13.01.2017 / John O'Brien

№17. Дзукета🕑 3 хвілін

Дзукета (ад італ. zuccha — гарбуз), альбо піуска — гэта маленькая шапачка ў выглядзе нібы талерачкі, якая цесна прылягае да галавы і можа мець чырвоны, фіялетавы і чорны колер, у залежнасці ад рангу таго, хто яе носіць. Першапачаткова яе ўвялі дзеля абароны той часткі галавы, якую галілі пры атрыманні так званай танзуры [8], але цяпер яе носяць, не зважаючы на законы, якія рэгулявалі гэтую старажытную дысцыпліну.

Калі можна насіць дзукету. — Паколькі дзукета ніколі не лічыцца за шапку, яна мае прывілеі, якіх бірэта ніколі не мае, бо яе можна насіць у тых выпадках, калі ўжыванне апошняй цалкам забаронена. Часта даецца дазвол насіць яе падчас самой цэлебрацыі, на менш урачыстых частках Імшы, а менавіта ад пачатку да прэфацыі (выключна) і ад заканчэння Камуніі да заканчэння набажэнства. Яе ніколі няможна насіць падчас Канона, а дазвол насіць яе ў згаданых сітуацыях трэба атрымліваць ад самога Папы. У тым выпадку, калі цэлебранту дазволена насіць парык, ён ніколі не мусіць яго здымаць, бо ён не лічыцца ані за бірэту, ані за дзукету, а хутчэй успрымаецца як уласныя валасы. Аднак Святы Пасад вельмі рэдка дае дазвол на яго выкарыстанне.

Колер дзукеты. — Як мы казалі, колер дзукеты змяняецца ў залежнасці ад рангу таго, хто яе носіць. Кардынальская дзукета заўсёды чырвоная; патрыярхі, арцыбіскупы і біскупы носяць фіялетавую дзукету, а для астатняга духавенства яна чорная. Біскупы не мелі прывілею насіць фіялетавую дзукету да чэрвеня 1867 года, калі гэтая саступка была зроблена Яго Святасцю Папам Піем ІХ. Дазвол, аднак, датычыў толькі дзукеты, але не бірэты. Апошняя мусіць быць таго ж колеру, што і бірэта святара — чорная (Martinucci, Manuale Cаerem., v. 14).

Дзукета таксама мае шэраг іншых назваў: calotte, pileolus, berrettino і submitrale. Яна завецца калотай на французскай мове з-за свайго падабенства з ракавінкай. Пілеолус — гэта лацінская памяншальная форма ад пілеус (pileus) — рымская шапка. Бірэтына — гэта памяншальная форма ад бірэты, а назву субмітрала яна атрымала з-за таго, што зазвычай носіцца пад біскупскай мітрай. У звыклай мове яе часта называюць дзукетай альбо калотай.


[8] У старажытныя часы існавала тры розныя формы танзуры духавенства. Першая называлася танзурай св. Пятра, альбо рымскай: верх галавы галіўся і пакідалася толькі кола валос знізу як сімвал цярновай кароны. Другая форма танзуры звалася танзурай св. Паўла: галілася ўся галава, каб валос не заставалася зусім. Трэцяя форма танзуры атрымала імя св. Яна Евангеліста. У гэтым выпадку галіўся перад галавы ў форме месяца, а астатнія валасы спадалі пазаду галавы. Такую форму выкарыстоўвалі ірландцы і брыты да часоў Колмана, біскупа Ліндысфарна (661 год), калі замест яе яны прынялі рымскую форму (Alzog. Church Hist., vol. ii. p. 88, note 3, and p. 91, by Pabisch and Byrne).

Згодна з Рымскім Пантыфікалам, біскуп, які ўдзяляе танзуру, адразае нажніцамі пяць пасмаў валасоў з галавы кандыдата да пасвячэнняў; першую з ілба, другую з патыліцы, трэцюю каля правага вуха, чацвёртую каля левага вуха, пятую — з верхняй часткі галавы. Ні ў адным з выпадкаў валасы не састрыгаюцца так глыбока, каб паказалася скура галавы. Гэта і ёсць танзура духавенства — першы крок да пасвячэнняў і пераход ад свецкага стану да стану і прывілеяў духавенства.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Fr James Bradley (CC BY-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up