Бірэта (памяншальнае ад лац. birrus — накідка, капялюш) — гэта квадратная шапка з трыма пялёсткамі або выступамі зверху і пампонам пасярэдзіне. Калі бірэта была ўведзена ўпершыню (лічыцца, што гэта адбылося адразу пасля дзевятага стагоддзя), яна не мела гэтых выступаў, а была зверху эластычнай і пляскатай, падобна як звыклая шапка. Аднак цяжкасці ў яе ўжыванні і правільным размяшчэнні на галаве былі часам даволі вялікія, таму падалося адпаведным зрабіць яе такой, каб яе можна было зручна апранаць і здымаць. Так былі ўведзеныя тры пялёсткі як сімвал Святой Тройцы (Ferraris, Bibliotheca, art. Bir).

Колер бірэты. — Бірэта можа мець два колеры, а менавіта, чырвоны і чорны. Чырвоны колер належыць кардыналам і толькі ім адным. Чорны колер ужываецца іншымі духоўнымі асобамі, ніжэйшымі за кардыналаў, ці то яны патрыярхі, арцыбіскупы, біскупы ці святары. Згодна з правіламі, бірэта біскупа павінна быць выкладзена ўсярэдзіне зялёным матэрыялам, а ў іншых адносінах яна нічым не адрозніваецца ад той, якую носіць святар (Martinucci, Manuale Sacr. Coerem., v. p. 11; De Herdt, Praxis Pontificalis, i. pp. 44 and 45).

Бірэта кардынала. — Бірэта кардынала зазвычай робіцца з чырвонага шоўку. Яна не мае пампона, і ў яе не можа быць больш за тры пялёсткі. Бірэта з чатырма пялёсткамі належыць выключна дактарам тэалогіі, якія могуць насіць яе толькі тады, калі навучаюць з доктарскай кафедры (Bourry, Explicatio Rubricarum, etc., ii. 216, 217).

Цырымоніі, звязаныя з уручэннем доктарскай шапкі [6]. — Згодна з нядаўнім рашэннем Святога Пасаду, інсігніі доктарскай ступені — шапка і пярсцёнак — не могуць быць уручаны нікому, хто, нароўні з адпаведнай кваліфікацыяй у тэалогіі, не мае добрай рэпутацыі з маральнага пункту гледжання, хто не мае цвёрдай веры. З гэтай мэтай ад кандыдатаў патрабуецца на каленях прамовіць вызнанне веры (Папы Пія IV), прычым ён павінен прынесці прысягу, што ён будзе абараняць веру нават да праліцця крыві, калі гэта спатрэбіцца.

Акрамя таго, ён павінен прысягнуць на згоду з наступнымі артыкуламі, якія яму зачытвае асоба, што надае ступень:

Першае. Што ён ніколі не будзе наўмысна навучаць чаму-небудзь альбо пісаць што-небудзь, што супярэчыць Святому Пісанню, традыцыі, пастанаўленням Сусветных сабораў альбо дэкрэтам Вярхоўных Пантыфікаў.

Другое. Што ён будзе дбайна рабіць свой унёсак у захаванне еднасці Касцёла і не дазваляць нябачнаму ўбранню Хрыста рвацца пад уплывам раздзелаў; таксама што ён будзе аказваць належную пашану Вярхоўнаму Пантыфіку, а таксама паслухмянасць і пашану свайму біскупу.

Трэцяе. Ён прысягне, што будзе абараняць хрысціянскую, каталіцкую і апостальскую веру да праліцця крыві.

Затым зачытваюцца розныя правы і прывілеі, звязаныя са ступенню доктара тэалогіі, і накладаецца шапка і пярсцёнак. Затым доктару даецца ў рукі кніга — зазвычай, тэалагічная праца — як знак ягоных правоў на дадзеныя яму прывілеі. Затым, калі цырымонія выконваецца цалкам, яго трэба прывесці да доктарскай кафедры, дзе на знак братэрскіх пачуццяў да яго ўсе іншыя прысутныя дактары даюць яму пацалунак.

Ёсць традыцыя, калі на такіх мерапрыемствах новы доктар звяртаецца да ўсіх прафесароў па-лацінску і выказвае падзяку за наданне яму такой годнасці.

Мы казалі, што толькі кардыналы носяць бірэту чырвонага колеру. Гэты прывілей быў упершыню дадзены ім Папам Паўлам ІІ у 1460 годзе, але сама традыцыя нашэння чырвонай шапкі з’явілася пасля Ліёнскага сабору ў 1245 годзе, дзе яе заклаў Папа Інакенцій IV. Тады, аднак, яна належыла толькі папскім легатам, але хутка прывілей распаўсюдзіўся на ўсіх без выключэння, прычым дазвалялася насіць і іншыя прадметы ўбрання гэтага ж колеру. Дакладны сэнс, звязаны з чырванню, заключаецца ў тым, што кардыналы павінны быць гатовыя абараняць правы Святога Пасаду нават да праліцця крыві (гл. Kozma, p. 72, note 2).

Папа ніколі не носіць бірэту, а замест яе ён ужывае маленькую шапачку белага колеру, якая называецца solideo (ад лац. solus і Deus), бо ён здымае яе толькі перад Богам, гэта значыць, на найбольш урачыстых частках Імшы. Ні перад адным зямным уладаром Папа гэтую шапачку не здымае. Зроблена яна зазвычай з белага льну. На ёй таксама ёсць маленькі гузік, які дапамагае яе апранаць і здымаць.

Мы сказалі, што бірэта з чатырма пялёсткамі належыць дактарам тэалогіі, аднак са спрадвечных часоў клерыкі Францыі, Германіі і Іспаніі прызвычаіліся насіць бірэты такога тыпу (Bouvry, in loc. cit.).

У некаторых французскіх універсітэтах у мінулыя часы шапка доктара тэалогіі ўпрыгожвалася белым шаўковым пампонам. У дактароў кананічнага права ён быў зялёны, а ў дактароў грамадзянскага права (D. C. L.) — чырвоны з фіялетавым пучком усярэдзіне.

У Германіі апошнім дазвалялася насіць чырвоную шапку. У знакамітым універсітэце Саламанкі (Іспанія), у дадатак да шапкі, якая была чорная з вялікім белым пампонам, даваўся таксама цікавы капялюш з чырвонага шоўку, які ляжаў на плячах таго, хто яго насіў (Rock, Church of Our Fathers, p. 70, vol. ii.).

Калі можна насіць бірэту. — Па-за штодзённым ужываннем бірэты, яе дазваляецца апранаць у святыні падчас менш урачыстых частак Імшы. Аднак пры алтары, падчас самой цэлебрацыі, яе нельга насіць нікому, нават найбольш важным асобам. Дысцыпліна ў гэтай справе вельмі суровая, але ва ўсім Касцёле ёсць адно выключэнне з яе, а менавіта выпадак каталіцкіх місіянераў у Кітайскай імперыі. Добра вядома, што сярод кітайцаў лічыцца вельмі непрыстойным з’яўляцца на людзях з непакрытай галавой. Гэтым людзям нельга зрабіць большай крыўды, як толькі парушыць гэтую частку іхняга этыкету. Зважаючы на гэта, а таксама памятаючы ўрачысты заклік Апостала язычнікаў рабіцца ўсім для ўсіх, каб здабыць іх для Хрыста, благаслаўлёнай памяці Святы Айцец Павел V (1605—1621) дазволіў місіянерам Кітайскай імперыі насіць бірэту на працягу ўсёй Імшы, нават падчас кансэкрацыі, з адной умовай, каб гэтая ж бірэта не ўжывалася ў штодзённым жыцці. Ні ў адной іншай частцы свету гэты прывілей не прымяняецца (De Montor, Lives of the Popes, vol. i. p. 943).

Бірэта на Усходзе. — Усходняя бірэта істотна адрозніваецца ад нашай па форме. У грэкаў яна круглая, зазвычай фіялетавая і цесна прылягае да галавы. Ззаду да яе прышываецца невялікі трохкутнічак, які грэкі называюць περιστερα (peristera), альбо голуб, бо ён нагадвае хвост гэтай птушкі. Ягоная мэта — нагадваць святару, што ласка яго святога служэння залежыць ад Святога Духа, якога сімвалізуе голуб (Goar, Euchol. Graec., 157). Па ўсёй Расіі ўсё “чорнае духавенства” [7] носіць высокую шапку, накрытую вэлюмам, што спадае на плечы. Рускія называюць яе “клабук”, а па-грэцку яна завецца камілаўкай (Kamelauchion) (Mouravieff, History of the Russian Church, notes, p. 399).

Грэцкія біскупы, што ніколі не носяць мітраў, падобных да нашай, карыстаюцца нізкай шапкай без узвышэнняў, на якую накінуты вялікі вэлюм. Чымсьці яна нагадвае арыгінальную рымскую біру (birrus)(Neale, Holy Eastern Church, i. 314). У гэтых шапках яны выконваюць усе ўступныя абрады літургіі.

Шапка схізматычнага патрыярха Александрыі мае форму кароны і ніколі не здымаецца падчас Божай службы. Такім жа прывілеем карыстаецца патрыярх нестарыянаў, які носіць шапку нават пры ўдзяленні святой Камуніі. Ва ўсіх іншых Усходніх Касцёлах служаць з непакрытымі галовамі, як і ў нас (Goar, Euchol., 157 і 220; Neale, in loc. cit.; Denzinger, Ritus Oriental., 132).

Копцкая бірэта мала чым адрозніваецца ад грэцкай, за выключэннем таго, што яе верх арнаментаваны разнастайнымі крыжыкамі. А называюць яе “кідар”.


[6] Права надання ступені доктара тэалогіі з адпаведнымі інсігніямі і прывілеямі маюць толькі тры ўстановы ў ЗША, а менавіта Езуіцкі каледж у Джорджтаўне (сёння — Джорджтаўнскі універсітэт), каледж Спрынг Хіл у Алабаме і Сюльпіцыянская семінарыя св. Марыі ў Балтымары.

[7] Дзелянне рускага духавенства на “белае” і “чорнае” духавенства паходзіць не ад нейкіх асаблівасцяў у адзенні, а толькі ад рознага стылю іх жыцця. “Чорным” называюць духавенства, якое жыве ў манастырах. Усе астатнія адносяцца да “белага” духавенства, незалежна ад таго, якога колеру іхняя вопратка (Gagarin, Russian Clergy, introduction).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар