cerulean-mini

Кажучы пра блакітны літургічны колер, мы маем на ўвазе канкрэтнае адценне блакітнага колеру, а менавіта лазурнае альбо, у некаторых выпадках, нябеснае. Дзеля большай дакладнасці мы не будзем тут ужываць слова блакітны ў дачыненні да літургічнага блакітнага, а заменім яго словам лазурны.

Гістарычнае выкарыстанне лазурнага колеру ў літургіі Касцёла

Лазурны колер у літургічнай практыцы Іспаніі мае вельмі старажытнае паходжанне. Гэты колер выкарыстоўваўся ў абрадзе Іберыі, што знаходзілася пад мусульманскай уладай. Сёння гэты абрад завецца масарабскім. Касцёл у Таледа карыстаўся не тымі ж самымі літургічнымі колерамі, што і Касцёл у Рыме. Апошні, як мы ведаем, прымае толькі пяць літургічных колераў: белы колер — для вялікіх і радасных святаў, чорны колер — для смерці і смутку, чырвоны колер — для мучанікаў і Святога Духа, фіялетавы — для пакаяння і зялёны — для астатняй часткі года. Рымскі абрад дапускае залаты (не жоўты) колер у якасці замены для белага, а ружовы — каб разбавіць фіялетавы ў трэцюю нядзелю Адвэнту і чацвёртую нядзелю Вялікага посту.

Касцёл у Таледа ж выкарыстоўваў чырвоны колер для свята Аб’яўлення Пана і яго актавы; зялёны колер — для свята св. Яна Хрысціцеля і працэсіі з пальмамі; лазурны — для Тройцы, Спаслання Святога Духа і нядзеляў пасля Пяцідзесятніцы; шэры альбо блакітна-фіялетавы — для Вялікага посту ад Папяльцовай серады да нядзелі Мукі Пана ўключна; чорны — ад нядзелі Мукі Пана выключна да Вялікадня выключна; белы — для кансэкрацыі хрызма і абмывання ног, а таксама ў Вялікую Суботу; і ўсе колеры ў дзень усіх святых. Гэтыя колеры захоўваліся ў капліцы, прызначанай выключна для цэлебрацыі па масарабскім абрадзе ў катэдральным саборы Таледа. Аднак увядзенне Missale mixtum прывяло да зменаў у літургічным жыцці капліцы і іншых пяці касцёлаў, дзе захоўваўся масарабскі абрад, аж да таго, што агрэсія рымскага абраду ў Іспаніі цалкам знявечыла — хоць і не зруйнавала да канца — першабытны абрад іспанцаў.

Гэтае апісанне мы прыводзім дзеля таго, каб паспрачацца з аўтарамі, якія кажуць, што блакітнага літургічнага колеру ніколі не існавала, і каб давесці, што лазурны колер, які хоць і не прымаўся ў літургіі рымскага абраду, ад самых старажытных часоў ужываўся ў першабытным абрадзе іспанцаў. Сёння гэта можна здавацца дзіўным, але першапачаткова лазурны колер не быў звязаны з Беззаганным Зачаццем, хоць у Іберыі гэтае свята адзначалася са спрадвечных часоў.

cerulean-2

Севільскі прывілей

Першая сувязь паміж лазурным колерам і Беззаганным Зачаццем знаходзіцца ў катэдральным саборы Севільі. У 1690 годзе новы арцыбіскуп Севільі Дон Хаім дэ Палафокс-і-Кардона пачаў доўгую і напружаную сварку з катэдральным капітулам адносна пэўных звычаяў і практык апошняга. Ён даслаў серыю dubia ў розныя рымскія дыкастэрыі, маючы прыхаваны намер скасаваць некаторыя асаблівасці катэдральнага капітула (напрыклад, танец Los Seises, выкарыстанне белага колеру на пахаваннях, першынство дэкана капітула перад намеснікам біскупа і г. д.). З прычыны 144-х dubia, якія ён асабіста накіраваў у Рым, што немагчыма ўявіць нават у тыя часы, не кажучы ўжо пра цяперашнія, арцыбіскупа Севільі называюць el hombre de los mil pleitos (даслоўна, чалавекам тысячы іскаў). Сярод гэтых dubia было адно, якое датычылася старажытнага набору літургічнага ўбрання, якое капітул выкарыстоўваў падчас свята і актавы Зачацця Благаслаўлёнай Дзевы.

cerulean-3

Літургічнае ўбранне, якое захавалася да сённяшніх дзён, апісваецца такім чынам: зроблена з шоўку, цалкам белае, абведзена лазурным колерам з залатымі кветкамі. Руплівы біскуп пабачыў у лазурнай абводцы ўбрання парушэнне ў літургічных справах і адразу ж накіраваў у Рым dubuim наступнага зместу:

Ці адпавядае закону тое, што капітул Севільі ўстанаўлівае шосты колер у Касцёле, бо ён выкарыстоўвае лазурны колер у дзень і актаву Зачацця Благаслаўлёнай Дзевы?

Маючы пазней сумневы наконт фармуліроўкі пытання, ён даслаў перагледжаную версію, якая казала:

Ці адпавядае закону тое, што капітул Севільі выкарыстоўвае лазурны колер ці амаль што лазурны колер у дзень і актаву Зачацця Благаслаўлёнай Дзевы?

Канонікі Севільі даслалі кавалак тканіны ад таго убрання, каб дапамагчы дыкастэрыі ў дыскусіі. Аднак арцыбіскуп засумняваўся ў аўтэнтычнасці кавалка, таму канонікі выслалі ў Рым увесь арнат.

Спрэчка была вырашана на карысць арцыбіскупа, і Святая Кангрэгацыя пастанавіла, што лазурны колер не з’яўляецца законным колерам Касцёла, але дазваляюцца арнаменты і да таго падобнае.

Прайшло амаль 200 гадоў, калі згаданы набор убрання здабыў капітулу Севільі адзін з найбольшых трыумфаў у ягонай гісторыі. 28 лістапада 1819 года Папа Пій VII на просьбу тагачаснага арцыбіскупа Севільі кардынала Франсіска Хавьера Сьенфуэгаса Хавельянаса, вялікага прыхільніка Беззаганнага Зачацця, выдаў брэве, даючы катэдральнаму сабору Севільі права выключнага ўжывання лазурнага ўбрання ў свята і актаву Зачацця Благаслаўлёнай Дзевы. Такі выключны і непараўнаны прывілей для многіх зрабіўся знакам прызнання ўрачыстай веры і бязмернай любові капітула Севільі да найвышэйшай таямніцы Беззаганнага Зачацця.

На працягу шматлікіх гадоў Севілья шанавала гэты прывілей, ніколі не хістаючыся ў сваёй адданасці і прывязнасці да справы Беззаганнага Зачацця. Бо дзе вы знойдзеце такі выпадак, каб усё насельніцтва паўстала супраць дамініканскага прапаведніка і ўсяго кляштара, да якога ён належыў, перарвала казанне, выйшла з касцёла і пачало спяваць хвалу Беззаганнай Божай Маці, даведаўшыся, што прапаведнік адмовіўся прамовіць традыцыйны зачын іспанскіх казанняў “Ave, María Purísima, sin pecado concebida“, бо хацеў паказаць свае сумневы адносна гэтай таямніцы? [1] Толькі ў Севільі. Усё Іспанскае каралеўства праяўляла вялікую падтрымку таямніцы Беззаганнага Зачацця. І дзе яшчэ вы знойдзеце старажытныя каталіцкія універсітэты, якія б патрабавалі ад выпускнікоў пад прысягай абвяшчаць і абараняць Беззаганнае Зачацце сваім жыццём? [2] Альбо манарха, які б заснаваў новы закон, колерамі якога сталі лазурны і белы (безумоўна, на чэсць Беззаганнага Зачацця Благаслаўлёнай Дзевы) і члены якога былі абавязаны абараняць дагмат аб Беззаганным Зачацці нават да смерці? [3] Толькі ў Іспаніі.


[1] Гэты інцыдэнт здарыўся ў Convento de Regina Angelorum у Севільі. 8 верасня 1613 года, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, прыёр дамініканскага канвента ў сваім казанні адмовіўся прамовіць традыцыйныя пачатковыя словы “Ave, María Purísima, sin pecado concebida“, што вельмі раззлавала людзей. Натоўп рынуў з касцёла, спяваючы хвалу Беззаганнай Божай Маці. Рэакцыя працягвалася шмат гадоў. Ладзіліся штодзённыя працэсіі ад францысканскага Convento de San Diego de Alcalá як акты перапрашэння за блюзнерства, прамоўленае з амбоны дамініканскага канвента, а таксама за сумневы ў Беззаганным Зачацці.

[2] Універсітэты Саламанкі, Валенсіі, Севільі, Вальядаліда, Авьеда, Кампастэлы, Аньятэ, Баэсы, Алькалы, Асуны, Уэскі, Барселоны, Сарагосы і г. д. выкарыстоўвалі такую прысягу, якую прамаўлялі іхнія прафесары і выпускнікі.

[3] Закон Караля ІІІ, які быў дазволены булай Benedictus Deus Папы Клімэнта XIV ад 21 лютага 1772 года.


Аўтар: Siniculus
Крыніца: Dei praesidio fultus
Фота: Maurice Joseph M. Almadrones

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz