Гісторыя і паходжанне о-антыфонаў няясныя. Хоць у нас ёсць вялікая колькасць ранніх літургічных тэкстаў, адносна малая доля з іх паходзіць з часоў, ранейшых за сёмае стагоддзе. Магчыма, выпадковую згадку пра гэтыя антыфоны робіць Баэцый (каля 480—524) у сваёй працы Суцяшэнне філасофіяй [1], што ў такім выпадку азначае, што антыфоны былі вядомыя ў Паўночнай Італіі каля шостага стагоддзя.

Аднак з пэўнасцю можна сказаць толькі тое, што антыфоны былі вядомыя Амалярыю з Меца, манаху і вучонаму дзевятага стагоддзя (каля 780—850). Амалярый прыпісвае іх невядомаму кантару, які жыў у VII ці VIII стагоддзі. Ужо да дзевятага стагоддзя яны былі вядомыя ў Рыме, бо яны з’яўляюцца ў рымскіх антыфанарыях [2] таго перыяду. Шматлікія іншыя літургічныя кнігі Сярэднявечча з прыкладна дзевятага стагоддзя таксама ўтрымліваюць гэтыя антыфоны.

Колькасць і склад антыфонаў змянялася цягам гісторыі, бо некаторыя кнігі дадавалі адну ці больш антыфонаў да спісу з сямі. Напрыклад, Амалярый цытуе антыфону O Virgo Virginum [3] у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, якая доўгі час выкарыстоўвалася ў Англіі. Сарумскі абрад [4] ставіў O Virgo Virginum на 23 снежня, а гэта значыць, што іншыя антыфоны зрушваліся на адзін дзень назад, а ўся іх паслядоўнасць пачыналася з 16 снежня. Гэты звычай перайшоў у англіканскую Кнігу агульных малітваў (Book of Common Prayer), і толькі адносна нядаўна англіканская супольнасць адышла ад гэтай мясцовай традыцыі [5]. Іншыя мясцовасці і лакальныя касцёлы, такія як Парыж, мелі дзевяць ці дванаццаць антыфонаў у розныя перыяды гісторыі. Але асноўныя сем о-антыфонаў, якія мы ведаем сёння, нязменна застаюцца ў розных літургічных крыніцах.

Цягам стагоддзяў змяняліся таксама і дні, на якія прадпісваліся гэтыя антыфоны. Адзін са старажытных рымскіх антыфанарыяў прызначае іх на перыяд ад свята св. Мікалая (6 снежня) да свята св. Люцыі (13 снежня). Ordo Romanus XI (XI стагоддзе) загадвае пастаянна спяваць іх ад 6 снежня да вігіліі Божага Нараджэння. З цягам часу антыфоны сталі прадпісвацца на апошнія сем дзён перад Божым Нараджэннем (17—23 снежня) [6].

О-Антыфоны спяваюцца перад і пасля песні Magnificat (Лк 1:46-55), песні Марыі, на Нешпарах, і ў гэтым месцы Афіцыя яны ўжываюцца ўжо доўгі час. Фактычна, гістарычныя сведчанні паказваюць, што гэта было іх арыгінальнае месца: пра такое іхняе выкарыстанне, між іншых крыніцаў, кажа Амалярый, адзін з рымскіх антыфанарыяў IX стагоддзя і Жыццё Алкуіна. Некаторыя касцёлы пачалі выкарыстоўваць іх як антыфоны да Benedictus (Лк 1:68-79) на Хвалах — зразумелая практыка, калі ўлічыць біблійнае сугучча паміж о-антыфонамі і Benedictus [7]. Аднак выкарыстанне іх разам з Magnificat лепей адлюстроўвае для нас марыйны аспект Адвэнту [8]. Праз fiat Марыі (“няхай станецца”), праз ейнае “так” Божаму плану Уцелаўлёны Сын Божы прыходзіць у свет, каб, як кажуць нам антыфоны, навучыць нас, вызваліць нас і асвятліць нас.


[1] Est igitur summum, inquit, bonum quod regit cuncta fortiter suauiterque disponit (“Менавіта найвышэйшае дабро, як я сказаў, кіруе ўсімі рэчамі з моцаю і распараджаецца імі з лагоднасцю”): Баэцый, De consolatio philosophiae, III.12.63-64. Параўнайце з антыфонай “О Мудрасць” (17 снежня): O Sapientia, quae ex ore Altissimi prodiisti, attingens a fine usque ad finem, fortiter suaviterque disponens omnia… (“[О] Мудрасць, што паходзіш з вуснаў Найвышэйшага, ты распасціраешся ад краю да краю, распараджаешся ўсім з моцай і лагоднасцю…”).

[2] Спачатку антыфанарый быў кнігай, у якой былі сабраныя ўсе часткі Афіцыя і Імшы, што спяваліся антыфонна, гэта значыць, двума хорамі наперамен. З цягам часу часткі Афіцыя і Імшы сталі асобнымі кнігамі — адпаведна антыфаналам і градуалам.

[3] O Virgo Virginum, quomodo fiet istud? Quia nec primam similem visa es nec habere sequentum. Filiae Jerusalem, quid me admiramini? Divinum est mysterium hoc quod cernitis (“О Дзева над дзевамі, як жа гэта станецца? Бо ані перад табою не было такой, як ты, ані пасля не будзе. Дочкі Ерузалема, чаму вы дзівіцеся з мяне? Справа, якую вы бачыце, гэта Божая таямніца”).

[4] Сарумскі абрад быў варыянтам рымскага абраду, які выкарыстоўваўся ў Солсбэры прыкладна з ХІ стагоддзя. Калі Касцёл Англіі аддзяліўся ад Каталіцкага Касцёла, ён спачатку захоўваў сарумскі абрад да валадарання Эдуарда VI, калі яго замяніла Кніга агульных малітваў (у 1549 годзе і потым у 1552 годзе). Пасля ўзыходжання на трон у 1553 годзе Марыя І аднавіла сарумскі абрад, але пазней, у 1559 годзе, Лізавета І адмяніла яго. Каталіцкія дысідэнты працягвалі карыстацца сарумскім абрадам, але пасля пратэстанцкай рэфармацыі ён быў заменены рымскім абрадам.

[5] У кнігах “Агульная малітва” (2000) прадугледжаны толькі сем антыфонаў, што гістарычна з’яўлялася нормай для паўсюднага Касцёла, а не восем, як было ў лакальнай англійскай традыцыі.

[6] Заўважце, што Нешпары 24 снежня — гэта першыя Нешпары ўрачыстасці Нараджэння Пана.

[7] Напрыклад, “наведаў нас Усход з вышыні, каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным” (78b-79a, пар. антыфоны “О Усход”, “О Ключ Давіда”), а таксама шматлікія спасылкі на збаўленне на працягу антыфонаў і Benedictus.

[8] Настойлівае мясцовае выкарыстанне восьмай антыфоны O Virgo Virginum таксама дэманструе гэты традыцыйны марыйны акцэнт у Адвэнце.


Аўтар: Matthew Hazell
Крыніца: архіў аўтара
Ілюстрацыя: Georges Jansoone (CC BY-SA)

Даклад быў зроблены 2 снежня 2015 года на спатканні групы Hallam Ascent пры парафіі св. Францішка Асізскага ў Шэфілдзе. Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар