Сутана — гэта доўгае верхняе адзенне, якое святары носяць у штодзённым жыцці, а таксама падчас выканання ўсіх святых функцый. На лацінскай мове сутана называецца vestis talaris, бо знізу яна дасягае ступняў. Многія манаскія законы носяць так званы хабіт, які не зашпільваецца спераду, як у секулярнага духавенства, а сцягваецца вялікім пасам.

У старажытныя часы сутана была вядомая як pellicea, часткова па той прычыне, што яна выраблялася са скуры жывёлаў, а часткова таму, што яна мела мехавую падшэўку. Адсюль жа паходзіць і лацінская назва комжы superpelliceum — тое, што носяць на pellicea (Kozma, 49).

Колер сутаны. — Колер сутаны змяняецца ў залежнасці ад годнасці таго, хто яе носіць, альбо ад манаскага закона, да якога той належыць. Кардыналы зазвычай носяць чырвоную сутану, але падчас перыядаў пакаяння і смутку яны носяць фіялетавую сутану. Колер біскупскай сутаны фіялетавы, але ў згаданыя перыяды яны мяняюць яе на чорную. Для святароў, якія не з’яўляюцца членамі нейкіх ордэнаў, колер сутаны заўсёды чорны.

Камальдулы [9], цыстэрцыянцы [10], картузіянцы [11] і дамініканцы [12] носяць белыя сутаны. Сільвестрыянцы [13] носяць цёмна-блакітныя сутаны. Трэці закон францысканцаў [14], браты меншыя канвентуальныя [15] і браты меншыя [16] носяць сутану папялістага колеру. Ераміты [17] носяць шэрыя сутаны. Калі члену якога-небудзь з гэтых ордэнаў надаецца кардынальская годнасць, ён захоўвае колер, адпаведны ягонаму ордэну ў тым, што датычыцца сутаны, аднак бірэта, дзукета і шапка павінны заўсёды быць чырвоныя (Martinucci, Manuale Coerem., vi. 505).

Папа Бенедыкт XII даў прывілей нашэння чырвонай сутаны дактарам тэалогіі і кананічнага права Парыжскага універсітэта. Кажуць, што той самы пантыфік пашырыў гэты прывілей на Оксфард (Church of Our Fathers, ii. 19, note 47). Сутаны студэнтаў многіх еўрапейскіх універсітэтаў маюць ззаду падвескі ў выглядзе крылаў. Гэта нагадвае пра звычай, які адзін час панаваў у Рыме, калі настаўнікі, ведучы сваіх вучняў у школу, трымаліся за гэтыя падвескі на знак чування над гэтымі вучнямі.

Колер папскай сутаны. — У штодзённым жыцці і падчас усіх урачыстых нагодаў Папа носіць сутану з белага шоўку (Kozma, Lit. Sacra Cathol., 72). Кажуць, што гэты звычай паходзіць з апостальскіх часоў, а заснавальнікам яго з’яўляецца святы Якуб Малодшы, першы біскуп Ерузалема. Як кажа ягоны жыццяпіс, гэты апостал заўсёды выходзіў у белым ільняным убранні. Св. Кірыл запэўнівае нас, што Ерузалемскі патрыярх заўсёды насіў белае, а таксама кажуць, што белае ўбранне насіў св. Пётр на ўспамін пра бліскучае адзенне, якое меў наш Боскі Пан падчас Перамянення на гары Табор (гл. Metropolitan, “Letters from Abroad,” January, 1855).

Усе Папы з найстаражытнейшых часоў насілі белае адзенне, што можна бачыць па старых мазаіках; таму можна меркаваць, што гэта сапраўды вельмі старажытны звычай, як мы і сказалі.


[9] Камальдулы былі заснаваныя св. Рамуальдам напачатку адзінаццатага стагоддзя і атрымалі сваю назву ад імя Мальдолі — чалавека, які ў адзінаццатым стагоддзі даў ім зямлю ў Апенінах.

[10] Цыстэрцыянцы бяруць сваю назву ад назвы першага кляштара Сіто (Cîteaux, лацCistercium); гэты ордэн заснаваў св. Роберт Малемскі з 1098 годзе.

[11] Картузіянцы бяруць сваю назву ад першага кляштара Гранд-Шартроз (Grande Chartreuse, лац. Cartusia), а заснаваў гэты закон св. Бруна ў 1084 годзе.

[12] Дамініканскі ордэн заснаваны св. Дамінікам у 1215 годзе; ён таксама завецца Ордэнам прапаведнікаў.

[13] Назва сільвестрыянцаў паходзіць ад імя іх заснавальніка Сільвестра Гацаліна (1230).

[14] Трэці ордэн францысканцаў, тэрцыярыі, быў заснаваны ў 1221 годзе.

[15] Адгалінаванне францысканцаў, якое было заснавана пасля 1302 года.

[16] Адгалінаванне францысканцаў, якое было заснавана пасля 1302 года.

[17] Заснаваныя ў чатырнаццатым стагоддзі некалькімі пустэльнікамі.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Fr Lawrence Lew OP (CC BY-NC-ND).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар