Мы знаходзімся ў другой частцы перыяду Адвэнту, і ў гэтыя дні падчас вечаровай малітвы Літургіі гадзінаў — Нешпараў — разам з евангельскай песняй Magnificat спяваюцца Вялікія адвэнтавыя антыфоны. Яны таксама вядомыя пад назвай “о-антыфоны”, бо тэкст кожнай з іх пачынаецца з выклічніка “о”. О-Антыфоны з’яўляюцца адной з самых знаных і любімых асаблівасцяў перыяду Адвэнту, таму што ў іх праводзяцца шматлікія паралелі з тымі часткамі Старога Запавету, дзе прадказваецца Боскі Збавіцель і Ягонае прыйсце для збаўлення чалавецтва, а грыгарыянскі спеў, які гэтыя антыфоны суправаджае, надзвычай прыгожы.

Рымскі абрад мае сем такіх антыфонаў. Яны прыпадаюць на дні ад 17 да 23 снежня і маюць своеасаблівыя скарочаныя назвы паводле першых словаў кожнай з іх — тытулаў нашага Пана:

  • О Мудрасць (O Sapientia),
  • О Пан (O Adonai),
  • О Корань Есэя (O Radix Jesse),
  • О Ключ Давіда (O Clavis David),
  • О Усход (O Oriens),
  • О Валадар народаў (O Rex Gentium),
  • О Эммануэль (O Emmanuel).

Шырока вядома, што гэтыя антыфоны размешчаныя ў такім парадку невыпадкова, бо першыя літары лацінскіх тытулаў пры адваротным прачытанні (г. зн. ад 23 снежня да 17 снежня) складаюць лацінскую фразу ERO CRAS, якая азначае “прыйду заўтра”. Пад “заўтра” маецца на ўвазе дзень 24 снежня, вечарам якога літургічна пачынаецца святкаванне ўрачыстасці Нараджэння Пана.

У англіканскай традыцыі, якая пераняла гэта з сарумскага абраду і ўжо паспела афіцыйна пакінуць, вялікіх адвэнтавых антыфонаў было не сем, а восем, і пачыналіся яны на дзень раней: 16 снежня замест 17-га. Напярэдадні ж Божага Нараджэння, 23 снежня, спявалася восьмая, унікальная о-антыфона, характэрная толькі для гэтага абраду, О Дзева над дзевамі (O Virgo Virginum). Такім чынам, акраверш англіканскай традыцыі гучаў так: VERO CRAS — “сапраўды заўтра”.

Другі Ватыканскі сабор паспрыяў распаўсюджанню о-антыфонаў, вывеўшы іх з-пад выключнага ўжывання ў Літургіі гадзінаў і даўшы ім месца ў святой Імшы. У крыху перафармуляваным і перастаўленым выглядзе яны зрабіліся вершамі, якія спяваюцца ў межах акламацыі Аллелюя перад Евангеллем ад 17 да 24 снежня. Цяпер кожны з нас можа ацаніць гэты шэдэўр каталіцкай традыцыі ў любы з гэтых дзён.

Да Божага Нараджэння мы апублікуем даклад Мэцью Хэйзэла, у якім ён разглядае гісторыю, тэалогію і духоўнасць о-антыфонаў. Нагадаем, што раней мы ўжо публікавалі адзін артыкул гэтага аўтара з нагоды дыскусіі аб пропуску вершаў 1 Кар 11:27-29 у сучасным лекцыянарыі (гл. тут і тут).

Ноты для спеву о-антыфонаў: PDF

17 снежня

O Sapientia, quae ex ore Altissimi prodiisti,
attingens a fine usque ad finem,
fortiter suaviterque disponens omnia:
veni ad docendum nos viam prudentiae.
[О] Мудрасць, што паходзіш з вуснаў Найвышэйшага,
ты распасціраешся ад краю да краю,
распараджаешся ўсім з моцай і лагоднасцю,
прыйдзі і навучы нас шляхам разважнасці.

18 снежня

O Adonai, et Dux domus Israel,
qui Moysi in igne flammae rubi apparuisti,
et ei in Sina legem dedisti:
veni ad redimendum nos in brachio extento.
[О] Пан і Валадар Ізраэля,
Ты ў палаючым кусце аб’явіўся Майсею
і на Сінаі даў яму закон,
прыйдзі і вызвалі нас сваім магутным плячом.

19 снежня

O Radix Jesse, qui stas in signum populorum,
super quem continebunt reges os suum,
quem Gentes deprecabuntur:
veni ad liberandum nos, jam noli tardare.
О, корань Есэя, які ўзносішся, як знак для народаў,
перад табою каралі замоўкнуць,
табе народы будуць маліцца,
прыйдзі, каб нас вызваліць, і не спазняйся.

20 снежня

O Clavis David, et sceptrum domus Israel;
qui aperis, et nemo claudit;
claudis, et nemo aperit:
veni, et educ vinctum de domo carceris,
sedentem in tenebris, et umbra mortis.
О, ключ Давіда і жазло дому Ізраэля,
Ты адкрыеш, і ніхто не замкне,
Ты замкнеш, і ніхто не адчыніць.
Прыйдзі і вызвалі зняволенае ў вязніцы чалавецтва,
што знаходзіцца ў змроку і смяротным ценю.

21 снежня

O Oriens,
splendor lucis aeternae, et sol justitiae:
veni, et illumina sedentes in tenebris, et umbra mortis.
О, Усход,
бляск вечнага святла і Сонца справядлівасці,
прыйдзі і асвятлі тых, хто знаходзіцца ў краіне смяротнага ценю.

22 снежня

O Rex Gentium, et desideratus earum,
lapisque angularis, qui facis utraque unum:
veni, et salva hominem,
quem de limo formasti.
О, Валадар народаў, краевугольны камень,
які злучыў усе народы ў адзін Божы люд,
прыйдзі і збаў чалавека,
якога Ты стварыў з зямлі.

23 снежня

O Emmanuel, Rex et legifer noster,
exspectatio Gentium, et Salvator earum:
veni ad salvandum nos, Domine, Deus noster.
О Эммануэль, наш валадар і заканадаўца,
спадзяванне народаў і іх Збаўца,
прыйдзі, каб вызваліць нас, Пане наш Божа.

Te igitur

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар