chasuble-mini

Апошнім у пераліку прадметаў святога ўбрання ідзе арнат, які па-лацінску называецца казула — маленькая хатка, бо ў сваім старажытным выглядзе ён цалкам ахінаў святара, пакідаючы бачнай толькі галаву. У сучасным выглядзе ён адкрыты з абодвух бакоў і, калі святар яго апранае, ён амаль дасягае каленяў спераду і яшчэ на некалькі цаляў ніжэй — ззаду. Арнат павінен быць зроблены з каштоўнай тканіны, напрыклад, з парчы, шоўку і г. д. Колер арната павінен адпавядаць адному з апісаных у рубрыках і можа быць белы, чырвоны, фіялетавы, зялёны альбо чорны. Без дазволу Святога Пасаду нельга выкарыстоўваць арнаты іншых колераў.

Згодна з меркаваннем большасці літургічных аўтараў, старажытны шырокі арнат знаходзіўся ва ўжытку да шаснаццатага стагоддзя (Kozma, Liturg. Sacr. Cathol., 49), але затым пачалася практыка яго абразаць, спачатку на плячах, а затым уніз па баках, пакуль ён не набыў сучасны выгляд, які, на дзіва, быў рэзультатам персанальнай прыхамаці, а не пажаданнем ці загадам з боку Касцёла. “Id vero minime, — кажа абазнаны біскуп Туля Сасэ [Saussay], — contigisse ex ullo Pontificum judicio, ecclesiaeque lege, sed ex privato genio quorundam” (Dr. Rock, Church of Our Fathers, vol. i. 329). Кардынал Бона робіць такую самую заўвагу (Rer. Liturg., lib. i. cap. xxiv. p. 237, ed. Sala), і тое самае робіць Ганорый Аўгустадунскі.

Прычына, якую прыпісваюць змене старажытнай формы арнатаў, заключаецца ў тым, што стала складана, асабліва каля шаснаццатага стагоддзя, здабываць адпаведны мяккі матэрыял для іх вытворчасці; бо калі арнаты зрабіць з цвёрдай, нягнуткай тканіны накшталт дошкі, як гэта робіцца цяпер, і захаваць іх старажытную форму, гэта будзе сур’ёзна ўскладняць святару служэнне пры алтары. Але паколькі пад рукою быў толькі такі нягнуткі матэрыял і каб па магчымасці захаваць арнат ад зносу, выкліканага яго падыманнем і складаннем падчас Імшы, палічылі разумным зрабіць выразы з абодвух бакоў, і так паўстала яго сучасная форма.

13667142624_18f1fde4ff_k

На ўвядзенне гэтай змены аказала ўплыў і іншая прычына. Пакуль ва ўжытку знаходзіліся арнаты старой формы, цэлебрацыя Імшы ў адсутнасць дыякана і субдыякана была вельмі складанай, бо падчас розных частак Імшы арнат трэба было складаць і падымаць. Паколькі не заўсёды было лёгка мець дапаможных служыцеляў, а таксама з распаўсюджваннем прыватных Імшаў, магчыма, арнатаў такой формы стала недаставаць. І гэта таксама, як і іншае, паслужыла прычынай увядзення арнатаў сучаснага крою (гл. Hierurgia, p. 440 ; Les Cérémonies de l’Eglise, par M. De Conny, p. 256).

Чытач убачыць, з якім абурэннем спярша ўспрымалася змена формы арната, па словах, якімі прагрымеў Дэ Вэр (De Vert) [5]. Ён кажа пра вытворцаў убрання наступнае: “Ім дазваляецца свабодна адгрызаць, абразаць, адстрыгаць, абрубаць, скарачаць, як ім уздумаецца, арнаты, далматыкі, тунікі і іншае святарскае ўбранне і ўпрыгожванні, якія выкарыстоўваюцца для служэння пры алтары; адным словам, яны прыдаюць гэтым рэчам такую форму, якую захочуць, без кансультацыі з біскупам на гэтую тэму” (Church of Our Fathers, vol. i. p. 330, note).

Малітва, якую святары прамаўляюць, апранаючы арнат, гучыць наступным чынам: “Пане, Ты сказаў: “Ярмо маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі”, дай мне несці яго так, каб я следаваў за Тваёю ласкаю”. У пераносным значэнні арнат зазвычай сімвалізуе любоў, бо ён ахінае ўсё цела, як любоў ахінае ўсю душу.

6165476497_a033232592_b

Арнат на Усходзе. — Старажытная форма арната дагэтуль ужываецца на Усходзе, ці то ў каталікоў, ці то ў схізматыкаў. Мараніты атрымалі дазвол Святога Пасаду ўжываць арнаты нашага крою, але мы не змаглі даведацца, ці яны насамрэч выкарыстоўваюць іх.

Копцкі арнат, які на іхняй мове называецца Albornos, мае арнаментальны край, выкананы з золата і называны Tkoklia; арабы называюць яго Kaslet. Гэта, аднак, характэрна не для ўсіх духоўных станаў, а толькі для арната біскупа (Denzinger, Ritus Oriental., p. 130).

Многія з грэцкіх арнатаў пакрытыя шматлікімі крыжыкамі, якія маюць нагадваць святару, што ён з’яўляецца слугою ўкрыжаванага Настаўніка, мука якога павінна быць перад ягонымі вачыма. У Рускай Царкве арнат біскупа мае шмат маленькіх званочкаў злева, справа, а таксама на рукавах (Romanoff, Greco-Russian Church, pp. 89 and 399).

Нестарыянскі арнат прадстаўляе сабою квадратны кавалак матэрыі, ільну альбо бавоўны, які мае ў цэнтры крыж. Яны называюць яго Shoshippa (Badger, Nestorians and their Rituals, i. p. 226).

Арнат венгерскіх грэкаў настолькі абрэзаны спераду, што ён амаль не закрывае грудзей (Kozma, Liturg. Sacr. Cathol., p. 48, note 6). Арнат рускіх святароў цяпер мае тую самую форму (Neale, Holy Eastern Church, i. 309).

Сірыйцы называюць арнат Philono. Відавочна, гэтае слова звязанае з агульнай грэцкай назвай Phainolion, а на старажытнай лацінскай мове — Penula.

Заканчваючы гэты артыкул пра ўбранне, на нашую думку, будзе дарэчы прывесці тое, што найлепшыя аўтарытэты кажуць пра сувязь прадметаў убрання і нашага Боскага Пана. Гэтыя рэмаркі мы бярэм з Gavantus, Thesaur. Sacr. Rit., p. 137:

  1. Амікт — гэта хустка, якая пакрывала аблічча нашага Пана.
  2. Альба — гэта адзенне, у якое Яго апрануў Ірад.
  3. Пас — гэта бічаванне, прызначанае Пілатам.
  4. Маніпул — гэта вяроўка, за якую Яго вялі.
  5. Стула — гэта вяроўка, якою Яго прывязалі да слупа.
  6. Арнат — гэта чырвоная вопратка, якую Ён насіў перад Пілатам.

Наўрад ці чытачу трэба нагадваць, што кожны прадмет убрання павінен быць асвячаны біскупам перад тым, як ужывацца пры алтары. У місіянерскіх краінах зазвычай такое права маюць і звыклыя святары.

Існуе таксама чатыры іншыя элементы святарскага строю, якія не адносяцца да святога убрання, але з-за важнай ролі, якую яны выконваюць, мы палічылі вялікай несправядлівасцю абмінуць іх маўчаннем. Гэта бірэта, дзукета, каўнер і сутана.


[5] Клаўдый Дэ Вэр (Claudius De Vert) быў манахам у Клюні, а нарадзіўся ў Парыжы. Ён памёр у 1701 годзе. Ён напісаў вялікую працу наконт абрадаў Касцёла і гэтак далей, чатыры тамы, за якія ён вельмі праславіўся, прычым нярэдка ў кепскім сэнсе, бо шукаў літаральнае і натуральнае значэнне ва ўсім, што робіцца на Імшы, цалкам абмінаючы містычнае значэнне. Дзюран (Durandus) як раз вельмі пасуе яму, але ў супрацьлеглым значэнні. Rationale Divinorum гэтага аўтара — адна з найбольш цікавых кніг, калісьці напісаных, і, на наш погляд, яна самая дзівачная і містычная.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA), Fr. Lawrence Lew OP (CC BY-NC-ND).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар