Ад рэдакцыі Te igitur:

Публікуючы матэрыялы, якія датычацца сённяшняй дыскусіі вакол апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia, мы зыходзім з трох прадумоваў:

(1) такім матэрыялам не месца ў блогу, мэтай якога з’яўляецца прапаганда прыгажосці каталіцкай літургіі;

(2) на дадзены момант у Беларусі яшчэ ніхто не наважыўся напісаць штосьці істотнае пра Amoris Laetitia, а хтосьці напісаць павінен, ды пажадана не вуснамі кардынала Шонбарна;

(3) з апалагетычнага пункту гледжання, наконт зместу адгартацыі напісана дастаткова; прынамсі ўяўны біскуп альбо працаўнік касцёльнага суда, калі і не захоча публічна выказаць сваю пазіцыю, будзе мець дастаткова інфармацыі для асабістага разважання.

Як вынік, да ўжо наяўнага варта дадаваць альбо істотныя навіны, альбо тое, што добра пралівае святло на спрэчкі. Прыведзены ніжэй артыкул выбітны тым, што ён упершыню за час дыскусіі выходзіць па-за тэорыю і бярэцца за канкрэтную, няхай і несапраўдную сітуацыю. Таму ён добра дэманструе логіку, якой можа кіравацца парафіяльны святар, які імкнецца разгледзець складанасці сужэнскага жыцця ў святле інструкцый Amoris Laetitia. Гэты тэкст мы публікуем не з той прычыны, што падтрымліваем ягоны змест, а для ілюстрацыі праблемы і далейшага крытычнага разгляду, які з’явіцца ў найбліжэйшым часе.


Пры ацэнцы таго, ці могуць разведзеныя каталікі, якія знаходзяцца ў паўторным грамадзянскім шлюбе, прымаць Камунію, Amoris Laetitia заклікае пастыраў адрозніваць абставіны розных выпадкаў, і вось адна з гіпатэтычных сітуацый, у якой айцец Пол Келер кажа, што ягоны адказ быў бы “так”.

[Заўвага святара: Наступны “канкрэтны выпадак”, хоць і з’яўляецца рэалістычным з пастырскага пункту гледжання, не прадстаўляе аніякай канкрэтнай асобы альбо выпадку, з якім бы я сутыкаўся. Я не парушыў таямніцу споведзі і нікога не падмануў у чаканні канфідэнцыяльнасці.]

“Ойча, дык я магу прыступаць да Камуніі?”

Мы сядзім у канфесіянале, і Ірма, разведзеная і паўторна жанатая каталічка, глядзіць на мяне вачыма, поўнымі мальбы. Яна задае мне канкрэтнае пытанне.

У сваім адказе я павінен кіравацца інструкцыямі, якія Папа Францішак апісаў у адгартацыі Amoris Laetitia, выдадзенай пасля дыскусій і абмеркавання двух Сінодаў біскупаў на тэму сямейнага жыцця. Мая задача — суправаджаць Ірму. Мне спатрэбіцца разважлівасць на працягу, магчыма, доўгага, паступовага працэсу дапамогі Ірме зразумець, ацаніць і цалкам выканаць тое, аб чым просіць яе Бог.

На гэтым шляху мне трэба “пазбягаць суджэнняў, якія не ўлічваюць складанасць” сітуацыі Ірмы. У пастырскім распазнанні няма патрэбы, калі ўсё, што мне трэба зрабіць, гэта сказаць Ірме, што існуюць правілы, і загадаць ёй падпарадкавацца ім. Мне не дазволена трактаваць маральныя загады Касцёла так, быццам гэта камяні, якімі я мушу кідаць у жыццё Ірмы.

У працэсе распазнання і суправаджэння я павінен зразумець, што “сярод нейкай аб’ектыўнай сітуацыі граху асоба, якая суб’ектыўна не мае віны ці не цалкам вінаватая, можа жыць у Божай ласцы, можа любіць, а таксама можа ўзрастаць у жыцці ласкі і любові, атрымліваючы для гэтага дапамогу Касцёла”.

На дадзены момант я ўжо шмат разоў, на працягу амаль двух гадоў, размаўляў з Ірмай ў межах сакрамэнту паяднання. Падчас нашых многіх размоваў і малітваў я вельмі шмат даведаўся пра яе жыццё.

Ірма паходзіць з Сальвадора, дзе яна выйшла за свайго аднакласніка Франсіска, калі ім абодвум было па 21. Яна распавяла мне, якім цудоўным чалавекам ён быў: далікатным, шчодрым, смешным. Яны ажаніліся ў Каталіцкім Касцёле, хоць цяпер Ірма называе сябе ў той час простай захаджанкай.

Ані яна, ані ейны хлопец ніколі не думалі пра сваю веру сур’ёзна. Іхнія сем’і былі каталіцкімі. Усе ведалі, што яны каталікі. Проста мелася на ўвазе, што, калі ты бярэш шлюб, то гэта павінна быць у Каталіцкім Касцёле.

Яна кажа, што першы год іхняга сужэнства быў “цудоўны”. Хоць было цяжка з грашыма, яны давалі рады. Тады на Франсіска націснулі, каб ён зрабіў тое, чаго з поспехам пазбягаў падчас універсітэта: ён далучыўся да мясцовай банды, якая кантралявала ягоны раён. Пасля гэтага Франсіска перастаў вяртацца дадому. Ён пачаў шмат піць і, як думала Ірма, ужываць наркотыкі.

“Ён зрабіўся зусім іншым чалавекам”, — сказала яна мне.

Нарэшце, калі Франсіска выпіваў, ён распачынаў фізічны і слоўны гвалт. Назаўтра ён заўсёды выбачаўся і абяцаў, што гэта больш не паўторыцца. Але гэта заўсёды паўтаралася.

У п’яным стане Франсіска пачаў рэгулярна хваліцца сваімі адносінамі з іншымі жанчынамі. Некаторыя суседзі казалі Ірме, што адна жанчына зацяжарыла і сцвярджала, што гэтае дзіця ад Франсіска.

Часамі Франсіска сыходзіў з дому, не кажучы Ірме, куды ідзе альбо калі вернецца. Нарэшце ён сышоў і не вярнуўся. Адзін тыдзень… два тыдні… месяц… шэсць месяцаў.

Праз шэсць месяцаў Ірма не ведала, што рабіць. Франсіска даўно страціў працу. Ірма не магла знайсці працу. Уся ейная сям’я пераехала ў Злучаныя Штаты.

Таму Ірма ў роспачы развялася з Франсіска і пераехала ў ЗША (нелегальна), дзе яна змагла жыць з роднымі і знайшла працу.

Пасля году побыту ў Штатах Ірма сустрэла Тоні. Яны пачалі сустракацца і закахаліся. Ірма апісала Тоні як добрага, пяшчотнага і працавітага.

“Ён такі ўважлівы, заўсёды здзіўляе мяне невялікімі падарункамі і водзіць мяне ў рэстараны”. Нарэшце, Ірма і Тоні заключылі грамадзянскі шлюб. Праз гэты шлюб Ірма змагла стаць легальнай рэзідэнткай ЗША. Яна зацяжарыла. Прыкладна праз год пасля вяселля ў іх нарадзілася Аракель.

Ірма хацела ахрысціць Аракель у Каталіцкім Касцёле. Тоні не быў каталіком і ўвогуле ніколі не хадзіў у касцёл, але ён падтрымліваў Ірму ў яе рашэнні выхаваць Аракель каталічкай.

Пасля хросту Ірма і Тоні пачалі наведваць Імшу. Ірма зноў адчула сябе каталічкай. Яна хацела быць добрай верніцай і расці ў сваіх адносінах з Богам. Асабліва яна хацела магчы прымаць Камунію.

Ірма не мела паняцця, дзе знаходзіцца Франсіска. Яна нават не ведала, ці жывы ён яшчэ. У Сальвадоры ў яе не было сям’і. У Злучаныя Штаты яна не прывезла з сабою ані касцёльных, ані дзяржаўных дакументаў.

Яна хацела пачаць працэс анулявання сужэнства, хоць і было амаль немагчыма атрымаць якую-небудзь інфармацыю альбо дапамогу з яе парафіі ў Сальвадоры.

Хоць Ірма і ўпэўнена, што яны проста былі надта маладымі, каб жаніцца, выглядае, што ў яе не было рэальных падставаў, каб прасіць анулявання, бо праблемы Франсіска былі звязаныя з алкагольнай (і, магчыма, наркатычнай) залежнасцю, якая пачала развівацца толькі пасля шлюбу.

“Ойча, дык я магу прыступаць да Камуніі?”

Ірма і я абмяркоўвалі тое, чаму навучае Касцёл адносна Камуніі для разведзеных і паўторна жанатых асобаў. Я растлумачыў ёй, што калі б яна і Тоні жылі, “як брат і сястра”, яна магла б прыступаць да Камуніі.

Яна сказала мне, што Тоні лічыць гэтую ідэю вар’яцкай. Паколькі ім было толькі па 26, Ірма непакоілася, што з іхнімі адносінам штосьці станецца, калі яны больш не змогуць ўзрастаць у любові праз фізічную блізкасць.

Яна сумнявалася, што Тоні зможа справіцца з перспектывай поўнага цэлібату на працягу наступных 70 гадоў. Акрамя таго, і яна, і Тоні хацелі мець “прынамсі яшчэ дваіх альбо траіх дзяцей”.

Ірма сказала мне, што кожную нядзелю, калі яна вяртаецца дадому з Імшы з Тоні і малой Аракеляй, яна плача цэлы дзень. У яе вельмі баліць сэрца з таго, што яна не можа ўдзельнічаць у Камуніі з Панам і атрымліваць ласку гэтага сакрамэнту.

Ейная роспач настолькі вялікая, што як пастыр са ступенню ў псіхалогіі, я непакоюся, што яе духоўнае і псіхалагічнае здароўе можна пахіснуцца праз наведванне Імшы і няздольнасць прымаць Камунію. Хоць я і не сказаў гэтага Ірме, я думаю, ці не было б лепей для яе наведваць які-небудзь некаталіцкі касцёл.

Яна сказала мне, што Тоні пачаў адмаўляцца наведваць Імшу, таму што ён не можа знесці ўдзелу ў тым, што выклікае ў яе столькі болю. Нават Аракель хоча ведаць, чаму мама заўсёды плача пасля Імшы.

“Ойча, дык я магу прыступаць да Камуніі?”

Праз год суправаджэння як я павінен адказаць на гэтае простае пытанне? Калі б яна проста падышла да Камуніі, я не змог бы ёй адмовіць. Па-першае, усё, што я ведаю пра ейныя адносіны, прыйшло з сакрамэнту споведзі. Па-за сакрамэнтам я не магу “выкарыстоўваць” гэтую інфармацыю ніякім чынам, а асабліва праз публічную адмову ў Камуніі.

Нават калі б я ведаў пра сітуацыю Ірмы не толькі са споведзі, ніхто больш у парафіі пра гэта не ведае. Гэта не сітуацыя яўнага публічнага граху. Небяспека скандалу адсутнічае. Таксама ў тую ці іншую нядзелю я не змог бы ведаць, ці вырашылі яны з Тоні пачаць жыць, “як брат і сястра”.

Ірма напэўна не займае паставу выкліку Касцёлу і не мае недахопу любові да яго і да яго вучэння. З улікам гэтых абставінаў, калі б яна падышла да Камуніі, Касцёл не дазволіў бы мне публічна адмовіць ёй.

Але мая праблема не ў тым, адмовіць ці не адмовіць у Камуніі. Мая праблема ў тым, што верніца задае мне наўпроставае пытанне і яна заслугоўвае наўпроставага адказу.

Ірма напэўна мае сапраўдную “пакору, асцярожнасць і любоў да Касцёла і яго вучэння”, пра неабходнасць якіх для доступу да Камуніі ў такой сітуацыі казаў Папа Францішак у Amoris Laetitia. Яна шчыра шукае Божай волі і жадае даць больш дасканалы адказ на яе.

Amoris Laetitia апісвае некалькі рэчаў, якія я мушу ўлічваць, калі я прапаную пастырскую дапамогу Ірме.

Па-першае, я не бачу аніякай рэальнай віны з боку Ірмы ў дачыненні да няўдачы ейнага сужэнства. Хоць ёй і смутна, што яна і Тоні не ўзялі касцёльны шлюб, яна таксама верыць, што Бог паставіў Тоні на яе шляху дзеля яе дабра.

Нягледзячы на тое, што яны не ажаніліся ў Касцёле, іхнія адносіны ва ўсіх іншых сферах выглядаюць духоўна, псіхалагічна і эмацыйна здаровымі. Яны моцна сябруюць і маюць прыгожае дзіця. Яны верныя, шчодрыя і самаахвярныя.

Хрысціянская адданасць Ірмы відавочная, і, паводле словаў Ірмы, перад тым, як разнервавацца з прычыны пакутаў Ірмы, Тоні выказваў цікаўнасць да Імшы і Каталіцкага Касцёла.

Я падзяляю неспакой Ірмы адносна таго, што пажыццёвы цэлібат можа паставіць пад пагрозу вернасць і працяг іхніх адносінаў, што, вядома, не будзе на дабро іхняй дачцэ. Я веру, што канец іхніх адносінаў пашкодзіць усім траім.

У гэтым выпадку я прыйшоў да высновы, што Ірме вельмі дапаможа ласка сакрамэнту Камуніі. Без яе, баюся, яны перастануць наведваць Імшу, што, можа, і варта зрабіць. У мяне ёсць абгрунтаванае спадзяванне, што Тоні можа раней ці пазней стаць каталіком.

Я веру ў магчымасць таго, што аднойчы ў будучыні, магчыма, пасля двух ці трох дзяцей, Ірма і Тоні змогуць прыняць жыццё “брата і сястры”.

“Ойча, дык я магу прыступаць да Камуніі?”

Засноўваючыся на ўсім, што я як святар ведаю пра грэх, сумленне, надзею, Езуса, вучэнне Касцёла і асабліва інструкцыі, якія Касцёл атрымаў ад Папы Францішка ў Amoris Laetitia, я кажу Ірме: “Калі ты шчыра верыш у сваім сумленні, што менавіта так Хрыстус можа паспрыяць твайму росту ў святасці, тады так, ты можаш прыступаць да Камуніі”.

У наступную нядзелю пасля Імшы Ірма вітае мяне са слязьмі на вачах. Гэтым разам гэта слёзы радасці. Нават вочы Тоні выглядаюць вільготнымі, калі ён трымае асабліва радасную Аракелю.

Ірма кажа мне: “Усе гэтыя гады на кожнай Імшы, калі надыходзіў час Камуніі, я адчувала, быццам Езус адвярнуўся ад мяне. Сёння ўпершыню я адчула, быццам Езус абняў мяне і сказаў, што любіць мяне!”


Аўтар: а. Пол Келер CMF, каталіцкі святар, місіянер-кларэтынец.
Крыніца: Crux
Ілюстрацыйнае фота: PD

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і друкуецца ў аб’ёме, неабходным для крытычных мэтаў.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz