№21. Святое начынне: келіх (А)

Існуе пяць відаў святога начыння, якое ўжываецца пры алтары для Найсвяцейшага Сакрамэнту: келіх, патэна, цыборый, манстранцыя і кустодыя.

Келіх — гэта вялікая эўхарыстычная чаша, у якую наліваецца віно для кансэкрацыі. Адносна яго формы не існуе ніякіх дакладных прадпісанняў, аднак, паводле звычаю, ён нагадвае адкрыты падвяночак ліліі. У старажытныя часы ён рабіўся ў выглядзе, падобным да яблыка, каб нагадаць нам, што менавіта праз заслугі Найдаражэйшай Крыві Хрыста, якая знаходзіцца ў келіху, быў адкуплены грэх Адама, які з’еў забаронены плод.

Шматлікія літургічныя аўтары кажуць, што келіх, якім карыстаўся наш Боскі Пан на Апошняй вячэры, быў зроблены падобным да рымскага кубка cantharus — з двума вушкамі злева і справа, за якія гэты кубак падымалі, — а ягоны аб’ём быў роўны адной пінце з паловай (каля 850 мл) (Bona, Rer. Liturg., 290; гл. таксама аб’яўленні Анны Кацярыны Эммерых). Паводле сведчання Беды, якое цытуе Бароній (Anno 34, No. 63), гэты келіх быў зроблены са срэбра і доўгі час захоўваўся ў Ерузалеме, дзе людзі акружалі яго вялікай пашанай. Аднак усяму гэтаму альбо прынамсі асноўнай частцы супярэчаць найвялікшыя літургічныя аўтары, і вельмі справядліва. Бо цяпер шырока вядома, што Беда, які сфабрыкаваў гэтую гісторыю, быў не англійскім Бедам, якога завуць Вялебным, а нейкім чалавекам па імені Адамнамус Скот, чыім словам не вельмі давяралі (Kozma, Liturg. Sacr. Cathol., p. 82, note).

Большасць кажа, што келіх нашага Пана быў выраблены з агату і нейкім чынам трапіў да насельніцтва Валенcіі, якое захоўвае яго з вялікай дбайнасцю (Gavantus, Thesaur. Sacr. Rit., p. 124).

Матэрыял, з якога робіцца келіх. — Згодна з цяперашняй дысцыплінай Касцёла, келіх павінен быць зроблены з золата альбо срэбра, альбо каб прынамсі ягоная чаша была зроблена з гэтых металаў. Аднак вельмі бедным касцёлам часам даецца дазвол выкарыстоўваць келіх з волава пры ўмове, каб прынамсі ўсярэдзіне чаша была пазалочаная. Ножка ж келіха можа быць зроблена з любога цвёрдага матэрыялу, калі толькі ён прыстойны і не ламаецца лёгка. Келіхі з латуні, шкла альбо дрэва цалкам забароненыя: з латуні, бо яны ржавеюць; са шкла, бо яны крохкія; а з дрэва з-за яго вялікай порыстасці. Аднак, несумненна, у самыя раннія дні хрысціянства, асабліва падчас пераследу, келіхі часта рабілі не з золата ці срэбра. У катакомбах [1] знайдзена шмат келіхаў са шкла (Northcote, Roman Catacombs, passim), і ёсць вельмі надзейнае сведчанне, што такія келіхі часта выкарыстоўвалі для цэлебрацыі Імшы. Напрыклад, Папа Грыгорый Вялікі кажа, што св. Данат, біскуп Арэца, карыстаўся келіхам з гэтага матэрыялу і што, калі гэты келіх разбівалі язычнікі, гэты святы чалавек праз вельмі шчырую малітву вяртаў келіх да зыходнай формы (lib. i. Dial. cap. vii.).

Св. Цэзар, біскуп Арля ў Францыі, часта карыстаўся шкляным келіхам. І святы Грыгорый Турскі кажа нам пра такі келіх, які ён сам выкарыстоўваў і які выпадкова разбіўся, але быў адноўлены пра заступніцтва св. Лаўрэнція (Bona, 290). Трэба, аднак, заўважыць, што выкарыстанне шкляных келіхаў ніколі не было паўсюдным у Касцёле і што такое іх ужыванне тлумачылася крайняй неабходнасцю.

Келіхі з дрэва. — Часам, таксама ў цяжкіх абставінах, выкарыстоўваліся келіхі з дрэва. Цудоўны выраз наконт гэтага быў запісаны за святым Баніфацыем. Калі на Трырскім саборы ў яго спыталіся, што ён думае пра практыку ўжывання драўляных келіхаў пры цэлебрацыі Імшы, ён адказаў наступнае: “У старажытныя часы на Імшы залатыя святары ўжывалі драўляныя келіхі, а цяпер на Імшы драўляныя святары ўжываюць залатыя келіхі” (Bona, ibid.). Каноны англійскага караля Эдгара цалкам забаранялі келіхі з дрэва (ibid.).

Тое, што сваё выкарыстанне, прынамсі ў выключных выпадках, знаходзілі келіхі з камня і мармуру, мы бачым з жыццяпісу архімандрыта [2] св. Тэадора Студыта з вялікага манастыра ў Канстантынопалі, які меў тую ж назву. Пра яго сказана, што, калі гэты святы чалавек павялічыў свой манастыр, ён замяніў святое начынне з мармуру на начынне са срэбра (Bona, ibid.; гл. таксама жыццяпіс святога).

У некаторых месцах таксама існаваў звычай рабіць келіхі з каштоўных камянёў: оніксу, сардоніксу, хрызаліту і інш., а таксама з рогу і слановай косці. Сярод упрыгожванняў, якія Папа Віктар ІІІ (ХІ ст.) падарыў знакамітаму кляштару Монтэ-Касіна, знаходзіліся два келіхі з оніксу (ibid.). Келіхі з рогу былі забароненыя яшчэ ў восьмым стагоддзі (ibid.). У 813 годзе Рэймскі сабор пастанавіў, што і келіх, і патэна павінны быць зроблены з золата альбо прынамсі срэбра. У выпадку вялікай беднасці дазваляліся келіхі з волава. Сурова забаранялася, незалежна ад неабходнасці, здзяйсняць кансэкрацыю ў келіху з дрэва альбо шкла (Kozma, 83, note).

Упрыгожванне келіхаў. — З-за вялікай пашаны, якую хрысціяне ранніх часоў праяўлялі да ўсяго, што было звязана з нашым Боскім Панам, келіхі акружаліся вялікай дбайнасцю і ўпрыгожваліся з вялікім мастацкім талентам. Сюжэты зазвычай браліся з жыцця Збаўцы на зямлі: уваскрашэнне Лазара з мёртвых, перамяненне вады ў віно ў Кане, памнажэнне хлябоў, вяртанне згубленай авечкі; аздараўленне хворых ці суцяшэнне пакутуючых.

Дно шклянога келіха, які быў знойдзены ў катакомбах і згаданы айцом Норткоўтам ў сваёй працы пра рымскія катакомбы, прадстаўляе чатыры розныя сцэны, узятыя з Пісання: першая — Тобій і рыба, другая — наш Пан аздараўляе паралізаванага, трэцяя — юнакі ў распаленай печы; чацвёртая — перамененне вады ў віно ў Кане. Іншы келіх, які апісваецца ў той жа працы, мае на сабе эмаляваныя фігуркі Найсвяцейшай Дзевы і св. апосталаў Пятра і Паўла.


[1] Тэрмін “катакомбы” прымяняецца да тых падземных галерэй, якія знаходзяцца пад зямлёю ў Рыме, у якія хрысціяне ўцякалі дзеля сховішча ў дні пераследу і дзе яны хавалі сваіх памерлых і цэлебравалі Імшу.

[2] Ва Усходнім Касцёле тытул “архімандрыт” прымяняецца да тых абатаў, якія маюць уладу над некалькімі манастырамі. Кажуць, што гэтая назва паходзіць ад старажытнагрэчаскіх словаў αρχι — галоўны і μάνδρα — манастыр. Галава аднаго манастыра завецца ігуменам, хоць так называюць і іншых прадстаўнікоў духавенства. У лацінскім Касцёле галава вялікага кляштара ў Месіне таксама мае тытул архімандрыта.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Barcex (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: