Пасля публікацыі апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia ў некаторых лакальных Касцёлах былі выдадзеныя нормы яе прымянення і тлумачэння, згодна з якімі разведзеныя асобы, што заключылі грамадзянскі шлюб з новым партнёрам, нягледзячы на факт існавання сакрамэнтальнай сувязі, якая злучае іх з законнымі сужэнцамі, дапускаюцца да прыняцца сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі без выканання Богам пастаўленага абавязку спыніць парушэнне сувязі іхняга сакрамэнтальнага сужэнства.

Сумеснае жыццё more uxorio (як муж і жонка) з асобай, якая не з’яўляецца законным сужэнцам, становіцца той самай знявагаю Запавету збаўлення, знакам якога з’яўляецца сакрамэнтальнае сужэнства (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2384), і, акрамя таго, яно зневажае сужэнскі характар самой Эўхарыстычнай таямніцы. Папа Бенедыкт XVI падкрэсліў гэтую сувязь наступнымі словамі: “Эўхарыстыя бясконца ўзмацняе непарыўнае адзінства і любоў кожнага хрысціянскага сужэнства. У ім моцай сакрамэнту сужэнскі вузел па сутнасці звязаны з эўхарыстычным адзінствам паміж Хрыстом-Абраннікам і Касцёлам-абранніцай (пар. Эф 5, 31-32)” (апостальская адгартацыя Sacramentum caritatis, 27).

Пастыры Касцёла, якія — хоць бы толькі ў выключных выпадках — дапускаюць альбо нават ухваляюць прыняцце сакрамэнту Эўхарыстыі разведзенымі асобамі, якія заключылі новы грамадзянскі “шлюб” і не апрануліся ў “вясельную вопратку”, хоць сам Бог у Святым Пісанні (пар. Мц 22:11 і 1 Кар 11:28-29) загадаў яе як неабходную ўмову годнага ўдзелу ў вясельнай Эўхарыстычнай вячэры, удзельнічаюць такім спосабам у пастаяннай знявазе сакрамэнтальнай сужэнскай сувязі, сужэнскага саюза паміж Хрыстом і Касцёлам і сужэнскага саюза паміж Хрыстом і душою, якая прымае Яго Эўхарыстычнае Цела.

Некаторыя лакальныя Касцёлы апублікавалі альбо рэкамендавалі душпастырскія інструкцыі ў наступнай альбо падобнай рэдакцыі: “Калі ж гэты выбар [жыцця ва ўстрыманні] на практыцы з’яўляецца цяжкім для стабільнасці пары, Amoris Laetitia не выключае магчымасці прыняцця сакрамэнтаў споведзі і Эўхарыстыі. Гэта азначае пэўную адкрытасць, падобна як і ў выпадку, калі існуе маральная ўпэўненасць, што першае сужэнства было несапраўдным, але існуе недахоп неабходных доказаў, каб давесці гэта на судовым працэсе. Такім чынам, няма ніякіх падставаў, паводле якіх спаведнік у пэўны момант у сваім сумленні, пасля шматлікіх разважанняў і малітваў, не мог бы прыняць на сябе адказнасць перад Богам і пенітэнтам, просячы, каб гэтыя сакрамэнты прымаліся без прыцягвання ўвагі”.

Згаданыя душпастырскія арыентыры супярэчаць усеагульнай традыцыі Каталіцкага Касцёла адносна неразрыўнасці сужэнства, якую праз бесперапыннае служэнне Пятра вярхоўныя Пантыфікі верна і без ценю сумневу альбо двухсэнсоўнасці захоўвалі як у вучэнні, так і на практыцы.

Акрамя таго, згаданыя душпастырскія арыентыры супярэчаць на практыцы наступным праўдам і веравучэнню, якім Каталіцкі Касцёл няспынна і надзейна навучаў.

• Захаванне Дзесяці Божых запаведзяў, а асабліва Шостай запаведзі, з’яўляецца абавязковым для кожнай чалавечай асобы без выключэння, заўсёды і ў кожнай сітуацыі. У гэтай сферы нельга дапускаць выключных выпадкаў ці сітуацый альбо казаць, што захаванне Божых запаведзяў з’яўляецца нейкім “больш дасканалым ідэалам”. Св. Тамаш Аквінскі кажа: “Запаведзі дэкалогу ўтрымліваюць намер самога заканадаўцы, гэта значыць Бога. Таму запаведзі дэкалогу не дапускаюць ніякага выключэння” (Summa Theol., 1-2, q. 100, ad. 8c).

• Маральныя і практычныя патрабаванні, якія выходзяць з захавання Дзесяці Божых запаведзяў, а асабліва з захавання непарушнасці сужэнства, з’яўляюцца не простымі нормамі ці пазітыўнымі законамі Касцёла, а выразам святой волі Бога. У гэтым кантэксце неабходна казаць не пра першынство асобы над нормамі права, але пра першынство Божай волі над грэшнай воляй чалавечай асобы, бо такім спосабам дадзеная асоба можа быць выратавана праз выкананне Божай волі з дапамогай Яго ласкі.

• Верыць у неразрыўнасць сужэнства і супярэчыць ёй сваімі ўласнымі ўчынкамі, лічачы сябе пры гэтым адначасова вольным ад цяжкага граху, а таксама супакойваючы сваё сумленне надзеяй на Божую міласэрнасць, — гэта самападман, перад якім перасцерагаў Тэртуліян, сведка веры і практыкі Касцёла першых стагоддзяў: “Некаторыя кажуць, што Богу дастаткова, калі Ён ушаноўваецца ў сэрцы і душы, а ў справах гэта праяўляць неабавязкова. Такім чынам, думаюць яны, можна зграшыць без парушэння боязі Божай і веры; гэта абсалютна тое самае, як калі б хто захоўваў прынцып цноты, апаганьваючы і разбэшчваючы пры гэтым святасць і цэласнасць сужэнскай сувязі” (Тэртуліян, Пра пакаянне, 5, 10).

• Захаванне Божых запаведзяў, а асабліва неразрыўнасці сужэнства, не можа быць прадстаўлена як вышэйшая праява ідэалу, да якога трэба імкнуцца, згодна з крытэрыем магчымага і выканальнага дабра. Наадварот, яно з’яўляецца абавязкам, які сам Бог недвухсэнсоўна загадаў выконваць і парушэнне якога, згодна з Яго словам, вядзе да вечнага асуджэння. Казаць вернікам супрацьлеглае азначала б падманваць іх і заахвочваць іх да непаслухмянасці Божай волі, ставячы такім чынам пад небяспеку іх вечнае збаўленне.

• Бог дае кожнаму чалавеку дапамогу для захавання Яго запаведзяў, калі той просіць Яго належным чынам, як адназначна вучыць Касцёл: “Бог не загадвае немагчымага, але ў загадах заахвочвае цябе рабіць тое, што ты можаш, і прасіць аб тым, чаго не можаш; Ён жа сам дапаможа, каб ты змог…” (Трыдэнцкі сабор, сесія 6, раздзел 11) і “Калі хтосьці кажа, што Божыя прыказанні немагчыма захаваць нават чалавеку апраўданаму і ўмацаванаму ў ласцы, няхай будзе адлучаны” (Трыдэнцкі сабор, сесія 6, канон 18). Кіруючыся гэтай адназначнай дактрынай, св. Ян Павел ІІ вучыў: “Захаванне Божага закону ў канкрэтных сітуацыях можа быць складаным, надзвычай складаным, але яно ніколі не з’яўляецца немагчымым. Гэта пастаяннае вучэнне традыцыі Касцёла…” (энцыкліка Veritatis splendor, 102). “Усе сужэнцы, згодна з Божым законам, пакліканыя да святасці ў сужэнстве, і гэтае высокае пакліканне здзяйсняецца ў той ступені, у якой людская асоба здольная адказаць са спакойнай душою на Божы заклік, ускладаючы надзею на Божую ласку і на ўласную волю” (апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 34).

• Плоцевы акт па-за сапраўдным сужэнствам, а асабліва чужалоства, заўсёды з’яўляецца аб’ектыўна цяжкім грахом, і ніякія абставіны, ніякая мэта не можа зрабіць яго дапушчальным альбо добрым перад Богам. Св. Тамаш Аквінскі кажа, што Шостая запаведзь абавязвае таксама ў тым выпадку, калі акт чужалоства мог бы выратаваць краіну ад тыраніі (De Malo, q. 15. 1, ad 5). Св. Ян Павел ІІ вучыў гэтай вечнай праўдзе Касцёла: “негатыўныя маральныя патрабаванні, гэта значыць тыя, якія забараняюць некаторыя ўчынкі і формы паводзінаў, дрэнныя па сваёй прыродзе, не дапускаюць ніякіх правамерных выключэнняў і не пакідаюць прымальнай з маральнага пункту гледжання магчымасці для “стварэння” супярэчных ім нормаў. Калі ў канкрэтным выпадку будзе вызначаны маральны характар дзеянняў, забароненых універсальным законам, то адзіным маральна добрым дзеяннем будзе падпарадкаванне маральнаму закону і ўстрыманне ад таго, што ён забараняе” (энцыкліка Veritatis splendor, 67).

• Чужаложны саюз разведзеных асобаў, якія заключылі паўторны грамадзянскі шлюб, што “ўмацаваўся” з часам і, як кажуць, характарызуецца так званай “праверанай вернасцю” ў граху чужалоства, не можа змяніць маральнай якасці іх учынку, які парушае сакрамэнтальную сужэнскую сувязь, гэта значыць не можа змяніць маральнай якасці іх чужалоства, якое заўсёды з’яўляецца ўнутрана дрэнным. Чалавек з сапраўднай верай і сыноўняй Божай бояззю ніколі не можа ставіцца з “разуменнем” да такіх унутрана дрэнных учынкаў, прыкладам якіх з’яўляюцца плоцевыя акты па-за сапраўдным сужэнствам, бо гэтыя ўчынкі зневажаюць Бога.

• Допуск разведзеных асобаў, якія заключылі новы свецкі “шлюб”, да святой Камуніі азначае на практыцы ўскоснае вызваленне ад захавання Шостай запаведзі. Ніводная касцёльная ўлада не мае права ўдзяліць такую ўскосную дыспенсацыю нават у адзінкавым выпадку, альбо ў выключнай ці складанай сітуацыі, альбо маючы пры гэтым на ўвазе дасягненне добрай мэты (напрыклад, выхаванне супольных дзяцей, народжаных у чужаложным саюзе), кіруючыся пры такой дыспенсацыі прынцыпам міласэрнасці, “via caritatis” (шляхам любові) альбо матчынай любоўю Касцёла, альбо сцвярджаючы, што не жадае ставіць міласэрнасці шматлікіх умоваў. Св. Тамаш Аквінскі сказаў: “Ніхто не мае права здзейсніць чужалоства для якой-небудзь карысці (pro nulla enim utilitate debet aliquis adulterium committere)” (De Malo, q 15, 1 ad 5).

• Норма, якая дазваляе знявагу Шостай Божай запаведзі і сакрамэнтальнай сувязі толькі ў адзінкавых выпадках альбо ў выключных сітуацыях, каб меркавана пазбегнуць агульнай змены кананічнай нормы, заўсёды, аднак, супярэчыць праўдзе і Божай волі. Адпаведна, казаць у такім выпадку пра абмежавальную норму альбо пра меншае зло ў параўнанні з устанаўленнем агульнай нормы недарэчна з псіхалагічнага пункту гледжання і памылкова з тэалагічнага пункту гледжання.

• Сапраўдны шлюб ахрышчаных асобаў з’яўляецца сакрамэнтам Касцёла і па сваёй прыродзе мае публічны характар. Суб’ектыўныя суджэнні сумлення пра несапраўднасць уласнага сужэнства, у адрозненне ад адпаведнага канчатковага рашэння касцёльнага суда, не могуць мець наступстваў у адносінах да сакрамэнтальнай дысцыпліны, якая заўсёды мае публічны характар.

• Касцёл, а канкрэтна служыцель сакрамэнту пакаяння, не мае паўнамоцтваў выносіць суджэнне пра стан сумлення дадзенага верніка альбо пра правільнасць намеру сумлення, бо “Ecclesia de occultis non iudicat” (Касцёл не судзіць укрытае) (Трыдэнцкі сабор, сесія 24, раздзел 1). Служыцель сакрамэнту пакаяння не з’яўляецца намеснікам альбо прадстаўніком Святога Духа і не мае здольнасці пранікаць з Яго святлом у найглыбейшыя сферы сумлення, бо Бог захаваў доступ да сумлення выключна для Сябе самога: “Sacrarium in quo homo solus est cum Deo”(святыня чалавека, дзе ён прабывае сам-насам з Богам) (II Ватыканскі Сабор, Gaudium et spes, 16). Спаведнік не можа прысвоіць сабе адказнасць перад Богам і пенітэнтам ускосна вызваляць апошняга ад захавання Шостай запаведзі і неразрыўнасці сужэнскай сувязі, дапускаючы яго да святой Камуніі. Касцёл не мае ўлады вырашаць пра наступствы адносна сакрамэнтальнай дысцыпліны на знешнім форуме, засноўваючыся на меркаваным перакананні сумлення (на ўнутраным форуме) дадзенай асобы пра неспраўднасць свайго сужэнства.

• Практыка, якая дазваляе разведзеным, так званым “паўторна жанатым” асобам, прымаць сакрамэнты пакаяння і Эўхарыстыі, нягледзячы на іх намер працягваць парушаць Шостую запаведзь і сувязь іх сакрамэнтальнага шлюбу, супярэчыла б Божай праўдзе і пастаяннаму меркаванню Каталіцкага Касцёла, а таксама праверанаму звычаю, які быў прыняты і верна захоўваўся ад часоў апосталаў, а нядаўна быў яўным чынам пацверджаны Папам св. Янам Паўлам ІІ (пар. апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 84) і Папам Бенедыктам XVI (пар. апостальская адгартацыя Sacramentum caritatis, 29).

• Згаданая практыка была б для кожнага думаючага чалавека адчувальным разрывам з пастаяннай і апостальскай практыкай Касцёла, а не з’яўлялася б развіццём у неразрыўнасці. Настолькі яўны факт нельга абвергнуць аргументамі: contra factum non valet argumentum. Такая душпастырская практыка была б антысведчаннем пра неразрыўнасць сужэнства і выглядам супрацоўніцтва Касцёла ў распаўсюджанні “пошасці разводаў”, перад якой перасцерагаў ІІ Ватыканскі сабор (пар. Gaudium et spes, 47).

• Касцёл вучыць тым, што ён робіць, і павінен рабіць тое, чаму вучыць. Пра душпастырскую дзейнасць адносна асобаў, якія знаходзяцца ў неўрэгуляваных саюзах, святы Ян Павел ІІ сказаў: “Пастырская дзейнасць у падобнай сітуацыі павінна заключацца ў тлумачэнні таго, што неабходна быць паслядоўным у жыццёвым выбары і ў вызнаванай веры; трэба імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб прывесці гэтых людзей да ўрэгулявання іхняга стану ў адпаведнасці з хрысціянскімі прынцыпамі. І хоць такіх людзей варта прымаць з вялікай любоўю і імкнуцца зацікавіць іх жыццём касцёльных супольнасцяў, усё ж пастыры Касцёла, на жаль, не могуць дапусціць іх да ўдзелу ў сакрамэнтах” (пар. апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 82).

• Сапраўднае суправаджэнне асобаў, якія знаходзяцца ў аб’ектыўным стане цяжкага граху, і адпаведны шлях душпастырскага распазнання не можа пазбегнуць абвяшчэння гэтым людзям з любоўю поўнай праўды пра Божую волю, каб яны ўсім сэрцам бедавалі пра грахоўны ўчынак сужыцельства more uxorio (як муж і жонка) з асобай, якая не з’яўляецца іх законным сужэнцам. У той жа час, сапраўднае суправаджэнне і душпастырскае распазнанне павінна падбадзёрыць іх, каб яны з дапамогай Божай ласкі больш не здзяйснялі такіх учынкаў у будучыні. Апосталы разам з усім Касцёлам на працягу дзвюх тысяч гадоў абвяшчалі людзям поўню Божай праўды пра тое, што датычыцца Шостай запаведзі і неразрыўнасці сужэнства, кіруючыся напамінам апостала Паўла: “Не ўхіляўся я ад абвяшчэння вам усёй волі Божай” (Дз 20:27).

• Душпастырская практыка Касцёла, якая датычыцца сужэнства і сакрамэнту Эўхарыстыі, так важная і вядзе за сабою такія наступствы для веры і жыцця вернікаў, што Касцёл, каб заставацца верным Аб’яўленню Божага Слова, павінен пазбягаць у гэтым пытанні якога-небудзь ценю сумневу ці памылкі. Святы Ян Павел ІІ сфармуляваў гэтую вечную праўду Касцёла наступным чынам: “Нагадваючы такім чынам пра веравучэнне Касцёла і пра касцёльны закон, я жадаю прышчапіць усім жывое пачуццё адказнасці, якое павінна накіроўваць нас, калі мы маем справу са святымі рэчамі: такімі як сакрамэнты, што не належаць нам, альбо такімі як сумленне, якое мае права, каб яго не пакідалі ў нявызначанасці ці збянтэжанасці. Я паўтару: сакрамэнты і сумленне з’яўляюцца святымі, і ад нас патрабуецца служыць ім у праўдзе. На гэтым засноўваецца касцёльнае права” (апостальская адгартацыя Reconciliatio et Paenitentia, 33).

Нягледзячы на пастаянныя дэкларацыі пра непарушнасць дактрыны Касцёла пра развод, шматлікія лакальныя Касцёлы цяпер прымаюць развод праз практыку сакрамэнтаў, і гэтая з’ява пашыраецца. Толькі голас Найвышэйшага Пастыра Касцёла можа канчаткова прадухіліць тую сітуацыю, калі сітуацыя Касцёла нашага часу будзе апісвацца ў будучыні наступным выразам: “Увесь свет здзівіўся, усвядоміўшы, што на практыцы быў прыняты развод” (ingemuit totus orbis, et divortium in praxi se accepisse miratus est), калі казаць словамі, падобнымі да тых, якімі св. Геранім характарызаваў арыянскі крызіс.

З улікам гэтай рэальнай небяспекі і пашырэння пошасці разводаў у жыцці Касцёла, якія ўскосна узаконены згаданымі нормамі і арыентырамі для прымянення апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia, з улікам таго, што згаданыя нормы і арыентыры лакальных Касцёлаў сталі агульнавядомымі ў нашым глабалізаваным свеце, з улікам таксама беспаспяховасці шматлікіх зваротаў да Святога Айца, накіраваных у прыватным парадку шматлікімі вернікамі, а таксама некаторымі пастырамі Касцёла, мы вымушаны зрабіць гэты настойлівы заклік да малітвы. Нас, як наступнікаў апосталаў, прымушае абавязак прамовіць, калі закранаюцца найсвяцейшыя рэчы ў Касцёле і вечнае збаўленне душаў.

Няхай наступныя словы, якімі святы Ян Павел ІІ апісваў несправядлівыя атакі на вернасць Магістэрыю Касцёла, будуць для ўсіх пастыраў Касцёла ў гэты цяжкі час святлом, якое заахвочвае іх да таго, каб дзейнічаць усё больш аднастайна: “Найчасцей Касцёл абвінавачваюць у адсталасці, у неразуменні духа новага часу, у дзеяннях на шкоду чалавеку, таксама і на шкоду самому сабе. Кажуць, што, “трымаючыся свайго”, Касцёл нарэшце страціць папулярнасць, а веруючыя пакінуць яго” (ліст да сем’яў Gratissimam Sane, 12).

Беручы пад увагу, што допуск разведзеных, так званых “паўторна жанатых” асобаў да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі без патрабавання ад іх выканання абавязку жыць ва ўстрыманні з’яўляецца пагрозай для веры і збаўлення душаў, а таксама з’яўляецца знявагай святой Божай волі; прымаючы таксама пад увагу, што такая душпастырская практыка ніколі не можа быць выразам міласэрнасці, “via caritatis” (шляхам любові), гэта значыць матчыным клопатам Касцёла пра грэшныя душы, з глыбокім душпастырскім клопатам мы робім гэты настойлівы заклік да малітвы, каб Папа Францішак адназначна скасаваў згаданыя душпастырскія рэкамендацыі, якія ўжо ўведзены ў некаторых лакальных Касцёлах. Падобныя дзеянні бачнага Галавы Касцёла ўмацавалі б пастыраў і вернікаў Касцёла, згодна з заданнем, якое Хрыстус, Найвышэйшы Пастыр душаў, даў апосталу Пятру, а праз яго ўсім ягоным наступнікам: “Умацуй братоў сваіх” (Лк 22:32).

Няхай наступныя словы аднаго святога Папы, а таксама Кацярыны Сіенскай, доктара Касцёла, будуць святлом і суцяшэннем для ўсіх вернікаў нашага часу:

“Не супрацьстаяць памылкам азначае іх ухваляць. Калі праўду не абараняюць, яе прыгнятаюць” (Папа св. Фелікс ІІІ, +492). “Святы Айцец, Бог абраў Вас стаўпом Касцёла, дзякуючы чаму Вы — прылада выкаранення ерасі, выкрыццё падману, узвышэнне праўды, рассеянне цемры і з’яўленне святла” (св. Кацярына Сіенская, +1380).

Калі Папа Ганорый І (625—638) заняў двухсэнсоўную пазіцыю падчас пашырэння ерасі монафеліцтва, св. Сафроній, патрыярх Ерузалема, выслаў з Палестыны ў Рым аднаго біскупа са словамі: “Ідзі да Апостальскага Пасаду, дзе знаходзіцца аснова святога вучэння, і не пераставай маліцца, пакуль Апостальскі Пасад не асудзіць гэтую новую ерась”. Асуджэнне здзейсніў у 649 годзе святы Папа і мучанік Марцін І.

Мы робім гэты заклік да малітвы, здаючы сабе справу, што адмова ад гэтага кроку была б сур’ёзным недаглядам. Хрыстус, Праўда і Найвышэйшы Пастыр, будзе нас судзіць, калі прыйдзе зноў. Папросім Яго з пакораю і надзеяй, каб Ён даў усім пастырам і ўсім авечкам неўвядальны вянок хвалы (пар. 1 П 5:4).

У духу веры, а таксама з сыноўняй любоўю і адданасцю, узнясем нашую малітву за Папу Францішка:

“Oremus pro Pontifice nostro Francisco: Dominus conservet eum, et vivificet eum, et beatum faciat eum in terra, et non tradat eum in animam inimicorum eius. Tu es Petrus, et super hanc petram aedificabo Ecclesiam Meam, et portae inferi non praevalebunt adversus eam”.

(Молімся за Папу нашага Францішка: Няхай захавае яго Пан, і няхай зробіць яго благаслаўлёным на зямлі, і няхай не выдасць яго на волю ворагаў ягоных; Ты Пётр, і на гэтай скале я пабудую Касцёл мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго.)

У якасці канкрэтнага сродка, прапануем штодзённа ўзносіць гэтую старажытную малітву Касцёла альбо малітву адной часткі святога Ружанца з наступным намерам: каб Папа Францішак адназначна скасаваў тыя душпастырскія рэкамендацыі, якія дапускаюць разведзеных, так званых “паўторна жанатых” асобаў да прыняцця сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі без патрабавання ад іх выканання абавязку жыцця ва ўстрыманні.

 

18 студзеня 2017 г., старажытнае свята Катэдры св. Пятра ў Рыме.

 

+ Томаш Пэта, арцыбіскуп, мітрапаліт архідыяцэзіі Святой Марыі ў Астане

+ Ян Павел Ленга, арцыбіскуп, біскуп Караганды на пенсіі

+ Атаназіус Шнайдэр, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Святой Марыі ў Астане


Крыніца: Una Voce Russia
Малюнак: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з рускай мовы і перадрукаваны з дазволу Una Voce Russia.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар