02.02.2017 / Te igitur

Te igitur — адзін год🕑 6 хвілін

Дакладна год таму была заснавана першая версія вэб-сайта Te igitur. Сёння рэдакцыя карыстаецца нагодай, каб падвесці вынікі працы ў 2016 годзе, прыблізна накрэсліць чаго чакаць у будучыні, а таксама падзякаваць нашым дабрадзеям.

ПАДЗЯКІ

Першае дзякуй дасылаем асобам, якія натхнілі стварэнне гэтай старонкі, якая пачыналася з інтэрв’ю рэдакцыі Rorate Caeli з біскупам Атаназіусам Шнайдэрам. Чаму менавіта з гэтага інтэрв’ю? Таму што (а) былі людзі, якія хацелі прачытаць гэта не па-польску; (б) рэдка хто з сённяшніх біскупаў можа настолькі дакладна і зразумела паказаць праблемы ў Касцёле і падтрымаць вернікаў, якія з імі сутыкаюцца. (Слова “можа” тут прыходзіцца ўжыць у сэнсе і магчымасці, і здольнасці, і жадання.) Попыт, як зазвычай, і нарадзіў прапанову.

Тое інтэрв’ю ў чымсьці склала агульную канцэпцыю праекта Te igitur: побач з артыкуламі на літургічныя тэмы з’явіўся даволі вялікі раздзел Pro bono ў абарону каталіцкай веры. Наўрад ці ў дадзены момант нам удасца сфармуляваць гэта больш трапна, але старажытная фармулёўка “lex orandi, lex credendi” была прыдумана не для прыгожага слова, бо пытанні веры і літургіі ўсё ж глыбока звязаныя. Зрэшты, кожны можа праверыць гэтую сувязь на практыцы, варта толькі гэтым займацца і назіраць.

Другое дзякуй кажам нашым шматлікім аўтарам, якія не толькі ахвотна дазвалялі перакладаць свае тэксты, але і самі прапанавалі свае паслугі і, кажучы проста, дадатковую працу. Чаму так? Бо там на гэта глядзяць, як на дабро для Касцёла і пашырэнне ўласнай аўдыторыі. У нас жа гэта часцей лічыцца ці не за “крадзёж працы” і “як жа гэта яны маім карыстацца будуць”. Таму і пераклады пераважна з’яўляюцца не з польскай мовы, а з англійскай, а з некаторымі аўтарамі мы ўжо маем агульную дамоўленасць на пераклад тэкстаў без патрэбы кожны раз ліставацца. Многія з размешчаных тут літургічных артыкулаў мы шчыра лічым несмяротнымі за якасную аналітыку, пераканаўчыя аргументы і важнасць тэматыкі. Адпаведна, ганарымся людзьмі, здольнымі так пісаць, а таксама магчымасцю з імі працаваць.

Хапала ў гэтым годзе і сур’ёзнага супрацоўніцтва. Варта згадаць прынамсі Дэкларацыю вернасці вучэнню Касцёла ад асацыяцыі Filial Appeal (на дадзены момант яе падпісала больш за 33 тыс. асобаў), прамову кардынала Сара на канферэнцыі Sacra Liturgia і інструкцыі наконт прымянення Amoris Laetitia ад кардынала Антанэлі з Пантыфікальнай рады па справах сям’і. Вядома, даўжыня і складанасць тэкстаў не кампенсуюцца іх чытанасцю, але спадзяемся, што камусьці яны прыйшліся даспадобы.

Асобнае дзякуй фатографам, якія здымаюць набажэнствы і робяць свае працы даступнымі пад свабоднай ліцэнзіяй. Дзякуючы гэтаму ў нас ніколі не ўзнікала праблемаў з ілюстрацыяй артыкулаў.

Трэцяе дзякуй накіроўваецца да чытачоў, асабліва да тых, якія каментавалі артыкулы, пісалі ў прыватныя паведамленні з падзякай за працу і прапаноўвалі матэрыялы для перакладу. Дзякуй таксама ўсім, хто дзяліўся нашымі артыкуламі ў сацыяльных сетках і выпраўляў нашыя памылкі. Без вашай увагі тут было б нашмат больш сумна.

СТАТЫСТЫКА

За мінулы год мы апублікавалі 128 артыкулаў пры першапачатковым плане ў 60-90. Не апошнюю ролю тут адыграла слаўная апостальская адгартацыя Amoris Laetitia, з-за якой трэба было кідаць важныя артыкулы дзеля тэрміновых. Гледзячы па ўсім, перабольшваць план трэба будзе і ў гэтым годзе.

Агулам такая колькасць артыкулаў назбірала 7500 праглядаў і прыкладна ў два разы меней візітаў (на адзін візіт прыходзілася каля 2 пераходаў на старонкі). Найбольш папулярнымі былі артыкулы:

У сацсетках найбольшую папулярнасць здабыў артыкул Канкрэтна пра адпусты (ад цудоўных аўтараў WOTIW), што не дзіўна, бо там насамрэч усё вельмі канкрэтна. У фармаце PDF найчасцей адкрываліся два дакументы: Святыя Рымскага Канона і Каментарыі Аны Сілвас да Amoris Laetitia.

Абсалютная большасць карыстальнікаў наведала сайт з тэрыторыі Беларусі. Чытачы з Польшчы, ЗША і Велікабрытаніі заходзілі сюды амаль аднолькава часта (альбо хутчэй рэдка). Найчасцейшы браўзер — Google Chrome, найпапулярнейшая аперацыйная сістэма — Windows, найлепшы тэлефон — Samsung. Зрэшты, гэта і без нас вядома. Прыкладна 2/3 асобаў чытаюць нас з камп’ютэраў альбо ноўтбукаў, на што мы і разлічваем пры афармленні сайта.

ГЭТА МАЛА ЦІ ШМАТ?

Гледзячы як лічыць. Для сайта, дзе пішуць на даволі вузкія і дзіўныя тэмы, ды яшчэ і на “уміраюшчэм языке”, зусім нямала. Кажам гэта сур’ёзна, бо маем, з чым параўнаць. З іншага боку, можна было б і больш, але “больш” будзе звязана (а) са спрашчэннем тэкстаў; (б) з іх скарачэннем; (в) са з’яўленнем навінаў накшталт “амерыканскаму біскупу далі па фэйсу ВІДЭА”.

Што да (а), дык спрашчаць няма куды, бо літургічных колераў і так усяго пяць, а не ведаць іх сімволіку ў ХХІ стагоддзі крыху сорамна.

Варыянт (б) таксама, на жаль, не пройдзе, бо каштоўныя і вартыя рэчы патрабуюць высілку, звязанага з чытаннем даўгіх тэкстаў. Той жа Антон Паўлавіч Чэхаў, хоць і хваліўся “сцісласцю, сястрою таленту”, аднак неяк здолеў напісаць 18 тамоў. Таксама і Пан Бог захацеў пакінуць нам Святое Пісанне ў фармаце тоўстых кніг, а не відэа на Youtube, хоць напэўна мог бы. Такім чынам, прыходзіцца прызнаць, што калі чалавек набыў здольнасць толькі да чытання загалоўкаў (якіх тут не фабрыкуем) і лідаў (якіх тут не пішам, бо няма сэнсу кагосьці спакушаць), то гэты від спорту, на жаль, не для яго. У якасці замены можам прапанаваць мэйнстрымныя каталіцкія суполкі ў кантакце, дзе ёсць малюначкі, цытаты і шмат лайкаў.

Наконт варыянту (в) скажам, што біцця біскупаў рашуча не падтрымліваем, а “журналістыкай зла”, да якой зусім нядаўна не заахвочвала душпастырства хрысціянскіх журналістаў, таксама не займаемся. Што праўда, дабра і спакою таксама адмыслова не шукаем, а зла не адсейваем, бо Аргентына ёсць Аргентына, і пра ўсё мусіць быць напісана. Таму будзем пісаць, як пішацца, а вы глядзіце.

БЮДЖЭТ

Не самая цікавая частка штогадовай справаздачы, але шануем права чытача ведаць, хто з чаго жыве. Ад ліпеня 2016 года гэты сайт пераехаў з бясплатнай пляцоўкі ў сваё ўласнае дарослае жыццё. Вось прыблізныя выдаткі на яго існаванне з таго часу:

  • хостынг: $ 12 (буйная зніжка на першыя 12 месяцаў);
  • афармленне: $ 52;
  • апостальская адгартацыя Amoris Laetitia — 7 рублёў;
  • апостальскі ліст Misericordia et Misera — 3 рублі;
  • энцыкліка Ecclesia de Eucharistia — 6 рублёў;
  • адукацыйныя DVD для святароў ад FSSP — $ 48 + 11 рублёў дзяржаўнай пошліны.

Усе гэтыя кошты, а таксама выдаткі на Інтэрнэт, электрычнасць і ваду аплочваюцца з ўласнай кішэні. Сайт не атрымлівае дапамогі ані ад структураў Касцёла, ані ад чытачоў, ані ад SSPX (прыналежнасць якіх да Касцёла не аспрэчваем).

ШТО ДАЛЕЙ?

Кожны праект калісьці мусіць скончыцца. Калі скончыцца гэты? На жаль ці на шчасце, пакуль яшчэ пажыве, бо ягоныя мэты не выкананыя. Калісьці нашыя касцёлы будуць ламіцца ад міністрантаў, а ў абрады вернуцца прыгажосць і аздоба. Калісьці ў адказ на звон кадзільніцы не будзе гучаць пытанне “а зачэм?”; рукі будуць складаць перад грудзямі, а не на жываце; пры парафіях з’явіцца літургічная катэхэза для дарослых. Калісьці скончыцца дыктатура супраць традыцыйнай лацінскай Імшы. Калісьці за камунікант на падлозе святары будуць ляжаць крыжам, а за скрадзены цыборый з Целам Хрыста біскуп аб’явіць тры дні перапрашальных набажэнстваў.

Пакуль так не станецца, нашай працы не будзе дастаткова. А працаваць ёсць над чым, бо працы, як заўсёды, значна больш за колькасць наяўных рук. Афішаваць штосьці канкрэтнае на дадзены момант надта рана, але навіны будуць, як і рэальныя нагоды падтрымаць традыцыйны літургічны рух у Беларусі. Пакуль што просім маліцца за рэдакцыю, аўтараў і чытачоў, пісаць нам свае думкі і прапановы, а таксама далучацца да старонак у ФБ, ВК і да Твітара.

Laudetur Iesus Christus!


Фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA), Servus Tuus (CC BY-SA),

Пакінуць каментар

Scroll Up