“Дзева Марыя не аб’яўлялася ў Меджугор’і”, — сцвярджае біскуп дыяцэзіі Мостара-Дувна Ратка Перыч, пад юрысдыкцыяй якога знаходзіцца Меджугор’е.

Біскуп Перыч апублікаваў сваю заяву на дыяцэзіяльным вэб-сайце 26 лютага, праз два тыдні пасля таго, як Папа Францішак накіраваў польскага арцыбіскупа вывучаць пастырскія патрэбы мясцовых жыхароў і тысяч пілігрымаў, што збіраюцца ў Меджугор’і кожны год.

Трое з шасці маладых людзей, якія ад пачатку заяўлялі, што бачылі Марыю ў Меджугор’і ў чэрвені 1981 года, кажуць, што яна працягвае аб’яўляцца ім штодзённа; іншыя трое кажуць, што цяпер Марыя з’яўляецца ім толькі раз на год.

Біскуп Перыч адзначыў, што дыяцэзіяльная камісія вывучала меркаваныя аб’яўленні ў 1982—1984 гг., затым зноў у 1984—1986 гг. у пашыраным складзе. Пасля гэтага іх даследавала Югаслаўская канферэнцыя біскупаў (1987—1990). Усе тры камісіі прыйшлі да высновы, што немагчыма пацвердзіць тое, што ў мястэчку адбывалася звышнатуральная з’ява.

Шасцёра маладых людзей працягвалі сцвярджаць, што бачылі Марыю і атрымлівалі пасланні ад яе, а дзясяткі тысяч пілігрымаў штогод наведвалі мястэчка і меркаваных візіянераў. Папа Бенедыкт XVI прызначыў камісію, якая працавала ад 2010 да 2014 года; у 2014 годзе Кангрэгацыя дактрыны веры пачала разглядаць справаздачу гэтай камісіі.

Многія назіральнікі лічаць, што ў лютым Папа Францішак прызначыў свайго пасланніка для вывучэння пастырскіх патрэбаў жыхароў і пілігрымаў, рыхтуючыся вынесці рашэнне па меркаваных аб’яўленнях.

Пазіцыя дыяцэзіі Мостара-Дувна “ўвесь гэты час была ясная і рашучая: гэта не сапраўдныя аб’яўленні Найсвяцейшай Панны Марыі”, — піша біскуп Перыч у сваёй заяве, якая была апублікавана на харвацкай і італьянскай мовах.

Некаторыя людзі, кажа ён, лічаць, што аб’яўленні былі сапраўднымі прынамсі спачатку, магчыма, у першы тыдзень, і што маладыя людзі працягвалі заяўляць, што бачаць і чуюць Марыю, “па іншых прычынах, з большага нерэлігійных”.

Біскуп Перыч сказаў, што вывучэнне транскрыптаў інтэрв’ю таго першага тыдня з шасцю меркаванымі візіянерамі даюць некаторыя матывы сумнявацца, калі не цалкам аспрэчваць звышнатуральны характар гэтых падзеяў.

Па-першае, кажа ён, Марыя з Меджугор’я размаўляе толькі тады, калі размаўляюць з ёй, “яна дзіўным чынам смяецца, у адказ на пэўныя пытанні яна знікае і зноў з’яўляецца, а таксама яна падпарадкоўваецца “візіянерам” і пробашчу, якія прымусілі яе сысці з пагорка ў касцёл нават супраць яе волі. Яна не ведае з пэўнасцю, як доўга яна будзе з’яўляцца, яна дазваляе некаторым з прысутных наступіць на яе вэлюм, які ляжыць на зямлі, дакрануцца да яе адзення і яе цела. Гэта не евангельская Марыя”.

30 чэрвеня 1981 года, калі Марыя быццам аб’явілася ў сёмы раз, пяцёра знаходзіліся побач з мястэчкам Цэрна і заяўлялі, што бачылі там Марыю. Біскуп Перыч кажа, што ў запісаных інтэрв’ю ўсе пяцёра сцвярджалі, што аб’яўленні будуць працягвацца яшчэ толькі тры дні, з 1 па 3 чэрвеня 1981 года.

“А потым яна перадумала і “з’яўляецца” аж дагэтуль”, — піша біскуп.

“З улікам усяго таго, што было вывучана і праверана дыяцэзіяльнай курыяй, а таксама з улікам даследавання першых сямі дзён меркаваных аб’яўленняў, можна цвёрда заявіць: Дзева Марыя не аб’яўлялася ў Меджугор’і. Гэта праўда, якую мы падтрымліваем, і мы верым у словы Езуса, Які сказаў: праўда вас вызваліць”.


Аўтар: Cindy Wooden
Крыніца: Catholic News Service
Ілюстрацыйнае фота: gnuckx (Flickr, CC BY-SA)

Артыкул перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі. Reprinted with permission. Copyright 2017 Catholic News Service.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

8 Каментары да "Біскуп Перыч: Марыя не аб’яўлялася ў Меджугор’і"

Leave a Reply

Сартаваць:   найноўшыя | найстарэйшыя | найбольш галасоў
Алег
Госць
Алег

Вось толькі пазыцыя біскупа Перыча, гэта не пазіцыя касцёла. Чаму тады не узгадаць словы біскупа, кардынала Вены? Шматлікіх святароў і біскупаў?

Fra Ludovicus
Госць

Пазыцыя ардынарыя гэта і ёсць “пазіцыя Касцёла” па пытанні ў дадзенай епархіі : )

Fra Ludovicus
Госць

Biskupije Mostar-Duvno i Trebinje-Mrkan
Dioeceses Mandetriensis-Delminiensis et Tribuniensis-Marcanensis
MEĐUGORSKA „UKAZANJA“ U PRVIH SEDAM DANA
http://www.md-tm.ba/clanci/medugorska-ukazanja-u-prvih-sedam-dana
THE FIRST SEVEN DAYS OF THE “APPARITIONS” IN MEDJUGORJE
http://www.md-tm.ba/clanci/first-seven-days-apparitions-medjugorje
Biskupove izjave o Međugorju
https://web.archive.org/web/20160112055547/http://www.cbismo.com/index.php?menuID=37
Medjugorje (English)
https://web.archive.org/web/20160114002755/http://cbismo.com/index.php?menuID=98

+ dominikanie i problem Medjugoria
http://nicolaev.livejournal.com/1891308.html

Алег
Госць
Алег

І яшчэ, ніхто не сумняваецца што Меджугор’е гэта месца малітвы, навяртання і глыбокага духоўнага досведу. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, бязмежная калейка да споведзі, духоўныя і фізычныя ісцэленія. Паўсюдна пануе радасць і спакой, кажу так, бо сам там быў некалькі разоў.

wpDiscuz