stoles-mini

Стула ідзе пятай у нашым спісе. Гэта доўгая стужка з каштоўнай тканіны, якая мае тую самую шырыню, што і маніпул, але прыкладна ў тры разы даўжэйшая за яго. Стула носіцца вакол шыі, скрыжоўваецца на грудзях і ў такой пазіцыі замацоўваецца пасам. Паўсюдна прызнаецца, што ад пачатку стула нагадвала сучасную альбу і што, як і апошняя, яна цалкам ахутвала чалавека (Durandus, Rationale Divinorum, lib. iii., v. 6, p. 108).

Паводле кардынала Боны (Rer. Liturg., 282), тое, што мы сёння называем стулай, гэта не што іншае, як стужка, якою аблямоўвалася тое, што было сапраўднай стулай у старажытнасці; як толькі практыка ўжывання той стулы прыйшла ў заняпад, гэтая стужка захавалася на ўспамін пра яе, як і маніпул з’яўляецца ўспамінам пра старажытны сударый, альбо хустку.

Хто можа насіць стулу. — Права нашэння стулы асоба атрымлівае з моманту дыяканскага пасвячэння. Аднак дыякан не можа насіць яе так, як гэта робіць святар (гэта значыць, на абодвух плячах), а толькі на левым плячы, а з правага боку стула зашпільваецца. Робіцца гэта для таго, каб усведаміць яму ягоны ніжэйшы стан у параўнанні са святаром, а таксама абавязак быць як найменш абцяжараным, асабліва ў вобласці правай рукі, калі ён выконвае функцыі дапаможнага служыцеля. Пра гэта ў 633 годзе, у часы Папы Ганорыя І, Чацвёрты Таледскі сабор выдаў наступныя інструкцыі: “Падчас малітвы левіту (дыякану) след насіць арар (стулу) на левым плячы; а правае плячо ў яго павінна быць свабодным, каб ён мог больш спрытна выконваць тое, чаго хоча святар” (Bona, Rer. Liturg., 282).

Калі стулу носіць біскуп, яна звісае проста з абодвух бакоў, а не скрыжоўваецца на грудзях, як у святара. Гэта робіцца таму, што ён ужо носіць на грудзях іншы крыж — пектарал [4], таму такой неабходнасці няма (Gavantus, 134).

Малітва, якую прамаўляе святар, апранаючы стулу, гучыць наступным чынам: “Апрані мяне, Пане, у стулу несмяротнасці, якую я страціў праз адступніцтва праайцоў; і хоць я няварты прыступаць да Тваіх святых таямніцаў, дай мне аднак радасць вечную”.

Многія з англасаксонскіх стулаў і маніпулаў мелі прышытыя да іх маленькія срэбраныя ці залатыя званочкі, якія рабілі надзвычай прыемны і далікатны гук, калі служыцель змяняў паставу свайго цела. Д-р Рок у кнізе Church of Our Fathers (vol. i. p. 415, note 60) кажа нам, што ў Льежы адзін час захоўвалася стула св. Форанана [St. Foraunan], ірландскага біскупа, які памёр у 982 годзе, а перад гэтым быў абатам кляштара. На канцах гэтай стулы было некалькі маленькіх срэбраных званочкаў. Часам колькасць гэтых званочкаў дасягала ажно дваццаці сямі (ibid.).

Стула на Усходзе. — Стула на Усходзе вядомая пад назвай епітрахіль (ад грэц. ἐπι — на і τραχήλιον — шыя) і крыху адрозніваецца ад нашай; замест таго, каб дзвюма часткамі аднолькава звісаць з абодвух бакоў, яна робіцца з аднаго куска матэрыялу. Пасярэдзіне ўздоўж праходзіць шво, а наверсе ёсць адтуліна, дастаткова шырокая, каб магла прайсці галава святара. Калі яе апранаюць на Імшу, яна звісае спераду, амаль дастаючы да ступняў.

Копты называюць стулу Bitarshil, сірыйцы — Ouroro, армяне — Ourar (Goar, Euchol. Grаec., p. Ill ; Neale, Holy Eastern Church, i. 308; Denzinger, Ritus Orient., 133).

Адносна паходжання слова арар (orarium), якое прымяняецца да стулы ў старажытных манускрыптах і літургічных творах, заўсёды вялося шмат дыскусій. Са свайго боку, мы схіляемся да версіі тых, хто выводзіць яго ад грэцкага ωρα — гадзіна, бо менавіта ўзмахамі арара дыякан паказваў розныя гадзіны і этапы падчас набажэнства, калі хор павінен спяваць, а сабраны люд маліцца. Гэта да нашых часоў захавалася ва ўсходняй практыцы. Трэба таксама памятаць, што назва арар датычыцца толькі дыяканскай стулы; стула ж святара мае назву епітрахіль.

Мы ледзь не забыліся згадаць, што ў пэўны час, прынамсі яшчэ ў дзявятым стагоддзі, святары і біскупы, нават калі яны былі не ў касцёле, заўсёды насілі стулу як частку касцёльнага адзення і як азнаку іхняй годнасці. Сабор у Майнцы, які праводзіўся ў 813 годзе пры Папу Льве ІІІ, пастанавіў пра гэта наступнае: “Няхай святары выкарыстоўваюць стулу бесперапынна з прычыны адзнакі святарскай годнасці”. Згодна з цяперашняй дысцыплінай, толькі Папа носіць стулу ў штодзённым жыцці як знак ягонай юрысдыкцыі над паўсюдным Касцёлам (Kozma, Liturg. Sacr. Cathol., p. 46). На папскай стуле вышытыя тры крыжы, ключы і тыяра (ibid.).


[4] Пектарал (нагрудны крыж) першапачаткова з’яўляўся рэлікварыем, які атрымаў сваю форму па той прычыне, што ён зазвычай утрымліваў трэску ад сапраўднага крыжа, на якім быў укрыжаваны наш Пан. Рэлікварый Папы Грыгорыя Вялікага быў зроблены са срэбра. Тыя, што знаходзяцца ва ўжытку зараз, датуюцца не раней як шаснаццатым стагоддзем (Dr. Rock, Church of Our Fathers, vol. ii. 174). Усходнія біскупы носяць на шыі тое, што яны завуць панагіямі (гэтае грэцкае слова азначае “ўсесвятая”). У панагію ўстаўляецца эмаліраваны медалік нашага Пана альбо Ягонай благаслаўлёнай Маці. Часта ён вельмі багата аздабляецца каштоўнымі камянямі. Падвешваецца панагія на залатым ланцужку (Romanoff, Greco-Russian Church, 399).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар