Ад рэдакцыі: Гэты артыкул з’яўляецца адказам знанага юрыста Эдварда Пітэрса на спробу а. Пола Келера вывесці дыскусію пра Amoris Laetitia з тэарэтычнай плоскасці і прапанаваць сітуацыю, у якой разведзеная і паўторна жанатая асоба, на думку Келера, магла б атрымаць святую Камунію. Запрашаем пазнаёміцца з зыходнай сітуацыяй у арыгінальным артыкуле ().

Імкнучыся прымяніць дакумент Папы Францішка Amoris Laetitia да гіпатэтычнай, але верагоднай просьбы аб святой Камуніі з боку разведзенай каталічкі, што заключыла паўторны грамадзянскі шлюб, айцец Пол Келер робіць у сваім артыкуле “Канкрэтны выпадак разведзеных і паўторна жанатых асобаў” некалькі сур’ёзных памылак.

Выпраўленне нават некаторых з гэтых памылак зойме пэўны час, але гэты час будзе патрачаны апраўдана, бо эсэ Келера вельмі добра дэманструе, як звычайныя пастыры, якія чытаюць апостальскую адгартацыю Amoris Laetitia ў яе наўпроставым сэнсе (а не як юрысты, якія разбіраюць розныя праблематычныя выказванні ў дастаткова вузкім ключы і падтрымліваюць больш традыцыйную інтэрпрэтацыю), аказваюцца збітымі з панталыку і згаджаюцца з тым, што я лічу цэнтральным хібам адгартацыі, а менавіта з меркаваннем, што ў канчатковым аналізе адзіным крытэрыем, які кіруе рашэннем служыцеля ўдзяліць Камунію верніку, з’яўляецца ацэнка гэтым вернікам свайго ўласнага сумлення.

Гэтае меркаванне, адкуль бы яно ні паўстала і хто б яго ні прасоўваў, з’яўляецца памылковым.

З кананічнага пункту гледжання, выпадак, пра які кажа Келер, зразумелы: ягоная фіктыўная “Ірма” ўступіла ў меркавана сапраўднае сужэнства, яе муж “Франсіска” сапсаваў яго, а Ірма (магчыма, апраўдана, як вынікае з гэтых фактаў) развялася з ім. Хоць я і згаджаюся з Келерам наконт таго, што ў гісторыі Ірмы мала што кажа пра кананічную несапраўднасць яе сужэнства з Франсіска, касцёльныя суды больш спрытна распазнаюць патэнцыйныя падставы для прызнання несапраўднасці, чым звыклыя пробашчы, а таксама яны ведаюць, як дзейнічаць у працэсах, калі месцазнаходжанне адказчыка невядомае.

Таму Келер справядліва не дае Ірме надзеі на ануляванне, аднак, з пункту гледжання кананічнага права, да гэтага моманту прымаць святую Камунію Ірме нічога не перашкаджала. Але Ірма ўступіла ў грамадзянскі шлюб з “Тоні” і на працягу пэўнага часу жыла з ім, таксама і ў сэксуальным сэнсе.

Яе цяперашняя сітуацыя, згодна з адзінадушнай каталіцкай традыцыяй, з’яўляецца чужалоствам (насамрэч, з улікам грамадзянскага шлюбу, гэта “публічнае і пастаяннае чужалоства”), і, зноў жа ў згодзе з каталіцкімі прынцыпамі, якія дагэтуль ніколі не ставіліся пад сумненне, праз гэта Ірма траціць права прыступаць да святой Камуніі, а калі яна ўсё адно захоча прыступіць да Камуніі, каталіцкім служыцелям забараняецца ўдзяляць ёй Камунію.

Цяпер жа пяройдзем да памылак, якія Келер робіць, ацэньваючы сітуацыю Ірмы і даючы ёй адваротную параду.

Першая памылка. Келер піша: “У сваім адказе [на просьбу Ірмы аб Камуніі] я павінен кіравацца інструкцыямі, якія Папа Францішак апісаў у адгартацыі Amoris Laetitia, выдадзенай пасля дыскусій і абмеркавання двух Сінодаў біскупаў на тэму сямейнага жыцця”.

Няправільна. Удзяляючы святую Камунію верніку, рыма-каталіцкія служыцелі абавязаныя кіравацца не “інструкцыямі”, якія меркавана вымалёўваюцца з адзінага, двухсэнсоўнага і вельмі дыскусійнага папскага дакумента, а простым і вырашальным тэкстам іншага папскага дакумента, які завецца Кодэксам кананічнага права, а таксама агульнай і сталай інтэрпрэтацыяй, якая суправаджала гэтыя нормы цягам шматлікіх стагоддзяў.

Не дзіўна, што, маючы пры сабе толькі Amoris Laetitia, Келер не спасылаецца на гэтыя нормы ў сваім абмеркаванні. Amoris Laetitia іх таксама не згадвае.

Другая памылка. Келер піша, што Ірма “сказала мне, што Тоні лічыць гэтую ідэю [жыць, як брат і сястра] вар’яцкай. Паколькі ім было толькі па 26, Ірма непакоілася, што з іхнімі адносінам штосьці станецца, калі яны больш не змогуць ўзрастаць у любові праз фізічную блізкасць”.

Келер, відаць, без пярэчанняў прымае словы Ірмы, якімі яна апісвае свае аб’ектыўна чужаложныя сэксуальныя адносіны як шлях “узрастання ў любові”. Праз гэта ён радыкальна не спраўляецца з задачай з любоўю сказаць праўду Божаму дзіцяці, якое раіцца з ім як са святаром Касцёла і служыцелем Хрыстовых сакрамэнтаў.

Кожны святар, які так робіць, не кажучы пра тое, каб рабіць такое падчас споведзі, здасць справаздачу з такой памылкі на Апошнім судзе. Акрамя таго, калі Келер як спавяднік ухваліў выбар Ірмы ўступіць у сэксуальныя адносіны з Тоні, ён здзейсніў злачынства падгавору ў споведзі.

Трэцяя памылка. Келер кажа, што Ірма “сумнявалася, што Тоні зможа справіцца з перспектывай поўнага цэлібату на працягу наступных 70 гадоў. Акрамя таго, і яна, і Тоні хацелі мець прынамсі яшчэ дваіх альбо траіх дзяцей”.

Пакінем убаку недасведчаную спробу 26-гадовай Ірмы ацаніць працягласць людскога жыцця і перыяд сэксуальнай актыўнасці ў гэтым жыцці, але Тоні не абавязаны захоўваць “цэлібат” увогуле. Нічога ў эсэ Келера не кажа пра тое, што Тоні штосьці перашкаджае неадкладна ажаніцца. Вядома, ён не можа ажаніцца з Ірмай, таму што, як прызнае Келер, Ірма ўжо мае мужа, але сцвярджэнне Келера наконт таго, што Тоні не можа ажаніцца, цалкам няслушнае.

Як адзінокі мужчына, Тоні маральна абавязаны практыкаваць устрыманне, і Келеру варта праясніць гэтае пытанне тым, хто рэгулярна блытае “цэлібат” і “ўстрыманне” (хоць Келер, здаецца, сам не ведае розніцы), але трэба сказаць ясна: Тоні не абавязаны да цэлібату па прычыне сітуацыі Ірмы.

Чацвёртая памылка. Келер піша: “Хоць я і не сказаў гэтага Ірме, я думаю, ці не было б лепей для яе наведваць які-небудзь некаталіцкі касцёл”.

Дзякуй Богу, святар Каталіцкага Касцёла не зрабіў такой асуджальнай прапановы свецкай каталічцы, якая прыйшла да яго з тэрміновымі маральнымі пытаннямі. Аднак, паколькі Келер згадвае гэтую рэч двойчы, яму трэба неадкладна выкінуць з галавы ўсякую ідэю таго, каб раіць пенітэнту здзяйсняць іншыя аб’ектыўна цяжкія грахі (напрыклад, пераставаць удзельнічаць у Імшы ў нядзелі і тым больш далучацца да іншага веравызнання), каб “змякчыць” пачуццё віны з-за ранейшых цяжкіх грахоў.

Божа мой, ці пра гэта ўвогуле трэба казаць?

Пятая (і асноўная) памылка. “Калі б яна проста падышла да Камуніі, я не змог бы ёй адмовіць. Па-першае, усё, што я ведаю пра ейныя адносіны, прыйшло з сакрамэнту споведзі. Па-за сакрамэнтам я не магу “выкарыстоўваць” гэтую інфармацыю ніякім чынам, а асабліва праз публічную адмову ў Камуніі”.

Тут шмат памылак.

Для навічкоў: калі (я кажу: калі) адзіныя веды, якія Келер мае пра сітуацыю Ірмы паходзяць з яе споведзі, хоць і без раскаяння ў чужаложным грамадзянскім шлюбе, тады, вядома, ён не можа адмовіць ёй у святой Камуніі. Але тады, калі б Ірма пад таямніцай споведзі прызналася — не ведаю — у забойстве Папы, Келер таксама не мог бы публічна адмовіць ёй у Камуніі, хоць я сумняюся, што ён захацеў бы “суправаджаць” Ірму да моманту апраўдання ейнага ўчынку ў сумленні.

Вымаючы карту “таямніца споведзі”, Келер робіць свой уяўны прыклад яшчэ больш пастаральна бескарысным, чым ён быў з самага пачатку.

З улікам гэтага, хоць інфармацыя Келера можа сапраўды быць выключна таямніцай споведзі, амаль няма сумневу, што іншыя ведаюць пра яе сітуацыю (Келер кажа, што родзічы Ірмы таксама пераехалі ў ЗША), ейныя ж сябры даведаюцца з часам, а таксама яны спазнаюць, як “Касцёл” адказвае на такую сітуацыю. Калі Келер думае, што іншаземныя сужэнствы ніколі не робяцца яўнымі і што дзеянні святара ў той час, калі ён ведаў пра такія сужэнствы, пазней не будуць пастаўленыя пад пытанне, ён страшна наіўны.

Нарэшце, і гэта асноўная частка наконт дзеяння зазвычай ігнараванага канона 915, статус Ірмы як той, што знаходзіцца ў кананічным і грамадзянскім сужэнстве з Франсіска ў Сальвадоры, і той, што знаходзіцца ў грамадзянскім сужэнстве з Тоні ў ЗША, з’яўляецца справай публічнага характару, нават калі ў гэтай незвычайнай сітуацыі некаторыя з актаў цяжка здабыць. А публічныя акты з’яўляюцца дастатковай падставай, каб прадпрымаць публічныя дзеянні, такія як законная адмова ў святой Камуніі пэўным каталікам.

Нават адкладаючы пытанне таго, ці можа Келер дзейнічаць, маючы свае веды, цяпер мы пачынаем бачыць фундаментальную праблему ягонага падыходу да ўдзялення Камуніі разведзеным і паўторна жанатым каталікам, а менавіта падыходу, у якім адсутнічае ўсялякая спасылка на патрабаванні касцёльнага закону, асабліва канона 915, які, як паўтаралася шмат разоў, патрабуе ад каталіцкіх служыцеляў святой Камуніі адмаўляць у гэтым сакрамэнце тым, хто “настойліва ўпарціцца ў публічным цяжкім граху”.

Няма і пытання, ці выпадак Ірмы падыходзіць да класічнай сітуацыі “публічнага і пастаяннага чужалоства”. Служыцелі, якія сутыкаюцца з такімі публічнымі фактамі, павінны адмовіць у сакрамэнце пад страхам занядбання сваіх абавязкаў, згодна з канонам 915.

Але, дарагі чытач, ці ты бачыш цяпер, як пастыры, якія пакладаюцца толькі на сутнасць Amoris Laetitia, могуць проста трапіць у памылку Келера?

Amoris Laetitia дапускае, не сцвярджаючы гэтага дакладна, што індывідуальнае сумленне (якое можа быць вельмі складаным, часта мае справу з цяжкімі выпадкамі, можа быць толькі часткова інфармаваным, ніколі не можа быць да канца вядомым іншаму і г. д.) з’яўляецца канчатковым суддзёю таго, ці кандыдат да прыняцця Камуніі можа гэты сакрамэнт прымаць.

Выдаецца, Amoris Laetitia, ніколі не згадваючы канонаў 915 і 916, думае, што нейкі працэс пастырскага “распазнання” альбо “суправаджэння” можа прывесці разведзеных і паўторна жанатых каталікоў, нават тых, якія не пастанавілі працягваць адносіны ва ўстрыманні, як належыць усім нежанатым асобам, да моманту, калі, давёўшы сабе, што яны не грашаць, яны змогуць прыступаць да святой Камуніі, а служыцель нягледзячы на аб’ектыўны публічны статус таго, хто прымае Камунію, павінен яму ўдзяліць яе.

Іншымі словамі, канон 915, асноўная, неаспрэчная і кананічна адназначная норма, якая рэгулюе рашэнні служыцеля пры ўдзяленні святой Камуніі ў такіх выпадках, проста ігнаруецца.

Гэтая распаўсюджаная і цвёрдая адмова амаль усіх “прыхільнікаў Amoris Laetitia” (мне не падабаецца гэты тэрмін, але ён эканоміць нам час) наўпрост прызнаць старажытную традыцыю, а таксама адназначную трактоўку канона 915, асуджае амаль усю абарону Amoris Laetitia прынамсі на бессэнсоўнасць, а ў найгоршым выпадку на пастырскія і нават дактрынальныя беды. Няможна звязна абмяркоўваць прыняцце святой Камуніі разведзенымі і паўторна жанатымі каталікамі, у той самы час ігнаруючы просты тэкст канона 915.

Шостая памылка. Келер перафразуе сваё сцвярджэнне, што ён “творча несвядомы” (мой тэрмін) наконт сітуацыі Ірмы (у тым, што ён быццам ведае пра яе сітуацыю толькі са споведзі, а таму кананічна ён не “ведае” пра яе), каб заявіць, што было б няправільна адмовіць Ірме ў святой Камуніі.

Але я магу прапанаваць іншую фармулёўку: Келер (не кажучы ўжо пра супольнасць, як у дадзены момант, так і праз нейкі час) можа мець веды пра аб’ектыўны неўрэгуляваны статус Ірмы на моцы таго факту, што яна ўступіла ў дзве публічныя цырымоніі, абедзве з якіх азначаюць сужэнства.

Як мінімум, тое, як Келер фармулюе гэтую дылему, можа прывесці некаторых да думкі, што кананічна публічны статус сужэнства, нават грамадзянскага сужэнства, не з’яўляецца дастатковым для дзеяння на знешнім форуме, калі пра такі статус сужэнства не ведае нейкая неакрэсленая частка супольнасці. Такое бачанне таго, як дзейнічае закон, некарэктнае само па сабе, але, згодна з аповедам Келера, некалькі іншых людзей усё ж ведаюць пра першае сужэнства Ірмы, а астатнія напэўна пра яго даведаюцца.

Сёмая памылка. “Засноўваючыся на ўсім, што я як святар ведаю пра грэх, сумленне, надзею, Езуса, вучэнне Касцёла і асабліва інструкцыі, якія Касцёл атрымаў ад Папы Францішка ў Amoris Laetitia, я кажу Ірме: “Калі ты шчыра верыш у сваім сумленні, што менавіта так Хрыстус можа паспрыяць твайму росту ў святасці, тады так, ты можаш прыступаць да Камуніі”.

Гэтая парада няправільная, але заўважце, што Келер засноўвае сваё рашэнне ўдзяліць святую Камунію (пад канонам 915, хоць Келер, здаецца, пра яго не ведае) на Ірмавай ацэнцы свайго сумлення, а не на сваіх абавязках як служыцеля, які мае справу з кананічна публічнымі паводзінамі.

Я дапускаю, што, магчыма, з-за рэчаў, якія Келер яўна не ведае пра “грэх, сумленне, надзею, Езуса, вучэнне Касцёла і асабліва інструкцыі, якія Касцёл атрымаў ад Папы Францішка ў Amoris Laetitia“, ён мог нявінна дайсці да свайго вываду і прапанаваць такую параду, але ягоныя вывад і парада ад гэтага не перастаюць быць няправільнымі.

Больш за тое, чалавеку ў пазіцыі Келера пасля папярэджанняў пра наяўнасць настолькі шматлікіх і настолькі сур’ёзных памылак у мысленні я прапанаваў бы вывучыць гэтыя справы больш глыбока, каб прывесці свой падыход у адпаведнасць з вучэннем Касцёла.

Апошнія заўвагі.

Чытачы, якія спадзяваліся, што эсэ Келера зможа паказаць, як цудоўна было б, калі б мы ўсе прачыталі Amoris Laetitia тым жа спосабам, як Келер і астатнія, могуць адрэагаваць на мой артыкул чатырма спосабамі.

Першы: Пітэрс істотна хлусіць наконт закона адносна прыняцця святой Камуніі разведзенымі і паўторна жанатым каталікамі, таму яго можна ігнараваць. Такім асобам я дасылаю запрашэнне паказаць мне, дзе я істотна схлусіў наконт закона, які рэгулюе гэтыя пытанні.

Другі: Пітэрс — бяздушны фарысей, які не дбае пра пастырскія праблемы рэальных людзей, таму яго можна ігнараваць. Такім асобам я кажу, што гэта сумная атака ad hominem, якая паўстае з сучаснай антыноміі ў Касцёле і якая, аднак, пакідае магчымасць таго, што я маю рацыю. (Дарэчы, чаму крытыкаў Amoris Laetitia заўсёды называюць фарысеямі? Ці ж не фарысеі імкнуліся дазволіць разводзіцца і паўторна жаніцца?)

Трэці: Пітэрс кажа пра закон правільна, але закон трэба істотна змяніць. Такім асобам я кажу: калі ласка, пакажыце нам, як мы можам змяніць закон, не наносячы дактрынальнай і дысцыплінарнай шкоды некалькім аспектам сужэнства, споведзі і Эўхарыстыі.

Чацвёрты: Пітэрс кажа пра закон правільна, і агульная сувязь паміж законам і пастырскай шчырасцю відавочная. Такім асобам я кажу: нам трэба прывесці індывідуальнае ўдзяленне сакрамэнтаў у адпаведнасць з універсальнай дактрынай і дысцыплінай Касцёла.

І самая апошняя думка.

Келер выдумаў верагодную гіпотэзу, каб праілюстраваць перавагі таго, што ён удзяляе святую Камунію Ірме. Ці можна мне таксама прапанаваць верагодную гіпотэзу, каб праілюстраваць небяспеку гэтага?

Аднойчы у доме нашай паўторна ажэненай і рэгулярна прыступаючай да Камуніі Ірмы звініць званок. Пры дзвярах стаіць Франсіска. Ягонае жыццё прызямлілася ў вязніцы, але з Божай ласкі і пасля абдумвання цяжкіх праўдаў, пачутых ад каталіцкіх служыцеляў на сваім шляху, ён прыступіў да споведзі і цяпер вярнуўся, каб маліць Ірму аб прабачэнні, каб аднавіць свае сужэнскія абавязкі, ачышчаны, упакораны і ўдзячны за другі шанец.

У гэты момант ён дазнаецца, што Келер згладзіў дарогі для Ірмы, каб яна магла жыць у фальшывым саюзе з падманлівым благаслаўленнем Касцёла. Ці надаюцца да параўнання памылкі Франсіска (якія, паводле Келера, паўсталі з крайняй беднасці і наркатычна-бандыцкага ціску) і памылкі Келера, які не можа сказаць пенітэнту правільныя словы, знаходзячыся ў бяспечнай Амерыцы і сутыкнуўшыся ўсяго толькі з пытаннямі заблытанай каталічкі?


Аўтар: Эдвард Пітэрс (Edward Peters), амерыканскі юрыст у кананічным праве і дарадца Апостальскай сігнатуры. Ён выкладае кананічнае права ў Вышэйшай семінарыі Святога Сэрца ў архідыяцэзіі Дэтройта і вядзе свой блог.
Крыніца: Crux

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар