№23. Святое начынне: патэна, цыборый і манстранцыя

Патэна — гэта тая маленькая талерачка накшталт сподка, якая накрывае келіх і на якой да аферторыя ляжыць вялікі хлеб для кансэкрацыі. Яна павінна быць зроблена з таго самага матэрыялу, што і келіх. Таксама яна павінна быць дасканала пляскатай з угнутага боку (Bouvry, ii. 239).

У старажытныя часы патэна была значна большай за цяперашнюю, бо яна ўтрымлівала ўвесь хлеб, які павінен быў кансэкравацца на Імшы. Таму не варта здзіўляцца, калі мы чуем альбо чытаем пра патэны вагою дзесяць альбо трынаццаць кілаграмаў (Bona, Rer. Liturg., 292; Kozma, 84).

Патэна на Усходзе. — Грэкі называюць патэну дыскасам (δίσκος). Дыскас значна большы за патэну, бо іхнія вялікія часцінкі не павінны з яго ўпасці. А іхнія гостыі не тонкія і пляскатыя, як нашы, а тоўстыя і квадратныя.

Цыборый. — Калі лічба тых, хто прымае Камунію, вялікая, зазвычай асвячаныя гостыі раздаюцца са святога посуду, які па форме нагадвае келіх, але больш шырокі і неглыбокі. Ён называецца цыборыем, ад лацінскага cibus — ежа. У старажытныя часы цыборыем зваўся балдахін, з якога звісала кустодыя ў выглядзе галубкі, зробленая з золата альбо срэбра, у якой захоўваўся Найсвяцейшы Сакрамэнт (Kozma, p. 87). Калі ў цыборыі знаходзіцца Святая Эўхарыстыя, ён заўсёды захоўваецца замкнёным у табернакулюме, за выключэннем выпадкаў, калі трэба раздаць святую Камунію альбо ачысціць цыборый.

Манстранцыя, якая таксама называецца астэнсорыем, а часам, хоць і менш удала, рэманстранцыяй — гэта вялікая прылада, у якой Найсвяцейшы Сакрамэнт выстаўляецца для пакланення і праносіцца ў працэсіях па-за касцёлам пры адмысловых нагодах. Яна мае вялікую ножку, накшталт той, што ў келіха, а яе верхняя частка зроблена так, каб яна нагадвала прамяні, якія радыяльна выходзяць з сонца. У цэнтры манстранцыі ёсць круглая адтуліна, куды падчас выстаўлення змяшчаецца святая Гостыя.

Манстранцыі бяруць свой пачатак ад устанаўлення свята Божага Цела [4], якое першым правёў льежскі біскуп Роберт у 1246 годзе па ініцыятыве святой манахіні Юліяны, якая часта мела бачанні ззяючага месяца з адной цёмнай рысай на паверхні. У асаблівым адкрыцці ёй было дадзена зразумець, што месяц — гэта Касцёл, а цёмная рыса азначала адсутнасць пэўнага штогадовага свята, якое, як яна пазней зразумела, было асабліва скіравана да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэта прывяло да ўстанаўлення свята Corpus Christi, якое Папа Урбан IV ў 1264 годзе пашырыў на паўсюдны Касцёл. Што да ўзнікнення гэтага свята, то падаюцца і іншыя прычыны. Напрыклад, аб’яўленне, якое адзін малаверны святар меў пасля кансэкрацыі, калі наш Боскі Пан аб’явіўся яму на карпарале ў выглядзе прыгожага дзіцяці. Іншае паданне кажа, што адзін святар праз нейкі выпадак праліў частку Найдаражэйшай Крыві на карпарал і што паўсюль, куды яна трапіла, была бачна выява Гостыі (гл. Gavantus, Thesaur. Rit., p. 458; Kozma, 88 і 388; Romsee, iii. p. 183).

На працягу нейкага часу пасля ўстанаўлення свята Божага Цела манстранцыі мелі выгляд малых вежаў, у якіх захоўваўся Найсвяцейшы Сакрамэнт.

У некаторых касцёлах цыстэрцыянцаў у Францыі замест звыклых манстранцый, якія былі ва ўжытку, выкарыстоўваецца маленькая фігурка Найсвяцейшай Дзевы, зробленая так, што падчас выстаўлення святая Гостыя кладзецца ёй у рукі (Kozma, 89, note 6).

Сённяшняя форма манстранцыі, якая нагадвае ззяючае сонца, з моцай прыпамінае нам боскую славу аблічча нашага Пана падчас Перамянення на гары Табор, а таксама словы псальміста: “Для сонца там шацёр у іх” (Пс 19:6).

Манстранцыя зазвычай робіцца з тых жа матэрыялаў, што і астатняе згаданае святое начынне. Калі яна нясецца ў працэсіі, над ёю трымаюць вялікі балдахін.


[4] Каб надаць гэтаму слаўнаму святу як мага больш урачысты характар і веліч, Папа Урбан загадаў скласці для яго адмысловую Імшу і Афіцый. Гэтую працу ён даверыў двум найбольш знаным і выдатным навукоўцам таго часу: св. Банавентуры і св. Тамашу Аквінскаму. Абодва ўзяліся за працу з гарачай стараннасцю, але, калі святы францысканец вырашыў параўнаць сваю працу з тым, што зрабіў “Анельскі доктар”, ён застаўся настолькі незадаволены сваімі высілкамі, што ён кінуў рукапіс у агонь і спыніў працу. Такім чынам, уся праца перайшла да Тамаша Аквінскага і была ім скончана (Dr. Vaughan, Life of St. Thomas , p. 880). Тая Імша, якую напісаў гэты святы, дагэтуль захоўваецца ў нязменным выглядзе. Для яе ж ён стварыў непаўторную секвенцыю “Lauda Sion”, а для Божага Афіцыя быў напісаны, сярод іншых гімнаў, твор “Pange, lingua”, часткай якога з’яўляецца гімн “Tantum ergo”.

Акрамя Афіцыя, складзенага св. Тамашам, у выкарыстанні знаходзіўся яшчэ адзін, створаны, як кажуць, святаром Янам з гары Карнэліа. Некаторыя аўтары мяркуюць, што ён быў скасаваны з-за таго, што некаторыя рэчы ў ім не цалкам адпавядалі па форме Рымскаму Брэвіярыю, бо ствараўся для галіканскага абраду. Аднак св. Тамаш выкарыстаў многія часткі з яго пры складанні свайго Афіцыя (Romsee, iii. p. 183; Gavantus, Thesaur. Sacr. Rit., 458).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Fr Lawrence Lew, O.P. (CC BY-NC-ND).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: