстакрата, якому цалкам паралізавала ногі, калі ён асмеліўся памыць іх у патэне, якую ён прынёс з бліжэйшага касцёла (Kozma, 85, note 17). Але Тэадарыт у сваёй трэцяй кнізе (раздзел 12) апісвае ўвогуле страшную гісторыю пра жаўнераў Юліяна Адступніка. У той час у Антыёхіі існаваў вельмі прыгожы касцёл, які называлі “залатым” з-за яго прыгажосці. Яго скарбы былі агромністыя, а падараваў іх Канстанцін Вялікі. Юліян паслаў дваіх сваіх людзей разрабаваць гэты касцёл і прынесці яму здабычу. Тыя падпарадкаваліся — але што ж сталася. Не задаволіўшыся простым апаганьваннем самога святога дома, адзін з іх узлез на галоўны алтар і забрудзіў яго самым непрыстойным чынам, у той час як іншы выкрыкваў зняважлівыя кпіны: “Глядзіце, якое цудоўнае начынне яны выкарыстоўваюць у малітве Сыну Марыі!” Божая помста ўмомант абрушылася на іх. Першы згніў ад язвы, якая расклала ўсе ягоныя вантробы, так што ён памёр, ванітуючы кішкамі праз свой блюзнерчы рот. Другі быў пакараны жорсткім крывацёкам, які працягваўся без перапынку, пакуль з ягонага цела не выцекла ўся кроў, пасля чаго ён памёр у пякельным болю. Гэты страшны выпадак апісваюць таксама пратэстанцкія гісторыкі.

Іншы выпадак перадае Віктар з Утыкі ў сваей працы пра пераслед вандалаў (lib. i. p. 593). Гэты гісторык кажа нам, што чалавек па імені Прокл, пасланец аднаго з каралёў-вандалаў, аднойчы ўвайшоў у хрысціянскую святыню і, зняўшы з алтара святыя абрусы, узяў іх, каб выкарыстаць у сваіх прыватных мэтах. З адных ён зрабіў кашулі, а з іншых панталоны. Але як толькі ён апрануў іх, яго пакараў такі страшны разлад свядомасці, што ён памёр, адкусіўшы свой язык.

Гэтых прыкладаў дастаткова, каб паказаць, наколькі святым і недатыкальным з’яўляецца найменшы прадмет у святыні перад вачыма Усемагутнага Бога.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Fr Lawrence Lew, O.P. (CC BY-NC-ND).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар