Больш за 200 касцёльных музыкаў, пастыраў і навукоўцаў падпісалі сумесную дэкларацыю наконт сучаснага становішча сакральнай музыкі, у якой прапанавалі меры дзеля захавання гэтага скарбу лацінскага Касцёла. Сярод іншага, аўтары прапануюць цэлебраваць у катэдральных касцёлах прынамсі адну Імшу на лацінскай мове ў тыдзень, павысіць вымаганні ад арганістаў і музычных кіраўнікоў, забяспечыць ім справядлівую аплату працы, а таксама даць дарогу свецкім прафесіяналам у сферы музыкі і мастацтва.

Адпаведная заява пад назвай “Cantate Domino canticum novum” (“Спявайце Пану новую песню”) з’явілася адразу на шасці мовах на вэб-старонцы часопіса Altare Dei. Нагодай для яе напісання паслужыў 50-гадовы юбілей Інструкцыі пра музыку ў літургіі Musicam Sacram, якая ўбачыла свет 5 сакавіка 1967 года падчас пантыфікату благаслаўлёнага Паўла VI.

Поўны тэкст заявы >>>

Гэтай дэкларацыяй аўтары хочуць паказаць некаторыя прычыны, якія прывялі да зніжэння ролі і фактычнага заняпаду традыцыйнай сакральнай музыкі. Яны нагадваюць, што Касцёл у сваім навучанні заўсёды аддаваў шмат увагі літургічнай музыцы, але цяпер разуменне “музычнай формы літургіі” і ролі музыкі як “неад’емнай часткі самой істоты літургіі” паступова знікае. Мы становімся сведкамі “адмовы ад спеву ў літургіі, выкарыстання утылітарнай музыкі замест сакральнай, адмовы адукавацца альбо адукаваць іншых, а таксама нежадання рабіць высілкі і ўкладаць рэсурсы ў развіццё сакральнай музыкі”.

Згодна з тэкстам заявы, да заняпаду музычнага густу ў касцёльным жыцці прычынілася прыняцце секулярных рэпертуараў, пошук камерцыйнай карысці, прасоўванне свецкай культуры і ўласных інтарэсаў, якія не адпавядаюць жаданню Касцёла. Словы св. Пія Х у motu proprio Tra le Sollecitudini (1903) аб тым, што сапраўдным узорам для касцёльнай музыкі з’яўляецца грыгарыянскі спеў і што менавіта ён служыць мераю прыдатнасці музыкі для выкарыстання ў літургіі, сёння больш не бяруцца пад увагу, а нават і сам гэты “найвышэйшы ўзор часта адкідаюць і нават пагарджаюць ім”.

Нарэшце, у заяве ідзе мова пра злоўжыванне духоўным станам, калі святары з нізкім узроўнем музычнай адукацыі дагэтуль займаюць ключавыя пасады і прымаюць галоўныя рашэнні адносна музыкі ў Касцёле. Таксама згадваецца і недастатковы, часам несправядлівы, узровень аплаты працы музыкаў пры касцёлах.

Для выхаду з гэтай смутнай сітуацыі падпісанты заявы просяць зрабіць канкрэтныя крокі для прасоўвання сакральнай паліфоніі і грыгарыянскага спеву па ўсім свеце, ва ўсіх касцёлах, каб “усе каталікі маглі спяваць хвалу Богу адзіным голасам, адзіным розумам і сэрцам, адной супольнай культурай, якая перавышае ўсе іхнія адрозненні”.

У катэдральных касцёлах і базіліках, на іх думку, “трэба настойваць на вышэйшых стандартах музычнага рэпертуару і майстэрства” і працаўладкоўваць прафесіяналаў, прынамсі музычнага кіраўніка альбо арганіста, якія змогуць паспяхова яднаць найлепшыя прыклады старажытнай сакральнай музыкі з адпаведнымі сучаснымі творамі. Таксама і біскупам варта звярнуць увагу на літургічную і музычную падрыхтоўку духавенства і заахвочваць цэлебрацыю прынамсі адной цалкам спяванай Імшы ў нядзелю ў кожнай парафіі.

Поўны тэкст заявы на італьянскай, англійскай, французскай, іспанскай, партугальскай і нямецкай мовах, а таксама спіс падпісантаў можна знайсці на вэб-старонцы часопіса Altare DeiБеларускі варыянт заявы змешчаны на нашым сайце. Перакладчыкам заявы на рускую мову выступіла асацыяцыя Una Voce Russia.

Аўтары заахвочваюць свабодна распаўсюджваць іхні тэкст любымі даступнымі сродкамі.


Te igitur. Ілюстрацыя: Ганс Мемлінг, Хрыстус са спяваючымі анёламі, 1480-я гг.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар