№13. Маніпул

maniple-mini

Маніпул — гэта чацвёрты прадмет убрання, якое апранае на сябе святар. Гэта невялікая палоска каштоўнай тканіны з таго самага матэрыялу, што і стула з арнатам. Маніпул мае на сабе тры вышытыя крыжыкі: адзін пасярэдзіне і два па баках. Яго носяць на левым запясці, да якога ён прымацоўваецца з дапамогай шпількі альбо матузка. Ягоная сумарная даўжыня зазвычай складае прыблізна 60 см, а шырыня роўная прыкладна 10 см. Ён павязваецца вакол рукі так, што роўна звісае з абодвух бакоў.

Старажытныя назвы маніпула. — У старажытнасці маніпул быў вядомы ажно пад дзесяццю рознымі назвамі: мапула, сударый, плечавы пас, мантыла, лінтэй, aer, святарскі паясок (cincticulum), маніпул, mappa parva, фанон (Gavantus, Thesaur. Sacr. Rit., p. 130).

Першапачаткова ён прызначаўся выключна да таго, каб выціраць пот з твару таго, хто яго насіў, а таксама, каб выціраць рукі і не забруджваць святое ўбранне. Фактычна, гэта ва ўсіх адносінах была хустка, як можна бачыць з таго, што пішуць старажытныя аўтары. Так, Алкуін у дзевятым стагоддзі кажа пра яго наступнае: “Маленькая хустка, якую носяць на левай руцэ і якою выціраюць пот з вачэй і носа, азначае цяперашняе жыццё, у якім мы пакутуем ад залішняй вільгаці” (Bona, Rer. Liturg., 281).

Амалярый, які жыў прыкладна ў тыя ж часы, піша пра маніпул вось што: “Мы носім хустку (sudarium) для таго, каб выціраць пот” (ibid.).

Як мы казалі, маніпул павязваўся на левае запясце. Старажытная форма арната, пра які мы грунтоўна пагаворым далей, гэтага патрабавала, бо, калі б ён знаходзіўся ў іншым месцы, то святар не мог бы ім скарыстацца, таму што ён быў закрыты з усіх бакоў. Пакуль старажытны шырокі арнат заставаўся ва ўжыванні, маніпул не апраналі, пакуль святар не быў гатовы ўзысці да алтара па прыступках. Тады дыякан і субдыякан складалі арнат, левая рука вызвалялася, і на яе павязвалі маніпул, дзе ён і заставаўся да канца Імшы. След гэтай старажытнай практыкі ўсё яшчэ застаецца ў біскупскай Імшы, дзе маніпул на павязваюць на запясце пралата перад “indulgentiam” — то бок крыху перад тым, як ён будзе ўзыходзіць па прыступках.

Згодна з найбольш аўтарытэтнымі крыніцамі, маніпул выкарыстоўваўся як хустка прыблізна да дванаццатага стагоддзя. Пасля гэтага ён зрабіўся літургічным упрыгожваннем (Kozma, Liturg. Sacr. Cathol., 44) з выключна сімвалічным значэннем. Наш святы Касцёл заўсёды неахвотна расставаўся з якім-небудзь сваім старажытным убраннем.

Матэрыял маніпула. — Пакуль маніпул служыў у якасці хусткі, яго выраблялі з белага льну і часта насілі ў руцэ падчас Божай службы замест таго, каб прывязваць да запясця; але калі ён зрабіўся літургічным упрыгожваннем, тады матэрыял, з якога ён быў выраблены, таксама змяніўся і стаў адпавядаць матэрыялу стулы і арната. У некаторых частках Англіі існаваў звычай навешваць на край маніпула маленькія званочкі з срэбра і золата (Dr. Rock, Church of Our Fathers, i. 422).

Маніпул апранаюць з наступнай малітвай: “Дай мне, Пане, насіць маніпул плачу і смутку, каб з радасцю атрымаць мне ўзнагароду за працу”. Словы пра “плач і смутак” тут адносяцца да таго, што часта здаралася ў мінулыя дні на святых служэннях пры алтары, калі многія святыя мужчыны плакалі, часам з радасці ад таго, што ім дазволілі ўдзельнічаць у такой страшнай ахвяры, а часам са смуткам з прычыны сваёй нягоднасці. Дзюран у сваёй працы Rationale Divinorum, с. 110, кажа, што са св. Арсеніем такія рэчы здараліся.

27621642724_f3f801a10a_b

Містычнае значэнне. — Містычнае значэнне маніпула заключаецца ў тым, што ён нагадвае святару пра выпрабаванні і клопаты жыцця, а таксама пра ўзнагароду, якая чакае яго пры ўмове, што ён вытрывае іх па-хрысціянску.

Маніпул на Усходзе. — Усходнія хрысціяне носяць два маніпулы, па аднаму на кожнай руцэ, якія называюцца эпіманікія (ἐπιμανίκια) — варварскае слова ад грэцкага ἐπι, на, і лацінскага manus, рука — гэта значыць, тое, што носіцца на руцэ, поручы. Па сваёй форме поручы значна адрозніваюцца ад маніпула, хоць яны, несумненна, калісьці служылі той самай мэце. Яны выглядаюць падобна да вялікіх, свабодных рукавоў комжы, якія прывязваюцца да запясця шаўковым матузком. Па правілах яны завязваюцца шчыльна, бо яны мусяць нагадваць таму, хто іх носіць, пра вяроўкі, якімі рукі нашага Пана былі прывязаныя да слупа бічавання.

Усходнія біскупы зазвычай носяць на сваіх поручах абразок Боскага Збаўцы, які яны даюць цалаваць людзям.

У сірыйцаў эпіманікія завецца zendo, у армянаў — pasban, а ў коптаў — manicœ.

Рускі святар, апранаючы гэты прадмет ўбрання на правую руку, кажа: “Правіца Твая Пане, мае першынство; правіца Твая, Пане, скрушыла ворагаў і мноствам Тваёй славы знішчыла праціўнікаў”, а для левай рукі: “Рукі Твае ўчынілі мяне і стварылі мяне: дай мне розум, і навучуся Тваім запаведзям”. Сказ “правіца Твая Пане, мае першынство” ўтрымлівае ў сабе спасылку на традыцыю, згодна з якой габрэі першай прыбілі да крыжа правую руку Збаўцы, а потым левую (гл. Goar, Euchologium Græcorum, p. 111; Neale, Holy Eastern Church, vol. i. p. 307; Renaudot, Liturg. Orient. Collect., i. 162 ; Denzinger, Ritus Orientalium, p. 131; і Gavantus, Thesaur. Sacr. Rit., 131).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйныя фота: Fr James Bradley (CC BY), Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: