Папа Францішак не з’яўляецца экспертам у кананічным праве. Я не думаю, што Папа пакрыўдзіўся б на мяне, за тое, што я кажу гэта адкрыта. Насамрэч, я маю падазрэнне, што, з улікам ягонага персанальнага стылю, ён з радасцю згадзіўся б са мною. Гэта далёка не ерась казаць, што Папа не заўсёды нараджаецца экспертам у кананічным праве, таксама як і тое, што Дональд Трамп не мае нейкіх асаблівых ведаў у амерыканскім канстытуцыйным праве.

Папа носіць некалькі розных галаўных убораў (тры, калі прыгледзецца да папскага гербу), і часам ён прамаўляе як святар, часам як настаўнік, а часам як галава пэўнай юрыдычнай супольнасці. Гэтыя ролі не адрозніваюцца спосабам іх выканання (а прынамсі не павінны адрознівацца), і тое, што Папа робіць альбо хоча зрабіць у адной ролі, абавязкова аказвае ўплыў на дзве іншыя. Гэта праца тых, хто акружае Папу, браць ягоныя інструкцыі і рабіць з іх заявы, звязныя з пастырскага, юрыдычнага і тэалагічнага пункту гледжання; гэта адпаведная функцыя ўсіх тых прыгожа апранутых мансіньёраў, якія рассякаюць па Ватыкане. На жаль, на гэтым тыдні яны не апраўдалі чаканняў, і рэзультатам стала цалкам непатрэбнае замяшанне.

Учора Папа Францішак выдаў апостальскі ліст “Misericordia et Misera”. У ім ён падоўжыў асаблівае распараджэнне, якое ён зрабіў для Года Міласэрнасці, калі даў кожнаму святару паўнамоцтвы здымаць цэнзуру за цяжкае злачынства аборту. Прынамсі, так гэта павінна было гучаць. Фактычна “Misericordia et Misera”, як і першапачатковы ліст перад Годам Міласэрнасці, сцвярджае, што Папа дае ўсім святарам “паўнамоцтвы адпускаць грахі тым, хто ўчыніў грэх наўмыснага аборту”.

Перад тым, як рассеяць замяшанне, якое прадказальна і непазбежна паднялося вакол гэтай заявы, я хацеў бы добра праясніць адну рэч: мова гэтага сцвярджэння няправільная. Проста, неабавязкова і базава няправільная. І хоць гэта надзвычай засмучае, гэта не канец свету. Аднак гэта асуджальны вырак тым, хто працуе з Папам і хто, відавочна, альбо няздольны альбо не жадае забяспечваць нават мінімальную тэалагічную і кананічную звязнасць тэкстаў, якія аддаюцца Папу на подпіс.

Уся задача Курыі заключаецца ў тым, каб дапамагаць Пантыфіку рэалізаваць тое, што ён хоча. Гэта значыць, калі ён кажа: “Я хачу, каб кожны святар мог даць рады сітуацыям з абортам падчас Года Міласэрнасці і далей”, яго міньёны павінны хутка пачаць працаваць і рыхтаваць неабходны тэкст, які б адлюстроўваў тое, што насамрэч павінна адбыцца. Гэтая праца мае на ўвазе не проста націсканне *copy*, *paste*, *print* пасля атрымання першапачатковай запіскі ад Папы.

Пра значэнне таго, што Папа напісаў, лёгка здагадацца, але, калі вы юрыст па кананічным праве, гэта само па сабе выглядае як юрыдычны нонсэнс. Таму, калі свецкія журналісты чытаюць гэта і, не маючы ніякага прадметнага кантэксту, прымаюць тэкст такім, які ён ёсць, ім можна прабачыць тое, што яны (няверна) успрымаюць гэта так, быццам Папа нешта змяніў у вучэнні Касцёла наконт граху аборту.

Насамрэч, нават перад Годам Міласэрнасці 99 працэнтаў святароў ужо мелі ўладу прабачаць грэх аборту. Кожны святар, які мае ўладу сакрамэнтальна прабачаць грахі, мае ўладу прабачаць усе грахі (выключэннем з’яўляецца святар, які не можа прабачыць свайму саўдзельніку ў граху супраць шостай запаведзі). Адзінымі святарамі, якія не могуць прабачыць грэх аборту, ужо тады былі тыя, у каго адклікалі паўнамоцтвы слухаць споведзі, а таму яны не маглі прабачаць ніякія грахі, акрамя як пры небяспецы смерці.

Вось як у кананічным праве працуюць паўнамоцтвы слухаць споведзі і прабачаць грахі. Святар атрымлівае “моц” прабачэння грахоў праз святарскае пасвячэнне, але каб сапраўдна выкарыстоўваць яе, яму патрабуюцца паўнамоцтвы на яе выкарыстанне (кан 966, пар. 1). У некаторых выпадках ён атрымлівае гэтыя паўнамоцтвы моцай самога права, напрыклад, калі пенітэнт знаходзіцца ў небяспецы смерці (кан. 976), але зазвычай гэтыя паўнамоцтвы дае яму біскуп для выкарыстання ў дыяцэзіі (кан. 969, пар. 1). Як толькі ён атрымаў ад свайго біскупа паўнамоцтвы на слуханне споведзяў і адпусканне грахоў, права пашырае гэтыя паўнамоцтвы на выкарыстанне іх ва ўсім свеце (кан. 967, пар. 2). Кажучы коратка: калі святар мае паўнамоцтвы слухаць споведзі і адпускаць якія-небудзь грахі, ён можа адпускаць усе грахі, і калі ён мае паўнамоцтвы рабіць гэта дзе-небудзь, ён можа рабіць гэта дзе заўгодна.

Гэта азначае, што сапраўдным эфектам Папскага ўдзялення паўнамоцтваў прабачэння граху абортаў усім святарам з’яўляецца ўдзяленне ім паўнамоцтваў, якія 99 працэнтаў з іх ужо мае. Адзін працэнт, які не мае гэтых паўнамоцтваў, — гэта тыя, каму біскуп іх яшчэ не даў альбо адклікаў; тыя, хто забаронены ў служэнні, напрыклад. Цяпер становіцца даволі відавочна, што гэта не тое, што меў на ўвазе Папа, нават калі гэта і ёсць тое, што ён фармальна сказаў. Дык што ж ён хацеў сказаць?

Што павінна было быць агучана і што было б агучана, калі б памочнікі з курыі зрабілі сваю працу, дык гэта ўдзяленне паўнамоцтваў вызваляць ад цэнзуры за віну/злачынства аборту.

Тады як кожнае кананічнае злачынства з’яўляецца грахом, не кожны грэх з’яўляецца кананічным злачынствам, хоць найбольш сур’ёзныя грахі кананічным злачынствам з’яўляюцца. Аборт — гэта напэўна цяжкі грэх. Гэта таксама і злачынства (пар. 1398), за якое наступае пакаранне экскамунікі. Трэба сказаць ясна: не існуе такой рэчы, як “зарэзерваваны грэх”, але існуюць “зарэзерваваныя злачынствы”. Зарэзерваванае злачынства — гэта такое злачынства, калі пакаранне можа зняць толькі асоба са спецыфічнай уладай. У выпадку аборту зняць цэнзуру, у дадзеным выпадку экскамуніку, можа толькі ардынарый мясцовасці (па сутнасці, дыяцэзіяльны біскуп). Для многіх біскупаў стандартнай практыкай з’яўляецца дэлегаванне сваім святарам гэтых паўнамоцтваў разам з паўнамоцтвамі слухаць споведзі. Але, паколькі паўнамоцтвы здымаць пакаранне не пашыраюцца законам на ўвесь свет, як гэта робіцца з адпусканнем грахоў, а абмяжоўваюцца да тэрыторыі ардынарыя, моц здымаць цэнзуру не падарожнічае разам са святаром, нават калі ён мае гэтую моц дома.

Кажучы як найпрасцей: кожны святар мае ўладу прабачаць кожны грэх на моцы свайго пасвячэння; амаль кожны святар (акрамя тых, каму гэта са слушнай прычыны забаронена) атрымлівае ад свайго біскупа паўнамоцтвы карыстацца гэтай уладай; калі ён мае гэтую ўладу ў сваёй дыяцэзіі, ён можа карыстацца ёю паўсюль; калі біскуп таксама дае яму паўнамоцтвы здымаць цэнзуры за пэўныя зарэзерваваныя злачынствы (як аборт), ён можа выкарыстоўваць гэтыя паўнамоцтвы толькі тады, калі ён фізічна знаходзіцца ў дамашняй дыяцэзіі.

Што насамрэч робіць Папа, і я маю надзею, што гэта праясняць у недалёкай будучыні, гэта дае ўсім святарам (спадзяюся, за выключэннем забароненых у служэнні) паўнамоцтвы здымаць экскамуніку заўсёды, усюды і самім па сабе. Ён зрабіў гэта спачатку ў Год Міласэрнасці, а цяпер робіць гэта на пастаянны час.

Папа ніякім чынам не паменшыў і не змякчыў цяжар граху аборту, а зняцце “рэзервавання” гэтага злачынства насамрэч наўрад ці ўяўляе сабою дысцыплінарны землятрус, як лічаць некаторыя.

Адпаведна, папскі ліст не мае на ўвазе, што жанчыны, якія прыступілі да споведзі і атрымалі адпушчэнне граху аборту перад Годам Міласэрнасці, зрабілі гэта несапраўдна — сапраўды, гэтага неспакою, які сёння закрануў не адну жанчыну, можна было пазбегнуць.

Сёння, калі ў некаторых офісах кананічнае права выйшла з моды, гэтая сітуацыя дэманструе, што яно ўносіць важную яснасць і дакладнасць дзеля дапамогі вернікам. Тыя, хто працуе з Папам, лепш бы служылі яму і Касцёлу, калі б памяталі пра гэта.


Аўтар: Эд Кондан (Ed Condon), юрыст па кананічным праве, які працуе ў касцёльных судах некалькіх дыяцэзій.
Крыніца: Catholic Herald
Ілюстрацыя: Джузэпэ Мальтэні, Споведзь (1838, фрагмент)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар