“CANTATE DOMINO CANTICUM NOVUM”

Заява наконт сучаснага становішча сакральнай музыкі

Мы, ніжэйпадпісаныя — музыканты, пастыры, настаўнікі, навукоўцы і прыхільнікі сакральнай музыкі, — пакорна прадстаўляем гэтую заяву каталіцкай супольнасці ва ўсім свеце, выказваючы нашую вялікую любоў да касцёльнага скарбу сакральнай музыкі, а таксама наш глыбокі неспакой з прычыны яго цяперашняга становішча.

Уводзіны

Cantate Domino canticum novum, cantate Domino omnis terra [Спявайце Пану новую песню, спявай Пану ўся зямля] (Пс. 96). Гэты спеў Божай хвалы разлягаўся на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства, ад самага яе пачатку да сённяшняга дня. Святое Пісанне і Святая Традыцыя сумесна даюць сведчанне вялікай любові да прыгажосці і магутнасці музыкі ў пакланенні Усемагутнаму Богу. У Каталіцкім Касцёле пра скарб сакральнай музыкі заўсёды дбалі яго святыя, тэолагі, Папы і свецкія людзі.

Пра такую любоў да музыкі і пра такое яе выкарыстанне сведчаць як хрысціянская літаратура, так і шматлікія дакументы, якія Папы прысвячалі сакральнай музыцы: ад Docta Sanctorum Patrum Яна ХХІІ (1324) і Annus Qui Бенедыкта XIV (1749) — да motu proprio святога Пія Х Tra le Sollecitudini (1903), Musicae Sacrae Disciplina Пія ХІІ (1955), Хірографа пра святую музыку святога Яна Паўла ІІ (2003) і г. д. Такі вялікі аб’ём дакументаў прымушае нас з абсалютнай сур’ёзнасцю ўспрымаць значнасць і ролю музыкі ў літургіі. Гэтая значнасць бярэ пачатак ад глыбокай сувязі паміж літургіяй і яе музыкай, ад сувязі, якая з’яўляецца двухбаковай: добрая літургія дае дарогу велічнай музыцы, але нізкі ўзровень літургічнай музыкі таксама аказвае надзвычай моцны ўплыў на літургію. Нельга таксама забываецца пра экуменічную важнасць музыкі, бо мы ведаем, што іншыя хрысціянскія традыцыі, такія як англіканская, лютэранская і ўсходняя праваслаўная, высока цэняць значэнне і годнасць сакральнай музыкі, пра што сведчаць іх уласныя, дбайна ахоўваныя “скарбы”.

Мы адзначаем важную дату, пяцідзесяцігадовы юбілей публікацыі Інструкцыі пра музыку ў літургіі Musicam Sacram, якая ўбачыла свет 5 сакавіка 1967 года падчас пантыфікату благаслаўлёнага Паўла VI. Перачытваючы гэты дакумент сёння, мы не можам пазбавіцца думкі пра крыжовы шлях сакральнай музыкі падчас дзесяцігоддзяў, якія наступілі пасля выдання канстытуцыі Sacrosanctum Concilium. Сапраўды, тое, што адбывалася ў некаторых частках Касцёла ў той час (1967), абсалютна не згаджалася ані з Sacrosanctum Concilium, ані з Musicam Sacram. У практыку былі ўведзеныя пэўныя ідэі, якія зусім не прысутнічалі ў саборных дакументах. Часам гэта здаралася з-за недахопу пільнасці з боку духавенства і касцёльнай іерархіі. У некаторых краінах скарб сакральнай музыкі, які Сабор прасіў захаваць, не толькі не захоўваўся, але супраць яго нават адкрыта выступалі. І рабілася гэта супраць Сабору, які ясна cказаў:

Музычная традыцыя ўсяго Касцёла як бясцэнны скарб узвышаецца над іншымі відамі мастацтва найперш дзякуючы таму, што сакральны спеў, злучаны са словамі, з’яўляецца неад’емнай часткай урачыстай Літургіі. Сапраўды, сакральныя спевы ўзносіла як Святое Пісанне, так і святыя айцы і Рымскія Пантыфікі, якія ў наш час, пачынаючы ад св. Пія Х, вельмі выразна акрэслівалі службовую функцыю музыкі ў сакральным служэнні. Таму сакральная музыка будзе тым больш святой, чым цясней будзе звязана з літургічным дзеяннем, ці мілагучней выражаючы малітву, ці спрыяючы аднадумству, ці надаючы святым абрадам большую ўрачыстасць. Касцёл жа прызнае ўсе формы сапраўднага мастацтва і дапускае іх да Божага культу, калі толькі яны надзелены адпаведнымі якасцямі (SC 112).

Цяперашняя сітуацыя

З увагі на тое, як часта Касцёл выказваўся на гэтую тэму, мы не можам не быць заклапочанымі цяперашнім, амаль роспачным становішчам сакральнай музыкі, калі злоўжыванні ў гэтай сферы зрабіліся амаль нормай, а не выключэннем. Ніжэй мы пералічым некаторыя з фактараў, якія робяць свой унёсак у цяперашнюю смутную сітуацыю з сакральнай музыкай і літургіяй.

1. Губляецца разуменне “музычнай формы літургіі”, а менавіта што музыка з’яўляецца неад’емнай часткай самой істоты літургіі як публічнага, фармальнага і ўрачыстага пакланення Богу. Мы павінны не толькі спяваць на Імшы, але спяваць Імшу. Таму, як нагадвае нам інструкцыя Musicam Sacram, святарскія часткі след спяваць на мелодыі, пададзеныя ў Імшале, а людзям след даваць адказы; трэба заахвочваць спеў сталых частак Імшы грыгарыянскім спевам альбо на мелодыі, ім натхнёныя; зменным часткамі Імшы (пропрыю) таксама трэба даць пачэснае месца, якое адпавядае іх гістарычнай значнасці, літургічнай функцыі і тэалагічнай глыбіні. Падобнае можна сказаць і пра Божы Афіцый. Адмова ад спеву ў літургіі, выкарыстанне “утылітарнай музыкі” замест сакральнай, адмова адукавацца альбо адукаваць іншых наконт традыцыі і пажаданняў Касцёла, а таксама нежаданне рабіць высілкі і ўкладаць рэсурсы ў развіццё сакральнай музыкі з’яўляецца праявай заганнай “літургічнай ляноты”.

2. Гэтая страта літургічнага і тэалагічнага разумення ідзе побач з прыняццем секулярызму. Секулярызм папулярных музычных стыляў зрабіў свой унёсак у дэсакралізацыю літургіі, тады як секулярызм прыбытковага камерцыялізму паспрыяў увядзенню пасрэдных музычных калекцый у парафіяльнае жыццё. Ён заахвоціў літургічны антрапацэнтрызм, які падрывае саму прыроду літургіі. У многіх частках Касцёла сёння існуюць няправільныя адносіны з культурай, якія можна разглядаць як “сетку сувязяў”. Актуальным становішчам нашай літургічнай музыкі (і самой літургіі, бо гэтыя дзве рэчы пераплеценыя) мы разарвалі гэтую сетку сувязі з нашым мінулым і паспрабавалі злучыцца з будучыняй, якая не мае сэнсу без мінулага. Сёння Касцёл не выкарыстоўвае актыўна свае культурныя багацці дзеля евангелізацыі, але з большага сам выкарыстоўваецца распаўсюджанай секулярнай культурай, якая нарадзілася ў апазіцыі да хрысціянства і якая дэстабілізуе пачуццё пакланення, што знаходзіцца ў цэнтры хрысціянскай веры.

У сваёй гаміліі на свята Божага Цела 4 чэрвеня 2015 года Папа Францішак казаў пра “здзіўленне Касцёла перад гэтай рэальнасцю [Найсвяцейшай Эўхарыстыі]… Здзіўленне, якое заўсёды жывіць сузіранне, пакланенне і памяць”. Куды ж ува многіх нашых касцёлах па ўсім свеце падзелася пачуццё сузірання, гэтае пакланенне, гэтае здзіўленне з таямніцы Эўхарыстыі? Яно згубілася таму, што мы перажываем пэўны духоўны сіндром Альцгеймера — хваробу, якая адымае ў нас духоўную, тэалагічную, мастацкую, музычную і культурную памяць. Кажуць, што трэба прынесці культуру кожнага народа ў літургію. Магчыма, гэта і так, калі гэта правільна разумець, але толькі не ў тым сэнсе, што літургія (і музыка) стануць месцам, дзе мы павінны будзем праслаўляць секулярную культуру. Гэта тое месца, дзе культура, кожная культура, выводзіцца на новы ўзровень і ачышчаецца.

3. Некаторыя групы ў Касцёле прасоўваюць “аднову”, якая не адлюстроўвае вучэння Касцёла, але хутчэй адпавядае іх уласным праграмам, светапогляду і інтарэсам. На чале гэтых груп стаяць члены, якія з ключавых лідарскіх пазіцый уводзяць у практыку свае планы, сваё разуменне культуры і свае спосабы вырашэння сучасных праблем. У некаторых краінах магутныя лобі прычыніліся да фактычнай замены літургічных рэпертуараў, якія адпавядалі інструкцыям Другога Ватыканскага сабору, нізкасортнымі рэпертуарамі. Такім чынам, мы апынуліся перад абліччам новай літургічнай музыкі вельмі нізкай якасці з пункту гледжання як тэксту, так і музыкі. Гэта становіцца зразумелым, калі мы разважым, што ніводная пастаянная каштоўнасць не можа з’явіцца з адсутнасці адукацыі і кампетэнтнасці, асабліва калі людзі пагарджаюць мудрымі прынцыпамі традыцыі Касцёла:

Па гэтых прычынах грыгарыянскі спеў заўсёды ўважаўся за найвышэйшы ўзор сакральнай музыкі, таму будзе цалкам справядліва ўстанавіць наступнае правіла: чым мацней кампазіцыя для касцёла набліжаецца ў сваёй дынаміцы, натхненні і гусце да грыгарыянскай формы, тым больш сакральнай і літургічнай яна робіцца; і чым больш яна разыходзіцца ў гармоніі з гэтым найвышэйшым узорам, тым менш яна годная святыні (Св. Пій Х, motu proprio Tra le Sollecitudini).

Сёння гэты “найвышэйшы ўзор” часта адкідаюць і нават пагарджаюць ім. Увесь Магістэрый Касцёла нагадвае нам пра тое, як важна прытрымлівацца гэтага важнага ўзору, не для таго, каб абмежаваць творчасць, а каб закласці падмурак, на якім можа расквітнець натхненне. Калі мы хочам, каб іншыя людзі шукалі Езуса, нам трэба абставіць дом найлепшымі рэчамі, якія можа прапанаваць Касцёл. Мы не павінны запрашаць людзей у наш дом, у Касцёл, каб даць ім другасортную музыку і мастацтва, калі яны могуць знайсці лепшую поп-музыку па-за Касцёлам. Літургія — гэта парог, мяжа, якая дазваляе нам перайсці са свайго штодзённага існавання да малітвы анёлаў: Et ídeo cum Angelis et Archángelis, cum Thronis et Dominatiónibus, cumque omni milítia cæléstis exércitus, hymnum glóriæ tuæ cánimus, sine fine dicéntes

4. Гэтае занядбанне грыгарыянскага спеву і традыцыйных рэпертуараў з’яўляецца прыкметаю значна большай праблемы — праблемы занядбання Традыцыі. Sacrosanctum Concilium вучыць, што музычную і мастацкую спадчыну Касцёла трэба паважаць і пеставаць, таму што гэта ўвасабленне стагоддзяў пакланення і малітвы, а таксама выраз кульмінацыі людской творчасці і духоўнасці. Былі часы, калі Касцёл не гнаўся за апошняй модаю, а з’яўляўся стваральнікам і суддзёю культуры. Адсутнасць прыхільнасці традыцыі паставіла Касцёл і яго літургію на няпэўную і пакручастую сцежку. Няўдалае аддзяленне вучэння Другога Ватыканскага сабору ад папярэдняга вучэння Касцёла з’яўляецца тупіком, а адзіны шлях наперад — гэта герменеўтыка неразрыўнасці, якую падтрымліваў Папа Бенедыкт XVI. Вяртанне да адзінства, цэласнасці і гармоніі каталіцкага вучэння з’яўляецца ўмовай аднаўлення да шляхетнага стану як літургіі, так і музыкі. Як навучае Папа Францішак у сваёй першай энцыкліцы, “самапазнанне магчыма толькі тады, калі мы маем доступ да большай памяці” (Lumen Fidei 38).

5. Іншай прычынай заняпаду сакральнай музыкі з’яўляецца клерыкалізм, злоўжыванне духоўнай пасадай і духоўным станам. Прадстаўнікі духавенства, якія часта маюць слабую адукацыю ў вялікай традыцыі сакральнай музыкі, працягваюць прымаць рашэнні наконт персаналу і правілаў, якія супярэчаць сапраўднаму духу літургіі і аднове сакральнай музыкі, да якой у нашыя часы гучыць пастаянны заклік. Часта гэтыя рашэнні супярэчаць вучэнню Другога Ватыканскага сабору ў імя так званага “духу Сабору”. Акрамя таго, асабліва ў краінах са старажытнай хрысціянскай спадчынай, члены духавенства маюць доступ да пасадаў, недаступных свецкім асобам, у той час як свецкія музыкі цалкам здольныя прапанаваць Касцёлу такую ж альбо лепшую прафесійную паслугу.

6. Мы таксама бачым праблему недастатковай (часам несправядлівай) аплаты свецкіх музыкаў. Важнасць сакральнай музыкі ў каталіцкай літургіі патрабуе, каб прынамсі некаторыя члены Касцёла ў кожным месцы мелі добрую адукацыю, добрае абсталяванне і прысвячалі сябе служэнню Божаму люду ў гэтай якасці. Ці не павінны мы аддаваць Богу найлепшае? Нікога не здзіўляе і не трывожыць навіна пра тое, што лекарам патрэбны заробак, каб выжыць. Ніхто не будзе звяртацца па медыцынскую дапамогу да неадукаваных валанцёраў. Святары маюць свой заробак, таму што яны не могуць выжыць без ежы, а калі яны не ядуць, то не могуць падрыхтавацца ў галіне тэалагічнай адукацыі альбо годна адслужыць святую Імшу. Калі мы аплачваем працу фларыстаў ці кухараў, якія дапамагаюць пры парафіях, чаму тады выдаецца дзіўным, што тыя, хто выконвае музычную працу для Касцёла, маюць права на справядлівую аплату?[1]

Станоўчыя прапановы

Можа здавацца, што мы кажам песімістычныя рэчы, але мы захоўваем надзею, што з гэтай зімы ёсць выйсце. Наступныя прапановы мы падаем in spiritu humilitatis [у духу пакорным], з намерам аднаўлення годнасці літургіі і літургічнай музыкі ў Касцёле.

1. Як музыкі, пастыры, навукоўцы і каталікі, што любяць грыгарыянскі спеў і сакральную паліфонію, якія так часта хваліў і рэкамендаваў Магістэрый, мы просім падтрымаць гэтую спадчыну разам з сучаснымі сакральнымі кампазіцыямі на лацінскай альбо народных мовах, якія бяруць сваё натхненне з гэтай вялікай традыцыі. Мы просім пра канкрэтныя крокі дзеля яе прасоўвання паўсюль, у кожным касцёле на зямным шары, каб усе каталікі маглі спяваць хвалу Богу адзіным голасам, адзіным розумам і сэрцам, адной супольнай культурай, якая перавышае ўсе іхнія адрозненні. Мы таксама просім яшчэ раз пацвердзіць унікальную важнасць духавога аргану для святой літургіі з-за яго выключнай здольнасці ўздымаць сэрцы да Пана і яго дасканалай прыдатнасці для патрымкі спеву хору і сабранага люду.

2. Неабходна, каб адукацыя ў добрым музычным і літургічным гусце пачыналася з дзіцячага ўзросту. Часта педагогі без музычнай адукацыі лічаць, што дзеці не могуць успрымаць прыгажосць сапраўднага мастацтва. Гэтае меркаванне далёкае ад праўды. З дапамогай педагогікі, якая дапаможа дзецям асягнуць прыгажосць літургіі, яны будуць выхаваныя так, што іхняя трываласць павялічыцца, бо ім будзе прапанаваны пажыўны духоўны хлеб, а не смачная на выгляд, але нездаровая ежа прамысловага паходжання (як у выпадку, калі “Імшы для дзяцей” суправажаюцца музыкай, якую натхніла поп-культура). На ўласным досведзе мы заўважылі, што калі дзеці сутыкаюцца з гэтым рэпертуарам, яны пачынаюць цаніць яго і развіваць больш глыбокую сувязь з Касцёлам.

3. Калі мы хочам, каб дзеці цанілі прыгажосць музыкі і мастацтва, каб яны зразумелі важнасць літургіі як fons et culmen [крыніцы і вяршыні] жыцця Касцёла, мы павінны мець моцных свецкіх асобаў, якія следуюць вучэнню Касцёла. Трэба даць прастору свецкім асобам, якія маюць добрую адукацыю ў сферах, звязаных з мастацтвам і музыкай. Каб быць кампетэнтным літургічным музыкам альбо выкладчыкам, патрэбныя гады вучобы. Гэты “прафесійны” статус павінен прызнавацца, паважацца і практычным чынам заахвочвацца. У тым, што датычыцца гэтага пункту, мы шчыра спадзяемся, што Касцёл працягне працу супраць відавочных і прыхаваных формаў клерыкалізму, каб свецкія асобы маглі зрабіць свой поўны ўнёсак у сферах, дзе святарскае пасвячэнне не з’яўляецца неабходным.

4. У катэдральных касцёлах і базіліках трэба настойваць на вышэйшых стандартах музычнага рэпертуару і майстэрства. Біскупам у кожнай дыяцэзіі след працаўладкаваць прынамсі прафесійнага музычнага кіраўніка і/альбо арганіста, якія будуць следаваць ясным інструкцыям наконт таго, як заахвочваць выдатную літургічную музыку ў гэтым катэдральным касцёле альбо базіліцы, і якія змогуць паказаць цудоўны прыклад злучэння твораў вялікай традыцыі з адпаведнымі новымі кампазіцыямі. На нашую думку, надзейны прынцып для гэтага знаходзіцца ў Sacrosanctum Concilium 23: “Інавацыі трэба ўводзіць толькі тады, калі гэтага патрабуе праўдзівае і несумненнае дабро Касцёла, і з умовай, што новыя формы пэўным чынам арганічна вырастаюць з ужо існуючых” (SC 23).

5. Мы прапануем, каб у кожнай базіліцы і катэдральным касцёле заахвочвалася цэлебрацыя штотыднёвай Імшы на лацінскай мове (у любой з формаў рымскага абраду), каб захаваць нашую сувязь з літургічнай, культурнай, мастацкай і тэалагічнай спадчынай. Той факт, што шматлікія маладыя людзі сёння адкрываюць прыгажосць лацінскай мовы ў літургіі, напэўна, з’яўляецца знакам часу і прымушае нас скончыць бойкі мінулага і шукаць больш “каталіцкі” падыход, які абапіраецца на ўсе стагоддзі каталіцкай малітвы. Паколькі цяпер даступны кнігі, брашуры і анлайн-рэсурсы, не будзе цяжка паспрыяць актыўнаму ўдзелу тых, хто жадае наведваць літургію на лацінскай мове. Акрамя таго, у кожнай парафіі трэба заахвочваць цэлебрацыю адной цалкам спяванай Імшы кожную нядзелю.

6. Для біскупаў літургічная і музычная падрыхтоўка духавенства павінна стаць прыярытэтам. Духавенства нясе адказнасць за тое, каб вывучыць і выконваць свае літургічныя мелодыі, паколькі, згодна з інструкцыяй Musicam Sacram і іншымі дакументамі, яны павінны ўмець спяваць літургічныя малітвы, а не проста казаць словы. У семінарыях і універсітэтах яны павінны пазнаёміцца і ацаніць вялікую традыцыю сакральнай музыкі Касцёла ў гармоніі з веравучэннем і ў згодзе з цвёрдым прынцыпам з Мц 13:52: “Усялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое”.

7. У мінулым каталіцкія выдавецтвы адыгрывалі вялікую ролю ў распаўсюджванні добрых прыкладаў сакральнай музыкі, старой ці новай. Сёння тыя самыя выдавецтвы, нават калі яны належаць дыяцэзіям і рэлігійным інстытутам, часта распаўсюджваюць музыку, якая не адпавядае літургіі, кіруючыся толькі камерцыйнымі мэтамі. Многія верныя каталікі лічаць, што тое, што прапануюць буйныя выдаўцы, знаходзіцца ў згодзе з вучэннем Каталіцкага Касцёла наконт літургіі і музыкі, але часта гэта не так. Каталіцкія выдавецтвы павінны мець першай мэтай адукацыю вернікаў у межах здаровай каталіцкай дактрыны і добрых літургічных практык, а не зараблянне грошай.

8. Фармацыя спецыялістаў у літургіцы таксама мае фундаментальнае значэнне. Як музыкам трэба разумець асновы гісторыі і тэалогіі літургіі, так і літургістам трэба вывучаць грыгарыянскі спеў, паліфонію і ўсю музычную традыцыю Касцёла, каб яны маглі адрозніваць добрае і дрэннае.

Заканчэнне

У сваёй энцыкліцы Lumen Fidei Папа Францішак нагадвае нам, якім чынам вера звязвае мінулае і будучыню:

Як адказ на Слова, якое апярэджвае яе, вера Абрагама заўсёды будзе актам памяці. Аднак гэтая памяць не замыкаецца ў мінулым, але, як памяць пра абяцанне, адкрываецца на будучыню, становіцца здольнай асвятліць шлях. Таму бачна, што вера, як памяць пра будучыню, memoria futuri, цесна звязана з надзеяй (LF 9).

Гэтая памяць, гэты ўспамін, гэты скарб, гэта значыць, нашая каталіцкая традыцыя, не з’яўляецца нечым з мінулага. Гэта ўсё яшчэ жыццёвая сіла сучаснасці, якая заўсёды будзе дарам прыгажосці для будучых пакаленняў. “Спявайце Пану, бо Ён учыніў вялікія рэчы, абвясціце гэта па ўсёй зямлі. Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёну, бо вялікі сярод цябе Святы Ізраэля” (Іс 12:5-6).

[1] Гл. канон 231.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар