На сённяшні дзень Касцёл выкарыстоўвае пяць розных колераў святога ўбрання: белы, чырвоны, зялёны, фіялетавы і чорны. Да шостага стагоддзя рэдка выкарыстоўваліся іншыя колеры, як толькі белы (Kozma, 73), а ў часы Папы Інакенція ІІІ (ХІІІ ст.) не выкарыстоўваўся фіялетавы колер, бо гэты пантыфік не згадвае яго, калі пералічвае чатыры колеры, якія выкарыстоўваліся ў тыя дні (De Sacr. Altaris Myster., p. 86). Аднак тое, што гэты колер быў уведзены ў хуткім часе пасля выхаду кнігі Папы Інакенція ІІІ, бачна з твору Дзюрана Rationale Divinorum, які з’явіўся каля 1280 года (Папа Інакенцій ІІІ памёр у 1215 годзе).

Белы колер з’яўляецца сімвалам чысціні, нявіннасці і славы і выкарыстоўваецца ў асаблівыя святы нашага Пана і Благаслаўлёнай Дзевы, а таксама ў святы анёлаў, дзеваў і вызнаўцаў.

Чырвоны колер, сімвал адвагі, адпавядае перыяду Пяцідзесятніцы і нагадвае “языкі агню”; ён таксама выкарыстоўваецца ў святы апосталаў і мучанікаў, а таксама ў святы Мукі Пана.

Зялёны колер, сімвал надзеі, выкарыстоўваецца падчас перыяду ад актавы Эпіфаніі да Сямідзесятніцы і ад актавы Пяцідзесятніцы да перыяду Адвэнту.

Фіялетавы колер, колер пакаяння, выкарыстоўваецца падчас усіх нагодаў публічнага смутку і журбы, у перыяды посту і пакаяння, а таксама ва ўсіх працэсіях, якія непасрэдна не датычацца Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэты колер таксама выкарыстоўваецца ў свята святых Немаўлятаў з увагі на плач у Ерузалеме, калі іх забівалі па загадзе Ірада. Але калі гэтае свята прыпадае на нядзелю, то колер змяняецца на чырвоны, які выкарыстоўваецца падчас усёй актавы, бо лічыцца, што плач ужо мусіў спыніцца ў гэты час, а нядзеля павінна заўсёды адзначацца з радасцю і хвалою (De Herdt, Sacr. Liturg. Praxis, i, p. 190; Bouvry, Expos. Rubr., ii. 199).

Чорны колер па прычыне свайго цёмнага выгляду і таму, што гэта супрацьлегласць усякаму колеру, выкарыстоўваецца падчас Імшаў і Афіцыя за памерлых, а таксама ў Вялікую Пятніцу на ўспамін пра вялікую цемру, якая пакрыла зямлю, калі наш Пан быў укрыжаваны.

У старажытныя часы ў шматлікіх касцёлах існаваў звычай выкарыстання ў Вялікую Пятніцу шафранавага колеру, каб прыгадаць помслівасць габрэяў, якія выдалі Збаўцу на смерць. Шафранавы ж колер звязаны з жоўцю. Пішучы пра гэта, Белот заўважае: “Croceo namque seu flavo colori bilis assimilatur, cujus sedes et imperium in praecordiis et visceribus Judaeorum nedum iram sed et irae furorem provocavit adversus Dominum et adversus Christum ejus” (Church of Our Fathers, ii. 263). З гэтай самай прычыны здраднік Юда выяўляўся на сярэднявечных палотнах з валасамі колеру паміж чырвоным і жоўтым. Да гэтага часу у многіх краінах юдэі абавязаны насіць жоўты знак, каб усе маглі адрозніваць іх ад іншых людзей (ibid.).

Мясцовыя звычаі і прывілеі. — У Францыі чырвоны колер выкарыстоўваўся замест белага ў святы Найсвяцейшага Сакрамэнту. У мінулыя часы Іспанія мела рэдкі прывілей выкарыстання нябеснага колеру ў святы Найсвяцейшай Панны. Некаторыя, аднак, абмяжоўваюць гэты прывілей да свята Беззаганнага Зачацця, але мы не змаглі даведацца, ці сапраўды існуе такое абмежаванне. Набор літургічнага ўбрання, набыты для гэтай нагоды ў 1843 годзе, каштаваў агромністых грошай у $14000 (Dublin Review, 1845, article Spain, vol. xviii.; Church of Our Fathers, ii. 259, note 32). Паводле нашых надзейных дадзеных, гэтыя блакітныя прадметы ўбрання калісьці былі шырока распаўсюджаныя ў Англіі. У Дагдэйлавай гісторыі сабора св. Паўла ў Лондане [18] мы знаходзім пералік маёмасці катэдры ў 1295 годзе, сярод якой ёсць некалькі прадметаў убрання блакітнага колеру; а ў перапісе маёмасці Лінкальнскай катэдры згадваюцца “арнат з блакітнай тканіны, капа таго ж колеру, капа з залатой тканіны” (Church of Our Fathers, ii. 260, note 33). Біскуп Уайкхэм пакінуў свайму касцёлу ў Віндзары ў спадчыну “сваё новае ўбранне з блакітнай тканіны, у палоску і ўпрыгожанае залатымі львамі” (ibid.).

У сарумскім абрадзе падчас Вялікага посту не выкарыстоўваліся іншыя колеры, акрамя чырвонага. Вялікі сабор у Пітэрбора меў дваццаць сем “чырвоных альбаў” для тыдня Мукі Пана. Амбразіянскі абрад таксама прадпісвае чырвоны колер для гэтага сезона, як і шматлікія касцёлы ў Францыі (ibid.).

У трэцюю нядзелю Адвэнту і чацвёртую нядзелю Вялікага посту, якія называюцца адпаведна “Gaudete” і “Laetare” [19], ад першых словаў інтроітаў гэтых дзён, кардыналы замест свайго звычайнага колеру носяць ружовы; і гэта таксама колер іх вулічнага адзення ў гэтыя дні (Martinucci, vi. 504).

Д-р Моран, цяперашні біскуп Асрайге, у кнізе “Discipline of the Early Irish Church” перадае цікавы ўрывак са старажытнай ірландскай кнігі пад назвай “Leabhar Breac”, якая, як мяркуюць, была напісаная каля шостага стагоддзя. Гэты ўрывак датычыцца колераў святога ўбрання:

“Розум святара павінен дастасоўвацца да разнастайнасці і значэння кожнага паасобнага колеру, быць напоўненым пільнасцю і пашанай, адмовіцца ад амбіцый і пыхі, калі ён разважае, што азначаюць розныя колеры.

Белы колер азначае, што ён павінен быць напоўнены замяшаннем і сорамам, калі яго сэрца не з’яўляецца чыстым і ззяючым, а ягоны розум не такі, як марская пена, альбо як мел на франтоне араторыя, альбо як колер лебедзя на сонцы — гэта значыць, без усялякага бруду граху, вялікага альбо малога.

Чырвоны колер азначае, што ягонае сэрца павінна дрыжаць у грудзях з-за страху і боязі перад Божым Сынам, бо шрамы і раны Божага Сына былі чырвонымі, калі Ён быў прыбіты да крыжа няверуючымі габрэямі.

Зялёны колер азначае, што ён павінен быць напоўнены вялікай стомай розуму і сэрца, бо пад гэтым колерам маецца на ўвазе ягонае пахаванне пад зямлёю напрыканцы жыцця, бо зялёны колер — гэта першапачатковы колер зямлі.

Фіялетавы колер азначае, што ён павінен згадваць Езуса, Які прабывае ў нябёсах у поўні сваёй хвалы і велічы, з дзевяццю хорамі анёлаў, якія праслаўляюць Стварыцеля праз усю вечнасць.

Чорны колер азначае, што ён павінен праліваць горкія слёзы за свае грахі, каб не быць асуджаным на супольнасць з д’яблам і не прабываць вечна ў бясконцым болю”.

З усяго гэтага мы ясна бачым, што ажно ў шостым стагоддзі некаторыя касцёлы мелі ў выкарыстанні ўсе колеры, якімі мы карыстаемся сёння.

Нашыя рэмаркі пра святое ўбранне мы заканчваем на тым, што сёння выкарыстоўваюцца таксама рэчы, зробленыя з чыстай залатой тканіны. Яны могуць ужывацца замест чырвонага, белага альбо зялёнага колеру (S. R. C, 28 красавіка 1866 года, 3644 [2]). Рэчы з іншага матэрыялу жоўтага колеру цалкам забароненыя і не могуць ужывацца без дазволу Святога Пасаду.

Колеры ўбрання ва Усходніх Касцёлах. — Грэцкая Царква выкарыстоўвае толькі два колеры на працягу ўсяго года: белы і чырвоны, на ўспамін пра тое, што Нявеста кажа ў Песні над песнямі: “Каханы мой белы, румяны”. Белы з’яўляецца іх асноўным колерам; чырвоны ж выкарыстоўваецца на ўсіх Імшах за памерлых і на працягу Вялікага посту. Грэкі кажуць, што гэты колер больш за іншыя адпавядае гэтаму перыяду, бо ў гэтым часе мы робім учынкі пакаяння за праліццё нявіннай крыві нашага Боскага Збаўцы (Goar, Euchol. Graecorum, 113).

У Каментарыі да літургіі св. Базыля (с. 160) Рэнадо кажа нам, што копты не карыстаюцца іншымі колерамі, як толькі белым, з той прычыны, што падчас свайго слаўнага Перамянення на гары Табор Пан з’явіўся менавіта ў гэтым ззяючым колеры. Адзін з копцкіх канонаў на гэты конт кажа наступнае: “Убранне для служэння Імшы павінна быць белага колеру, і ніякага іншага; бо, калі Хрыстус перамяніўся, ён меў вопратку, ззяючую, як святло” (ibid.). Калі варта надаваць увагу словам турыстаў з тых мясцін, то сёння копты звяртаюць мала ўвагі на гэты канон і выкарыстоўваць убранне самых розных колераў і адценняў.

Мараніты выкарыстоўваюць тыя ж колеры, што і мы.

Сірыйцы неабыякавыя да фіялетавага і зялёнага колераў, і таму нярэдка здараецца, што іхнія арнаты адначасова спалучаюць гэтыя колеры (Denzinger, 131).

Армяне дазваляюць сваім лектарам насіць мантыі з пурпурнага шоўку, падобныя да нашай капы. Іхнія экзарцысты носяць гіяцынтавыя мантыі, а акаліты чырвоныя (ibid. 133).

Паводле Бэджэра (The Nestorians and their Rituals, i. p. 226), убранне ў нестарыянаў белае; але той самы аўтар кажа, што пас і стула ў іх маюць белыя і блакітныя крыжыкі наперамен, вышытыя на квадратах таго ж колеру.

Сказаўшы ўсё, што, на нашу думку, трэба было сказаць пра святое ўбранне і яго колеры, мы пераходзім да наступнай групы святых прадметаў, а менавіта да алтарнага посуду.

Тут трэба заўважыць — мы хацелі зрабіць гэта раней, але забыліся — што, паколькі нашая кніга не з’яўляецца цырыманіялам, чытачу не варта тут шукаць дэталі і выключэнні з правілаў, якія можа ахапіць толькі цырыманіял. Галоўныя рэчы мы падаём, а там, дзе мы палічылі гэта цікавым для чытача, мы сыходзім да шматлікіх дробных дэталяў, бо ў тых рэчах, якія маюць дачыненне да Імшы, няма нічога малазначнага. Прыносім гэтыя прабачэнні, каб нас правільна зразумелі.


[18] Сабор св. Паўла ў Лондане калісьці быў адным з самых шанаваных існуючых касцёлаў. Катэдра, вядомая як “стары св. Павел”, датуецца 1080 годам. Гэты цудоўны будынак меў калісьці 160 м у даўжыню, а вяршыня шпіля дасягала 150 м ад зямлі. Шпіль быў зроблены з дрэва і пакрыты свінцом, а пад крыжам знаходзіліся рэліквіі. 2 лютага 1444 года ў шпіль трапіла маланка, і ён быў часткова разбураны. Найбольшым скарбам і цікавасцю было тое, што калісьці ў гэтым саборы знаходзіліся рэліквіі Святой Крыві, дасланыя з Ерузалема каралю Генрыху ІІІ рыцарамі св. Яна і тампліерамі. Гэты каштоўны падарунак затым перанеслі ў Вестмінстэрскае абацтва, дзе тым, хто наведваў яго з адпаведнай паставай, быў прызначаны адпуст у 6 гадоў і 100 дзён (Ecclesiastical Antiquities of London, by Alex. Wood, M.A.).

[19] Чацвёртая нядзеля Вялікага посту вядомая як “нядзеля залатой ружы”, бо ў Рыме захоўваецца звычай асвячаць ружу, зробленую з чыстага золата, разам з мускусам і бальзамам. Абрад праводзіць сам Папа, і ў гэтую нядзелю асвячаную розу пантыфік праносіць у працэсіі ў сваю капліцу і з капліцы. Ружа, сімвал вечнага квітнення і свежасці неба, потым дорыцца як сімвал асаблівай прыхільнасці якому-небудзь вялікаму правіцелю, які аказаў пэўную паслугу Святому Пасаду. Папа Пій ІХ даслаў залатую ружу Марыі Тэрэзе, каралеве Неапаля, за аказаную яму дабрыню, калі ён мусіў бегчы ў Гаэту ў 1848 годзе. Ружы ён даслаў таксама імператрыцы Яўгеніі, жонцы Напалеона ІІІ, і Лізавеце, імператрыцы Аўстрыі (Kozma, 330, Sacramentals, by Rev. W. J. Barry, p. 110).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Br Joseph Bailham OP (CC BY-NC-ND).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар