Noveritis: абвяшчэнне даты Пасхі

Аб’яўленне Пана (Эпіфанія) з’яўляецца апошнім вялікім святам перад пачаткам пасхальнага цыкла. У гэты дзень Рымскі Пантыфікал (Pars III. De Publicatione festorum Mobilium in Epiphania Domini) піша, як трэба абвяшчаць дату Вялікадня і галоўных рухомых святаў у катэдрах і іншых галоўных касцёлах.

ГІСТОРЫЯ

Гэтая традыцыя бярэ пачатак ад ранніх дзён Касцёла. Патрыярх Александрыі, у горадзе якога працавалі самыя таленавітыя астраномы хрысціянскага свету, меў заданне рассылаць дату велікоднай урачыстасці іншым усходнім патрыярхам і рымскаму Пантыфіку, які затым інфармаваў мітрапалітаў Захаду.

Кажуць, што Нікейскі сабор фармалізаваў гэтую практыку як вынік таго, што ўсе паўсюль павінны былі святкаваць Пасху ў той самы дзень. Хоць у канонах Нікейскага сабору не захавалася згадкі пра замацаванне даты Вялікадня, мы ведаем, што гэтая справа абмяркоўвалася і была вырашана саборам, з трох дакументаў: з ліста імператара Канстанціна, сінадальнага ліста да Касцёла Александрыі і з ліста, які напісаў св. Атаназій у 369 годзе біскупам Афрыкі. У пятым стагоддзі Кірыл Александрыйскі пісаў у Велікодным пасланні: “Экуменічны сабор адзінадушна прагаласаваў, каб Касцёл Александрыі з-за яго знакамітых астраномаў штогод паведамляў Касцёлу Рыма дату Вялікадня, а Рым будзе перадаваць яе іншым касцёлам”. Аднак, гэта не дакладна, што гэтыя словы адносяцца менавіта да Першага Нікейскага сабору.

У хуткім часе біскупы прынялі практыку штогод, 6 студзеня, публікаваць Epistola festalis, пастырскі ліст, у якім абвяшчаліся даты Вялікадня і рухомых святаў бягучага года.

Пра абвяшчэнне даты Пасхі на свята Аб’яўлення Пана кажуць шматлікія Айцы ранняга Касцёла. Чацвёрты Арлеанскі сабор (541 год) і Асерскі сабор (578 год) сведчаць пра гэты звычай у Галіі і на ўсім Захадзе. У старым Парыжскім брэвіярыі напрыканцы службы першай гадзіны (прымы) у нядзелі і святы чытаўся адзін з канонаў святых сабораў. Вось гэты канон для дня Эпіфаніі:

Сабор пад кіраўніцтвам натхнення Бога, поўнага ўсялякай дабрыні да людзей, пастанавіў, каб святары цэлебравалі святую Пасху ў той самы час і каб кожны год у дзень Эпіфаніі ў касцёле інфармавалі люд пра гэтае ўрачыстае свята… Няхай святары перад Эпіфаніяй пашлюць прадстаўнікоў да біскупа, каб ён праінфармаваў іх пра пачатак Вялікага посту, каб можна было паведаміць вернікам пра гэта ў дзень Эпіфаніі (Чацвёрты Арлеанскі сабор, 541 год, к. 1; Асерскі сабор, праведзены пры св. Аунарыі, 578 год, к. 2).

Рымскі абрад мае даволі развітую формулу (“Noveritis”) для гэтага абвяшчэння: да даты Вялікадня таксама дадаюцца даты Сямідзесятніцы, Папяльцовай серады, дыяцэзіяльнага сіноду, Унебаўшэсця, Пяцідзесятніцы і Першай нядзелі Адвэнту. Рымскі рэчытатыў выкарыстоўвае тую самую мелодыю, што і для Exsultet у Пасхальную вігілію, што надае абвяшчэнню даты Вялікадня смак пасхальнай радасці. Гэтую ж ідэю выказвае Дом Праспэр Геранжэ:

Гэты звычай, які датуецца найранейшымі стагоддзямі Касцёла, паказвае як таямнічую сувязь, якая звязвае вялікія ўрачыстасці года адну з адной, так і важнасць, якую вернікі павінны прыдаваць святкаванню той урачыстасці, якая з’яўляецца найвышэйшай з усіх і цэнтрам усёй рэлігіі. Праславіўшы Караля сусвету ў свята Эпіфаніі, мы павінны будзем святкаваць Ягоны дзень, які Ён цяпер абвяшчае нам як Пераможца смерці (Дом Праспэр Геранжэ. На свята Аб’яўлення нашага Пана).

ЛІТУРГІЧНЫЯ ПРАВІЛЫ

У рымскім абрадзе Noveritis спяваецца ў свята Аб’яўлення Пана ў катэдрах (і іншых галоўных касцёлах) пасля Евангелля на найбольш урачыстай Імшы дня. Абвяшчэнне робіць архідыякан альбо, згодна з мясцовымі звычаямі, канонік-рэгент ці іншы канонік. Той, хто прызначаны для гэтай справы, апранаецца ў белую капу і ідзе да амбоны або кафедры, ад якой чыталася Евангелле, упрыгожанай белым шоўкам.

РЫМСКІ АБРАД

Ніжэй прыведзеныя старонкі Рымскага Пантыфікала са спевам Noveritis:

Ніжэй прыведзены спеў Noveritis з датамі для 2017 года:

“Ведайце, наймілейшыя браты, што па міласэрнасці Бога, як мы радаваліся Нараджэнню Пана нашага Езуса Хрыста, так мы абвяшчаем вам таксама радасць Уваскрасення нашага Збаўцы. У дзень 12 лютага будзе нядзеля Сямідзесятніцы. У дзень 1 сакавіка Папялец і пачатак святога Вялікага посту. У дзень 16 красавіка будзеце з радасцю святкаваць святую Пасху нашага Пана Езуса Хрыста. У дзень 25 мая будзе ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана нашага Езуса Хрыста. У дзень 4 чэрвеня — свята Пяцідзесятніцы. У дзень пятнаццаты таго ж месяца — свята Найсвяцейшага Цела Хрыста. У дзень 3 снежня — першая нядзеля Адвэнту нашага Пана Езуса Хрыста, якому пашана і хвала на векі вечныя. Амэн”.

ПАРЫЖСКІ АБРАД

Стары парыжскі абрад захаваў вельмі кароткую форму з простай мелодыяй, у якой канкрэтна называецца толькі дата Пасхі: усё гэта напэўна мае прысмак вельмі старажытнага паходжання, магчыма, нават больш старажытнага за больш развітую формулу ў рымскім абрадзе. У гэтым старым парыжскім абрадзе Noverit у кожным парафіяльным касцёле спяваў дыякан, звярнуўшыся тварам на Усход, адразу пасля спеву Евангелля без усякай змены ўбрання.

Nóverit cáritas vestra, fratres caríssimi, quod, annuénte Dei & Dómini nostri Jesu Christi misericórdia, die N. mensis N. Pascha Dómini celebrábimus.

Вось спеў з Missale Parisiense 1766 года біскупа Шарля Гаспара Гіёма дэ Вэнцімій дэ Люк (Charles Gaspard Guillaume de Ventimille de Luc):

Ніжэй прыведзены спеў паводле старога парыжскага абраду для 2017 года:

АМБРАЗІЯНСКІ АБРАД

Амбразіянскі абрад мае амаль тую самую формулу, што і парыжскі, з адным толькі дадаткам “cum gaudio” напрыканцы і адказам “Deo Gratias”. Абрады Парыжа і Мілана маюць тут падабенства не толькі тэкстамі, але і мелодыямі, асабліва ў апошняй кадэнцыі. Як і ў іншых абрадах, абвяшчэнне робіцца пасля Евангелля на Імшы ў свята Эпіфаніі. Вось рубрыкі і тэкст:

Indictio Paschalis. – Mox Diaconus annunciat Pascha Resurrectionis, quo die, et mense sit futurum, hoc modo :

Nóverit cáritas vestra, fratres caríssimi, quod, annuente Dei et Dómini nostri Jesu Christi misericórdia, die N. mensis N. Pascha Dómini cum gáudio celebrábimus. R/. Deo grátias.

Вось спеў з Missale Ambrosianum 1712 года кардынала Джузэпэ Аркінці, арцыбіскупа Мілана:

А гэта спеў паводле амбразіянскага абраду на 2017 год:


Крыніца: Schola Sainte Cécile
Ілюстрацыя: Астраномы з Гісторыі кітайскага імператара (1722-1724, Луўр).

Тэкст перакладзены з французскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі Schola Sainte Cécile.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

2 Каментары да "Noveritis: абвяшчэнне даты Пасхі"

Leave a Reply

Сартаваць:   найноўшыя | найстарэйшыя | найбольш галасоў
Schola Sainte Cécile
Госць

Большое спасибо!!!

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: