Калі мы ўдзельнічаем у Імшы, ці то ў старой, ці то ў новай форме, мы зазвычай рэагуем на тое, што адбываецца непасрэдна перад намі, незалежна ад таго, ці добрае яно ці кепскае. Мы рэагуем на пашану і адсутнасць пашаны, на пабожнасць і адсутнасць пабожнасці, на прыгажосць і на брыдоту словаў і дзеянняў, якія бачым і чуем. Гэтая рэакцыя застаецца ў нашай памяці і пастаянна фарміруе нашыя літургічныя меркаванні.

Цяжэй распазнаць, які эфект на нашыя душы мае каляндар, бо не кожная нядзеля і не кожнае свята адбіваецца ў нас жывымі ўспамінамі. Прыкладам гэтага можа служыць літургічны перыяд перадпосця, альбо Сямідзесятніцы (лац. septuagesima), незаўважная інтэрлюдыя паміж часам пасля Аб’яўлення Пана і Вялікім постам. Набажэнствы Сямідзесятніцы праходзяць у дастаткова цёмных колерах, але адбітак, які пакінуў гэты перыяд на асобах і нават на заходняй цывілізацыі, значна большы за ягоную даўжыню. Сямідзесятніца складаецца з трох ці не найбольш цікавых і ўплывовых тыдняў літургічнага года.

Перадпосце

Перыяд Сямідзесятніцы, альбо перадпосце, — гэта назва трох паслядоўных нядзеляў, якія папярэднічаюць Папяльцовай серадзе. Гэты перыяд атрымаў сваю назву ад першай з гэтых нядзеляў — нядзелі Сямідзесятніцы, якая прыпадае роўна на сямідзесяты дзень перад Вялікаднем (яе лацінская назва septuagesima азначае “сямідзесятая”). За ёю ідзе “Шасцідзесятніца” (sexagesima), а затым “Пяцідзесятніца” (quinquagesima) — нядзеля перад Папяльцовай серадой. Каб забяспечыць паступовы пераход ад радасці перыяду Нараджэння Пана да суровасці Вялікага посту, перыяд Сямідзесятніцы бярэ сабе ад апошняга пэўную стрыманасць, але ў ім няма той жорсткасці. У Рымскім брэвіярыі выкарыстоўваецца пакутны цыкл псальмаў; на Імшы ж прапускаецца “Gloria in excelsis”, а градуал замяняецца трактам. Кветкі на алтары забараняюцца, а літургічным колерам становіцца фіялетавы.

Кожная нядзеля перыяду Сямідзесятніцы таксама засяроджваецца на пэўным персанажы Старога Запавету, дзякуючы чаму вядзе нас да пасхальнай таямніцы Вялікай Пятніцы і Вялікадня. Нядзеля Сямідзесятніцы — і гэта найбольш заўважна ў брэвіярыі — згадвае Адама, нядзеля Шасцідзесятніцы — Ноя, а нядзеля Пяцідзесятніцы — Абрагама. (Гэтая заканамернасць потым працягваецца ў Вялікім посце: другая нядзеля Вялікага посту згадвае Якуба, трэцяя — Юзафа, а чацвёртая — Майсея.) Мэтаю такога навучання з’яўляецца тлумачэнне вернікам прычынаў, па якіх спатрэбіўся скандал Крыжа, кульмінацыя Вялікага посту. Чытанні Афіцыя пра Адама перадаюць нам вучэнне пра першародны грэх, урыўкі пра паводку паказваюць сапсаванасць чалавецтва, а ахвяры Абрагама і Мельхізэдэка прадказваюць ахвяру Хрыста на Крыжы.

Нядзелі Сямідзесятніцы таксама фарміраваліся пад уплывам шэрагу катастрофаў, якія здараліся ў Рыме ў шостым стагоддзі. Тэма пакуты і спусташэння ў інтроіце нядзелі Сямідзесятніцы, напрыклад, паходзіць з гэтых неспакойных часоў. Такі гістарычны ўплыў на літургічны каляндар з’яўляецца выдатным прыкладам таго Папа Бенедыкт XVI меў на ўвазе, калі казаў, што надзвычайная форма Імшы нясе ў сабе “усю вагу гісторыі, але ў той самы час з’яўляецца нечым значна большым, чым проста прадуктам людской гісторыі” [1]. У любым выпадку, Сямідзесятніца была добра сфарміраваным літургічным перыядам у рымскім абрадзе ўжо да 541 года.

Пахаванне “аллелюя”

Магчыма, найбольш прыкметнай асаблівасцю літургіі ў перыядзе Сямідзесятніцы з’яўляецца адмова ад слова “аллелюя”, чаго ў Novus Ordo не назіраецца да Папяльцовай серады. Навошта пазбаўляць сябе гэтага хвалебнага слова на дадатковыя два з паловай тыдні, асабліва калі яно такое моцнае? Св. Павел ад Крыжа, напрыклад, даваў параду членам свайго ордэна крычаць “аллелюя”, калі іх атакуе д’ябал, бо “д’ябал баіцца “аллелюя”; гэта слова, якое прыходзіць з нябёсаў” [2].

Тлумачэнне св. Паўла наконт нябёсаў наводзіць нас на адказ, які мы шукаем. “Аллелюя”, якое на габрэйскай мове азначае “хваліце Пана”, традыцыйна вядомае як “спеў Пану”. Гэта той спеў, які св. Ян чуў у нябёсах падчас свайго бачання ў Апакаліпсісе. Гэта радасны вокліч тых, хто сапраўды дома.

Але Сямідзесятніца і Вялікі пост — гэта не час вяртання на радзіму, а час падарожжа і выгнання. Сапраўды, як сорак дзён Вялікага посту нагадваюць пра сорак гадоў, на працягу якіх габрэі вандравалі па пустыні, а таксама сорак дзён, калі Езус пасціўся ў пустыні, Сямідзесятніца нагадвае прыкладна семдзесят гадоў Вавілонскага плену (605—538 да н. э.) — перыяду, які па важнасці саступае толькі выхаду з Егіпта і падчас якога народ Юдэі быў пераселены ў Вавілон [3]. Як кажа памятны псальм 137 (136) (вершы 1—6), народ, абраны Богам, не лічыў магчымым спяваць свае радасныя песні на чужой зямлі:

Над рэкамі Бабілёна сядзелі мы і плакалі, калі ўспаміналі пра Сіён.
На вербах пасярод яго павесілі мы нашыя арфы.
Бо тыя, хто ўзяў нас у палон, патрабавалі ад нас песняў,
А прыгнятальнікі нашыя — вяселля: заспявайце нам адну з песень Сіёну.
Як жа нам спяваць песні Пана на чужой зямлі?
Калі забуду цябе, Ерузалем, няхай адсохне мая правіца.
Няхай прыліпне язык мой да паднябення майго, калі не буду памятаць пра цябе.

Габрэі не спявалі свае народныя спевы падчас свайго плену. Не робяць гэтага і каталікі падчас свайго. Як кажа біскуп Уільям Дзюран (1237—1296): “Мы сыходзім ад “аллелюя”, як ад нашага ўлюбёнага сябра, якога мы шмат разоў абдымаем і якому цалуем вусны, твар і рукі, пакуль не пакінем яго” [4]. Такім чынам, урачыстае “аллелюя” ў традыцыйным рымскім абрадзе хаваецца на семдзесят дзён, пакуль яно зноў не ўваскрэсне падчас Пасхальнай вігіліі.

Калі я кажу “хаваецца”, я маю на ўвазе літаральнае пахаванне. Магчыма, найбольш прывабная паралітургічная традыцыя, якая паходзіць з перыяду Сямідзесятніцы, гэта depositio, альбо складанне “аллелюя” да зямлі. У суботні вечар перад нядзеляй Сямідзесятніцы сярэднявечныя супольнасці збіралі старанна прадуманую працэсію са знакам альбо плакатам, а часта і з труною са словам “аллелюя”. Труну затым урачыста хавалі дзе-небудзь на прыкасцёльнай тэрыторыі. У некаторых частках Францыі каля касцёла хавалі саламянае пудзіла з надпісам “аллелюя”, выкананым залатымі літарамі! Дзякуючы літургічнаму руху ХХ стагоддзя, некаторыя з гэтых звычаяў перад Другім Ватыканскім саборам былі адроджаны амерыканскімі парафіямі.

Стандартнай часткай гэтых святых праводзінаў быў спеў пад назвай “Alleluia, Dulce Carmen”, які маляўніча звязвае адмову ад слова “аллелюя” з вавілонскім пленам і псальмам 137 (136). Вось пераклад гэтага гімна Х стагоддзя, выкананы Джонам Мэйсанам Нілам [John Mason Neale]:

Alleluia! song of gladness,
Voice of joy that cannot die;
Alleluia is the anthem
Ever dear to choirs on high;
In the house of God abiding
Thus they sing eternally.

Alleluia thou resoundest,
True Jerusalem and free;
Alleluia joyful mother,
All thy children sing with thee;
But by Babylon’s sad waters
Mourning exiles now are we.

Alleluia cannot always
Be our song while here below;
Alleluia our transgressions
Make us for a while forego;
For the solemn time is coming
When our tears for sin must flow.

Therefore in our hymns we pray Thee,
Grant us blessed Trinity,
At the last to keep Thine Easter
In our home beyond the sky;
There to Thee for ever singing
Alleluia joyfully.

Як ясна кажуць словы гэтага гімна, Сямідзесятніца можа даць нам шмат каштоўных урокаў: што Вялікі пост не варта пачынаць раптоўна альбо бяздумна, а лепш папярэдзіць яго перыядам дастасавання; што вымаўленне святых словаў не трэба прымаць як належнае; што грэх выводзіць нас у плен па-за нашым Сапраўдным Домам; і што Стары Запавет і яго шматлікія значныя падзеі застаюцца назаўсёды актуальнымі для хрысціянскага жыцця. Нарэшце, адмова ад “аллелюя” за семдзесят дзён да Вялікадня і асаблівае падкрэсліванне гэтага факту павялічваюць нашу радасць, калі “аллелюя” трыумфальна вяртаецца да нашых вуснаў разам з Уваскрослым Панам у Велікодную нядзелю.

Шасцідзесятніца і Пяцідзесятніца

Другая нядзеля перыяду Сямідзесятніцы — Шасцідзесятніца — працягвае тэму высылкі ў Вавілон, але з ноткай радасці. Як калекта, так і Пасланне згадваюць апостальства св. Паўла, свята навяртання якога прыпадае прыблізна на гэты час, на 25 студзеня [5]. Наадварот, Пяцідзесятніца мае справу з надыходзячым Вялікім постам. Яе Пасланне з Першага ліста да Карынцянаў (1 Кар 13) пра любоў дасканала ўводзіць нас у перыяд самаадрачэння і міласціны, бо без любові гэтыя шляхетныя ўчынкі не прыносяць нам карысці (1 Кар 13:3). Сапраўды, увесь перыяд Сямідзесятніцы з’яўляецца ідэальным падручнікам таго, як трэба падыходзіць да ачышчальнага перыяду Вялікага посту з правільным настроем.

Развітанне з ежай

Перыяд Сямідзесятніцы — гэта таксама час, калі вернікі пачынаюць дабравольна пасціцца ў чаканні хуткага абавязковага посту. Яшчэ ў 465 годзе св. Максім, біскуп Турына, рэкамендаваў пабожны пост перад Вялікім постам. У візантыйскім абрадзе вернікі пачынаюць устрымлівацца ад мяса ў перадапошнюю нядзелю перад Вялікім постам, а ад малочных прадуктаў — у нядзелю непасрэдна перад Вялікім постам. Адсюль і візантыйскія назвы Шасцідзесятніцы і Пяцідзесятніцы: “мясапусная” і “сырапусная” [6]. У рымскім абрадзе часам адмовы ад мяса была Пяцідзесятніца, таму яна стала вядомай як Dominica Carnevala, дзе слова “carnevala” паходзіць ад лацінскіх словаў “прыбіранне” (levare) і “мяса” (caro/carnis). Адсюль і бярэцца слова “карнавал”.

Перыяд Сямідзесятніцы стаіць не толькі за словам “карнавал”, але і за самой гэтай падзеяй. Да часоў, калі вынайшлі лядоўню, хрысціянам прыходзілася пазбаўляцца ад усёй ежы, якую ім няможна будзе спажываць у Вялікім посце, а стагоддзі таму гэта быў даволі даўгі спіс: як мы згадвалі вышэй, пад забаронай знаходзілася не толькі мяса, але і ўсе малочныя прадукты. І чым бліжэй надыходзіў пост, тым больш тэрмінова трэба было ўсё з’ядаць. Іранічна, але факт: перадпосная празмернасць і зіхатлівая паказуха, якія ў нас асацыююцца з Мардзі Гра ў Новым Арлеане альбо з карнаваламі ў Бразіліі і італьянскай Венецыі, бяруць пачатак з дабравольнага ўзмацнення пабожных аскетычных практык.

Гэтыя сібарыцкія святкаванні, у сваю чаргу, аказалі значны ўплыў на заходнюю культуру. “Карнавальная музыка”, якая з’яўляецца каляровай камбінацыяй іспанскіх, партугальскіх, натыўных амерыканскіх, афрыканскіх і нават кітайскіх музычных накірункаў, зазвычай звязана з Трынідадам і Барбадасам, а таксама іншымі часткамі Карыбаў і Бразіліяй. Хоць карнавальная музыка і змяняецца ад краіны да краіны, яна мае агульнае паходжанне ў запрашэнні цёпла развітацца з весялосцю перад саракадзённым постам. А ўжо яна фарміравала іншыя музычныя жанры, такія як лацінаамерыканскі джаз, конгу і канхунта, а таксама самбу [7].

Ежа Сямідзесятніцы

Перадпоснае ўстрыманне таксама прывяло да вынаходніцтва і папулярызацыі некаторых страваў. Тут трэба згадаць шмат годных кулінарных кандыдатаў. Дзе, напрыклад, узнікла б кухня кейджн без Мардзі Гра, альбо “тлустага аўторка”? Паўночная Англія традыцыйна адзначае тлусты панядзелак за два дні да Папяльцовай серады, гатуючы так званы collop — нарэзаны бекон і яйкі, засмажаныя ў масле. Астатняя ж частка краіны гатуе бліны ў тлусты аўторак, у дзень перад Папяльцовай серадой. У Злучаных Штатах перад Другім Ватыканскім саборам амерыканскія парафіі нярэдка ладзілі дабрачынныя снеданні, падаючы бліны ў нядзелю Пяцідзесятніцы.

Дзякуючы польскім імігрантам Амерыка таксама штогод умацоўвае свае артэрыі пончыкамі, якія традыцыйна гатуюць у перыяд Сямідзесятніцы. Гэтая страва асабліва цікавая, бо яна мае сваіх гучных і адданых прыхільнікаў і нават сваё лобі — National Pączki Promotional Board [8].

Незалежна ад краіны паходжання, усе гэтыя стравы гатуюцца з той самай мэтай: добра скарыстацца ядомымі дабротамі перад пачаткам Вялікага посту.

Масленіца

Аднак не ўсе хрысціянскія традыцыі Сямідзесятніцы праяўляюцца ў радасці і святкаванні. Як лацінаамерыканскія краіны маюць карнавал, так еўрапейскія краіны маюць Масленіцу. Традыцыйна гэта быў час, калі вернікі ішлі на споведзь дзеля падрыхтоўкі да Вялікага посту: адсюль англійская назва гэтага часу “Shrovetide” (to shrive — слухаць споведзі). Спачатку гэты перыяд ахопліваў увесь тыдзень перад Вялікім постам, але часцей яго адносяць да нядзелі, панядзелка і аўторка — трох апошніх дзён перад Папяльцовай серадой. Лішне казаць, што гэта цудоўны спосаб падрыхтавацца да Вялікага посту.

Вядома, нават самыя стрыманыя вернікі не адмовяцца ад нагоды выпусціць крыху пары. Слова “to shrive” можна адносіцца да сакрамэнтальнага адпучшэння грахоў, але Оксфардскі слоўнік падае значэнне формы “to shrove” — “праводзіць Масленіцу, весяліцца” [9]. Падчас Масленіцы мелі папулярнасць вялікія спартыўныя спаборніцтвы (згодна з паданнем, менавіта ў гэты час быў арганізаваны першы ў свеце футбольны матч паміж брытамі і рымлянамі), а ў Ірландыі лічылася вялікім поспехам ажаніцца ў Масленіцу, магчыма, таму што падчас Вялікага посту шлюбы былі забароненыя.

Што да паўднёвых краін, то не кожны быў задаволены распаўсюджваннем карнавальных святкаванняў, якое пачалося ў XIV стагоддзі. У 1747 годзе Папа Бенедыкт XIV выдаў канстытуцыю з трапнай назвай “Super Bacchanalibus”, якою поўны адпуст прызначаўся тым, хто ўдзельнічаў у “саракагадзінным карнавале”. Гэтае набажэнства складалася з выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту і благаслаўлення ў масленічны панядзелак і аўторак. Яго мэтай было адцягванне вернікаў ад “небяспечных нагодаў да граху” і кампенсацыя за ўчыненыя праявы празмернасці [10].

Сучаснасць

Сямідзесятніца была выкінута з календара ў 1970 годзе і заменена “звычайным перыядам”. Як кажа а. Пьер Жунэль, прафесар літургікі Каталіцкага інстытута Парыжа і адзін са стваральнікаў новага календара, яе выдалілі, бо “ніхто не ведаў, што яна азначае і адкуль яна ўзялася” [11].

Цікава: даслоўнае значэнне слова “septuagesima” знаходзіцца ў найбліжэйшым лацінскім слоўніку, а большасць каталікоў, з-за апісанага намі вышэй вялікага культурнага адбітка Сямідзесятніцы, мела здавальняючае разуменне таго, што азначае гэты перыяд. У Імшале св. Андрэя і ў папулярнай кнізе “Handbook of Christian Feasts and Customs” а. Фрэнсіса Вейзера, якія былі даступныя за дзесяць гадоў да гэтага выказвання а. Жунэля, ёсць прыгожыя тлумачэнні наконт перыяду Сямідзесятніцы. Сям’я Трап апісвае Сямідзесятніцу як “найбольш неабходны час як для аднаго чалавека, так і для сем’яў і для супольнасцяў” [12]: іхні раздзел пра гэты перыяд, назву якога яны маглі і не ведаць, называецца “Час танцаваць”.

Мільёны усходніх праваслаўных і каталіцкіх вернікаў таксама разумеюць Сямідзесятніцу, бо яны маюць падобны перыяд, заснаваны на тых самых прынцыпах. (Адкінуўшы Сямідзесятніцу, мы, каталікі, цяпер маем на адну супольную рэч менш з тым, што Папа Ян Павел ІІ называў іншым лёгкім хрысціянства.) Нават некаторыя англікане і лютэране дагэтуль захоўваюць Сямідзесятніцу. Што яшчэ больш важна, са стратай Сямідзесятніцы мы згубілі літургічную падрыхтоўку да святога перыяду Вялікага посту і пераход ад ззяння Аб’яўлення Пана да цемры Папяльцовай серады. У той жа час, культура святкавання Мардзі Гра і г. д. засталася некранутай і адчапілася ад сваіх рэлігійных каранёў.

Заключэнне

У сваім цудоўным творы “Споведзь” св. Аўгустын алегарычна тлумачыць стварэнне сушы ў Быц 1 як збор збаўленых душаў, якія прагнуць Бога і вырываюцца з горкага мора няверуючых [13]. Гэтая суша, як заўважыў Аўгустын, з’яўляецца Касцёлам, які дбае аб кармленні ласкаю, каб гэтыя душы “маглі прынесці Табе плён справаў міласэрнасці, раздаючы зямныя даброты бедным, каб здабыць даброты нябесныя” [14]. Ці ж не адпавядае тады, каб terra firma, якою з’яўляецца Касцёл, не толькі выкарыстоўвала Вялікі пост у якасці падрыхтоўкі да Вялікадня, але і сама рыхтавалася да Вялікага посту, да часу, калі яна павялічвае свае справы міласэрнасці адносна цела бліжняга? [15] З прыходам календара 1970 года Сямідзесятніца сталася часам, забытым зямлёю, але няхай тыя, хто трымаецца календара нашых продкаў, разумна выкарыстаюць гэты час, каб узгадаць і падрыхтавацца да вялікага выпрабавання, якім з’яўляецца Вялікі пост.

А можа, і каб крыху павесяліцца, пакуль яшчэ можна.

Зноскі

1. Joseph Cardinal Ratzinger, Milestones: Memoirs 1927-1977, trans. Erasmo Leiva-Merikakis (San Francisco: Ignatius Press, 1998), p. 20.

2. Цытуе Геранжэ ў кнізе The Liturgical Year, vol. 8, p. 366.

3. Гл. Ерамія 25:9-12; 29:10. Некаторыя біблійныя гісторыкі налічваюць, што Вавілонскае выгнанне альбо плен доўжылася дакладна семдзесят гадоў, пачынаючы ад паразы Асірыйскай імперыі ў 609 годзе да н. э. і заканчваючы падзеннем Вавілонскай імперыі ў 539 годзе да н. э. Іншыя падаюць даты 586 і 516 — разбурэння Ерузалема і асвячэння адбудаванага Храма адпаведна.

4. Rationale Divinorum Officiorum 6.24.18.

5. Адзін з прыгожых элементаў традыцыйнага календара заключаецца ў тым, што ён дазваляе ўпрыгожыць цыкл літургічных перыядаў цыклам святых, іх святочнымі днямі.

6. Падобна, і ў Расіі і іншыя славянскіх краінах нядзеля перад Вялікім постам называецца Масленіцай.

7. Гл. Michael P. Foley, Why Do Catholics Eat Fish on Friday? (Palgrave Macmillan, 2005), p. 59.

8. Bryan Gruley, “Who Put the Paunch In Paczki and Droves In Shrove Tuesday?” Wall Street Journal – Eastern Edition, 3/01/2000, vol. 235, issue 43, p. A1.

9. “Shrove, v.” Oxford English Dictionary, 2nd ed., 1989.

10. Herbert Thurston, “Shrovetide,” The Catholic Encyclopedia, vol. 13 (Robert Appleton Company, 1912).

11. Alfred Friendly, Jr., “200 Catholic Saints Lose Their Feast Days,” NYT, May 10, 1969, p. 10.

12. Maria Augusta Trapp, Around the Year with the Trapp Family (NY: Pantheon Books, 1955), p. 86.

13. Confessions 13.17.20.

14. Confessions 13.34.49.

15. Гл. калекту першай нядзелі Вялікага посту.


Аўтар: Michael P. Foley
КрыніцаLatin Mass: The Journal of Catholic Culture and Tradition, Vol. 19, No. 3 (Winter 2011), перадрукавана ў Scripture and Catholic Tradition.
Ілюстрацыйныя фота: Christopher M (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара і рэдакцыі часопіса Latin Mass.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар