Шматлікія гісторыі пацвярджаюць нелюбоў святароў да чытання сваіх штодзённых малітваў — Літургіі гадзінаў. Гэта і зразумела: сёння ўсе біскупы, святары і дыяканы, а таксама члены інстытутаў кансэкраванага жыцця, нават калі яны не адносяцца да духоўнага стану, павінны штодзённа прамаўляць пяць альбо нават сем кананічных гадзінаў. Назва “гадзіна” тут паказвае не на працягласць, а на тое, што гэтыя малітвы размеркаваныя паміж гадзінамі дня. Калі ж лічыць агулам, то ва ўмелых руках усе гадзіны змяшчаюцца ў адну гадзіну часу штодзённа. Нелюбоў да іх, аднак, не знікае.

Аўтар гэтых радкоў асабіста чуў пра спосабы спіхнуць гэты непрыемны абавязак. Так, аднаму святару быццам бы ўдавалася сядаць за Літургію гадзінаў раз на два дні. У 23:30 ён чытаў усе гадзіны бягучага дня, а калі час перавальваў за поўнач, прачытваў усе гадзіны наступнага дня. Такім чынам ён пазбаўляўся клопату на два дні адразу.

Гэтымі днямі чарговае кола ў Інтэрнэце робіць рэальная нататка з рэальнага часопіса The Monthly Magazine за 1801 год, дзе прыводзіцца яшчэ больш разумны спосаб скараціць штодзённую святарскую малітву. Нібыта вырваны лісточак са старога брэвіярыя, які належыў езуітам, падае наступны парадак, якім можна замяніць штодзённыя гадзіны.

“Найкарацейшы абрад чытання брэвіярыя. Спачатку прамаўляецца Ойча наш і Вітай, Марыя, а затым

a. b. c. d. e. f. g. h. i. k. l. m. n. o. p. q. r. s. t. u. w. x. y. z.

V. З гэтага поўнага алфавіту. Аллелюя.
R. Складзены поўны Брэвіярый. Аллелюя.

Молімся. Божа, Які пажадаў, каб з дваццаці чатырох літар было створана ўсё Святое Пісанне і гэты Брэвіярый, злучы, разлучы, зрабі, укладзі і прымі з гэтых дваццаці чатырох літар Начную малітву з Ютранню, Прыму, Сэксту, Нону, Нешпары і Камплету. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн”.

Як і ў кожным добрым жарце, нельга ведаць напэўна, колькі тут жарту, а колькі праўды. Ці задумвалася гэта ў 1801 годзе як сатыра, як высмейванне, ці такі лісток сапраўды быў знойдзены. Калі ж быў, то ці не быў гэта жарт саміх езуітаў? Ва ўсякім разе, ордэн езуітаў абараніць сябе ў той год не мог, бо ў 1773 годзе быў як раз знішчаны. Цікава, што гэтыя законнікі і насамрэч слынныя сваёй… нецікаўнасцю да літургічнай малітвы. Пэўная прымаўка кажа пра неадукаваных людзей: згубіўся, як езуіт у Вялікім тыдні.

Te igitur
(ілюстрацыя: невядомы аўтар ХІХ ст.)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар