10.12.2016 / Siniculus

Блакітны літургічны колер. Частка 2🕑 4 хвілін

cerulean-mini

Прывілей Іспанскага каралеўства

Такім чынам, не трэба дзівіцца, што 8 снежня 1854 года, калі Папа Пій ІХ апублікаваў булу Ineffabilis Deus, і ў наступныя гады ўсё Іспанскае каралеўства віравала велізарнай радасцю. У той год, калі на Філіпіны прыйшла электрычнасць, першыя электрычныя агні былі запаленыя менавіта ў свята Беззаганнага Зачацця, і горад Маніла ў раёне Інтрамурас — увесь абнесены горад, ад Puerta de Santa Lucía да Puerta Real і ад Puerta del Parián да Puerta de Isabel II, — святкаваў Беззаганнае Зачацце да канца снежня, не зважаючы на Божае Нараджэнне і ўсё астатняе. Важны дзень у гісторыі Касцёла, калі была ўрачыста абвешчана чысціня Божай Маці, калі яе захаванасць ад усялякага бруду першароднага граху з першага моманту яе натуральнага існавання сталася дагматам веры, — гэты дзень пазначыў сабою распаўсюджанне лазурнага прывілею па ўсім Іспанскім каралеўстве.

cerulean-4

Падчас урачыстага абвяшчэння дагмата аб Беззаганным Зачацці 8 снежня 1854 года кардынал Хуан Хасэ Банэль-і-Орбэ, арцыбіскуп Таледа, прымас Іспаніі і патрыярх Вэст-Індыі, атрымаў ад Папы Пія ІХ прывілей выкарыстання лазурнага колеру ў свята і актаву Беззаганнага Зачацця, а таксама падчас ватыўных Імшаў аб Беззаганным Зачацці, прычым не толькі ў мітрапалітальным касцёле, але і ва ўсіх касцёлах дыяцэзіі Таледа. Прыкладна праз дваццаць гадоў, 19 верасня 1879 года, кардынал Хаакін Льюк-і-Гарыха, арцыбіскуп Севільі, атрымаў ад Святой Кангрэгацыі абрадаў пашырэнне гэтага прывілею на ўсе касцёлы ў дыяцэзіі Севільі ва ўсе дні, калі Беззаганнае Зачацце святкуецца па-за самім святам і актавай, калі толькі рубрыкамі дазволены ватыўныя Імшы.

Таксама прыйшла чарга земляў па-за паўвостравам. 8 мая 1862 года Святая Кангрэгацыя абрадаў задаволіла просьбу біскупа Сан-Крыстабаль-дэ-ла-Гаваны на Кубе Дона Франсіска Флейкс-Саланса да Папы Пія ІХ аб выкарыстанні лазурнага ўбрання ў свята і актаву Беззаганнага Зачацця, а таксама на ўсіх ватыўных Імшах пра тую ж таямніцу. 13 жніўня 1862 года, згодна з гэтым пастанаўленнем, біскуп загадаў прыдбаць арнаменты і аздабленні лазурнага колеру ўсім касцёлам у межах ягонай улады, паводле патрэбаў кожнай парафіі. Падобным чынам, 25 верасня 1891 года Святая Кангрэгацыя абрадаў згадзілася задаволіць просьбу арцыбіскупа Арэкіпы ў Перу Дона Хуана Марыі Амброзіа Гуэрты Гальвана да Папы Льва ХІІІ аб пашырэнні прывілею наконт лазурнага ўбрання на дыяцэзію Арэкіпы. Акрамя таго, акты і дэкрэты Пятага правінцыяльнага сабору ў Мехіка пастанаўляюць у дэкрэце 448, што:

З прычыны апостальскага індульта параменты лазурнага колеру сярод нас можна ўжываць на Імшах аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі ў тых касцёлах, якім ардынарый даў такі прывілей.

Выглядае, што Апостальская сталіца мела намер даваць прывілей лазурнага колеру толькі Іспанскаму каралеўству і яго былым калоніям, і што перад тым, як атрымаць прывілей, спачатку трэба было атрымаць адабрэнне Рыма. Пра гэта стала ясна 7 верасня 1903 года, калі святы Пій Х зацвердзіў паўнамоцтвы Святой Кангрэгацыі абрадаў. Сярод звыклых паўнамоцтваў, якія былі дадзены гэтай кангрэгацыі, знаходзілася ўлада даваць Іспанскаму каралеўству дазвол на выкарыстанне лазурнага ўбрання на святочных і ватыўных Імшах аб Беззаганным Зачацці, прычым тэкст падкрэслівае, што мова ідзе пра мясцовасці, які цяпер належаць каралеўству альбо належылі яму раней.

Фактычна, усялякае іншае выкарыстанне лазурнага колеру па-за Іспанскім каралеўствам было забаронена Святой Кангрэгацыяй абрадаў. Рэскрыпт да Авецана ад 12 лістапада 1831 года з адказам на пытанне, ці можна працягваць звычай шматлікіх касцёлаў замяняць белае, чырвонае, зялёнае і фіялетавае ўбранне ўбраннем жоўтага колеру альбо ўбраннем з кветкамі рознага колеру, пастанавіў, што рубрыцы адносна колеру параментаў трэба следаваць сцісла. На dubium з Вероны, дзе стаяла пытанне, ці можна выкарыстоўваць падчас Святой Ахвяры Імшы і выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту жоўтыя ці лазурныя колеры, Кангрэгацыя адказала адмоўна 16 сакавіка 1833 года. Нарэшце, калі аблаты Благаслаўлёнай Дзевы пыталіся, ці можна выкарыстоўваць лазурны колер замест белага ў святы Найсвяцейшай Панны Марыі альбо таксама замест фіялетавага (меркавана, у вігіліі святаў), 23 лютага 1839 года Кангрэгацыя выдала рэскрыпт з адмоўным адказам і каментаром, паводле якога выкарыстанне лазурнага колеру належыла скасаваць, бо гэта з’яўлялася злоўжываннем.

Папскае брэве і дэкрэты наконт Іспаніі, згаданыя вышэй, фактычна немагчыма знайсці ў афіцыйных публікацыях Святой Кангрэгацыі абрадаў. Напрыклад, знакаміты дэкрэт 4083, які быццам дазваляе выкарыстанне лазурнага колеру ва ўсіх правінцыях Іспаніі, нельга выцягнуць з аўтэнтычных дэкрэтаў гэтай дыкастэрыі. (Заўвага. Існуе дзве сістэмы нумарацыі дэкрэтаў Кангрэгацыі, абедзве з якіх з’яўляюцца ў зборніку Гаванта: адна тоўстым шрыфтам, а іншая ў дужках. Калі мы карыстаемся нармальнай сістэмай, то пад нумарам 4083 знаходзіцца рэскрыпт, які ўстанаўлівае выкарыстанне фіялетавага колеру для Імшаў вігіліі Беззаганнага Зачацця. Калі мы карыстаемся нумарацыяй у дужках, то дэкрэт пад нумарам 4083 павінен быў з’явіцца паміж дэкрэтам 2342 (4082) ад 21 сакавіка 1739 года і дэкрэтам 2343 (4083) ад 9 мая 1739 года.) Тым не менш гэтыя дэкрэты існуюць, а іхнія даты публікацыі даступныя. Мы схіляемся да меркавання, што гэтыя дэкрэты былі адкліканыя з афіцыйнай публікацыі, каб іншыя краіны па-за межамі Іспанскага каралеўства не асмеліліся прасіць аб падобных прывілеях, калі размова ідзе пра выкарыстанне лазурнага колеру ў свята Беззаганнага Зачацця. Ва ўмовах такой няяснасці мы схіляемся да таго, што выкарыстанне лазурнага колеру ў Іспанскім каралеўстве з’яўляецца апостальскім прывілеем.

Частка 3 >>>


Аўтар: Siniculus
Крыніца: Dei praesidio fultus
Фота: Maurice Joseph M. Almadrones

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up