Напрыканцы мінулага года на старонцы архідыяцэзіі Мантэрэя (Мексіка) у Фэйсбуку з’явілася паведамленне яе ардынарыя арцыбіскупа Рахеліа Кабрэры, у якім ён загадвае чытаць урывак з Евангелля паводле св. Яна (Ян 1, 1-18) на кожнай нядзельнай святой Імшы ў 2017 годзе. Паводле задумы арцыбіскупа, гэты фрагмент Евангелля, “у якім знаходзіцца сінтэз апостальскай веры”, павінен заняць месца адразу за малітвай пасля Камуніі.

У прадслоўі Евангелля св. Яна знаходзіцца сінтэз апостальскай веры, сканцэнтраванай на таямніцы ўцелаўлення: Езус — гэта Слова, Той, Хто існаваў спрадвеку, Хто прыняў цела і паказаў нам аблічча Бога, праясняючы таямніцу чалавека.

Менавіта з гэтай прычыны гэтымі сваімі лістамі і сваёю уладай ардынарыя я пастанаўляю, каб на ўсіх нядзельных Імшах 2017 года, пачынаючы ад 1 студзеня, адразу за малітвай пасля Камуніі чыталася літургічная версія прадслоўя Евангелля паводле святога Яна. Пальмавая нядзеля і Пасхальная вігілія з’яўляюцца выключэннем.

Варта адзначыць, што на працягу некалькіх стагоддзяў той самы ўрывак з Евангелля ўжо меў сваё сталае месца ў святой Імшы ў выглядзе так званага апошняга Евангелля. Да літургічнай рэформы 1960-х гадоў на кожнай Імшы, акрамя ўласнага Евангелля, чыталася таксама і апошняе Евангелле — дадатковы фрагмент на заканчэнне Імшы, які амаль заўсёды браўся з прадмоўя Евангелля паводле святога Яна (Ян 1, 1-14). Гучаў жа ўрывак “напачатку было слова…” пасля благаслаўлення, непасрэдна перад працэсіяй у сакрыстыю.

Каталіцкая энцыклапедыя сцвярджае, што гістарычна апошняе Евангелле было сцісла звязана з яшчэ двума заключнымі абрадамі: святарскай малітвай “Placeat” і благаслаўленнем. Але назваць гэты звычай старажытным нельга, бо яшчэ ў ХІІ стагоддзі ў парадку святой Імшы не было ані “Placeat”, ані благаслаўлення, ані апошняга Евангелля. Яна заканчвалася проста словамі “Ite missa est”, якія сёння прынялі форму “Ідзіце ў супакоі Хрыста”, а пералічаныя тры элементы былі формай народнай пабожнасці. У ХІІІ стагоддзі яны набылі неабавязковы характар і ўжываліся паводле меркавання святара. Аднак паступова яны набіралі папулярнасць і нават прымалі забабонныя формы (са словамі з Евангелля ад Яна выраблялі адмысловыя амулеты і талісманы). У ХVI стагоддзі Папа Пій V дадаў апошняе Евангелле разам з “Placeat” і благаслаўленнем да парадку Імшы.

Вядома, што з даўніх часоў Евангелле ад Яна знаходзілася ў вялікай пашане. Кардынал Бона перадае меркаванне старажытных філосафаў, якія казалі, што з-за надзвычайнай велічы гэтага тэксту яго варта было б напісаць залатымі літарамі і змясціць на бачным месцы ў кожным касцёле. У пэўным сэнсе гэта і адбылося: прадслоўе з Евангелля ад Яна было не толькі адліта з золата святарскіх галасоў, якія раз за разам паўтаралі яго пасля кожнай святой Імшы, але і ў найпрыгажэйшым выглядзе нанесена на адмысловыя алтарныя карткі, з якіх гэтае Евангелле чыталася.

Скасавана апошняе Евангелле было ў 1964 годзе інструкцыяй Inter oecumenici, якую камісія Анібале Буньіні выдала яшчэ да ўвядзення Імшы Novus Ordo. Прычынай гэтай і шматлікіх іншых зменаў, пра якія кажа гэты дакумент, называецца імкненне задаволіць жаданне Сабору стымуляваць актыўны ўдзел вернікаў.


Te igitur

Ілюстрацыйныя фота: Servus Tuus (CC BY-SA), Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

 

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар