Дзеці і новая Імша

elevation-mini-jsh

Нудны душою быў бы той, хто прайшоў бы побач з відовішчам, такім кранальным у сваёй велічы.
(Уільям Уордсварт)

Працягваючы тэму свайго мінулага запісу, падвяду вынік таго, што я казаў. Досвед, які чалавек не ўспрымае цалкам, прывядзе да лепшага разумення, калі ён альбо падобны досвед будзе рэгулярна паўтарацца, асабліва тады, калі дадаткова існуе магчымасць час ад часу задаваць пытанні, а таксама іншыя віды дапамогі. Так літургія дзейнічае на дзяцей, але яна таксама падобная да досведу эмацыйнага жыцця сям’і, бо яна выклікае эмацыйныя і духоўныя водклікі. Падобна, як у сямейным жыцці, падрастаючы, дзеці становяцца больш чулымі да эмацыйных сігналаў і глыбей разумеюць патрэбы іншых, так і праз эмацыйную і духоўную значнасць літургіі дзеці здабываюць вастрыню адчування ад паўторнага досведу. Ёсць таксама паралель з асаблівай адчувальнасцю да атмасферы ў вельмі малых дзяцей.

Імша Novus Ordo і перадумовы, якія прывялі да яе, стварылі праблему адносна дзяцей, таму што галоўнай ідэяй рэформы было тое, што тыя, хто моліцца, павінны магчы разумець літургію на вербальным узроўні. Менавіта таму яе сталі перакладаць на нацыянальныя мовы, скарачаць альбо тэалагічна спрашчаць малітвы, прымушаць людзей даваць больш адказаў і гэтак далей. Вы спытаецеся: чаму гэта праблема для дзяцей? Ці не робіць усё гэта Імшу больш зразумелай для дзяцей? На вербальным узроўні звычайная форма рымскага абраду сапраўды лягчэйшая для зразумення. Праблема ў тым, што калі вашае разуменне ўдзелу зводзіцца да вербальнага разумення, тады вы самі сабе ставіце немагчымую задачу арганізаваць удзел дзяцей, асабліва малых дзяцей. Не мае розніцы, наколькі мова простая. Некаторыя дзеці на Імшы не ўмеюць нават размаўляць.

Паўтару, што звычайная форма рымскага абраду нашмат, несувымерна больш падыходзіць для непасрэднага вербальнага разумення, чым надзвычайная форма. Апошняя не проста выкарыстоўвае ненародную лацінскую мову: нават адораны лацінамоўны чалавек без кніжкі не здолеў бы ахапіць Канон альбо аферторый на вербальным узроўні, бо яны прамаўляюцца ціха. З гэтага факту становіцца зразумела, што непасрэднае вербальнае разуменне не з’яўляецца мэтай надзвычайнай формы. Замест гэтага, яна выкарыстоўвае шэраг вербальных і невербальных спосабаў перадачы нечага больш глыбокага, чым проста словы, і робіць гэта надзвычай эфектыўна, як гэта робіць літургія Усходніх Касцёлаў. Праблема звычайнай формы заключаецца ў тым, што, паставіўшы непасрэднае вербальнае разуменне за мэту і адкінуўшы вялікі пласт рэчаў, якія палягчаюць невербальную камунікацыю ў надзвычайнай форме, яна сутыкнулася з катэгорыяй удзельнікаў з вельмі абмежаванымі і нават неіснуючымі моўнымі навыкамі. Малыя дзеці ніколі не будуць удзельнічаць у Імшы тым спосабам, які стваральнікі Novus Ordo задумвалі для іншых людзей: з непасрэдным вербальным успрыманнем.

Адказ прыхільнікаў літургічнай рэформы быў падвойны. Па-першае, яны паспрабавалі зрабіць мову літургіі нават яшчэ прасцейшай. Сабраўшыся стварыць Эўхарыстычную малітву, “кароткую і вельмі простую ідэйна“, а менавіта ІІ Эўхарыстычную малітву, яны зразумелі, што яна ўсё яшчэ была надта складанай для дзяцей, таму яны стварылі для іх спецыяльныя Эўхарыстычныя малітвы. Дадатковыя адаптацыі літургіі, якая цэлебруецца для дзяцей, таксама прыводзяцца ў Інструкцыі для Імшаў з удзелам дзяцей. У выніку мы, вядома, атрымліваем літургію, зусім нязносную для дарослых, але і малыя дзеці наўрад ці зразумеюць хоць слова з таго, што адбываецца.

Інструкцыя для дзяцей вельмі заклапочаная тым, каб дзеці не нудзіліся. Таму другая частка рэакцыі заключалася ў тым, каб зусім выцягнуць дзяцей з літургіі, а прынамсі з большай часткі Імшы, а ўзамен даць ім паралітургічны досвед пэўнага кшталту. Часткова гэта досвед цалкам пачварны; несумненна, іншая яго частка добра спраектаваная і пабожная. Але ён не вырашае і не можа вырашыць праблемы, бо хоць у ім дазволеная яшчэ большая гнуткасць ужыванай мовы, вербальнае разуменне для дзяцей са слабымі ці адсутнымі моўнымі магчымасцямі заўсёды будзе цяжкім альбо амаль немагчымым. У той жа час нефармальны характар гэтых паралітургічных мерапрыемстваў яшчэ больш аддаляе нас ад метадаў невербальнай камунікацыі, якія так добра працуюць у надзвычайнай форме.

Іншымі словамі, сродкі, ужытыя для спрашчэння разумення Імшы дзецьмі, закопваюць нас глыбей і глыбей пад зямлю. Прыняцце ўсё больш і больш простай мовы ва ўсё больш і больш нефармальнай структуры робіць усё цяжэй і цяжэй для дзяцей — альбо для кожнага — невербальна ўспрымаць святую рэальнасць, якая мае месца падчас літургіі. Але калі мова ідзе пра дзяцей, асабліва пра малых дзяцей, гэтыя невербальныя сігналы з’яўляюцца адзіным сродкам, каб прывабіць іх, бо яны слаба альбо ўвогуле не карыстаюцца словамі.

peace-jsh

Трэба быць надзвычай адукаваным, каб вырашыць, што гэта не красамоўны жэст

Дазвольце мне растлумачыць свой пункт гледжання з іншай перспектывы. У надзвычайнай форме рымскага абраду вельмі фармалізавана тое, што адбываецца ў прэзбітэрыі, а тое, што адбываецца ў наве, застаецца адносна нефармальным. Для свецкіх не існуе абавязковых правілаў, калі трэба стаяць, сядзець і кленчыць. Ёсць некалькі адказаў, але няма патрабавання адказваць. Людзі вольныя маліцца сваімі ўласнымі малітвамі. Не мае значэння, што вы кажаце двухгодку, і амаль няма розніцы, што казаць пяцігодку ці нават васьмігодку альбо многім чатырнаццацігодкам: яны не засвояць ніводзін працяглы літургічны тэкст на вербальным узроўні, асабліва, калі яны не чулі яго шмат разоў дагэтуль. Уласна кажучы, не думаю, што я сам змог бы ўхапіць незнаёмы тэкст Эўхарыстычнай малітвы ў рэальным часе, калі б яе прамаўлялі з-за алтара: гэта даволі складаная задача. Што дзеці могуць з цягам часу палюбіць — гэта веліч працэсіі, прыгажосць спеву, асаблівае значэнне ўзнясення Найсвяцейшага Сакрамэнту, калі, вядома, гэтым рэчам дазваляюць быць велічнымі, прыгожымі і асаблівымі.

У Novus Ordo сітуацыя адваротная. Урачыстая фармальнасць прэзбітэрыя была значна зменшана, і многія святары вельмі стараюцца зрабіць так, каб усё выглядала спантанна нават тады, калі гэта не спантанныя рэчы. У наве ўсё па-іншаму. На свецкіх могуць нават гаркнуць, каб яны ўсталі, селі, укленчылі, адказвалі, трымаліся за рукі, спявалі песні і гэтак далей. Іхні знешні літургічны ўдзел кантралюецца: спантаннасць забаронена.

Што адбываецца з дзецьмі ў адной і другой сітуацыі? У першым выпадку яны могуць свабодна рухацца і маюць менш шанцаў патрывожыць іншых, таму што сярод сабраных няма рупліва пастаўленай харэаграфіі. З іншага боку, рэчы, што адбываюцца ў прэзбітэрыі, глыбока цікавыя з візуальнага пункту гледжання: яны трапляюць у розум дзіцяці менавіта таму, што яны прадказальныя і паўторныя. Акрамя таго, яны ствараюць магутную атмосферу цішыні і пабожнасці, якую дзеці добра ўбіраюць у сябе.

У другой сітуацыі існуе ціск, які змушае да ўдзелу, калі не ў супольных дзеяннях сабраных, дык ў асаблівай дзейнасці для дзетак на дзіцячай літургіі. Дзецям сістэматычна перашкаджаюць думаць свае ўласныя думкі альбо паглынаць навакольнае ў сваім тэмпе, сваім чынам. Зноў жа, тут менш таго, на што можна паглядзець, а тое, што ёсць, не трапляе ў знаёмыя схемы. Відовішча менш драматычнае, менш жывое, яно не паўтараецца з тыдня ў тыдзень па тых самых схемах. Пачуццё святога, сакральнасць — кожны пагодзіцца — праяўляецца менш.

Якая форма рымскага абраду больш падыходзіць для ўдзелу дзяцей? Я думаю, адказ відавочны.

Падводзячы ітог: спосаб удзелу, які прапануецца свецкім у звычайнай форме, менш падыходзіць для дзяцей.

Гэта частковая праява больш агульнай ідэі, якую я ўжо выказваў у сваім блогу. Паўсюдна адзначаецца, што менш адукаваныя людзі і мужчыны менш заахвочваюцца словамі, і гэта адна з прычын, чаму, як кажа Энтані Арчэр, Каталіцкі Касцёл пасля 1970 года згубіў свой хрыбет з англійскага працоўнага класу. Гэта таксама адна з прычын, чаму парафіі Novus Ordo маюць большую колькасць жанчын, а парафіі, прывязаныя да надзвычайнай формы, больш збалансаваныя адносна полу. Яшчэ больш востра праблема праяўляецца ў выпадку тых групаў каталікоў, для якіх народная мова літургіі не з’яўляецца роднай.

Імша Novus Ordo была складзеная дакладнымі, інтэлектуальнымі, адукаванымі асобамі з сярэдняга класу для такіх самых асобаў, бо яны здолелі пераканаць сябе, што тое, што яны рабілі, будзе цудоўным для простага чалавека, для місій (дзе Імша часта служыцца не на мове прысутных людзей) і для дзяцей, таму што гэтая Імша павінна была быць простай.

Простыя рэчы для простых людзей. Дарэчы гэтыя “простыя людзі”, быць можа, нават больш здольныя, чым клапатлівая эліта сярэдняга класу, успрымаць сімвалічныя і атмасферныя сігналы старажытнай літургіі: антраполаг Мэры Дуглас заяўляе пра гэта з поўнай сур’ёзнасцю. У чым яны не такія здольныя, дык гэта ў такіх вербальных рэчах.


Аўтар: Joseph Shaw
Крыніца: LMS Chairman
Ілюстрацыйныя фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: