Сапраўднае каталіцкае сведчанне біскупа Бернара Феле

img_0536c

4 лістапада 2016 года, у дзень адкрыцця новай семінарыі Супольнасці св. Пія Х ў Дзілвіне, штат Вірджынія, траім дзецям пашчасціла атрымаць сакрамэнт канфірмацыі ад Яго Эксцэленцыі біскупа Бернара Феле. Усё акружэнне гэтай малой цырымоніі — прыкладна дваццаць святароў, семінарысты і члены сям’і — перамяніла яе ў нешта вельмі вялікае і святое. Кожная асоба, якая там прысутнічала, несумненна, палічыць гэтае здарэнне адным з найбольшых благаслаўленняў у сваім жыцці.

Як і іншыя благаслаўленні, гэтае пачалося з крыжа. Канфірмацыя павінна была пачацца ўвечары, у 18:30, пасля доўгай цырымоніі адкрыцця семінарыі. Невялікая група з сем’яў, сведкаў і семінарыстаў сабралася ў часовай капліцы ў семінарыі (якую пазней заменіць большы, прыгожы касцёл побач з семінарыяй), калі раптам з’явіўся семінарыст, які сказаў, што з біскупам Феле толькі што здарыўся няшчасны выпадак і што ён пашкодзіў нагу. Семінарыст сказаў, што медыкі цяпер аглядаюць яго. Далейшых інструкцый трэба было чакаць яшчэ 30 хвілін. Фактычна, мы прачакалі гадзіну ці каля таго, не ведаючы, ці цырымонія ўвогуле адбудзецца.

На гадзінніку было каля 20:00, калі семінарыст увайшоў у капліцу ў апошні раз (пасля некалькіх абнаўленняў інфармацыі). Паколькі біскуп не мог хадзіць, нас запрасілі наверх, у асабісты пакой Яго Эксцэленцыі, каб ён змог дапамагчы малым стаць хрысціянскімі жаўнерамі. Калі ўсе сабраліся ў сціплым пакойчыку, біскуп Феле зайшоў прывітаць нас. Ніхто з тых, хто быў у пакоі, напэўна, не забудзецца, што адбылося далей. Біскуп Феле ўвайшоў з усё яшчэ неапрацаванай нагой — якая, як аказалася, была сур’ёзна зламаная — на мыліцах і з шырокай усмешкай на твары! Найперш выбачыўшыся за “нязручнасці” (!), якія даставіла ягоная траўма, Феле раптоўна сказаў з яшчэ большай усмешкай: “Гэта вельмі добры знак! Гэта вельмі добры знак, бо ён паказвае, што д’ябал вельмі злуецца, што гэтыя малыя атрымаюць сакрамэнт канфірмацыі!”

Вернікі былі здзіўленыя. Як магло быць, што гэты святы чалавек праз боль зламанай нагі ўсміхаўся і радаваўся перашкодам, якія ўзніклі на ягоным шляху? (Адна спадарыня з прысутных пазней сказала, што аднойчы ламала нагу; яна прызналася, што не магла спаць усю ноч, таму што яна вельмі балела.) Як магло быць, што ён ігнараваў гэтыя пакуты і не дазваляў перашкодам не даць яму выканаць тое, што было ўсяго толькі малой цырымоніяй усяго для траіх дзяцей?

Не прайшло шмат часу, як мы атрымалі новыя веды пра глыбока ўкаранёныя перакананні і прынцыпы біскупа Феле. Як толькі ён быў гатовы правесці цырымонію — яго прыйшлося асцярожна ўсадзіць на крэсла — ягоныя вочы загарэліся яшчэ больш. Ён цалкам засяродзіў увагу на дзецях, гледзячы выключна і пільна ў іхнія вочы, каб растлумачыць ім веліч сакрамэнту канфірмацыі. Ягоныя вочы ззялі, калі ён даступнымі словамі тлумачыў дзецям тое, што яны вось-вось павінны былі прыняць. Цеплыня ягонага погляду была кранальнай, як і ягоная ўсмешка і голас. Гэта было навукай для нас, дарослых, як чалавек ягонага статусу не звяртае аніякай увагі на тое, што мы знаходзімся побач, і як ён цалкам аддаецца таму, каб падрыхтаваць сэрцы малых да сакрамэнту на той мове, якую яны разумеюць. Біскуп Феле не меў падрыхтаваных запісаў, але ён энергічна і з вялікай канцэнтрацыяй казаў прыкладна дваццаць хвілін на няроднай для сябе мове без усялякай прыкметы напружанасці ці хвалявання. Ён быў цалкам для дзяцей, выступаючы як вярхоўны пастыр для іхніх душаў.

На шчасце, я змагла запісаць большасць з таго, што казаў Яго Эксцэленцыя. Я атрымала дазвол на выкарыстанне транскрыпту, які я падрыхтавала са сваіх запісаў, каб пашырыць сярод каталікоў ззяючую веліч гэтага каналу ласкі, а таксама проблеск шматлікіх ласкаў, якія мы атрымалі ў тую ноч у паўцемры голага пакою. Гэтыя словы скажуць самі за сябе і прывядуць нас да асноваў нашай узлюбленай веры. Паколькі Яго Эксцэленцыя, нягледзячы на старанныя спробы, не мог укленчыць, што традыцыйна робіцца падчас першай страфы Veni Creator Spiritus, вельмі прыгожага лацінскага спеву да Святога Духа, ён папрасіў нас прамовіць гэтую вельмі прыгожую малітву да Святога Духа ўслых і разам.

Вось транскрыпт таго, што атрымалася з маіх найлепшых высілкаў.


Яго Эксцэленцыя біскуп Бернар Феле:

[Тут не хапае некалькіх уводных сказаў, у якіх Яго Эксцэленцыя ўводзіць слухачоў у тэму сакрамэнтаў.] Усе сакрамэнты захацеў і ўстанавіў Бог. А калі Бог штосьці робіць, гэта азначае, што гэта важна. І вы ведаеце, што канфірмацыю атрымліваюць адзін раз у жыцці. Вы атрымліваеце яе толькі аднойчы, таму што яна дае вам штосьці, што вы ніколі не згубіце. Што б з вамі ні здарылася, вы будзеце мець гэта. Гэта знак. Святы Дух увойдзе ў вашую душу і пазначыць вашую душу. Гэты знак не прамінае. Бачыце, ёсць іншыя рэчы, якія Бог даў нам і якія мы завем ласкаю. На жаль, людзі, якія знаходзяцца ў смяротным граху, губляюць ласку; гэты ж знак яны не губляюць.

Гэты знак прысвеціць вас Святому Духу. Кансэкраваныя рэчы робяцца святымі, як званочак, як цыборый, як алтар — калі яны кансэкраваныя, яны робяцца святымі. І гэта самае адбудзецца ў той момант, калі біскуп зробіць знак крыжа на вашым ілбе. У той самы час я скажу “Я пазначаю цябе знакам крыжа”. Гэта і ёсць тое, што мы называем сакрамэнтам. Гэта бачны знак, вы можаце яго бачыць, вы можаце яго чуць, але гэты знак паказвае штосьці яшчэ.

Розніца паміж сакрамэнтам і іншымі знакамі такая: іншыя знакі проста паказваюць штосьці. Калі вы едзеце па дарозе і бачыце “Рычманд, вельмі шмат міль”, вы ведаеце, што калі вы праедзеце гэты шлях, вы прыбудзеце ў Рычманд. Але гэтыя знакі не змяняюць рэчаў.

Сакрамэнты. Калі вы маеце такі знак, ён не толькі паказвае нешта, але ён здзяйсняе рэчы. Такім чынам, мы маем знак звонку, і ў той самы момант — у вашай душы. Вы бачыце знак — гэтым знакам з’яўляецца знак крыжа, а таксама словы “Я пазначаю цябе знакам крыжа”, што тое самае, — і тады вы атрымліваеце гэты знак у сваёй душы. Вы прымаеце гэты знак.

Знак гэты вельмі асаблівы. Як я казаў, ён прысвячае вас, ён робіць з вас інструмент у руках Святога Духа. Але гэта не такі інструмент, як тыя інструменты, што я выкарыстоўваю. Напрыклад, вы карыстаецеся алоўкам, інструментам, якія дазваляе вам пісаць. Нож — гэта інструмент, якія дазваляе вам рэзаць. Машына — гэта інструмент, які дазваляе вам ехаць. Але вы бачыце, што ўсе гэтыя інструменты, яны проста падпарадкоўваюцца. Калі вы бераце аловак у руку, вы рухаеце ім — і ўсё. Аловак вельмі паслухмяны. Я ніколі не бачыў алоўка, які ўцякае ад таго, хто хоча схапіць яго. Такога не бывае, ён вельмі паслухмяны.

Мы ж — інструменты свабодныя. Гэта значыць, мы інструменты, якія могуць рухацца, і гэта вельмі асаблівая рэч. І мы будзем ужываць слова “інструмент”, бо агент, якім з’яўляецца Святы Дух, будзе выкарыстоўваць нават вашую свабодную волю, каб здзяйсняць рэчы. А што Ён робіць? (Пауза. Павольна працягвае:) А-а… Ён яднае вас, і Ён пагружае вас у місію Езуса. У Езуса ёсць місія. Што значыць “місія”? У нас ёсць місія, калі хтосьці паслаў нас нешта зрабіць. І Бог Айцец паслаў Бога Сына збавіць нас. Гэта сапраўды так, бо Ён атрымаў ад Айца імя Езус. Езус азначае “Збаўца”. Гэтае імя выражае місію нашага Пана Езуса. І Ён стаў целам і прыняў людскую натуру, праз якую Ён змог выканаць сваю місію. І Ён памёр на крыжы. Так Ён нас збавіў.

І тады, перад тым, як пайсці ў неба, Ён перадаў сваю місію апосталам, Касцёлу. Касцёл — гэта Езус, але не Езус сам па сабе, а Езус з душамі, злучанымі з Ім праз хрост. Праз веліч жа канфірмацыі прыходзіць гэты вельмі асаблівы заклік нашага Пана. Ён кліча вас. Ён хоча, каб вы дапамагалі Яму. Менавіта гэты сакрамэнт уключае вас у гэтую місію. І з гэтага моманту мы называем вас жаўнерамі Хрыста, таму што збаўленне душаў мае на ўвазе змаганне. Чаму змаганне? Таму што д’ябал робіць усё, што можа, каб не даць душам трапіць у неба. Таму тыя, хто будзе дапамагаць Езусу, будуць павінны біцца. Бачыце, менавіта таму вы жаўнеры. Але не трэба баяцца, таму што Ён дасць вам сілу, якая вам спатрэбіцца.

Гэта другая частка канфірмацыі. Я кажу другая, але ўсё адбываецца ў той самы момант. Такім чынам, яна дае вам знак, яна дае вам місію, і цяпер Бог дасць вам неверагодную сілу.

Па-першае, Ён павялічыць тое, што мы называем асвячальнай ласкай. Тое, што мы атрымалі ў хросце. Асвячальную ласку. Што значыць “асвячальную”? “Sancti” азначае святыя, “fying” азначае “рабіць”. Рабіць святымі. Ласка, якая робіць святымі. Вы атрымалі яе ў хросце. Менавіта таму, калі вы памрэце без ласкі, вы пойдзеце ў пекла. Трапіць у неба могуць толькі тыя, хто яе мае. У небе могуць быць толькі святыя. Але існуюць розныя ступені. Ёсць так, што тыя, хто мае больш ласкі, атрымае лепшае месца ў небе. І сёння Ён хоча павялічыць узровень ласкі, які вы атрымалі ў хросце. У тры разы? У дзесяць разоў? У сто разоў?

У нас няма словаў, каб выказаць гэта. Ёсць толькі адно слова, якое мы ведаем. Гэтае слова — паўната. Паўната, якая робіць вашую душу поўнай. Гэта можна зразумець рознымі спосабамі. Я прывяду адзін прыклад, але гэтага недастаткова. Вы бачыце розніцу паміж месяцам і сонцам. Месяц дае крыху святла, і на яго можна глядзець, не баючыся. Сонца дае столькі святла, што вы не можаце глядзець на яго, бо гэта пашкодзіць вашыя вочы. Таму паміж імі ёсць розніца ў колькасці святла. Гэта прыклад таго, як павялічыцца вашая ласка, якую вы атрымаеце сёння. Гэта значыць, што вы вельмі, вельмі падрасцеце ў ласцы. Я скажу вам вось што: для Бога адна канфірмацыя — гэта штосьці больш вялікае за стварэнне ўсіх стварэнняў, усіх зорак, усіх гэтых месяцаў, планетаў, усіх жывёлаў на зямлі і гэтак далей. Бог, калі рабіў усё гэта, рабіў менш, чым робіць адной канфірмацыяй. Гэта цяжка растлумачыць, але гэта праўда.

Такім чынам, ён дасць вам незвычайнае ўзрастанне ў ласцы. Цяпер вам трэба зразумець, што на той жа ўзровень Ён павялічыць і ўсе вашыя цноты. Вы ўзрасцеце ў веры, надзеі, любові, справядлівасці, стрыманасці. Усе цноты ўзрастаюць у адным чалавеку, вось так (падымае рукі ў паветра). З вамі адбудзецца прагрэс, вялікі прагрэс. Праблема ў тым, што вы не адчуеце яго. Вы не можаце адчуць яго, бо ён надта вялікі, надта вялікі для нашых спосабаў адчування. Пра яго нам кажа толькі вера. Бачыце, калі мы размаўляем пра канфірмацыю, мы рэдка калі кажам пра гэта. Мы робім акцэнт толькі на адной рэчы, якую называем сямю дарамі Духа Святога. Нешта мы атрымалі ўжо падчас хросту, але ёсць і вялікае ўзрастанне ў гэтых дарах. І што ж з гэтымі дарамі цяпер? Дары зробяць вас паслухмянымі натхненням Святога Духа. Бачыце, як цудоўна кажа нам святы Павел, тыя, каго вядзе Дух Божы, гэта дзеці Божыя. Вы хочаце быць дзецьмі Божымі. Для гэтага трэба, каб Бог вёў нас.

Такім чынам, калі мы кажам Богу “Ойча наш”, Ён першы знаходзіцца ў нас, Ён дапамагае нам. Гэта Ён кажа! Гэта Ён кажа! І Ён бярэ нас, Ён укладае ў нас малітву. Таму кожны раз, калі вы кажаце “Ойча наш”, гэта не вы, гэта Ён, гэта Святы Дух прамаўляе гэтую малітву. Ён хоча дапамагчы нам, дапамагчы вам. Вы не бачыце гэтага. Паглядзіце, ёсць розныя прыклады гэтага. Напрыклад, святы Павел кажа, што ніводная душа не можа сказаць “Езус — Бог”, “Езус — Пан”, калі не будзе ў Духу Святым. Таму кожны раз, калі мы кажам “вядома, Езус Бог”, мы кажам гэта таму, што Святы Дух прымушае нас так казаць. Памятайце, што кожны раз, калі вы кажаце “Ойча наш”, гэта Ён укладае ў вас малітву. Бо гэта Ён разам з Айцом і Сынам адказвае за тое, каб зрабіць вас Божымі дзецьмі.

Цяпер я хутка апішу вам, што здараецца з вамі, калі вы трымаецеся гэтых натхненняў. Раптам да вас прыходзіць добрая ідэя. Вы нешта робіце — што б вы ні рабілі — раптам, добрая ідэя. Мы называем гэта натхненнем. Гэта запрашэнне зрабіць штосьці добрае. Гэта можа быць малітва, ахвяра, выкананне абавязку, гэта можа здарыцца ў гульні, на працы, гэта можа быць што заўгодна: не кажы кепскага слова, дапамажы маме, зрабі дамашняе заданне, любая добрая ідэя!

І калі ў вас з’явілася гэтая ідэя, і калі вы ідзеце за ёю, вы кажаце: добра, я зраблю гэта! (а часам вы кажаце: не, я не буду рабіць гэтага; часам у нас усярэдзіне адбываецца невялікае змаганне і вы кажаце: не, не буду). Але часам мы проста робім гэта. І калі вы робіце гэта, вы не адны. Вось вам прыклад. Я даю вам аловак і кажу: “А цяпер памалюй”. Тады вы малюеце. Вы бераце аловак і спрабуеце маляваць. Гэта адно. Гэта калі вы робіце гэта.

Цяпер уявім сабе, што вы бераце аловак, паперу, а побач праходзіць цудоўны мастак. Вы кажаце: дапамажы мне зрабіць гэта. Ён бярэ вашу руку, якая трымае аловак, вядзе ёю па паперы. І цяпер, калі вы будзеце падпарадкоўвацца самым малым рухам мастака, у вас атрымаецца шэдэўр. Гэта зрабіў Святы Дух! Ён вядзе вас. Таму кожны раз, калі вы проста падпарадкоўваецеся натхненням, Святы Дух робіць цуд. Разумееце? Вам здаецца, што гэта зрабілі вы, але пакуль вы слухаецеся натхненняў, у вас атрымліваецца шэдэўр.

Вось чаму гэтыя дары вельмі важныя. Святы Дух сёння прыйдзе да вас. Ён хоча з усіх вашых дзеянняў рабіць шэдэўр. Ён хоча зрабіць вас прыгожымі! Як кажа святы Павел — і гэта ёсць у Святым Пісанні — Бог кажа нам, што Ён хоча, каб мы зрабілі, і Павел кажа наступнае: Святы Дух хоча, каб мы ўзрасталі ў ззяючым, жывым вобразе Божага Сына. Ён хоча, каб мы ўзраслі ад ззяння месяца да ззяння Сонца — і нават больш! І Ён робіць гэтую працу, калі мы проста трымаемся Яго.

Вось і ўсё. Гэта галоўная частка сакрамэнту, які вы хутка атрымаеце.

Таму мы просім Благаслаўлёную Дзеву Марыю, сужэнку Святога Духа, каб яна дапамагла вам, падрыхтавала вас да прыняцця гэтага сакрамэнту найлепшым спосабам. Мы просім таксама аб ласцы для вас, а таксама для ўсіх прысутных, каб усе мы маглі быць заўсёды вернымі натхненням Святога Духа, каб кожны дзень мы насамрэч ўзрасталі як сапраўдныя дзеці Божыя — не дзеці гэтага свету, каб гэта прывяло нашыя душы, шматлікія душы да Бога, у неба, каб мы маглі ратаваць душы.

Такім чынамі, абрад пачнецца вось як: найперш мы папросім дароў Духа Святога, і кожны раз мы будзем прасіць словам “Амэн”. У другой частцы вы падыйдзеце сюды, дзе я сяджу, і тут адбудзецца канфірмацыя. Вас будзе суправаджаць ваш сведка, мы намасцім вас, а затым, пасля абраду, вы пяройдзеце сюды, дзе святар вытра алей з вашага лба, і тады вы вернецеся на сваё месца. Затым будзе яшчэ адна малітва, потым я вас благаслаўлю, і тады мы разам вызнаем веру.

Цяпер жа пачнём з першай малітвы…


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала. Артыкул і фота перадрукаваныя з дазволу рэдактара 1Р5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: