Знакамітыя dubia, адрасаваныя Папу Францішку кардыналам Бёркам і ягонымі трыма калегамі, з’яўляюцца шчырым намаганнем праясніць тое, што прывяло Касцёл да крызісу ў пытаннях сужэнства, чужалоства і ўмоваў годнага прыняцця святой Эўхарыстыі. Кардыналы маюць поўнае права папрасіць Папу Францішка растлумачыць, што вучэнне Касцёла не змянілася і не можа змяніцца. Вось сутнасць справы. Словы Пана ясныя і нязменныя. “Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёй і жэніцца з іншай, чужаложыць” (Лк 16:18). Пастырскі клопат аб людзях, якія маюць праблемы з сужэнствам, укаранёны і заснаваны на праўдзе гэтых словаў. “Праўда вызваліць вас” (Ян 8:32). Усё іншае прыводзіць да памылкі і смутку.

Крытыкі адкідваюць намаганні кардыналаў як нешта, што супярэчыць айцам Сінода і нават Святому Духу. Осцін Айвэрэ [Austen Ivereigh], напрыклад, нядаўна сказаў наступныя словы: “Францішак не можа адказаць кардыналам наўпрост — хоць ён шмат разоў зрабіў гэта ўскосна — не падважаючы дзеяння Святога Духа, прысутнага ў найбольш поўным працэсе эклезіяльнага распазнання з часоў Другога Ватыканскага сабору… Усё ў Amoris Laetitia, уключна з дыскусійным восьмым раздзелам, атрымала падтрымку большасці ў дзве траціны падчас галасавання на сінодзе, які, як вядома, быў адкрытым, шчырым і працяглым”.

Айвэрэ спасылаецца на падобную заяву Папы:

Падчас падрыхтоўкі былі выслуханы ўсе біскупы свету; усе Касцёлы свету, дыяцэзіі працавалі… Цікава бачыць багатую разнастайнасць нюансаў, тыповую для Касцёла. Гэта еднасць у разнастайнасці. Гэта сінадальнасць. Трэба не ісці зверху данізу, а слухаць Касцёлы, гарманізаваць іх, распазнаваць. І вось паслясінадальная адгартацыя Amoris Laetitia, якая з’яўляецца вынікам двух Сінодаў, над якой працаваў увесь Касцёл і якую Папа зрабіў сваёй… усё, з чаго яна складаецца, на Сінодзе было ўхвалена больш чым дзвюма трацінамі айцоў. І гэта гарантыя.

Ці гэта дакладнае апісанне таго, што адбылося на двух Сінодах? Не. Параграфы 52 і 53 фінальнай справаздачы (relatio) Сінода 2014 года гучаць наступным чынам:

52. Айцы Сінода разгледзелі таксама магчымасць удзялення разведзеным і паўторна жанатым асобам доступу да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі. Некаторыя айцы Сінода настойвалі на захаванні цяперашняй дысцыпліны з-за істотнай сувязі паміж удзелам у Эўхарыстыі і еднасцю з Касцёлам, а таксама з-за яго вучэння пра неразрыўны характар сужэнства. Іншыя прапанавалі больш індывідуалізаваны падыход, дазваляючы доступ ў пэўных сітуацыях і пад пэўнымі ясна акрэсленымі ўмовамі, найперш у незваротных сітуацыях і сітуацыях, звязаных з маральнымі абавязкамі ў адносінах да дзяцей, што панеслі б несправядлівае цярпенне. Доступ да сакрамэнтаў мог бы мець месца, калі б яму папярэднічала пакутная практыка, вызначаная дыяцэзіяльным біскупам. Гэтая справа павінна быць старанна разгледжана з улікам розніцы паміж аб’ектыўнай сітуацыяй граху і змякчальнымі абставінамі, маючы на ўвазе, што “вінаватасць і адказнасць за ўчынак можа быць зменшана і нават зведзена да нулю няведаннем, няўважлівасцю, ціскам, страхам, звычкай, неўпарадкаванымі прывязанасцямі і іншымі псіхалагічнымі і сацыяльнымі фактарамі” (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1735).

І таксама:

53. Некаторыя айцы Сінода сцвердзілі, што разведзеныя і паўторна жанатыя асобы альбо тыя, хто жыве разам, могуць мець плённае прыстанішча ў духоўнай камуніі. Іншыя падымалі пытанне наконт таго, чаму тады яны не могуць мець доступу да сакрамэнтальнай Камуніі. У выніку айцы Сінода звярнуліся з просьбай аб глыбейшым тэалагічным даследаванні ў гэтай справе з мэтай праясніць асаблівыя рысы абедзвюх формаў і іхняй сувязі з тэалогіяй сужэнства.

Параграф 52 атрымаў 104 галасы “так” (“placet”) і 74 галасы “не” (“non placet”). Параграф 53 атрымаў 112 галасоў “так” (“placet”) і 64 галасы “не” (“non placet”). Яны не атрымалі неабходнай падтрымкі ў дзве траціны галасоў і, згодна з правіламі Сінода, былі выключаныя з фінальнай справаздачы.

Аднак Папа Францішак загадаў, каб гэтыя два параграфы ўключылі ў фінальную справаздачу. Яны не былі апублікаваныя ў выглядзе дадатку з заўвагай, што Францішак загадаў іх апублікаваць. Адзіным спосабам, як чытач мог бы здагадацца, што насамрэч здарылася, з’яўляецца зверка з падлікам галасоў, параграф за параграфам, але зноў жа: няма ніякай заўвагі, што для адабрэння былі неабходныя дзве траціны галасоў айцоў Сінода. Галасы ясна паказваюць, што дзве траціны айцоў Сінода 2014 года не выказалі жадання працягваць дыскусію наконт святой Камуніі для разведзеных і паўторна жанатых каталікоў на Звычайным Сінодзе 2015 года.

Папа Францішак праігнараваў усё гэта, калі вырашыў уключыць гэтыя два параграфы ў працоўны дакумент Сінода 2015 года (Instrumentum Laboris, параграфы 122—125). Вядома, ён быў цалкам вольны зрабіць гэта. Але іх уключэнне дэманструе, якія пытанні асабіста Папа хацеў вынесці на абмеркаванне ў 2015 годзе.

У фінальнай справаздачы Звычайнага Сінода 2015 года, у трэцім раздзеле (“Сям’я і пастырскае суправаджэнне”) параграфы 84—86 носяць падзагаловак “Распазнанне і інтэграцыя”. Яны датычацца разведзеных і паўторна жанатых каталікоў, асабліва параграф 86, які кажа пра “абмеркаванне са святаром на ўнутраным форуме” і “больш поўны ўдзел у жыцці Касцёла”. Аднак згадка пра ўдзяленне святой Камуніі разведзеным і паўторна жанатым каталікам адсутнічае. Словы “сакрамэнт” і “святая Камунія” адсутнічаюць у гэтых параграфах.

Дзве траціны айцоў выказалі адабрэнне гэтым тром параграфам. Але і тады было шмат галасоў супраць: параграф 84 зацвердзілі з лікам 187-72; параграф 85 зацвердзілі з лікам 178-80; параграф 86 зацвердзілі з лікам 190-64.

Артыкул на сайце Crux пра фінальную справаздачу 2015 года заўважае наконт параграфа 86: “На працягу гадоў прыхільнікі дазволу прымаць Камунію для разведзеных і паўторна жанатых каталікоў часта прапаноўвалі, каб гэты дазвол даваўся праз “унутраны форум”, што азначае прыватную размову са святаром ці біскупам, таму спасылку на ўнутраны форум можна прачытаць як заахвоту да такога погляду. Аднак у тым выглядзе, як тэкст напісаны, не зусім ясна, што прыняцце Камуніі і з’яўляецца формай “больш поўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла”, пра якую кажа гэты параграф”.

Айцы Сінода, якія ў значнай колькасці галасавалі супраць гэтых трох параграфаў, былі яўна насцярожаныя наконт таго, што азначаў “больш поўны ўдзел” у святле ранейшых спробаў прасунуць удзел разведзеных і паўторна жанатых асобаў у сакрамэнтах. Іхнія перасцярогі не былі ўяўнымі.

Падагульняючы сказанае, нельга паказаць, што дзве траціны айцоў Сінода ці то ў 2014, ці то ў 2015 годзе галасавалі за змену ў сакрамэнтальнай дысцыпліне і за развіццё вучэння, згодна з якім, людзі, якія жывуць у аб’ектыўным стане чужалоства і маюць намер працягваць жыць у такім стане, маглі б у некаторых выпадках прымаць святую Камунію.


Аўтар: Fr. Gerald E. Murray, J. C. D.
Крыніца: The Catholic Thing
Ілюстрацыйнае фотаAleteia Image Department (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдактара The Catholic Thing.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар