Святарскі каўнер, які зазвычай называюць рымскім каўняром, да шаснаццатага стагоддзя не знаходзіўся сярод прадметаў духоўнай вопраткі, прынамсі ў сённяшнім выглядзе. Манаскія ордэны зазвычай увогуле яго не прымалі; амаль не носяць яго і ў Злучаных Штатах, калі толькі ў некаторых дыяцэзіях да яго, як да прадмета адрознення каталіцкага духавенства, не прымушаюць статуты. Там, дзе яго ўжыванне не выкліча залішняй увагі альбо, як гэта часта здараецца ў некаталіцкіх краінах, не выставіць святара на публічную знявагу, насіць яго варта, бо, абмінаючы шматлікія іншыя прычыны, трэба сказаць, што гэта падбадзёрвае каталікоў, калі яны бачаць у сваім асяроддзі, пры падарожжах за мяжу альбо нават шпацыруючы па вуліцы, святара, які ўжывае гэты прадмет адрознення. Тады няма магчымасці паблытаць яго з якім-небудзь служыцелем секты.

Да ўвядзення рымскага каўняра зазвычай выкарыстоўваўся просты пляскаты ільняны каўнер, падобны да тых, што сёння носяць свецкія людзі, толькі крыху шырэйшы. Некаторыя з вышэйшых асобаў насілі жабо, якое мы бачым на палотнах чатырнаццатага і пятнаццатага стагоддзя, але гэта забаранялася малодшым клерыкам, якія павінны былі мець максімальна пляскатыя каўняры і нават не ўжываць крухмалу для надання ім цвёрдасці, а таксама не рабіць складак дзеля ўпрыгожвання. У Францыі, Бельгіі і Італіі існавалі законы, якія збаранялі карункі альбо вышыўку на каўнярах, бо яны мусілі быць з найпрасцейшага льну (Church of Our Fathers, vol. i. p. 474).

У сучасным выглядзе каўнер — гэта паса тонкага льну каля дзвюх цаляў у шырыню і дастаткова доўгая, каб ахапіць вакол шыю таго, хто носіць каўнер. Яна складваецца вакол гнуткага, але даволі цвёрдага матэрыялу, да якога прышываецца кавалак тканіны, зазвычай даволі вялікі, каб закрываў грудзі. Каўнер трымаецца на месцы, бо зашпільваецца ззаду альбо прывязваецца да шыі матузкамі.

Каўнер, як і іншыя прадметы святарскай вопраткі, змяняе свой колер у залежнасці ад годнасці таго, хто яго носіць. Кардынальскі каўнер чырвоны, біскупскі — фіялетавы, каўнер мансіньёра таксама фіялетавы, а святарскі — чорны. Канонікі ў большасці носяць чорны каўнер з чырвонымі гузікамі ўніз праз цэнтр і чырвонай аблямоўкай.

Апостальскія пратанатарыі з катэгорыі participantes, якія заўсёды маюць ранг пралата, маюць прывілей нашэння фіялетавага каўняра, як у біскупа; але гэтага не могуць рабіць тытулярныя (titulares), альбо ганаровыя, пратанатарыі; іхні каўнер чорны, як каўнер святара (Manuale Decretorum de Proton. Apostol., 753, 759).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: MK (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар