14.12.2016 / Siniculus

Блакітны літургічны колер. Частка 4🕑 6 хвілін

Прывілей Філіпінаў

Нарэшце, выдаецца, што проста быць часткай Іспаніі альбо быць адной з яе былых калоній не азначае магчымасці мець прывілей лазурнага колеру. Той факт, што святы Пій Х даў паўнамоцтвы выдаваць прывілей лазурнага колеру сярод звычайных паўнамоцтваў Святой Кангрэгацыі абрадаў, дазваляе меркаваць, што спачатку трэба звярнуцца з просьбай, каб выкарыстанне гэтага колеру было кананічна законным. Паслядоўнасць, у якой розныя правінцыі Іспаніі атрымлівалі гэты прывілей, згаджаецца з дадзеным меркаваннем: Таледа ў 1854 годзе, Сан-Крыстабаль-дэ-ла-Гавана ў 1862 годзе, Арэкіпа ў 1891 годзе і гэтак далей.

Цікава, што прывілей ужывання лазурнага колеру быў дадзены Філіпінам, калі яны ўжо не былі іспанскай калоніяй. Айцы Першага правінцыяльнага сабору ў Маніле, арганізаванага вялікім генеральным вікарыем дыяцэзіі Донам Сільвіна Лопэсам Туньёнам, які выдаў дэкрэт аб экскамуніцы Грыгорыа Агліпая, папрасілі Папу Пія Х пашырыць гэты прывілей на ўсе касцёлы архіпелага. На аўдыенцыі 11 лютага 1910 года кардынал Рафаэль Мэры дэль Валь прадставіў просьбу Айцоў Сабору і Папа згадзіўся задаволіць просьбу аб лазурным прывілеі.

З аўдыенцыі з Яго Святасцю

11 лютага 1910 года

Індульты і прывілеі, дадзеныя
Філіпінскім астравам,
па просьбе Айцоў Сабору ў Маніле,
якія аб гэтым просяць.

Айцы-біскупы Першага правінцыяльнага сабору ў Маніле з пакорнымі малітвамі прадставілі Яго Святасці, Божым Провідам нашаму Валадару Папу Пію Х свае просьбы наступнага зместу, а менавіта:

[…]

ХХ. Каб Ён пажадаў даць прывілей ужывання ўбрання лазурнага колеру падчас як урачыстых, так і ціхіх Імшаў аб Беззаганнай Найсвяцейшай Панне Марыі ўсім касцёлам нашага рэгіёна.

Ніжэй Яго Святасць, звярнуўшыся да мяне, кардынала Дзяржаўнага сакратара, наконт шчодрага пашырэння на Філіпінскія астравы не толькі канстытуцыі Trans Oceanum благаслаўлёнай памяці Льва ХІІІ, як загадана ў дэкрэце ад 1 студзеня гэтага года, але таксама і дзевяці прывілеяў, якія былі зацверджаны на перыяд дзесяці гадоў для Лацінскай Амерыкі 1 студзеня гэтага года, загадаў адказаць наступнае:

[…]

Да ХХ. Дазваляем пры захаванні рубрык і дэкрэтаў Святой Кангрэгацыі абрадаў.

Нягледзячы на ўсё супярэчнае, нават вартае асаблівага згадвання.

Кардынал Р. Мэры дэль Валь
Дзяржаўны сакратар

Паглядзім жа, як гэты індульт прымяняецца да Філіпінаў. Па-першае, гэты прывілей вечны, таму што ён не падае час дзеяння. Згодна з кан. 70 ККП 1917 года, “прывілей, калі не пазначана іншае, трэба лічыць вечным”. (Пар. кан. 78 §1 ККП 1983 года: “Лічыцца, што прывілей вечны, калі не даказана супрацьлеглае”.) Такім чынам, ад моманту пастанаўлення (11 лютага 1910 года) і да сённяшняга часу, а таксама ў будучыні, Філіпіны захоўваюць права выкарыстоўваць лазурнае ўбранне на Імшах, цэлебраваных на чэсць Беззаганнага Зачацця.

Па-другое, гэты прывілей дадзены ўсяму Філіпінскаму архіпелагу. Гэта так, таму што гэты прывілей не быў дадзены толькі нейкай асобнай дыяцэзіі, што ў такім выпадку прывяло б да неабходнасці яшчэ адной просьбы з боку новастворанай дыяцэзіі. Айцы Першага правінцыяльнага сабору ў Маніле папрасілі, каб прывілей распаўсюджваўся на “ўсе касцёлы нашага рэгіёна”, што ў арыгінале гучыць: omnibus ecclesiis nostrae regionis. Як такі, прывілей распаўсюджваецца на ўсе касцёльныя адзінкі Філіпінаў, якія існуюць цяпер і якія паўстануць у будучыні.

Па-трэцяе, прывілей прымяняецца да ўсіх касцёлаў на Філіпінах, рэгулярных ці секулярных, парафіяльных ці партыкулярных. Рэгулярныя касцёлы — гэта тыя, якія звязаны з пэўным рэлігійным законам,  тады як секулярныя касцёлы знаходзяцца пад кіраваннем секулярнага, альбо дыяцэзіяльнага, духавенства. Прывілей таксама прымяняецца да публічных араторыяў, згодна з канонам 1191 §1: “Публічныя араторыі кіруюцца тым жа правам, якім кіруюцца касцёлы”. Тое самае можна сказаць пра паўпублічныя араторыі, згодна з канонам 1193: “У законна заснаваных паўпублічных араторыях можна цэлебраваць усе Божыя службы і выконваць касцёльныя функцыі, калі гэтаму не супярэчаць рубрыкі альбо калі ардынарый не забараніў некаторыя з іх”. Аднак нельга лічыць, што гэты прывілей дадзены прыватным араторыям. У ККП 1983 года розніца паміж публічнымі і паўпублічнымі араторыямі скасавана, а прыватныя араторыі называюцца прыватнымі капліцамі.

Па-чацвёртае, гэты прывілей можа выкарыстоўвацца на ўсіх Імшах, калі яны ахвяруюцца на чэсць Беззаганнага Зачацця, ці то гэта урачыстыя спяваныя Імшы, спяваныя Імшы альбо ціхія Імшы. Фармуліроўка просьбы ясная: “падчас як урачыстых, так і ціхіх Імшаў аб Беззаганнай Найсвяцейшай Панне Марыі”. У арыгінальным лацінскім тэкстце маем: “in Missis Beatae Mariae Virginis Immaculatae, sive solemnibus, sive privatis“. Дазвол ад святога Пія Х ані мадыфікуе гэты сказ, ані супярэчыць яму.

Нарэшце, прывілей прымяняецца да ўсіх Імшаў, цэлебраваных на хвалу Благаслаўлёнай Дзевы Марыі ў таямніцы яе Беззаганнага Зачацця. Гэта ўключае (1) свята Беззаганнага Зачацця, (2) усе восем дзён у межах актавы (якая ўжо была скасаваная Папам Піем ХІІ) і (3) усе ватыўныя Імшы аб Беззаганным Зачацці, калі рубрыкі дазваляюць ватыўныя Імшы. Гэты прывілей лазурнага колеру нельга выкарыстоўваць у свята Дзевы Марыі з Лурда і ў свята Дзевы Марыі Цудоўнага медаліка. Частка сказу “пры захаванні рубрык і дэкрэтаў Святой Кангрэгацыі абрадаў”, а па-лацінску “servatis rubricis et decretis Sacrae Rituum Congregationis“, носіць універсальны характар і можа быць знойдзена ў іншых падобных дазволах. Гэты выраз азначае, што там, дзе няма дыспенсацыі, рубрыкі і дэкрэты Кангрэгацыі павінны выконвацца. У выпадку свята Дзевы Марыі з Лурда і свята Дзевы Марыі Цудоўнага медаліка, хоць і існуе рэскрыпт для Эквадора, які дазваляе выкарыстанне лазурнага колеру ў Імшах у згаданыя марыйныя святы, мы абавязаныя захоўваць рэскрыпт ад 15 лютага 1902 года, які забараняе выкарыстанне лазурнага колеру ў згаданыя святы, нават калі яны прыгадваюць аб таямніцы Беззаганнага Зачацця.

Ut in omnibus laudetur Dominus.


КРЫНІЦЫ

FRAY JUAN YLLA, tit. VII. Uso del color azul en las misas de la Inmaculada (20 September 1939): Indultos y privilegios de Filipinas (1940) 26–27.

SACRED CONGREGATION OF RITES, Ordinary and Extraordinary Faculties of the Sacred Congregation of Rites (7 September 1903): ASS 36 (1903–4) 418.

SACRED CONGREGATION OF RITES, Dubium concerning to what extent the apostolic indult for the Spanish Realm to use sacred vestments of the cerulean colour, etc. (15 February 1902): ASS 34 (1901–02) 553–555.

SACRED CONGREGATION OF RITES, Arequipa in Peru: EL 10 (1896) 498–499.

DON SIMÓN DE LA ROSA Y LÓPEZ, Los seises de la catedral de Sevilla (1904) 294–295.

DON GERMÁN PRADO, O. S. B., Historia del rito mozárabe y toledano (1928) 107.

SACRED CONGREGATION OF RITES, 12 November 1831, Avezzano at no. 50 (n. 2682).

SACRED CONGREGATION OF RITES, 16 March 1833, Verona at no. 4 (n. 2704).

SACRED CONGREGATION OF RITES, 23 February 1839, Oblates of the B. V. M. at no. 2 (n. 2788).

FIRST PROVINCIAL COUNCIL OF MANILA, Acts and Decrees, Indults and privileges granted to the Philippine Islands at the request of the Fathers of the Council of Manila asking for them, no. 20: Acta et Decreta Concilii Provincialis Manilani I(1907) 213.

FIFTH PROVINCIAL COUNCIL OF MEXICO, Acts and Decrees, part I Concerning the administration of divine worship and the sacraments, § I Concerning the administration of divine worship, tit. II Concerning matters consecrated to divine worship, ch. III Concerning sacred vessels and vestments, no, 448: Acta et Decreta Concilii Provincialis Mexicani Quinti(1898) 125.

DIOCESE OF SAN CRISTÓBAL DE LA HABANA, Circular no. 113 (13 August 1862): La verdad católica 9 (1862) 353–354.

DON NICOLÁS SILVESTRE BERGIER, ed. DON JOSÉ LLORENTE, Color en los ornamentos eclesiásticos: Suplemento al Diccionario de Teología (1857) 181.

DON NICOLÁS SILVESTRE BERGIER, ed. DON JOSÉ LLORENTE, María Santísima Nuestra Señora: Suplemento al Diccionario de Teología (1857) 560–561.


Аўтар: Siniculus
Крыніца: Dei praesidio fultus
Фота: Maurice Joseph M. Almadrones

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up