О-Антыфоны — гэта цудоўная мазаіка біблійных фрагментаў, якая злучае Закон, Прарокаў і Пісанні Старога Запавету з іх выкананнем у Новым Запавеце. На апошні перыяд адвэнтавай падрыхтоўкі літургія штодня дае нам стартавую кропку для разважання над Уцелаўлёным Словам, Божым Сынам, які “ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі і стаўся чалавекам” (Нікейскі сімвал веры), і, такім чынам, гэтыя антыфоны дапамагаюць нам засяродзіцца на сапраўдным значэнні Адвэнту і перыяду Нараджэння Пана.

З гістарычнага пункту гледжання, яны паказваюць нам назад, на радаснае здарэнне Уцелаўлення, на першае прыйсце Хрыста, якое зрабіла магчымымі збаўчыя падзеі Вялікага тыдня і Вялікадня. Аднак яны паказваюць нам і наперад, на другое прыйсце Хрыста; яны дапамагаюць нам “чуваць увесь час” (Лк 21:36). Нашая падрыхтоўка падчас Адвэнту да прыйсця Хрыста ў свята Божага Нараджэння — гэта ўзор таго, як мы можам рыхтавацца для Яго другога прыйсця, а о-антыфоны — гэта малая, але важная частка таго, як Касцёл праз сваю літургію дапамагае нам у гэтым.

На жаль, у нас няма магчымасці прайсці праз кожную антыфону, дэтальна вывучаючы яе біблійны і тэалагічны падмурак. Таму я выбраў тры з іх для больш уважлівага разгляду: “О Мудрасць”, “О Усход” і “О Эммануэль”.

17 снежня: O Sapientia (О Мудрасць)

O Sapientia, quae ex ore Altissimi prodiisti,
attingens a fine usque ad finem,
fortiter suaviterque disponens omnia:
veni ad docendum nos viam prudentiae.
[О] Мудрасць, што паходзіш з вуснаў Найвышэйшага,
ты распасціраешся ад краю да краю,
распараджаешся ўсім з моцай і лагоднасцю,
прыйдзі і навучы нас шляхам разважнасці.

Гэтая антыфона ўводзіць нас у дыдактычныя кнігі Старога Запавету. У першай частцы антыфоны амаль даслоўна цытуюцца Сір 24:3а і Мдр 8:1.

Я выйшла з вуснаў Найвышэйшага (Сір 24:3а) [9].

Яна магутна разыходзіцца ад краю да краю, з дабрынёю распараджаецца ўсім (лац. suaviter) (Мдр 8:1) [10].

Што варта памятаць наконт о-антыфонаў, гэта тое, што яны не проста цытуюць ці паказваюць на канкрэтныя біблійныя тэксты. Яны вядуць нас да біблійных і тэалагічных тэм. Каб пачаць разумець антыфоны — і літургію Касцёла ўвогуле — нам трэба ўвайсці ў Біблію, яшчэ больш пазнаёміцца з яе тэкстамі. У дадзеным выпадку з антыфонай “О Мудрасць” нам трэба глядзець не толькі на вершы, якія непасрэдна цытуюцца, але і фрагменты, якія маюцца на ўвазе ў гэтай антыфоне, напрыклад, Прып. 8:

Пан стварыў мяне на пачатку шляху свайго, перад дзеямі сваімі, спрадвеку. Адвеку я была ўстаноўлена, ад пачатку, перад стварэннем зямлі… Калі ўмацоўваў нябёсы, я была там. Калі крэсліў скляпенне над паверхняю бездані, калі ўсталёўваў уверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані, калі вызначаў межы мору, каб воды не выходзілі па-за берагі яго, калі закладваў асновы зямлі, тады была пры Ім, як майстар, была штодня Яго ўпадабаннем, весялілася перад Яго абліччам увесь час, весялілася на зямным коле Яго, і радасць мая была з чалавечымі сынамі (Прып 8:22-23, 27-31).

Гэтая персаніфікацыя мудрасці ў Старым Запавеце [11] рыхтуе нас да адкрыцця Тройцы ў Новым Запавеце. Евангелле ад Яна асабліва атаясамлівае Езуса з Божай мудрасцю. У Старым Запавеце мудрасць — гэта “чыстае выпраменьванне славы Усемагутнага” (Мдр 7:24); Езус меў славу з Айцом перад стварэннем свету і аб’явіў гэтую славу людзям на зямлі (Ян 1:14, 17:5, 22, 24). Мудрасць ходзіць навокал, шукаючы людзей і заклікаючы іх (Прып 1:20-21; 8:1-4; Мдр 6:16); Езус шукае людзей і запрашае іх (Ян 1:43; 5:14; 7:37; 9:35; пар. Лк 19:10). А цытуючы кнігу Сіраха, O Sapientia кажа нам, што мудрасць выйшла з вуснаў Найвышэйшага (Сір 24:3а); Ян кажа нам, што Езус не толькі быў “у Бога на пачатку”, але і што Ён — “Адзінародны Сын Айца” (Ян 1:1-2, 14; пар. 1 Ян 4:2) [12].

Такім чынам, першая о-антыфона паказвае нам “Стварыцеля неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага” (Нікейскі сімвал веры), а таксама Божую Мудрасць, якою з’яўляецца Хрыстус.

21 снежня: O Oriens (О Усход)

O Oriens,
splendor lucis aeternae, et sol justitiae:
veni, et illumina sedentes in tenebris, et umbra mortis.
О, Усход,
бляск вечнага святла і Сонца справядлівасці,
прыйдзі і асвятлі тых, хто знаходзіцца ў краіне смяротнага ценю.

Гэтая антыфона прыпадае на 21 снежня, калі ў паўночным паўшар’і адбываецца зімняе сонцастаянне, найкарацейшы дзень года. Таму натуральна, што ў той дзень, калі цемра і цені валодаюць прыродным светам, літургія заклікае наш розум да святла Хрыста, да першых проблескаў Божага Сына.

Сапраўды, самі рубрыкі Імшы маюць на ўвазе, што святар і людзі разам звяртаюцца на Усход [13] у паставе, якая называецца ad orientem. Люд Божы пад кіраўніцтвам свайго святара глядзіць у накірунку ўзыходзячага Сонца, пастаянна чакаючы другога прыйсця Хрыста ў малітве, просьбах і ахвярапрынашэнні. Гэтая практыка паходзіць са старажытных часоў Касцёла, і толькі ад Другога Ватыканскага сабору яна стала замяняцца практыкай, калі святар глядзіць на людзей (трэба дадаць, што гэта адбылося без дазволу саборных дакументаў!) [14].

Хоць нават гэты моцны літургічны сімвал і патрабуе найхутчэйшай адновы ў сучасным Касцёле, тэксты літургіі, асабліва ў Адвэнце, духоўна скіроўваюць нас да ўзыходзячага Сонца, да Oriens, да Езуса Хрыста. Адзін з інтроітаў Адвэнту кажа наступнае:

Прыйдзе Пан і не затрымаецца, і асветліць [лац. illuminabit] пакрытае цемраю, і аб’явіць сябе ўсім народам (серада І тыдня Адвэнту; пар. Гбр 2:3; 1 Кар 4:5).

Гэтая тэма асвятлення і прыйсця Божага Сына ў хвале працінае перыяд Адвэнту, асабліва ў калектах [15]. У гэтай жа о-антыфоне словы sol justitiae (“Сонца справядлівасці”) паказваюць нам на частку біблійнага падмурку прыйсця Пана. Выраз “сонца справядлівасці” сустракаецца ў Мал 4:2 (3:20 у Вульгаце):

А для вас, хто баіцца  імені Майго, узыдзе сонца справядлівасці і аздараўленне будзе ў Ягоных промнях (Мал 3:20а) [16].

Варта паглядзець на гэтыя словы шырэй у кантэксце ўрыўка Мал 4 (Мал 3:19-24 у Вульгаце), які кажа пра “дзень Пана”, дзень, калі Ён вернецца, дзень, калі Бог будзе судзіць і справядлівых, і бязбожных. Бязбожныя, хоць яны і шчаслівыя цяпер (Мал 3:15), будуць спаленыя Панам, і для іх гэты дзень стане днём разбурэння. Але ж “Сонца справядлівасці”, Езус Хрыстус, прыйдзе і збавіць тых, хто служыць Пану. Адвэнт — гэта не толькі падрыхтоўка да святкавання першага прыйсця Збаўцы на гэты свет, але і час падрыхтоўкі да Ягонага другога прыйсця, калі Яго святло пакажа ўсе нашыя плёны, гатовыя мы да гэтага ці не (пар. Ян 3:16-21).

У першую нядзелю Адвэнту, год С, мы чуем у Евангеллі (Лк 21:25-28, 34-36) папярэджанне Пана пра “той дзень”:

Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым (Лк 21:34-36).

Зварот да Хрыста як да Усходу з’яўляецца адным з элементаў пастаяннай літургічнай дапамогі і заахвочвання, каб у гэтым Адвэнце мы скіроўвалі сваё жыццё да Бога і атрымлівалі Яго ласку, рыхтуючыся не толькі да Яго першага прыйсця ў свята Божага Нараджэння, але і да другога прыйсця напрыканцы часоў.

23 снежня: O Emmanuel (О Эммануэль)

O Emmanuel, Rex et legifer noster,
exspectatio Gentium, et Salvator earum:
veni ad salvandum nos, Domine, Deus noster.
О Эммануэль, наш валадар і заканадаўца,
спадзяванне народаў і іх Збаўца,
прыйдзі, каб вызваліць нас, Пане наш Божа.

Напэўна, вы знаёмыя з біблійнай крыніцай гэтай антыфоны:

Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль (Мц 1:23; пар. Іс 7:14).

Эммануэль азначае “з намі Бог”, таму гэтая антыфона справядліва з’яўляецца апошняй з усіх о-антыфонаў (23 снежня) і знаходзіцца як раз перад тым днём, калі мы святкуем таямніцу Уцелаўлення — той момант гісторыі, калі імя Эммануэль насамрэч выканалася.

З’яўляючыся прароцтвам, якое выканаў Езус, гэтая цытата Мацвея з Ісаі таксама служыць іншай мэце ў кантэксце ягонага Евангелля. Калі мы звернемся да апошніх словаў Езуса ў Мц 28:20, мы прачытаем: “І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”. Такім чынам, мы можам бачыць, што імя Эммануэль бярэ ў дужкі ўсё Евангелле ад Мацвея. Напачатку гэтае абяцанне выконваецца надзвычай цудоўным шляхам уцелаўлення і нараджэння Пана; а напрыканцы праз заслугі Яго смерці, уваскрасення і ўнебаўшэсця яно робіцца пастаянным.

Сапраўды, у Мацвея Езус таксама кажа: “Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх” (Мц 18:20) [17]. Прысутнасць Пана ў Яго Касцёле, асабліва ў Найсвяцейшым сакрамэнце Эўхарыстыі, паказвае, што гэтая о-антыфона мае значна больш шырокі кантэкст, чым перыяд Адвэнту. Нашая падрыхтоўка да святкавання першага прыйсця Пана азначае, што гэтая антыфона мае асаблівае значэнне для Адвэнту, але яна таксама звяртае нашую ўвагу на цяперашні час: Бог з намі цяпер у сваім Касцёле і сакрамэнтах, каб мы маглі праз Яго збавіцца.

Выраз “спадзяванне народаў” у гэтай антыфоне, а таксама адсылка да антыфоны папярэдняга дня (“О, Валадар народаў [і той, каго яны жадалі]”), пераклікаюцца з прэфацыяй, якая выкарыстоўваецца ад 17 да 24 снежня:

Яго прадказвалі ўсе прарокі, Дзева Маці насіла Яго пад сэрцам з невымоўнай любоўю, Ян Хрысціцель прарочыў пра Яго прыйсце і абвясціў Яго прысутнасць сярод людзей (Рымскі Імшал, ІІ прэфацыя на Адвэнт).


[9] Ego ex ore Altissimi prodivi, primogenita ante omnem creaturam (Вульгата, 24:5).

[10] Attingit ergo a fine usque ad finem fortiter et disponit omnia suaviter (Вульгата).

[11] Таксама ў Прып 8, гл. таксама Ёў 28; Бар 3:9—4:4; Сір 1; 4:11-19; 6:18-31; 14:20—15:10; Мдр 6-10.

[12] Гэта ні ў якім разе не адзіныя паралелі. Значна больш падае R. E. Brown, An Introduction to the Gospel of John (New York: Doubleday, 2003), pp. 259-265. Браун таксама піша, што дыдактычная літаратура Старога Запавету “прапануе лепшыя паралелі да Янавага бачання Езуса, чым гэта робяць пазнейшыя гнастычныя, мандзейскія і герметычныя фрагменты, якія часам прапаноўваюцца” (р. 263).

[13] Гэта пацвярджаецца інструкцыямі святару стаць “тварам да людзей” (лац. versus ad populum) у розных асаблівых частках Імшы: пар. Агульныя ўводзіны 124, 146, 154, 157, 158 і 165. Калі стандартнай паставай па змаўчанні прымаецца пастава тварам да людзей, то гэтыя інструкцыі з’яўляюцца залішнімі. Таксама варта заўважыць, што святару прадпісваецца паварочвацца тварам да людзей у тыя самыя моманты, як гэта рабілася ў старым абрадзе Імшы (1962), а менавіта перад калектай, аферторыем і малітвай пасля Камуніі, а таксама на Orate, fratres (“Маліцеся, браты [і сёстры]”).

[14] Далейшая літаратура на тэму гісторыі і літургічнай важнасці паставы ad orientem: U. M. Lang, Turning Towards the Lord: Orientation in Liturgical Prayer (San Francisco: Ignatius Press, 2004). Гл. таксама J. Ratzinger, The Spirit of the Liturgy (San Francisco: Ignatius Press, 2000), pp. 74-84.

[15] Напрыклад, “міласэрны Ойча, выслухай ласкава нашыя малітвы і прыйсцем Твайго Сына асвятлі цемру нашага сэрца” (панядзелак ІІІ тыдня Адвэнту); “міласэрны Божа, Ты абяцаў збаўленне ўсім народам, учыні, каб мы з радасцю чакалі свята Нараджэння Твайго Сына” (аўторак ІІ тыдня Адвэнту); “Божа, праз нараджэнне Твайго Сына з Найсвяцейшай Панны Марыі ўсяму свету аб’явілася Твая слава, учыні, каб мы непарушна захоўвалі веру ў таямніцу ўцелаўлення і славілі яе аддана і з любоўю” (19 снежня).

[16] Et orietur vobis timentibus nomen meum sol iustitiae et sanitas in pennis eius (Вульгата, 3:20а).

[17] Магчыма, варта заўважыць, што верш са словам “Эммануэль” сустракаецца толькі ў Мацвея.


Аўтар: Matthew Hazell
Крыніца: архіў аўтара
Ілюстрацыя: Сандра Бацічэлі, каля 1476-1478 (фота: Sailko, CC BY)

Даклад быў зроблены 2 снежня 2015 года на спатканні групы Hallam Ascent пры парафіі св. Францішка Асізскага ў Шэфілдзе. Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар