Як жа мы можам прымяніць усё гэта ў штодзённым жыцці?

Па-першае, нам можа вельмі пайсці на карысць біблійная аснова о-антыфонаў. Вышэй я растлумачыў, што гэтыя антыфоны напоўнены Пісаннем і біблійнай тэматыкай. Кожная з іх з’яўляецца для нас нагодаю ўвайсці ў Біблію праз літургію Касцёла, якая, як казаў Другі Ватыканскі сабор, з’яўляецца “вяршыняй, да якой скіравана дзейнасць Касцёла” і “крыніцай, з якой выцякае ўся ягоная сіла” (Sacrosanctum Concilium 10). Гэта таксама нагода праз Пісанне ісці да “поўнага, свядомага і актыўнага ўдзелу” ў літургіі (SC 14).

Кажучы пра ўдзел у літургіі, нам варта таксама звяртаць большую ўвагу на літургічныя тэксты перыяду Адвэнту, сярод якіх знаходзяцца і о-антыфоны [18]. Як мы бачылі, тэмы антыфонаў праходзяць цягам Адвэнту ў зменных частках Імшы (пропрыі), асабліва ў калектах, у чытаннях і ў абедзвюх прэфацыях на Адвэнт. Засяроджанне падчас літургіі і знаёмства з тэкстамі малітваў і чытанняў перад Імшою, асабліва ў нядзелі, гэта вельмі добры спосаб адкрыць сябе ласкам, якія Бог дае нам у Найсвяцейшай Ахвяры Імшы.

Таксама о-антыфоны могуць дапамагчы нам у сакрамэнце споведзі. У сярэдзіне XV стагоддзя святар па імені Магнус Унэсан (лац. Magnus Unnonis) склаў дапаможнік для плённага прыняцця гэтага сакрамэнту, заснаваны на о-антыфонах [19]. Ён выкарыстаў кожную антыфону, каб апісаць сем “адвэнтаў” Хрыста і натхніць да рахунку сумлення паводле сямі галоўных грахоў, якія затым супрацьпастаўляюцца сямі дарам Духа Святога (пар. ККК 1830—1831).

О-Антыфона Падзея Грэх Дар Духа Святога
О Мудрасць Уцелаўленне Пыха Боязь Божая
О Пан Нараджэнне Зайздрасць Пабожнасць
О корань Есэя Мука Гнеў Умеласць
О ключ Давіда Сыход у адхлань Лянота Мужнасць
О Усход Уваскрасенне Хцівасць Рада
О Валадар народаў Унебаўшэсце Распуста Розум
О Эммануэль Другое прыйсце Неўмеркаванасць у ежы і піцці Мудрасць

Схема Магнуса можа здавацца нам даволі штучнай, але праўда ў тым, што антыфоны можна прымяніць да сакрамэнту споведзі. Кожную з іх можна плённа выкарыстаць як дапамогу ў нашым штодзённым рахунку сумлення напрыканцы дня. На працягу сямі дзён перад Божым Нараджэннем мы просім Хрыста вызваліць нас (О Эммануэль, О Пан), навучыць (О Мудрасць) і прасвятліць нас (О Усход). Якія сферы нашага жыцця асабліва патрабуюць Ягонай ласкі ў гэтым сэнсе? Калі мы адмовіліся, каб Ён навучыў нас? Дзе ў нашым жыцці патрэбны Езус, каб рассеяць цемру граху, каб прабачыць нашыя грахі і весці нас ласкаю, каб мы больш не грашылі?

Пра о-антыфоны можна казаць яшчэ больш, і насамрэч мы толькі злёгку падрапалі паверхню таго, што яны могуць прапанаваць нам у духоўным плане, але я спадзяюся, што гэтыя кароткія ўводзіны заахвоцяць вас больш глыбока пагрузіцца ў Біблію і літургію падчас гэтага перыяду Адвэнту.


[18] Каб атрымаць карысць ад о-антыфонаў, не трэба маліцца Нешпары кожны дзень: яны таксама выкарыстоўваюцца на Імшы як акламацыі перад Евангеллем ад 17 да 24 снежня.

[19] Тэкст называецца Epistola de devote modo vivendi ad Christophorum regem. Ён быў напісаны каля 1447 года ў чаканні візіту ў Вадстоўнскае абацтва караля Крыстафера Баварскага. Гл. T. J. Knoblach, “The “O” Antiphons”, Ephemerides Liturgicae 106.3 (1992) 177-204, p. 197.


Аўтар: Matthew Hazell
Крыніца: архіў аўтара
Ілюстрацыя: Andreas F. Borchert (CC BY-SA)

Даклад быў зроблены 2 снежня 2015 года на спатканні групы Hallam Ascent пры парафіі св. Францішка Асізскага ў Шэфілдзе. Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар