У нядзелю кардынал Герхард Мюлер, прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры, заявіў у жывым тэлевізійным эфіры, што “братэрскае выпраўленне” Папы Францішка адносна ягонай апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia “ў дадзены час не з’яўляецца магчымым”, таму што гэты дакумент не стварае небяспекі для веры.

Але каментарый кардынала, які ён зрабіў ватыканскаму карэспандэнту Фабіё Маркезэ Рагона на італьянскім канале Tgcom24, супярэчыць прызнанням, якія на мінулым тыдні выданню National Catholic Register пацвердзілі прынамсі двое вышэйшых ватыканскіх кіраўнікоў: Кангрэгацыя дактрыны веры падала вялікую колькасць правак да адгартацыі Amoris Laetitia перад яе публікацыяй у красавіку мінулага года, але “ніводная з іх не была прынятая”.

Ягоныя рэмаркі таксама прыпалі на час узнікнення шырокага спектру інтэрпрэтацый гэтага дакумента, калі некаторыя біскупскія канферэнцыі, як у Германіі, кажуць, што адгартацыя дазваляе прымаць святую Камунію некаторым разведзеным і паўторна жанатым асобам, якія жывуць, як Касцёл заўсёды вучыў, у аб’ектыўным стане чужалоства, а іншыя, як у Польшчы, настойліва кажуць, што дакумент гэтага не дазваляе. Паасобныя біскупы па свеце таксама разыходзяцца па гэтым пытанні.

У сваім інтэрв’ю ад 8 студзеня кардынал Мюлер не выказаўся наконт неспакою наконт гэтых адрозных інтэрпрэтацый, але сказаў, што “ў дадзены момант выпраўленне Папы не з’яўляецца магчымым, таму што не існуе небяспекі для веры”. Кажучы пра гэта, ён меў на ўвазе dubia чатырох кардыналаў, якія 19 верасня папрасілі Папу праясніць вучэнне, якое ўтрымліваецца ў Amoris Laetitia з улікам шырокага спектру меркаванняў па істотных маральных і сакрамэнтальных пытаннях.

Чацвёра кардыналаў — Карла Кафара, Вальтэр Брандмюлер, Рэйманд Бёрк і Ёахім Майснер — даслалі Папу dubia (пытанні пра тое, ці пяць фрагментаў дакумента адпавядаюць вучэнню Касцёла) з-за “глыбокай пастырскай занепакоенасці“, каб праясніць “сур’ёзную дэзарыентацыю і вялікае замяшанне”, якое ўзнікла з-за гэтых розных прачытанняў вучэння ў гэтым дкуменце. Кардыналы падкрэслілі, што яны вырашылі звярнуць увагу на гэтыя пункты ў “справядлівасці і любові” дзеля еднасці Касцёла.

Святы Айцец дагэтуль не даў фармальнага адказу на гэтыя пытанні, а таксама паведаміў кардыналу Мюлеру, што той не павінен адказваць на іх ад яго імя. Францішак не агучыў прычынаў, чаму ён не робіць гэтага, але ён даў зразумець, што чацвёра кардыналаў і іншыя асобы “імкнуцца бачыць толькі белае і чорнае, тады як след распазнаваць цячэнне жыцця”.

Кардыналы вырашылі апублікаваць dubia, бо яны ўспрынялі рашэнне Папы не адказваць як “запрашэнне спакойна і з павагай працягваць рэфлексію і дыскусію”. 15 лістапада ў каментарыі для NCR кардынал Бёрк сказаў, што, калі Папа працягне маўчаць і не адказваць, тады “паўстане пытанне пра выкананне фармальнага акту выпраўлення сур’ёзнай памылкі”. Пазней кардынал Брандмюлер паведаміў La Stampa, што спачатку выпраўленне адбудзецца in camera caritatis (у прыватных абставінах).

Здзіўлены, што dubia апублікавалі

Кардынал Мюлер сказаў у нядзелю, што кардыналы “мелі поўнае права напісаць ліст Папу”, але ён дадаў, што “здзіўлены тым, што справа стала публічнай, амаль прымушаючы Папу сказаць так альбо не”.

“Мне не падабаецца гэта, — сказаў ён. — Магчымае братэрскае выпраўленне Папы таксама выдаецца мне вельмі далёкім; у дадзены момант яно не з’яўляецца магчымым, таму што гэта не небяспека для веры, як казаў св. Тамаш [Аквінскі]”.

Ён сказаў, што адчувае, што гэта “страта для Касцёла абмяркоўваць гэтыя рэчы публічна”, дадаючы, што адгартацыя Amoris Laetitia “вельмі ясная ў сваім вучэнні і што мы можам інтэрпрэтаваць усё вучэнне Езуса наконт сужэнства, усё вучэнне Касцёла ў 2000 гадах гісторыі”.

Кардынал заключыў, што Папа Францішак “просіць распазнаваць сітуацыі тых, хто жыве ў неўрэгуляваных саюзах, калі яны не адпавядаюць вучэнню Касцёла пра сужэнства, і дапамагаць гэтым людзям знаходзіць шлях да новай інтэграцыі ў Касцёл, згодна з умовамі прыняцця сакрамэнтаў і хрысціянскім пасланнем пра сужэнства”. Ён сказаў, што “не бачыць аніякай супярэчнасці: з аднаго боку, мы маем яснае вучэнне наконт сужэнства, а з іншага — абавязак Касцёла дбаць пра тых людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы”.

Але ў Рыме каментарыі кардынала сустрэліся са збянтэжанасцю, прычым некаторыя кажуць, што кардынал не зразумеў сутнасці пытання: яно было не пра тое, ці можна прачытаць Amoris Laetitia ў неразрыўнасці з традыцыяй, а пра тое, ці з’яўляецца гэты дакумент дастаткова двухсэнсоўным, каб яго можна было прачытаць неартадаксальным спосабам.

Таксама ягоныя рэмаркі з’явіліся пасля таго, як аказалася, што Кангрэгацыя дактрыны веры мела яўныя перасцярогі наконт дакумента перад яго публікацыяй — перасцярогі, якія так і не былі прынятыя пад увагу. Адзін з інфармаваных служачых нядаўна паведаміў NCR, што камісія Кангрэгацыі дактрыны веры, якая пераглядала чарнавік Amoris Laetitia, паставіла dubia, “падобныя” да кардынальскіх. Гэтыя dubia былі часткай правак Кангрэгацыі дактрыны веры на 20 старонках, пра што першым напісаў Жан-Мары Жэнуа ў Le Figaro 7 красавіка, напярэдадні публікацыі дакумента.

Іншы вышэйшы супрацоўнік на мінулым тыдні падзяліўся з NCR, што кардынал Мюлер асабіста сказаў яму, што ягоная Кангрэгацыя “падала шмат, шмат правак, і ніводная з іх не была прынятая”. Ён дадаў, што словы кардынала ў інтэрв’ю “наўпрост супярэчаць усяму, што ён дагэтуль казаў мне па гэтай справе” і што ў яго “адчуванне, быццам нехта кажа не за сябе, а паўтарае тое, што нехта іншы сказаў яму перадаць”.

Моцная папярэдняя гісторыя

На працягу мінулых трох гадоў кардынал Мюлер часта абараняў вучэнне Касцёла наконт сужэнства і сям’і (гл. тут і тут). А ў прамове ў Авьеда, Іспанія, у мінулым годзе ён падкрэсліў, што Amoris Laetitia не адкрывае дзверы да святой Камуніі разведзеным асобам, якія паўторна заключылі грамадзянскі шлюб, пацвердзіўшы параграф 84 апостальскай адгартацыі св. Папы Яна Паўла ІІ Familiaris Consortio, які сцвярджае, што разведзеныя і паўторна жанатыя асобы не могуць быць дапушчаныя да Эўхарыстычнай Камуніі, калі толькі яны не жывуць у “поўным устрыманні”.

Але крытыкі кажуць, што кардынал, выдаецца, не звяртае ўвагі на неспакой адносна разыходжанняў у інтэрпрэтацыі дакумента, на глыбокую асцярогу, якая сядзіць не толькі ў чатырох кардыналах, і падазрае, што пасля таго, як Папа нядаўна звольніў трох ягоных супрацоўнікаў без паведамлення прычыны, і ў святле магчымай непазбежнасці фармальнага выпраўлення ён адчуў сябе змушаным альбо быў змушаны даць Папу беспамылковы знак лаяльнасці. Іншыя ж кажуць, што італьянская мова, якую кардынал выкарыстоўвае ў інтэрв’ю, мае больш нюансаў, чым англійскі пераклад, што ён ведае, што робіць, і што ён па-свойму імкнецца абараніць артадаксальнасць і еднасць Касцёла.

National Catholic Register даведаўся, што свае сумневы Папу прадставіла значная колькасць біскупскіх канферэнцый і што яны, як і чацвёра кардыналаў, таксама не атрымалі адказу. Таксама і перад публікацыяй дакумента 30 кардыналаў, наперад бачыўшы чарнавік апостальскай адгартацыі, напісалі Папу пра свае перасцярогі, асабліва ў справе Камуніі для разведзеных і паўторна жанатых, папярэджваючы, што дакумент аслабіць тры істотныя сакрамэнты Касцёла: Эўхарыстыю, сужэнства і споведзь. Як NCR паведаміла крыніца, на той ліст Папа таксама не адказаў.

Прэс-служба Святога Пасаду адмовілася каментаваць адхіленне правак Кангрэгацыі дактрыны веры да Amoris Laetitia, сказаўшы 2 студзеня, што яна “не каментуе распрацоўку папскіх дакументаў”.

Кардынал Мюлер таксама не адказаў NCR на зададзеныя 9 студзеня пытанні пра тое, ці ён ведае пра замяшанне, якое паходзіць з адрозных інтэпрэтацый Amoris Laetitia, альбо чаму ён лічыць, што ў фармальным выпраўленні няма патрэбы, калі выпраўленні яго ўласнай дыкастэрыі не былі прынятыя.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыйнае фота: Jolanta Dyr (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар