Біскуп Атаназіус Шнайдэр: “Іхнія імёны будуць ясна ззяць на Апошнім Судзе”

bp-schneider-jsh-mini

Яго Эксцэленцыя біскуп Атаназіус Шнайдэр даслаў гэты тэкст у падтрымку чатырох кардыналаў рэдактарам блога Rorate Caeli. Тыя ж рэдактары не толькі дазволілі, але і заахвоцілі іншыя блогі перадрукоўваць і пашыраць гэтыя словы добрага біскупа. Рэдакцыя Te igitur з удзячнасцю карыстаецца запрашэннем калегаў і таксама дазваляе свабоднае выкарыстанне беларускага перакладу гэтага тэкста. Адначасова Rorate Caeli прапануе кардыналам і біскупам выкарыстаць магчымасць доступу да шырокай аўдыторыі і даслаць сваю падтрымку ў рэдакцыю.

“Мы нічога не можам рабіць супраць праўды, толькі дзеля праўды” (2 Кар 13:8).

Прароцкі голас чатырох кардыналаў Святога Рыма-Каталіцкага Касцёла

14 лістапада 2016 года па прычыне “глыбокай пастырскай занепакоенасці” чацвёра кардыналаў Святога Рыма-Каталіцкага Касцёла, Яго Эмінэнцыя Ёахім Майснер, арцыбіскуп Кёльна на пенсіі (Германія), Яго Эмінэнцыя Карла Кафара, арцыбіскуп Балоньі на пенсіі (Італія), Яго Эмінэнцыя Рэйманд Леа Бёрк, патрон Мальтыйскага Ордэна, і Яго Эмінэнцыя Вальтэр Брандмюлер, старшыня Пантыфікальнай рады па гістарычных навуках на пенсіі, апублікавалі тэкст пяці пытанняў, называных dubia (лац. сумневы), якія перад гэтым, 19 верасня 2016 года, яны даслалі Святому Айцу і кардыналу Герхарду Мюлеру, прэфекту Кангрэгацыі дактрыны веры, разам з суправаджальным лістом. Кардыналы просяць Папу праясніць “сур’ёзную дэзарыентацыю і вялікае замяшанне” адносна інтэрпрэтацыі і практычнага прымянення асабліва восьмага раздзела апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia і яе фрагментаў, якія датычацца допуску разведзеных і паўторна жанатых асобаў да сакрамэнтаў і якія датычацца маральнага вучэння Касцёла.

У сваёй заяве пад назвай “У пошуку яснасці: заклік развязаць вузлы Amoris Laetitia” кардыналы кажуць, што “па меркаванні многіх — біскупаў, святароў, вернікаў — гэтыя параграфы намякаюць альбо нават ясна навучаюць пра змену дысцыпліны Касцёла адносна разведзеных асобаў, якія жывуць у новым саюзе”. Кажучы так, кардыналы проста канстатуюць рэальныя факты з жыцця Касцёла. Гэтыя факты дэманструюцца пастырскай паставай некалькіх дыяцэзій і публічнымі заявамі некаторых біскупаў і кардыналаў, якія пацвярджаюць, што ў некаторых выпадках разведзеныя і паўторна жанатыя каталікі могуць быць дапушчаныя да Святой Камуніі, нават калі яны працягваюць карыстацца правамі, якія Божы закон захоўвае толькі за сапраўдна жанатымі парамі.

Публікуючы заклік унесці яснасць у справы, якія датычацца праўды і святасці адначасова трох сакрамэнтаў (сужэнства, пакаяння і Эўхарыстыі), чацвёра кардыналаў усяго толькі выканалі свой асноўны абавязак як біскупаў і кардыналаў, які заключаецца ў актыўнай працы дзеля таго, каб адкрыццё, якое перадаецца праз апосталаў, магло свята ахоўвацца і верна інтэрпрэтавацца. Менавіта Другі Ватыканскі сабор нагадаў усім членам калегіі біскупаў як законным наступнікам апосталаў пра іхні абавязак, згодна з якім яны “абавязаны згодна з устанаўленнем і наказам Хрыста да такога клопату пра ўвесь Касцёл, які, хоць і не ажыццяўляецца праз акт юрысдыкцыі, аднак па-рознаму спрыяе карысці паўсюднага Касцёла. Усе біскупы маюць абавязак умацоўваць і аберагаць еднасць веры і супольнай дысцыпліны ўсяго Касцёла” (Lumen gentium, 23; пар. таксама Christus Dominus, 5-6).

Робячы публічны заклік да Папы, біскупы і кардыналы павінны кіравацца сапраўднай калегіяльнай прывязанасцю Наступніку Пятра і Вікарыю Хрыста на зямлі, следуючы навучанню Другога Ватыканскага сабору (пар. Lumen gentium, 22); праз гэтыя дзеянні яны аказваюць “паслугу першасвятарскаму служэнню” Папы (пар. Інструкцыя наконт пастырскага служэння біскупаў, 13).

У нашыя дні ўвесь Касцёл павінен разважаць над тым фактам, што Святы Дух не дарэмна натхніў святога Паўла напісаць у лісце да Галатаў наконт выпадку публічнага выпраўлення Пятра. Трэба верыць, што Папа Францішак прыме гэтую публічную просьбу чатырох кардыналаў у тым жа духу, як апостал Пётр прыняў словы святога Паўла, які па-брацку выправіў яго дзеля дабра ўсяго Касцёла. Няхай нас усіх асветляць і суцешаць словы вялікага доктара Касцёла, св. Тамаша Аквінскага: “Калі існуе небяспека для веры, падначаленыя павінны папракаць сваіх пралатаў, нават публічна. Бо і Павел, які падпарадкоўваўся Пятру, з-за небяспекі скандалу публічна папракнуў яго. І Аўгустын кажа: “Пётр сам даў прыклад настаяцелям, не палічыўшы ніжэйшым за сваю годнасць быць папраўленым сваімі падначаленымі, калі ім здалося, што ён сышоў з правільнай дарогі” (Сума тэалогіі, II-II, 33, 4c).

Папа Францішак часта заклікае да адкрытага і смелага дыялогу паміж усімі членамі Касцёла ў справах, якія датычацца духоўнага дабра душаў. У апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia Папа кажа пра патрэбу “адкрытага і больш глыбокага даследавання некаторых дактрынальных, маральных, духоўных і пастырскіх пытанняў. Разважанне пастыраў і тэолагаў, калі яно вернае Касцёлу, калі шчырае, рэалістычнае і творчае, дапаможа нам унесці большую яснасць” (№ 2). Акрамя таго, адносіны на ўсіх узроўнях унутры Касцёла павінны быць свабодныя ад атмасферы страху і запалохвання, пра што Папа Францішак прасіў у сваіх розных прамовах.

У святле гэтых выказванняў Папы Францішка, а таксама прынцыпу дыялогу і прыняцця разумнага плюралізму, які заахвочваўся дакументамі Другога Ватыканскага сабору, нязвыкла жорсткая і нецярпімая рэакцыя з боку некаторых біскупаў і кардыналаў супраць спакойнай і асцярожнай просьбы чатырох кардыналаў выклікае вялікае здзіўленне. Сярод такіх неталерантных выказванняў можна знайсці сцвярджэнні аб тым, што, напрыклад, чацвёра кардыналаў з’яўляюцца дурнымі, наіўнымі, схізматыкамі, ерэтыкамі і нават нагадваюць арыянскіх ерэтыкаў.

Такія дэманстратыўныя, жорсткія суджэнні паказваюць не толькі нецярпімасць, адмову ад дыялогу, ірацыянальны страх, але і дэманструюць капітуляцыю перад немагчымасцю казаць праўду, капітуляцыю перад рэлятывізмам у вучэнні і практыцы, у веры і жыцці. Згаданая рэакцыя духоўных асобаў супраць прароцкага голасу чатырох кардыналаў нарэшце выдае нязмогу перад вачыма праўды. Такая жорсткая рэакцыя мае толькі адну мэту: суцішыць голас праўды, які трывожыць і раздражняе быццам спакойную нявызначанасць гэтых духоўных крытыкаў.

Негатыўная рэакцыя на публічную заяву чатырох кардыналаў нагадвае агульнае дактрынальнае замяшанне падчас арыянскага крызісу ў чацвёртым стагоддзі. У сітуацыі дактрынальнага замяшання нашых дзён усім дапаможа цытата некаторых сцвярджэнняў св. Іларыя Піктавійскага, “Атаназія Захаду”.

“Вы [біскупы Галіі], якія разам са мною яшчэ застаецеся вернымі Хрысту, не саступілі, калі вам пагражала атака ерасі, і цяпер, сустрэўшы гэтую атаку, вы перамаглі ўсю яе жорсткасць. Так, браты, вы перамаглі, да багатай радасці тых, хто падзяляе вашую веру, а вашая некранутая вернасць здабыла двайную славу, захаваўшы чыстае сумленне і даўшы аўтарытэтны прыклад” (De Syn., 3).

“Вашая [біскупаў Галіі] непераможная вера атрымала ганаровую ўзнагароду годнасці і, задаволеная адкідваннем нячыстых, няясных і хісткіх учынкаў, бяспечна застаецца вернай Хрысту, захоўваючы вызнанне сваёй свабоды. Бо хоць мы ўсе цярпелі глыбокі і смутны боль ад учынкаў грэшнікаў супраць Бога, паміж намі была толькі еднасць у Хрысце з таго часу, як Касцёл пачалі спусташаць такімі непрыемнасцямі, як выгнанне біскупаў, скідванне святароў, запалохванне людзей, пагрозы веры і вырашэнне пра значэнне Хрыстовага вучэння пры дамамозе людской волі і моцы. Вашая нязломная вера не робіць выгляд, што не ведае гэтых фактаў, і не сцвярджае таго, што можа зносіць іх, адчуваючы, што праз учынак крывадушнай згоды яна стане перад судом сумлення” (De Syn., 4).

“Я выказаў тое, у што веру сам, свядомы таго, што я быў абавязаны зрабіць гэта ў якасці сваёй жаўнерскай службы Касцёлу і накіраваць вам у згодзе з вучэннем Евангелля ў гэтых лістах голас службы, якую я нясу ў Хрысце. Цяпер вашая чарга абмяркоўваць, рыхтавацца і дзейнічаць, каб непарушную вернасць, у якой вы трымаецеся, вы маглі захоўваць сумленнымі сэрцамі і каб вы маглі працягваць абараняць тое, што я абараняю цяпер” (De Syn., 92).

Наступныя словы святога Базыля Вялікага, адрасаваныя лацінскім біскупам, можна ў некаторых аспектах прымяніць да сітуацыі тых, хто ў нашыя дні просіць аб дактрынальнай яснасці, уключна з чатырма кардыналамі: “Адзінае абвінавачванне, за якое цяпер напэўна панясеш суровае пакаранне, гэта стараннае захоўванне традыцыі Айцоў. На нас не нападаюць з прычыны багацця, альбо славы, альбо іншых часовых выгодаў. Мы стаім на арэне, каб біцца за нашую супольную спадчыну, за скарб моцнай веры, атрыманы ад нашых Айцоў. Смуткуйце з намі, усе, хто любіць братоў, бо закрываюцца вусны мужоў сапраўднай веры і адкрываюцца бессаромныя і блюзнерскія вусны ўсіх тых, хто кажа несправядлівасць супраць Бога. Слупы і падмуркі веры паўсюль раскіданыя. Мы, якіх не спазналі з прычыны нашай нязначнасці, пазбаўленыя права свабодна казаць” (Ep. 243, 2.4).

Сёння тыя біскупы і кардыналы, якія просяць яснасці і якія імкнуцца выканаць свой абавязак свята захоўваць і верна інтэрпрэтаваць перададзенае Божае Адкрыццё адносна сакрамэнтаў сужэнства і Эўхарыстыі, больш не высылаюцца, як гэта было з нікейскімі біскупамі падчас арыянскага крызісу. У адрозненне ад часоў арыянскага крызісу, сёння, як пісаў Рудольф Грабер, біскуп Рэгенсбурга, у 1973 годзе, высылка біскупаў заменена на затыкальныя падыходы і дыскрэдытацыйныя кампаніі (пар. Athanasius und die Kirche unserer Zeit, Abensberg 1973, p. 23).

Іншым абаронцам каталіцкай веры падчас арыянскага крызісу быў св. Грыгорый Назіянскі. Ён напісаў наступную шакуючую характарыстыку паводзінаў большасці пастыраў Касцёла ў тыя часы. Гэты голас вялікага доктара Касцёла павінен быць збаўчым папярэджаннем для біскупаў усіх часоў: “Вядома, пастыры зрабілі па-дурному. Бо, за выключэннем вельмі малой колькасці, каго прапусцілі з прычыны іхняй нязначнасці, альбо хто ўтрымаўся дзякуючы сваёй цноце і каго пакінулі быць зернем і коранем для адраджэння і аднаўлення Ізраіля пад уздзеяннем Духа, усе пайшлі на кампраміс, адрозніваючыся адзін ад аднаго толькі тым, што адны саступілі раней, а іншыя пазней; некаторыя былі першымі чэмпіёнамі і лідарамі ў бязбожнасці, а іншыя далучыліся да другой шэрэнгі, ці то пераможаныя страхам, альбо інтарэсам, альбо ліслівасцю, альбо, што было найбольш прабачальна, сваёй уласнай неадукаванасцю” (Orat. 21, 24).

Калі Папа Ліберый у 357 годзе падпісаў адну з так званых формул Сірмія, у якой ён знарок прапусціў дагматычна дадзенае вызначэнне “homo-ousios” [адзінасутны] і экскамунікаваў святога Атаназія, каб атрымаць мір і гармонію з арыянскімі і паўарыянскімі біскупамі Усходу, верныя каталікі і некалькі біскупаў, асабліва святы Іларый Піктавійскі, былі глыбока ўзрушаныя. Святы Іларый прачытаў ліст, які Папа Ліберый напісаў усходнім біскупам, абвясціўшы прыняцце формулы Сірмія і экскамуніку святога Атаназія. У глыбокім болю і трывозе святы Іларый дадаў да ліста наступныя адчайныя словы: “Anathema tibi a me dictum, praevaricator Liberi” (Я абвяшчаю табе анафему, хітры Ліберый) (пар. Denzinger-Schönmetzer, n. 141). Папа Ліберый хацеў дамагчыся міру і гармоніі любым коштам, нават коштам Божай праўды. У сваім лісце да неартадаксальных лацінскіх біскупаў Урсакія, Валенсія і Гермінія, распавядаючы ім пра вышэйзгаданыя рашэнні, ён напісаў, што аддаў перавагу міру і гармоніі, а не мучаніцтву (пар. Denzinger-Schönmetzer, n. 142).

У якім драматычным кантрасце знаходзіліся паводзіны Папы Ліберыя з наступным перакананнем святога Іларыя Піктавійскага: “Мы не заключаем мір коштам праўды, робячы саступкі дзеля набыцця рэпутацыі талерантнага чалавека. Мы дасягаем міру, законна змагаючыся, згодна з правіламі Святога Духа. Існуе небяспека патаемна заключыць саюз з няверным пад прыгожым імем міру” (Іларый, Ad Const., 2, 6, 2).

Благаслаўлёны Джон Генры Ньюмэн каментаваў гэтыя нязвыкла смутныя факты наступным разумным і ўзважаным сцвярджэннем: “Не толькі гістарычна праўдзіва, але і ў ніякім сэнсе дактрынальна не памылкова тое, што Папа як прыватны тэолаг, а тым больш біскупы, калі не навучаюць фармальна, могуць памыляцца, так як яны памыляліся ў чацвёртым стагоддзі. Папа Ліберый мог падпісаць Эўсэбіеву формулу ў Сірміі, і шматлікія біскупы ў Рыміні [Ariminum] ці дзе яшчэ, і аднак, нягледзячы на гэтую памылку, яны маглі б быць беспамылковымі ў сваіх рашэннях ex cathedra” (The Arians of the Fourth Century, London, 1876, p. 465).

Чацвёра кардыналаў, якія прароцкім голасам патрабуюць дактрынальнай і пастырскай яснасці, маюць вялікія заслугі перад сваім сумленнем, перад гісторыяй і перад незлічонай колькасцю простых вернікаў нашых дзён, якія адкідваюцца на касцёльную перыферыю з-за сваёй вернасці Хрыстоваму вучэнню наконт неразрыўнасці сужэнства. Але перадусім чацвёра кардыналаў маюць вялікія заслугі ў вачах Хрыста. Дзякуючы смеламу голасу іхнія імёны будуць ясна ззяць на Апошнім Судзе. Бо яны паслухаліся голасу свайго сумлення, памятаючы пра словы святога Паўла: “Мы нічога не можам рабіць супраць праўды, толькі дзеля праўды” (2 Кар 13:8). Напэўна, на Апошнім Судзе вышэйзгаданыя, пераважна духоўныя крытыкі чатырох кардыналаў будуць трымаць нялёгкі адказ за сваю жорсткую атаку супраць справядлівага, годнага і пахвальнага ўчынку гэтых чатырох членаў святой Калегіі кардыналаў.

Наступныя словы, натхнёныя Святым Духам, захоўваюць сваё прароцкае значэнне асабліва перад абліччам дактрынальнага і практычнага замяшання адносна сакрамэнту сужэнства ў нашыя дні: “Бо настане час, калі не будуць зносіць здаровага вучэння, але паводле ўласнай пажадлівасці пачнуць памнажаць сабе настаўнікаў, каб тыя цешылі ім слых. І адвернуць слых ад праўды, і звернуцца да баек. Але ты будзь цвярозы ва ўсім, вытрымлівай зло, здзейсні справу прапаведніка Добрай Навіны, споўні сваё служэнне” (2 Цім 4:3-5).

Няхай усе, хто ў нашыя дні ўсё яшчэ ўспрымае сур’ёзна свае абяцанні, дадзеныя падчас хросту, і свае святарскія і біскупскія абяцанні, атрымаюць моц і Божую ласку, каб яны маглі паўтарыць разам са святым Іларыем такія словы: “Няхай я назаўсёды застануся ў высылцы, калі толькі праўду пачнуць прапаведаваць зноў!” (De Syn., 78). Гэтай моцы і ласкі мы ад усяго сэрца жадаем нашым чатыром кардыналам, а таксама тым, хто іх крытыкуе.

+ Атаназіус Шнайдэр, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Астане


Крыніца: Rorate Caeli
Аўтар: біскуп Атаназіус Шнайдэр
Фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: