Далучаючы свае галасы да ўсё большай колькасці заклапочаных каталікоў, міжнародная кааліцыя організацый духавенства выдала сумесную заяву наконт паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia. “Як члены міжнародных брацтваў каталіцкага духавенства, — пішуць аўтары, — мы лічым, што аўтарытэтная інтэрпрэтацыя апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia ў згодзе з пастаянным вучэннем і практыкай Касцёла мела б вялікае значэнне”.

Адной з супольнасцяў, што падпісала гэтую заяву, з’яўляецца амерыканскае Брацтва каталіцкага духавенства, якое, згодна з іх вэб-сайтам, “з’яўляецца асацыяцыяй 600 рыма-каталіцкіх святароў і дыяканаў, якія абавязваюцца ўзрастаць у асабістай святасці, вернасці Рымскаму Пантыфіку, адданасці тэалагічным заняткам і вернай вытрымцы пры сапраўдным вучэнні Магістэрыя”. Таксама свае пячаткі пад заявай паставілі аўстралійскае, брытанскае і ірландскае брацтва. Агулам, паводле інфармацыі Эдварда Пентына з National Catholic Register, праз гэтую заяву аўтарытэтнай інтэпрэтацыі просяць “тысячы святароў з усяго свету”.

Дагэтуль Папа Францішак быў асцярожны і даваў зразумець сваю пераважную інтэрпрэтацыю, якая дазваляе допуск разведзеных і паўторна жанатых асобаў да святой Камуніі, толькі праз неафіцыйныя каналы. Гэта не спыніла групы біскупаў у такіх краінах, як Мальта і Германія, а нават кардынала-вікарыя дыяцэзіі Рыма (уласнай дыяцэзіі Папы), ад таго, каб паследаваць гэтаму прыкладу ў больш афіцыйнай манеры.

На дадзены момант прайшло 135 дзён з таго часу, як чацвёра кардыналаў: Вальтэр Брандмюлер, Рэйманд Бёрк, Карла Кафара і Ёахім Майснер даслалі Папу свой ліст, інфармуючы яго пра свае dubia, альбо тэалагічныя сумневы, адносна напісанай Папам адгартацыі. Больш за 25 000 каталікоў падпісалі петыцыю ў падтрымку гэтай спробы. У справу ўмяшаліся таксама навукоўцы і біскупы, але ад Папы пакуль не было адказу.

Аўтары супольнай заявы брацтваў працягваюць:

Гэтая заява з’явілася ў святле працяглага пашырэння разыходжанняў у разуменні і павелічэння падзелаў на практыцы. Яўна патрабуецца праясненне, каб выправіць няправільнае ўжыванне апостальскай адгартацыі дзеля падрыву святой Традыцыі. Таму мы дзякуем паважаным чатыром кардыналам, якія нядаўна падалі свае dubia Святому Пасаду, просячы аб гэтым праясненні. Брацтвы лічаць, што гэты ўчынак быў зроблены з любові да Касцёла і з дбаннем аб збаўленні душаў. Як растлумачылі самі кардыналы, гэты крок быў прадпрыняты з глыбокай павагай да Святога Айца, Папы Францішка, і не павінен выкарыстоўвацца для пашырэння раздзелаў у Касцёле. Вялікая небяспека для адзінства Касцёла з прычыны павелічэння маральнага рэлятывізму павінна быць шчыра прызнаная і канкрэтна вырашаная.

Як пастыры душаў, мы добра здаём сабе справу, што мужчыны і жанчыны сустракаюцца сёння са шматлікімі праблемамі. Мы імкнемся дапамагчы нашым людзям, якія часта жывуць у складаных сітуацыях, пачуць заклік Хрыста і Яго Евангелля. Гэтая праца робіцца лягчэйшай, калі Касцёл выкладае сваё навучанне смела і ясна. Істотна таксама і тое, каб дысцыпліна Касцёла заўсёды следавала Яго дагматычнаму вучэнню. У прыватнасці, паколькі ў нашыя часы існуе шмат замяшання, неабходна праясніць, што святую Камунію нельга ўдзяляць асобе, якая выбірае жыццё ў сэксуальных адносінах з чалавекам, які не з’яўляецца сапраўдным мужам альбо жонкай гэтай асобы.

Аўтары настойваюць, што такая яснасць у навучанні не супярэчыць праявам міласэрнасці, бо гэта і ёсць праява міласэрнасці:

Просьба аб гэтым праясненні, якое паўтарае адвечнае вучэнне Касцёла, гэта ўчынак братняй любові верных сыноў Касцёла, якія звяртаюцца да Вярхоўнага Пастыра ў пошуку яго айцоўскай парады. Нашым жаданнем з’яўляецца тое, каб гэтае праясненне дазволіла нам і іншым каталіцкім святарам і дыяканам выконваць нашае служэнне верна і эфектыўна. Мы спадзяемся, што гэтая просьба аб праясненні будзе нагодай для Святога Айца накарміць свой статак, які даверыў яму Пан, і паклапаціцца пра яго, а таксама падтрымаць нас, духавенства, у гэтых жа справах.

Заява святарскіх брацтваў паходзіць ад пакуль найвялікшай аб’яднанай групы, якая далучаецца да падтрымкі dubia.


Аўтар: Steve Skojec
Крыніца: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1P5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар