9 кастрычніка 1965 года 450 кансерватыўных удзельнікаў Другога Ватыканскага сабору падалі пісьмовыя заўвагі для дыскусіі, патрабуючы асуджэння камунізму. Па правілах правядзення Сабору, заўвагі мусілі дыскутавацца, але гэтага не адбылося. Спярша апраўдваліся тым, што гэтыя заўвагі не былі пададзеныя ў вызначаны тэрмін. Затым, калі выявілася, што гэта няпраўда, арцыбіскуп Тулузы Гарон ад імя сакратарыята Сабору растлумачыў, што заўвагі “не былі правераныя ў той час, калі павінны былі, таму што іх выпадкова не перадалі членам камісіі”. Тады ўжо было позна нешта з гэтым рабіць. Так усё і скончылася. (Я бяру гэты пераказ падзеяў у Макла Дэвіса, Pope John’s Council, с. 150—151.)

Нядаўнія здарэнні вакол Мальтыйскага ордэна ставяць пытанне пра ролю права ў Касцёле, бо на першы погляд здаецца, што агульнавядомыя унікальныя і асаблівыя законныя правы Ордэна растапталі. Праблема павагі да права і юрыдычных працэдур, аднак, пачалася даўно, што дэманструе гэтая гісторыя з 1965 года. Нататкі Другога Ватыканскага сабору поўныя гісторыямі працэдурных выкрутасаў; гэтая, магчыма, адна з самых нізкіх. У 1980-я і 1990-я гады ў жыццё Курыі вярнулася пэўная ступень стабільнасці, але, па вялікім рахунку, у астатнім свеце касцёльнае права проста памерла. Літургічны закон, права, якое кіруе падрыхтоўкай семінарыстаў, права адносна святарскай дысцыпліны і працэдуры для барацьбы з парушэннем гэтага права — на ўсё гэта шмат дзе спасылаліся толькі для таго, каб беспрынцыпна караць святароў, амаль заўсёды больш кансерватыўных, якія раздражнялі сваіх біскупаў і рэлігійных настаяцеляў.

Кожны, хто ў гэтым часе ўказваў святарам і біскупам на многія законы Касцёла — ці то на Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала, ці то на Кодэкс кананічнага права — якія яны пастаянна парушалі і ігнаравалі, сустракаўся ў лепшым выпадку з насмешкамі, а ў горшым — з гневам і расплатай. Непазбежна такая пастава адносна права перанеслася на выпадкі сур’ёзных злачынстваў духавенства, а таксама сапсавала павагу духавенства да дзяржаўных законаў, што ў выніку праявілася ў адпаведным адказе Касцёла на выпадкі сэксуальных злачынстваў святароў.

Сітуацыя беззаконня такая, што для добрасумленнага святара альбо верніка насамрэч немагчыма нават самому прытрымлівацца права. Святары, якія б прачыталі літургічныя правілы, выкладзеныя ў інструкцыі Redemptionis Sacramentum (2004), і сапраўды прымянілі б іх у сваіх парафіях, у большасці выпадкаў займелі б сур’ёзныя праблемы. Возьмем правіла, што святую Камунію нельга ўдзяляць у руку, калі існуе “рызыка прафанацыі” (параграф 92). Ці ў развітых краінах ёсць святар, які асмеліцца прымяніць гэта да звычайнай формы рымскага абраду?

Я не хачу памяншаць сур’ёзнасць таго, што цяпер адбываецца, але прадэманстраваць, на якім моцным падмурку гэта ляжыць. Як традыцыйным каталікам варта ўстрымацца ад спакусы думаць, што перад Другім Ватыканскім саборам усё было добра, так і кансерватыўным каталікам след устрымацца ад спакусы думаць, што катастрофа пачалася толькі ад Amoris Laetitia. Сённяшнія мярзотныя праблемы маглі паўстаць толькі з катастрафічна кепскай сітуацыі. Толькі пасля пяцідзесяці гадоў высмейвання закону і беспрынцыпнага, маніпулятыўнага і дэспатычнага яго прымянення мы маглі апынуцца ў сітуацыі, калі нам прыходзіцца чытаць пра фактычную анексію суверэннай дзяржавы Святым Пасадам, пра тое як святароў, вінаватых ў сэксуальных злачынствах, адпускаюць, бо ў іх ёсць сябры на высокіх пасадах, і пра святара, які атрымаў кару суспенсіі a divinis ажно цэлым фармальным дэкрэтам свайго біскупа за тое, што не згадзіўся з праграмай Amoris Laetitia, якою б тая праграма ні была.

Гэты апошні выпадак, магчыма, найгоршы з усіх, пра якія мы чулі ў сучасныя дні: як вынікае з дэкрэту біскупа, святару літаральна забараняецца служэнне за сваю прыхільнасць цэнтральным прынцыпам каталіцкай веры. Але нельга сказаць, што прэцэдэнтаў не было. Памятаеце гэты выпадак? Большасць з гэтых рэчаў адбывацца яшчэ цішэй.

Вядома, не сакрэт, што тэалагічны лібералізм не надта паважае закон. У справах з лібераламі, якія не абмяжоўваюць сябе правам, кансерватары знаходзяцца ў пройгрышным становішчы. Лібералы пры парушэнні законаў, якое яны лічаць за большае дабро, адчуваюць у сабе той самы від апраўдання, якое адчувалі фашысты і камуністы ў рэвалюцыях і канфліктах ХХ стагоддзя. Іхнія дзеянні маюць той самы эфект, ствараючы сітуацыю, у якой рэчы можна рабіць толькі пры дапамозе жорсткай сілы і ў якой менавіта арганізаваныя злачынныя групіроўкі маюць лепшыя ўмовы, каб арудаваць гэтай жорсткай сілай. Кансерватары ж хочуць свабоды ў межах закону: сітуацыі, у якой стабільныя і справядлівыя (нават калі недасканалыя) межы законаў прадухіляюць сістэматычнае злоўжыванне ўладай. Сёння сітуацыя ў Касцёле не такая, і яна не была такой ужо доўгі час.

У пэўны момант рэшткі маральнага аўтарытэту пашаны, працэдур, прэцэдэнтаў і права знікнуць для кансерватараў так сама, як яны даўно зніклі для лібералаў. Гэта момант контррэвалюцыі: магчыма, гэта момант, які ў амерыканскай палітыцы прадстаўляе прэзідэнт Трамп. Гэта небяспечна, таму што контррэвалюцыянеры не заўсёды адрозніваюць людскія законы, якія больш не маюць моцы, ад натуральных і Божых законаў, якія ніколі не могуць страціць аўтарытэту. Гэта частка гісторыі Касцёла, да якой мы мусім быць падрыхтаванымі.


Аўтар: Joseph Shaw
Крыніца: LMS Chairman
Ілюстрацыйнае фотаIngfbruno (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар