№12. Пас

cincture-mini

Пас займае трэцяе месца ў пераліку прадметаў святога ўбрання. Ён мае такое ж старажытнае паходжанне, як і альба, і заўсёды спадарожнічае ёй. Яго галоўная — фактычна, адзіная — задача заключаецца ў тым, каб трымаць альбу на тым, хто яе носіць. Розныя аўтары даюць пасу розныя назвы. Ён павінен быць зроблены з ільну і мець такую даўжыню, каб ён мог ахапіць навакол цела святара, калі яго скласці напалам. Раней ён быў шырокі, вырабляўся з каштоўных матэрыялаў — залатой тканіны, шоўку і г. д. — і дэкараваўся каштоўнымі камянямі (Dr. Rock, Church of Our Fathers, vol. i. p. 488). Рэйн такім чынам апісвае пас, знойдзены пры целе памерлага біскупа ў Дарэмскім саборы ў 1829 годзе: “Частка паса (cingulum), якую мы здолелі захаваць, налічвае дваццаць пяць цаляў [65 см] даўжыні; ягоная шырыня складае дакладна сем восьмых цалі [2,2 см]. Відавочна, ён выйшаў з ткацкага станка. Ён складаецца з ніткі чыстага золата і ніткі чырвонага шоўку, якія не ўтвараюць ніякага асаблівага ўзору, акрамя таго, што на невялікай адлегласці ад кожнага краю праходзяць дзве альбо тры ўздоўжныя лініі, якія разрываюць агульную аднастайнасць. Падкладка зроблена з шоўку” (ibid. 489, note 22). Раней пасы змянялі свой колер у залежнасці ад колеру астатніх элементаў убрання, але цяпер можна рэдка сустрэць які-небудзь колер, акрамя белага, хоць рубрыкі і не забараняюць выкарыстоўваць іншыя колеры паводле меркавання святара. Што датычыцца матэрыялу, то цяперашняя дысцыпліна патрабуе, каб пас быў выраблены з чыстага ільну і з нічога іншага. З абодвух канцоў пас заканчваецца дзвюма гронкамі, якія аднолькава звісаюць з кожнага боку, калі святар апрануты.

Згадкі ў Святым Пісанні. — Пас часта згадваецца ў Святым Пісанні, дзе да яго далучаюцца шматлікія маральныя сэнсы. Прарок Ісая, апісваючы Месію, кажа пра яго: “І будзе справядлівасць поясам на бёдрах Яго, і вернасць — поясам на сцёгнах Ягоных” (Іс 11:5). Сам Боскі Пан, звяртаючыся да сваіх вучняў, так заклікаў іх: “Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя” (Лк 12:35), а св. Ян у Апакаліпсісе кажа, што ён бачыў “пасярод свечнікаў кагосьці падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў доўгія шаты і падпяразанага на грудзях залатым пасам” (Ап 1:13).

Пас у Старым Законе. — У Старым Законе, таксама як і ў Новым, пас займаў бачнае месца сярод святарскага ўбрання. Як піша габрэйскі гісторык Іосіф Флавій (p. 74), ягоная шырыня складала чатыры пальцы, а ткалі яго так, каб ён выглядаў, як змяіная луска. Яго вышывалі кветкамі фіялетавага, цёмна-блакітнага, пурпурнага і белага колеру. Спосаб ткацтва быў такі самы, як і цяпер. Майсей даў яму імя Abaneth, але пазнейшыя габрэі называлі яго згодна з вавілонскім ужыткам — Emia.

Пас на Усходзе. — Пасы грэкаў і сірыйцаў значна больш шырокія за нашыя, і яны не завязваюцца на чалавеку, які іх носіць, а зашпільваюцца на кручок альбо зашпільку. Такія пасы часам вырабляюць з вельмі каштоўнага шоўку, аздобленага каштоўнымі камянямі. Каб зашпільваць іх вакол таліі, выкарыстоўваецца пазалочаны кручок, падобны да літары “S” (Dr. Rock, Church of Our Fathers, i. 490, 491). Рэнадо (Comment, ad Liturg. Copt. S. Basilii, p. 161) апавядае нам, што для стварэння відавочнага адрознення паміж паслядоўнікамі Карана і егіпецкімі хрысціянамі некаторыя халіфы [3] прымушалі апошніх пастаянна насіць пэўнае падабенства паса ў штодзённым жыцці. Каб заклікаць вернікаў зносіць гэтае намеранае прыніжэнне з сапраўднай хрысціянскай трываласцю, Айцы тых часоў напісалі шмат кранальных гамілій. Пакуль такі стан рэчаў працягваўся, хрысціянаў з тых мясцін называлі “Christiani de Cingulo” — падперазаныя хрысціяне.

Малітва пры апрананні паса гучыць наступным чынам: “Падперажы мяне, Пане, пасам чысціні і выгані са сцёгнаў маіх усе жаданні цялесныя, каб прабывала ўва мне дабрадзейнасць ўстрымання і цнатлівасці”.

Рускія святары, якія носяць пас дакладна так, як і нашыя, прамаўляюць наступную малітву: “Благаслаўлёны Бог, Які падпярэзвае мяне моцаю і робіць мой шлях беззаганным” (Romanoff, Greco-Russian Church, p. 89).

Шанаваныя рэліквіі. — Сярод шматлікіх святых рэліквій, якія захоўваюцца і выстаўляюцца для пакланення вернікаў кожныя сем гадоў, у Ахене знаходзіцца сапраўдны пас, які насіў наш Боскі Збаўца. Ён цалкам скураны, а на канцах ён мае імператарскую пячатку Канстанціна Вялікага. Тысячы пілігрымаў з усяго свету прыязджае, каб паглядзець на гэтую цікавую рэч (Catholic World, Sept., 1872). Кажуць, што пас нашай Благаслаўлёнай Дзевы захоўваецца ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Мансэрацкай у тасканскім Прата (Burder, Religious Ceremonies and Customs, 235).

Маральны ўрок паса. — Маральны ўрок, які пас мусіць перадаваць, можна лёгка зразумець з малітвы, якая прамаўляецца пры яго апрананні. Ён нагадвае таму, хто яго носіць, аб большай чысціні розуму і сэрца, якой ён павінен быць напоўнены пры сваім служэнні перад Богам бясконцай святасці. Вярхоўным святарам Старога Закону нагадвалі пра гэты святы абавязак тым, што яны павінны былі насіць на ілбе залатую таблічку з надпісам Kadesh la Jehovah (Bannister, Temples of the Hebrews, p. 180), святасць — Яхвэ. Наколькі ж больш святасці патрабуецца ад святароў Новага Закону, дзе Ахвярай з’яўляецца сам Божы Сын, Яхвэ Новага Запавету!

Да паса далучаліся і іншыя сэнсы, такія як спрытнасць у выкананні загадаў Бога; дакладнасць у рэлігійных абрадах; пільнасць у адносінах да вечнага збаўлення, згодна з урачыстай перасцярогай самога Боскага Пана: “Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя” (Лк 12:35). Гэта значыць, трэба быць у кожную хвіліну гатовым паўстаць перад судом Божай справядлівасці.


[3] Халіф (ад арабскага kaleefah і халдзейскага chalaph — намеснік, наступнік) — афіцыйны тытул найвышэйшай мусульманскай асобы, адказнай за духоўныя і грамадзянскія справы. Ён лічыцца тым, хто займае месца Магамета; такім чынам, яго трэба разглядаць як намесніка Магамета на зямлі.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: