Кардынал Мюлер: “Смяротны грэх не можа суіснаваць з асвячальнай ласкай”

Кардынал Герхард Мюлер, прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры даў новае інтэрв’ю, у якім ён пракаментаваў некаторыя рэчы, звязаныя з папскім дакументам Amoris Laetitia. Яго словы можна разглядаць як ускосны адказ на пытанні чатырох кардыналаў.

Кардынал Мюлер размаўляў з італьянскім часопісам Il Timone, у лютаўскім нумары якога і было апублікавана гэтае інтэрв’ю. Першым на яго звярнуў увагу італьянскі ватыканіст д-р Сандра Маджыстэр, а пазней ён апублікаваў пэўныя ўрыўкі з гэтага інтэрв’ю на англійскай мове. Маджыстэр кажа, што нямецкі кардынал спачатку не адказваў на dubia, калі іх даслалі яму наўпрост, але, дадае ён:

Каб навярстаць, цяпер Мюлер уносіць яснасць праз вялікае інтэрв’ю, якое выходзіць сёння [1 лютага] у часопісе Il Timone і якое правялі рэдактар Рыкарда Каш’ёлі і Ларэнца Бертоккі. У інтэрв’ю кардынал не выкарыстоўвае слова dubia, але ён кажа “aperitis verbis” [адкрытымі словамі] аб тым, што чацвёра кардыналаў прасілі праясніць. Таксама ён робіць выпад супраць тых біскупаў, якія сваёй інтэрпрэтацыйнай “сафістыкай” — кажа ён — не выступаюць лідарамі для вернікаў, а “рызыкуюць зрабіцца сляпымі, што водзяць сляпых”.

На пытанне, ці можа існаваць супярэчнасць паміж вучэннем і асабістым сумленнем, кардынал Мюлер адказвае ў інтэрв’ю ясна: “Не, гэта немагчыма”. Ён працягвае:

Напрыклад, нельга казаць, што існуюць абставіны, з прычыны якіх учынак чужалоства перастае быць смяротным грахом. Згодна з каталіцкай дактрынай, немагчыма, каб смяротны грэх суіснаваў з асвячальнай ласкай. Каб абысці гэтую абсурдную супярэчнасць, Хрыстус устанавіў для вернікаў сакрамэнт пакаяння і паяднання з Богам і з Касцёлам. [вылучэнне 1Р5]

Гэтымі словамі прэфект, адказны за веравучэнне, адкідвае неадназначныя каментарыі, якія бяруць пачатак з Amoris Laetitia і кажуць пра супрацьлеглае. Кардынал Мюлер падкрэслівае, што “Amoris Laetitia трэба ясна інтэрпрэтаваць у святле ўсяго вучэння Касцёла”; ён дадае, што яму “не падабаецца, гэта няправільна, што так шмат біскупаў інтэрпрэтуе Amoris Laetitia, згодна са сваім спосабам [больш суб’ектыўнага] разумення папскага вучэння”.

Мюлер працягвае:

Гэта [больш суб’ектыўны індывідуальны шлях] не згаджаецца з лініяй каталіцкага вучэння. Папскі магістэрый можа інтэрпрэтавацца толькі самім Папам альбо праз Кангрэгацыю дактрыны веры. Папа інтэрпрэтуе біскупаў, а не біскупы інтэрпрэтуюць Папу. Гэта было б інверсіяй структуры Каталіцкага Касцёла. Усіх тых, хто зашмат размаўляе, я заахвочваю спачатку вывучыць дактрыну [сабораў] пра папства і епіскапат. Біскуп, настаўнік Слова, павінен спачатку быць сам добра сфармаваны, каб не зрабіцца “сляпым, які водзіць сляпых”. [вылучэнне 1Р5]

У інтэрв’ю ад 1 снежня 2016 года кардынал Мюлер таксама падкрэсліваў, што мясцовы біскуп павінен сцісла прытрымлівацца вучэння Касцёла. Гэтая частка таго інтэрв’ю, як мы тады казалі, на жаль, прайшла незаўважанай і такою застаецца. Таксама мы нядаўна паведамлялі, што кардынал Мюлер зноў настойваў, што фрагмент паслясінадальнага дакумента Familiaris Consortio (параграф 84) вельмі ясна сцвярджае, што разведзеныя і паўторна жанатыя асобы павінны жыць у пастаянным і шчырым устрыманні, калі яны хочуць атрымаць доступ да сакрамэнтаў. Гэтае самае ён паўтарае і ў новым інтэрв’ю, такім чынам самастойна адказваючы на некаторыя з dubia:

Пытанне: Адгартацыя святога Яна Паўла ІІ Familiaris Consortio ставіць умову, што разведзеныя і паўторна жанатыя пары, якія не могуць разысціся, павінны імкнуцца [sic] жыць ва ўстрыманні, каб прымаць сакрамэнты. Ці гэтае патрабаванне яшчэ мае сілу?

Адказ: Вядома, гэта абавязковая ўмова, таму што гэта не толькі пазітыўны закон Яна Паўла ІІ: ён выказаў істотны элемент хрысціянскай маральнай тэалогіі і сакрамэнталогіі. Замяшанне па гэтым пытанні звязана яшчэ з непрыманнем энцыклікі Veritatis Splendor, якая ўтрымлівае яснае вучэнне пра “intrinsece malum [унутрана дрэнныя ўчынкі]”. [вылучэнне 1Р5]

Мюлер паўтарае тое, што ён казаў раней, а менавіта ён настойвае, што нават Папа не можа змяніць істоту сакрамэнту сужэства:

Для нас сужэнства з’яўляецца выразам ўдзелу ў еднасці паміж Хрыстом-Жаніхом і Касцёлам-Нявестай. Гэта не проста, як казалі некаторыя падчас Сінода, простая расплывістая аналогія. Не! Гэта істота сакрамэнту, і ніводная ўлада на небе і на зямлі, ані анёл, ані Папа, ані сабор, ані біскупская пастанова не можа змяніць гэтага.

Затым кардынал Мюлер прапануе, каб мы больш глыбока вывучалі дактрыну Касцёла, каб пазбегнуць хаосу і далейшага замяшання. Ён таксама адкідае выкарыстанне сафістыкі ў прымяненні да сужэнства:

Я заклікаю кожнага спачатку разважыць вывучэнне дактрыны Касцёла, пачынаючы ад Божага Слова ў Святым Пісанні, якое ясна кажа пра сужэнства. Я таксама раю не ўваходзіць ва ўсялякую казуістыку, якая лёгка выклікае непаразуменні, найперш такое, згодна з якім, калі каханне памірае, то і сужэнская сувязь становіцца мёртвай. Гэта ўсё сафістыка: Божае Слова вельмі яснае, і Касцёл не прымае секулярызацыі сужэнства. Задачай святароў і біскупаў з’яўляецца не ствараць замяшанне, але ўносіць яснасць. Нельга спасылацца толькі на кароткія фрагменты, якія прысутнічаюць у Amoris Laetitia, але яе трэба чытаць цалкам, з мэтай зрабіць Евангелле сужэнства і сям’ю больш прывабнымі для людзей. Гэта не Amoris Laetitia справакавала неадназначныя інтэрпрэтацыі, гэта некаторыя заблыталі свае інтэпрэтацыі. Кожны з нас павінен зразумець і прыняць вучэнне Хрыста і Яго Касцёла, і ў той самы час быць гатовым дапамагаць іншым зразумець яго і ажыццявіць нават у складаных сітуацыях. [вылучэнне 1Р5]

Гэтае новае інтэрв’ю з’яўляецца сюрпрызам, бо толькі нядаўна кардынал Мюлер папракнуў чатырох кардыналаў за публікацыю сваіх dubia, што, паводле Мюлера, аказала ціск на Папу. Тады ён таксама заўважыў, што публічнага выпраўлення Папы не будзе, таму што “не існуе небяспекі для веры”. Больш за тое, ён адзначыў, што “Amoris Laetitia вельмі ясна прадстаўляе сваё навучанне”.

Такім чынам, хоць Мюлер усё яшчэ, па сутнасці, падтрымлівае свае папярэднія заявы, цяпер ён безумоўна і істотна адкідае тыя часткі Amoris Laetitia, якія выклікаюць шмат замяшання (што ён ужо рабіў у маі 2016 года). Фактычна, тут ён кажа таксама і пра нядаўна прадстаўленыя біскупскія інструкцыі, напрыклад, інструкцыі біскупаў Мальты і Аргентыны. Будзем спадзявацца, што гэтая заява прэфекта Кангрэгацыі дактрыны веры прынясе добры і трывалы плён, які праявіцца ў рашучым спыненні гэтага двухсэнсоўнага і дэзарганізуючага замяшання.


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыйнае фота: Jolanta Dyr (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі OnePeterFive.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

1 Каментар да "Кардынал Мюлер: “Смяротны грэх не можа суіснаваць з асвячальнай ласкай”"

Leave a Reply

Сартаваць:   найноўшыя | найстарэйшыя | найбольш галасоў
Ян Грос
Госць
Ян Грос

Цікавыя рэчы

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: