Ужо праз два дні пасля афіцыйнай публікацыі ў Германіі новых пастырскіх інструкцый адносна сужэнства ў гэтай краіне, здаецца, пачынае ўзрастаць беспарадак. Супярэчлівыя, замяшаныя і занепакоеныя галасы чуюцца цяпер з усіх яе куткоў. Але, што важна, сам дакумент аказаўся больш вераломным і небяспечным, чым здавалася з першага погляду. Цяпер прыходзіцца задаваць сабе пытанне, наколькі вялікую ўладу будуць мець свецкія ў Каталіцкім Касцёле.

Як OnePeterFive паведамляў два дні таму, нямецкія інструкцыі адносна разведзеных і паўторна жанатых асобаў спачатку выглядалі менш ліберальнымі за мальтыйскія інструкцыі: апошнія юрыст д-р Эдвард Пітэрс апісаў як “Мальтыйскі кашмар“. Аднак у той самы час немцы даволі блізка падышлі да мальтыйскага стандарту. Іншымі словамі, нямецкі выраз “рашэнне [разведзеных і паўторна жанатых асобаў] прымаць сакрамэнты павінна паважацца” стаіць побач з мальтыйскай заявай, што асобы ў другім шлюбе могуць прыступаць да Камуніі, калі яны адчуваюць сябе “ў міры з Богам”. У абодвух выпадках робіцца націск на суб’ектыўнае і больш сентыментальнае сумленне, якому надаецца вырашальная вага.

Напрыклад, вось што нядаўна сказаў арцыбіскуп Берліна Хайнер Кох адносна справы сумлення: “Мы [нямецкія біскупы] пішам, што ў апраўданых [sic] індывідуальных выпадках і пасля даўжэйшага працэсу можа быць прынята рашэнне сумлення аб прыняцці сакрамэнтаў на баку вернікаў, рашэнне, якое павінна паважацца”. Калі яго спыталіся, чаму нямецкія біскупы, насуперак іншым, больш асцярожным біскупскім інструкцыям, цяпер “выбралі найбольшую адкрытасць ва ўсім свеце [адносна разведзеных і паўторна жанатых асобаў], якая выносіць прыватнае сумленне на ўзровень стандарту“, Кох імгненна адказаў: “Таму што мы цвёрда ўпэўненыя, што гэта намер, якога літаральна і па духу жадае і які прымае сам Папа Францішак, і які мы, такім чынам, прасоўваем разам з ім”. [вылучэнне 1Р5]

Таму ўжо зразумела, што з нямецкімі пастырскімі інструкцыямі будзе ўсё больш праблемаў з-за акцэнту, які цяпер будзе рабіцца на індывідуальным сумленні, да таго ж, магчыма, на несфармаваным і суб’ектыўным сумленні.

Што мы сапраўды прагледзелі, дык гэта той факт, што нямецкія біскупы больш нават не кажуць яўным чынам пра ўдзел пасвячаных святароў “у шляху распазнання”, які цяпер кандадаты ў другім шлюбе быццам павінны будуць ахвотна прадпрымаць самі.

Напрыклад, ва ўсім пастырскім дакуменце выкарыстоўваюцца толькі словы “пастырскі” і “пастырскі наглядчык” (без далейшага тлумачэння); слова “пастыр” альбо “святар” у ім адсутнічае. Цяжкія наступствы гэтага лінгвістычнага феномену такія, што цяпер прынамсі ў Германіі таксама і свецкія (мужчыны ці жанчыны) змогуць афіцыйна “суправаджаць” паўторна жанатых асобаў на шляху распазнання таго, ці могуць яны мець доступ да сакрамэнтаў. Гэтая рэч кінулася мне ў вочы дзякуючы інтэрв’ю, якое ўчора апублікаваў вэб-сайт нямецкіх біскупаў Katholisch.de. У гэтым інтэрв’ю Утэ Эберл, свецкая жанчына, якая працуе ў сферы пастырства дыяцэзіі Берліна, каментуе новыя нямецкія пастырскія інструкцыі і яўным чынам хваліць той факт, што суправаджаючым можа быць і свецкая асоба. Эберл тлумачыць:

Па-першае, я задаволеная. Я думаю, гэта насамрэч цудоўна, што біскупы змясцілі зноску “паўторна жанатыя асобы” ў асноўны тэкст і сказалі: рашэнне сумлення павінна паважацца. Я спадзяюся, што цяпер дыскусіі нарэшце скончацца. Парада звярнуцца да пастырскага наглядчыка цудоўная. Акрамя святара, гэта можа быць таксама чалавек, блізкі гэтай асобе, які правядзе яе праз расставанне, а за тым парадуецца за новыя адносіны. Таму біскупскі ліст — гэта не прымус людзей да новага парадку і паводзінаў, а подых вялікай свабоды. [вылучэнне 1Р5]

Пасля прачытання гэтага інтэрв’ю цалкам, я скантактавалася з прэс-службай нямецкай біскупскай канферэнцыі, папрасіўшы растлумачыць, хто ж павінен афіцыйна суправаджаць “паўторна жанатых” асобаў. Я таксама працытавала наступны фрагмент з нямецкіх інструкцый: “Amoris Laetitia кажа пра працэс прыняцця рашэння [наконт прыступання як да сакрамэнту пакаяння, так і да сакрамэнту Эўхарыстыі], які суправаджаецца пастырскім наглядчыкам” [вылучэнне 1Р5]. На пытанне, ці азначае гэта, што наглядчыкам можа быць таксама асоба, якая не з’яўляецца святаром, што аўтарытэтна суправаджае разведзеных і паўторна жанатых асобаў, я сёння атрымала наступны адказ ад д-ра Міхаэля Файля (ад імя нямецкай біскупскай канферэнцыі) — і гэта ўсе словы тлумачэння, якія я атрымала:

Для далейшага азначэння выразу “пастырскі наглядчык” у гэтым кантэксце можна звярнуцца да канона 519 ККП:

Пробашч з’яўляецца адпаведным пастырам даручанай яму парафіі, які выконвае пастырскую апеку над адданай яму супольнасцю пад уладай дыяцэзіяльнага біскупа, у чыім служэнні Хрысту ён пакліканы ўдзельнічаць, каб несці дзеля дабра гэтай супольнасці настаўніцкае, святарскае і кіраўнічае служэнне ў супрацоўніцтве з іншымі святарамі і дыяканамі і пры дзейсным удзеле свецкіх вернікаў, згодна з нормамі права. [вылучэнне 1Р5]

Пакуль што я не атрымала другога адказу ад д-ра Файля. Я напісала яму другі раз, папрасіўшы пацвердзіць, што гэта азначае, што свецкім таксама дазволена суправаджаць паўторна жанатых асобаў пры распазнанні таго, ці могуць яны прымаць сакрамэнты; а таксама ці нямецкія біскупы маюць на ўвазе, што святар павінен паважаць усе выпадкі рашэння сумлення паўторна жанатых асобаў адносна прыняцця святой Камуніі.

Акрамя таго, застаецца незразумелым яшчэ адна справа: што гэта азначае ў дачыненні да прыняцця сакрамэнту пакаяння? Ці будзе цяпер свецкая асоба кансультаваць паўторна жанатую асобу і ўдзельнічаць праз гэта ў прыняцці рашэння аб тым, ці можа іншы чалавек прымаць адпушчэнне грахоў у канфесіянале? Наколькі вялікую юрысдыкцыю свецкія асобы цяпер будуць мець у Касцёле? Прынамсі, нямецкія біскупы кажуць пра “пастырскіх наглядчыкаў” увогуле ў кантэксце дазволу прыступаць як да сакрамэнту пакаяння, так і да сакрамэнту Эўхарыстыі.

Д-р Пітэрс сам падняў падобнае пытанне ўчора ў сваім каментарыі наконт нямецкіх інструкцый:

Дарэчы, іншыя фрагменты ў нямецкіх дакументах маюць на ўвазе, што ў такіх выпадках таксама можна будзе дамагацца споведзі, але, здаецца, без патрабавання ад пенітэнтаў “цвёрдай пастановы выпраўлення” (нават адносна дабравольных сэксуальных актаў з не-сужэнцам). Як я адзначаў у HPR некалькі гадоў таму, такі падыход выстаўляе сакрамэнт пакаяння на рызыку блюзнерства, а яго служыцеля на абвінавачванне ў намаўленні падчас споведзі.

Пітэрс кажа пра небяспеку таго, што на святароў будуць ціснуць, спасылаючыся на суб’ектыўнае сумленне паўторна жанатай асобы, каб яны ўдзялілі адпушчэнне грахоў нераскаяннаму чужаложцу. Таму мы шчыра рэкамендуем нашым чытачам пазнаёміцца з даследваннем, дзе д-р Пітэрс аналізуе канон 1387 (гл. спасылку ў цытаце), які кажа, што святар, які “намаўляе пенітэнта парушыць шостую запаведзь Дэкалогу” ў канфесіянале альбо побач з ім, павінен быць пакараны. Гэтае намаўленне, паводле Пітэрса, таксама азначае, што святар можа неналежным чынам схіліць альбо заахвоціць пенітэнта да парушэння шостай запаведзі пры дамапозе трэціх асобаў, а не толькі сам. Нядаўна, атрымаўшы паведамленне пра гэтую справу ад нашага дарадцы па кананічным праве, мы пісалі пра гэтае небяспечнае развіццё сітуацыі ў сувязі з Amoris Laetitia.

Калі сама сакрамэнтальная праблема, якую цяпер выклікалі нямецкія біскупы, яшчэ не дастаткова бянтэжная, то рэакцыя на новыя пастырскія інструкцыі сапраўды прыводзіць у разгубленасць. Напрыклад, сёння вэб-сайт нямецкіх біскупаў Katholisch.de апублікаваў інтэрв’ю з нямецкім біскупам Конрадам Старсам [Konrad Zdarsa] з дыяцэзіі Аўгсбурга. Гэты біскуп, відавочна, збянтэжаны сам і не можа публічна адказаць на пытанне, ці разведзеныя і паўторна жанатыя асобы ў Германіі могуць цяпер прымаць святую Камунію. Ён настойвае, што цяпер патрабуецца далейшае праясненне гэтага нямецкага дакумента! “І вось цяпер нам зноў трэба, каб хтосьці яшчэ прыйшоў і растлумачыў нам гэты дакумент“, — кажа сам біскуп на пытанне пра разведзеных і паўторна жанатых асобаў і пра тое, ці можна цяпер кожны рабіць што захоча. [вылучэнне 1Р5]

Акрамя таго, Старса кажа, што цяпер яшчэ больш патрэбная “ўважлівая пастырская апека” тых, хто мае праблемы з сужэнствам. Ён лічыць, што “мы [біскупы] цяпер далі такую вялізную адказнасць [пробашчам], што не кожны зможа вытрымаць і знесці яе ў аднолькавай меры”. Нямецкі іерарх затым задае вострае пытанне: калі ў пробашча няма часу нават на старанную падрыхтоўку моладзі і будучых жанатых параў, “наколькі ж менш часу, моцы і цярплівасці” той жа святар будзе мець, каб увайсці ў пажадана пільны працэс распазнання, “як гэтага цяпер патрабуе Папа”? У гэтым кантэксце біскуп Старса баіцца, што з’явяцца “заўчасныя рашэнні” (“Schnellschüsse”), “альбо што паўстануць іншыя [сур’ёзныя] прычыны канфлікту, якія пакуль нельга прадбачыць“. [вылучэнне 1Р5]

Старса таксама пытаецца, ці ўвогуле ў Германіі разведзеныя і паўторна жанатыя асобы будуць шукаць святарскай парады, паколькі “наведванне канфесіяналаў сярод нас тут не такое вялікае”. На пытанне пра індывідуальнае сумленне біскуп Старса з болем на твары кажа, што спачатку трэба пачаць з “фарміравання сумлення”, і затым ён прызнае, што ў Германіі ў гэтым плане было шмат занядбання. “Мы нават не абмяркоўваем пытанне фарміравання сумлення”, — дадае біскуп. Затым, распавёўшы пра важнасць арыентацыі людскога жыцця згодна з Божым законам, гэты біскуп, які сам вырас у камуністычнай усходняй Германіі і шмат выцерпеў пры камунізме, з цяжкім сэрцам адказвае на рытарычнае пытанне: “Дык гэта будзе цяжка?” — “Так”. Пакуты гэтага заклапочанага іерарха пры цяперашнім замяшанні і беспарадку амаль намацальныя.

Аднак біскуп Старса — гэта не адзіны з духавенства, хто шчыра выказвае свае перасцярогі наконт новых пастырскіх інструкцый (якія былі зацверджаныя не ўсімі нямецкімі біскупамі паасобку, а толькі Агульнай радай біскупскай канферэнцыі Германіі, у якую абіраюцца дэлегаты па адным з кожнай дыяцэзіі). Напрыклад, нямецкі прагрэсіўны часопіс Der Spiegel апублікаваў сёння артыкул з наступным загалоўкам: “Кансерватыўныя святары адхіляюць ініцыятыву канферэнцыі біскупаў Германіі”. Гэты артыкул кажа:

Прадстаўнікі Супольнасці каталіцкіх святароў (“Netzwerk katholischer Priester”), нямецкага Opus Dei, легіянераў Хрыста і іншых артадаксальных груп кажуць пра “схізму ў парафіях” і пра “зацьменне сакрамэнту сужэнства”.

Важна таксама заўважыць у гэтай сувязі, што нямецкі юрыст у кананічным праве а. Гера Вейсгаўпт сёння напісаў у Фэйсбуку Маціяса фон Герсдорфа, апісваючы пашырэнне хаосу ў Германіі: “Цяпер пануе хаос, асабліва сярод біскупаў. Кардынал Кёльна [кардынал Райнэр Марыя Вёлькі] сказаў учора […] што ён не выключае схізмы. Папа не зможа пазбегнуць вымушанага праяснення справы“. [вылучэнне 1Р5]

Таксама варта прывесці каментарыі, якія апублікаваў сам Маціяс фон Герсдорф, нямецкі каталіцкі аглядальнік. Ён піша пра артыкул ад 2 лютага ў знанай нямецкай газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung, дзе заяўлена наступнае: “Цяпер усе біскупскія канферэнцыі свету павінны будуць задаць сабе пытанне, якімі аргументамі яны будуць адмаўляць Папу ў сваёй лаяльнасці па гэтым пытанні” [вылучэнне 1Р5]. Фон Герсдорф каментуе гэтую цытату з артыкула наступнымі, даволі вясёлымі словамі: “Вось новыя часы: з усіх народаў менавіта нямецкія біскупы сталіся новай мадэллю лаяльнасці Папу!” [вылучэнне 1Р5]

Як сцвярджае фон Герсдорф, нямецкая FAZ цяпер паказвае і прадстаўляе гэтых трох біскупаў: Вальтэра Каспера, Карла Лемана і Оскара Зайера — якія яшчэ з 1993 года аказвалі моцны ціск у сваіх дыяцэзіях дзеля таго, каб сакрамэнтальная Камунія была дазволена паўторна жанатым асобам — як доблесных ахвяраў, якія цяпер нарэшце апраўданыя.

Сваім дакументам Amoris Laetitia Папа Францішак цяпер прымае ідэі гэтых трох [раней дысідэнцкіх] біскупаў“, — кажа FAZ. На гэтыя словы фон Герсдорф іранічна адказвае: “Пасля доўгіх часоў цярпення — каля 25 гадоў — становіцца ясным вось што: сапраўднымі лаяльнымі паслядоўнікамі Папы з’яўляюцца ўсё ж немцы! Як толькі кардынал Каспер памрэ, Даніэль Дэкерс [журналіст FAZ], хутчэй за ўсё, прапануе кананізаваць яго” [вылучэнне 1Р5].

Апошнім часам свет, здаецца, перавярнуўся дагары нагамі. Ранейшыя дысідэнты сталі лаяльнымі папістамі, а артадаксальныя каталікі — новымі бунтаўнікамі і непакорнымі раскольнікамі.

Хаос у Германіі, відавочна, павялічваецца, як і у астатнім Касцёле.


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыйнае фотаBarockspot (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар