Мальтыйскія біскупы дазволілі прымаць Камунію разведзеным і паўторна жанатым каталікам

8 студзеня, “ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана”, біскупы Мальты і Гоза падпісалі інструкцыі наконт прымянення VIII раздзела Amoris Laetitia, у якіх далі дазвол прымаць святую Камунію разведзеным і паўторна жанатым каталікам, калі тыя адчуваюць, што знаходзяцца “ў міры” з Богам.

З моманту выхаду апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia ўжо некалькі біскупаў альбо біскупскіх канферэнцый па просьбе Папы Францішка, выказанай у той жа адгартацыі, выдалі адпаведныя інструкцыі для сваіх тэрыторый. Найбольшы розгалас выклікаў ліберальны дакумент аргентынскіх біскупаў, які атрымаў адабрэнне Папы. У падобным стылі выказалася і дыяцэзія самога Папы Францішка.

Мальтыйскія інструкцыі ідуць далей за ўсе папярэднія прыклады і нават, магчыма, далей за саму апостальскую адгартацыю; яны сцвярджаюць наступнае: калі асоба лічыць, што знаходзіцца ў міры (at peace) з Богам, яна можа ўдзельнічаць у сакрамэнтах споведзі і Эўхарыстыі, а святары не могуць адмовіць ёй у гэтых сакрамэнтах.

Дакумент збудаваны пераважна на цытатах з апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia, а найбольш істотныя рашэнні знаходзяцца ў параграфах 9-11:

9. Падчас працэсу распазнання мы павінны таксама даследаваць магчымасць сужэнскага [sic! “conjugal”] ўстрымання. Нягледзячы на той факт, што гэты ідэал зусім нялёгкі, могуць існаваць пары, якія з дапамогай ласкі практыкуюць гэтую цноту, не ставячы пад пагрозу іншыя аспекты свайго сумеснага жыцця. З іншага боку, існуюць складаныя сітуацыі, калі выбар жыцця “як брат і сястра” робіцца па-людску немагчымым і прыводзіць да большай шкоды (гл. AL, зноска 329).

10. Калі ў выніку працэсу распазнання, праведзенага з “пакорай, далікатнасцю, любоўю да Касцёла і яго вучэння, у шчырым шуканні Божай волі і жаданні даць на яе больш дасканалы адказ” (AL 300), асоба, якая разышлася альбо развялася і жыве ў новых адносінах, зможа з інфармаваным і свядомым сумленнем прызнаць і паверыць, што ён альбо яна знаходзіцца ў міры з Богам, яму альбо ёй нельга перашкаджаць удзельнічаць ў сакрамэнтах паяднання і Эўхарыстыі (гл. AL, зноскі 336 і 351).

11. Падчас гэтага працэсу распазнання, нам варта даследаваць з гэтымі людзьмі, як “іх ўдзел можа выяўляцца ў розных касцёльных паслугах”, асабліва ў “літургічнай, пастырскай, адукацыйнай і інстытуцыянальнай сферы” (AL 299). Гэтых людзей не варта выключаць з тых, хто адпавядае таму, каб быць хросным…

Мальтыйскія біскупы не атрымалі пахвальнага ліста ад Папы Францішка, але ў мінулую пятніцу іхні дакумент быў надрукаваны ў паўафіцыйнай ватыканскай газеце L’Osservatore Romano. Гэта можа азначаць, што Рым яго адобрыў.

Відавочна, гэты дакумент з’яўляецца не менш праблемным з пункту гледжання вучэння Касцёла, чым сама апостальская адгартацыя Amoris Laetitia. Напрыклад, крытэрыем магчымасці прыняцця святой Камуніі ён вызначае не аб’ектыўны стан верніка, а яго асабістую ўпэўненасць у гэтай магчымасці. Цяпер на Мальце кожны, хто падыходзіць да Камуніі, павінен лічыцца чалавекам, які знаходзіцца “ў міры з Богам”, нават калі аб’ектыўныя сведчанні гэтаму супярэчаць.

Аднак, як адзначае ў сваім блогу юрыст Эдвард Пітэрс, мальтыйскія інструкцыі ідуць нават далей. У адрозненне ад папярэдніх прэцэдэнтаў, тут наўпрост гучыць загад святарам не адмаўляць асобам, якія не раскайваюцца ў пастаянным і публічным чужалостве, яшчэ і ў адпушчэнні грахоў . Гэта, паводле Пітэрса, правакуе як блюзнерскія споведзі, так і намаўленне да граху супраць шостай запаведзі ў канфесіянале, якое, згодна з канонам 1387, павінна карацца касцёльнымі карамі.

Нейкім чынам гэтыя інструкцыі закранаюць і сакрамэнт хросту, даючы магчымасць асобам, што знаходзяцца ў неўрэгуляваным саюзе, быць хроснымі бацькамі, хоць гэта таксама супярэчыць кананічнаму праву (пар. кан. 874, § 1, № 3; гл. таксама тут).

Як паведамляе Crux, адзін з аўтараў дадзеных інструкцый, арцыбіскуп Мальты Чарльз Шыклуна, на працягу 17 гадоў працаваў у Кангрэгацыі дактрыны веры ў якасці прамотара справядлівасці.


Te igitur
Ілюстрацыйнае фота: Angus Stewart (CC BY-NC-ND)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: